Два тыдні, якія ўдзельнікі патрыятычнага культурна-адукацыйнага праекта, ініцыяванага Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі, правялі разам, праляцелі вельмі хутка. За гэты час 200 школьнікаў з васьмі краін СНД наведалі 13 гарадоў. Пераадолеўшы маршрут амаль што ў 10 тысяч кіламетраў, яны не толькі пазнаёміліся са шматлікімі мясцінамі, звязанымі з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі і Расіі, а і паспелі пасябраваць, стаць адзінай сям’ёй.
Перад тым, як хлопцы і дзяўчаты раз’едуцца па сваіх гарадах, з імі сустрэлася Старшыня Савета Рэспублікі. Усе гэтыя дні, якія дзеці знаходзіліся ў дарозе, спікер была ў курсе, дзе яны пабывалі, што ўбачылі і, самае галоўнае, які настрой ва ўдзельнікаў праекта. Безумоўна, школьнікі адчувалі гэтую ўвагу і клопат, а таму на цырымоніі закрыцця праекта, якая адбылася ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, віталі Наталлю Качанаву гучнымі апладысментамі.
Звяртаючыся да падрастаючага пакалення, спікер падзялілася, што шчыра рада, што яны змаглі вытрымаць такую паездку. «Усё ж гэта дастаткова доўга, вы наведалі столькі гарадоў Беларусі, Расіі, — патлумачыла Старшыня Савета Рэспублікі. — Мы заўсёды перажываем, хвалюемся, хочам, каб гэты праект быў цікавым, запамінальным для вас. Але мяркуючы па вашых тварах, я разумею, што ўсё добра. Дзякуй вам вялікі, што вы мужна вытрымалі такі няпросты шлях. Разумею, што няпроста за такі кароткі час пазнаёміцца з такой колькасцю гарадоў, убачыць такую колькасць людзей, славутасцяў, наведаць памятныя месцы».
Удзельнікі праекта «Цягнік Памяці» пабывалі ў Брэсце, Гродне, Полацку, Магілёве, Гомелі, Мінску, Санкт-Пецярбургу, Петразаводску, Архангельску, Волагдзе, Валгаградзе, Маскве і Маскоўскай вобласці. Яны наведалі мясціны, якія гістарычна звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку Брэсцкую крэпасць-герой, «Хатынь», мемарыяльны комплекс памяці ахвяр фашызму «Урочышча Пяскі» ў Полацку, Піскароўскія мемарыяльныя могілкі ў Санкт-Пецярбургу, мемарыяльны комплекс «Героям Сталінградскай бітвы» на Мамаевым кургане і парк «Патрыёт».
Наталля Качанава пажадала дзецям, каб іх мары спраўджваліся, а жыццё складвалася ўдала і паспяхова, у якой краіне яны б яны не жылі. «Няхай вам будзе па душы тое, чым вы будзеце займацца па жыцці, — арыентавала моладзь спікер. — А самае галоўнае — будзьце верныя сабе. Вы — сапраўдныя, вы — патрыёты сваёй краіны. Не здраджвайце ніколі ні сваім сябрам, ні той памяці, якую ніколі ніхто не адніме, ні сяброўству, якое завязалася ў вас. Упэўнена, што цяпер вы будзеце на многія гады разам. А мы падумаем, як нам зрабіць сустрэчу ўсіх удзельнікаў „Цягніка Памяці“. Вы — проста выдатныя. Мы вас любім, вамі ганарымся. Мы заўсёды будзем разам для таго, каб жыць у міры і згодзе».
У размове з журналістамі Старшыня Савета Рэспублікі прызналася, што немагчыма перадаць словамі тыя эмоцыі, якія спікер адчувае пры сустрэчы з гэтымі хлопцамі і дзяўчатамі. «21 чэрвеня мы сустракаліся з імі ў Брэсце, і я бачыла, што гэта ініцыятыўныя, цікавыя маладыя хлопцы і дзяўчаты, — адзначыла Наталля Качанава. — Сёння гэта ўжо такая дружная каманда. Яны сталі сябрамі, яны падтрымліваюць адзін аднаго. Я бачу шчасце ў іх вачах, і ўпэўнена, што гэтае сяброўства яны пранясуць праз усё сваё жыццё. Бо, вядома, гэта незабыўная падзея, на працягу такога невялікага часу наведаць такую колькасць гарадоў Беларусі, Расіі, пазнаёміцца з такой колькасцю людзей, пабываць на розных мерапрыемствах. І, вядома, у гэтыя святыя дні, калі мы адзначаем 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яны былі на парадзе, чулі нашага Прэзідэнта».
Наталля Качанава лічыць сімвалічным, што 22 чэрвеня ўдзельнікі «Цягніка Памяці» былі на рэканструкцыі пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Брэсцкай крэпасці, а 3 ліпеня — на ваенным парадзе, парадзе Перамогі. «Мы ганарымся тым, што ў нашых краінах такая выдатная моладзь. Яна цудоўная, разумная, таленавітая, яна ўмее сябраваць і шанаваць сяброўства, вернасць. І галоўнае, што гэтыя хлопцы і дзяўчаты шануюць наша гістарычнае мінулае, нашу гісторыю. Яны памятаюць, не забываюць. Упэўнена, што гэтае сяброўства захаваецца. Шчаслівая, што гэты праект, які быў ініцыяваны Саветам Рэспублікі і Саветам Федэрацыі, падтрымалі прэзідэнты Беларусі і Расіі, і сёння ён жыве, прырастае новымі ідэямі, удзельнікамі з розных краін. Спачатку былі дзве краіны, потым чатыры, сёння восем. Упэўнена, што у наступным годзе, у святы для нас год 80-годдзя Вялікай Перамогі, мы яшчэ больш пашырым колькасць краін-удзельніц».
Як падзяліўся ўдзельнік «Цягніка Памяці — 2024» з горада Жукоўскі Маскоўскай вобласці Уладзіслаў Бахцін, у яго зачараваныя адчуванні ад праекта. «Больш за ўсё мне спадабалася Беларусь: нас сустракалі максімальна ветліва і гасцінна, — расказаў ён. — Менавіта тут, на беларускай зямлі, пануе асаблівая атмасфера памяці, наступствы вайны тут адчуваюцца як нідзе, бо кожны трэці беларус загінуў у гады акупацыі. Пасля вяртання з „Хатыні“ ў мяне былі неперадавальныя эмоцыі — як быццам ледзяной вадой аблілі, прымусілі паглядзець на жыццё з іншага боку».
Арсеній Гародка вучыцца ў спецыялізаваным ліцэі пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, на праекце ён прадстаўляў Гомельскую вобласць. «Ніколькі не пашкадаваў аб тым, што трапіў на праект, — сказаў малады чалавек. — Вельмі цікава было даведацца, як захоўваюць гістарычную памяць не толькі ў Беларусі, а і ў Расіі, пра нашае агульнае мінулае. Кожная кропка на маршруце была добрая па-свойму і адклалася ў маім сэрцы. Буду вельмі сумаваць па хлопцам і дзяўчатам, з якімі ўжо паспелі пасябраваць».
Па словах вучаніцы сярэдняй школы № 209, выхаванкі ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь» Наталлі Буркоўскай, з расійскіх гарадоў больш за ўсё яе ўразілі Валгаград і Волагда. «Гэта два вельмі цікавыя гарады са сваёй гісторыяй, культурай, — удакладніла яна. — Мяне ўразілі і нашы беларускія гарады, якія паказалі вышэйшы ўзровень: нас сустракалі вельмі цёпла, гасцінна — нас, сапраўды, чакалі».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.