Яно вось-вось уступіць у свае правы — зачаруе, захопіць у свае цёплыя ліпеньскія абдымкі і закруціць у магічным купальскім віхры. Свята ў Александрыі будзе адзначацца сёлета 15-ы раз і абяцае стаць адным з самых яркіх і запамінальных. У фестывальнай афішы шмат цікавых конкурсаў, мерапрыемстваў, канцэртаў. У госці да нас едуць шматлікія госці і майстры з усёй Беларусі і Расіі. Традыцыйная купальская лугавіна сёлета стала на гектар шырэйшай, чым у папярэднія гады, каб умясціць усіх ахвотных паўдзельнічаць у купальскай дзеі. Заўтра арганізатары яшчэ раз ацэняць узровень падрыхтоўкі купальскай пляцоўкі, каб канчаткова аб’явіць старт. У суботу з 11.00 пляцоўка напоўніцца гоманам, смехам, смачнымі пахамі. Ці можна такое прапусціць? Добрая нагода адкласці свае справы і далучыцца да галоўнага купальскага свята краіны!
Тэма, якая будзе сёлета гучаць на працягу ўсяго фестывалю, — купальскі вянок. Важна ведаць, што гэту тэму і наогул увесь тон святу задае менавіта Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Сёлета калектыў установы быў адзначаны за ўклад у захаванне культурнай спадчыны Беларусі і рэалізацыю свята «Купалле» спецыяльнай прэміяй «За духоўнае адраджэнне». У 2023-м фестываль сабраў 80 тысяч гасцей, свята ўпершыню прайшло пад эгідай Саюзнай дзяржавы.
Метадычны цэнтр з’яўляецца аўтарам канцэпцыі, ідэі, тэматыкі, арганізоўвае на фестывалі міжнароднае прадстаўніцтва. Над падрыхтоўкай да свята працуе некалькі тысяч чалавек — цалкам калектыў метадцэнтра плюс творчыя работнікі ўсіх раёнаў Магілёўшчыны. Нехта займаецца мантажом палатак, нехта заняты ў расстаноўцы майстроў, каардынуе, якая сувенірная прадукцыя павінна быць, нехта арганізоўвае праекты па тэматыцы Купалля. Сёлета, як ужо адзначалася, — гэта купальскі вянок і ўсё, што з ім звязана. За 15 гадоў тэматыка Купалля ніводнага разу не паўтарылася.
Самае яркае і маштабнае на ім — выстава-кірамаш. «Там мы прадстаўляем славянскую традыцыйную культуру, — кажуць арганізатары. — Гэта такая маштабная форма папулярызацыі, падтрымкі: ручнік, касцюм, абярэг — летась і купальскі вянок — сёлета. Працуем у тандэме з філармоніяй, але кожны выконвае сваю місію. Пішам канцэпцыю, якая заснавана на традыцыйнай культуры».
Тэмай купальскага вянка садружнасці будзе прасякнута літаральна ўсё: адкрыццё, канцэрты, гульні, спаборніцтвы, нават традыцыйная славянская кухня. Акрамя гэтага, праз свята чырвонай ніткай пройдуць тэмы 30-годдзя прэзідэнцтва, Года якасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Гэтыя тэмы будуць адлюстраваны візуальна, — удакладнілі арганізатары. — Напрыклад, адбудзецца конкурс „Купальскі вянок“, найлепшыя з узораў якіх мы ўбачым на адкрыцці. Году якасці будуць прысвечаны паўтараметровыя канструкцыі — знакі якасці ад кожнага рэгіёна, дзе будуць адлюстраваны іх дасягненні».
Купалле ў Александрыі заўсёды збірае рэкордную колькасць майстроў і рамеснікаў. Сёлета ўпершыню будуць прысутнічаць творчыя дэлегацыі з Магаданскай, Іркуцкай, Ульянаўскай абласцей Расіі, рэспублік Комі і Мардовіі, Узбекістана і Азербайджана. Наогул, фестываль гэтым разам прымае прадстаўнікоў 22 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.
Акрамя майстроў прыязджаюць яшчэ і прадстаўнікі адміністрацый расійскіх рэгіёнаў, якія працуюць па сваёй праграме, у тым ліку наведваюць і свята.
— Да нас прыязджаюць з Расіі і кіраўнікі абласных дамоў народнай творчасці, з якімі мы напярэдадні фестывалю праводзім круглы стол, дзе абмяркоўваем перспектывы супрацоўніцтва, — паведамілі ў метадцэнтры. — Такую практыку ўпершыню прымянілі летась, а сёлета нашы калегі самі пажадалі сабрацца і ўсё абмеркаваць. Летась па выніках вось такіх перагавораў установа заключыла дагавор з Курскім абласным Домам народнай творчасці і рэалізоўвае агульныя праекты.
Канцэртныя пляцоўкі метадцэнтр рыхтуе сумесна з філармоніяй. На свяце адбываецца больш чым 20 культурных мерапрыемстваў: пачынаючы ад невялічкіх, заканчваючы маштабнымі. Сёлета ўпершыню філармонія арганізуе канцэрт Саюзнай дзяржавы.
З 20 чэрвеня прасачыць ход падрыхтоўкі да купальскага свята, а таксама азнаёміцца з яго праграмай і цікавосткамі можна ў спецыяльным тэлеграм-канале «Купалле». Карысная інфармацыя ёсць на сайтах Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскай абласной філармоніі. Падрыхтоўка праведзена вялікая. Толькі гандлёвых радоў на купальскай лугавіне размесціцца 1,8 кіламетра — на 150 метраў болей, чым летась. У абслугоўванні наведвальнікаў прыме ўдзел каля 200 суб’ектаў гаспадарання, будзе працаваць болей чым 300 гандлёвых аб’ектаў з арганізацыяй 3,7 тысячы пасадачных месцаў — на 600 болей, чым летась.
Цырымонія афіцыйнага адкрыцця фестывалю адбудзецца ў 15.00, але ўжо з 11.00 будуць працаваць пляцоўкі на любы густ — «#МерчПершага», «Зроблена ў Беларусі», тэматычныя пляцоўкі рэгіёнаў Беларусі і Расіі з прэзентацыйнымі экспазіцыямі «Купальскі вянок садружнасці», выставачны праект Музея беларускай дзяржаўнасці, прысвечаны 30-годдзю інстытута прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь, гандлёвыя рады «Александрыйская гасціна», прэс-цэнтр «Александрыя-2024», маладзёжная пляцоўка «Моладзь са знакам якасці!» і гэтак далей. Як заўсёды, у фестывалі ўдзельнічае творчы дэсант ад Выдавецкага дома «Звязда» і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Будзе магчымасць бліжэй пазнаёміцца з вядомымі аўтарамі і паслухаць іх творы. А таксама набыць прадукцыю беларускіх выдавецтваў, кнігі, сувеніры нацыянальнай тэматыкі і з лагатыпам свята. Ахвотныя змогуць пабываць на прадстаўленнях цырка і Магілёўскага абласнога тэатра лялек.
З 11.00 да 21.00 наведвальнікаў прымае музей у Александрыйскай сярэдняй школе, дзе вучыўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Сёлета музей у цагляным будынку школы істотна пашырыў свае плошчы. Пачынаўся з аднаго пакоя, цяпер іх тры. Тут будуць прадстаўлены купальскія экспанаты з усіх рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, стужка часу рэспубліканскіх свят народнага календара, гісторыя фестывалю ў Александрыі. З дапамогай спецыяльнай інтэрактыўнай платформы можна будзе акунуцца ў атмасферу мінулых фестываляў.
Аматарам моцных прыгожых галасоў можна будзе не адыходзіць ад малой канцэртнай пляцоўкі з 12.00 да самага вечара. Яшчэ падчас прэс-канферэнцыі аб ходзе падрыхтоўкі да мерапрыемства намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Іна Адамовіч раіла наведаць інтэрактыўную музычную праграму для дзяцей «Мір — гэта ты і я» з удзелам стыпендыятаў і лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў. Атрымаеце эстэтычную асалоду ад галасоў будучых зорак. Следам за пачынаючымі зоркамі выступяць ужо тыя, што ззяюць на поўную моц. Гледачоў чакае сустрэча з народнай артысткай Расійскай Федэрацыі Надзеяй Крыгінай, якая будзе спяваць у суправаджэнні заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра народных інструментаў імя Л. Л. Іванова Магілёўскай абласной філармоніі. У 13.50 знакамітую выканаўцу рускіх народных песень зменіць дзяржаўны аркестр рускіх народных інструментаў «Мяцеліца» пад кіраўніцтвам дырыжора заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Ігара Тоніна. Тут жа ў 15.00 адбудзецца афіцыйнае адкрыццё купальскага свята, а за ім — канцэрт «Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі» з удзелам хору Срэценскага манастыра, заслужанай артысткі Расійскай Федэрацыі Зары, Аляксандра Панаётава, Івана Дзятлава і іншых. Апафеозам свята стане гала-канцэрт на галоўнай сцэне «Толькі тут такія зоркі», перад якім па традыцыі выступіць Прэзідэнт. Завершыцца фестываль святочным феерверкам і начной дыскатэкай для моладзі з удзелам папулярных дыджэяў.
На сайце «Купалле» можна знайсці падрабязную праграму ўсіх падзей, з якіх складаецца свята. Тут жа расклад руху аўтобусаў і цягнікоў, якія будуць дастаўляць наведвальнікаў на месца.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.