Відовішчнае дзейства, якое разгарнулася на адным з цэнтральных праспектаў сталіцы, нікога не пакінула абыякавым. Ваенны парад прадэманстраваў сілу і магутнасць беларускай арміі, яе баявы дух і братэрскае плячо, на якое можна абаперціся, — ва ўрачыстым маршы бралі ўдзел таксама ваеннаслужачыя з Азербайджана, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана.
Урачыстае праходжанне войск пачалося з вынасу Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь ваеннаслужачымі Роты ганаровай варты. Затым адбыўся рытуал прыняцця параду, аб’езд войск міністрам абароны і, нарэшце, сам парад.
Традыцыйна адкрылі ўрачысты марш юныя барабаншчыкі — сувораўцы. Яны, як і іншыя юныя ўдзельнікі парада — кадэты і ліцэісты — увасабляюць пераемнасць пакаленняў у справе абароны Айчыны. У пешых разліках, упэўнена чаканячы крок, перад трыбунамі прайшлі курсанты, гвардзейцы, дэсантнікі, прадстаўнікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Міністэрства ўнутраных спраў, Следчага камітэта, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — усяго 36 парадных каробак, дзевяць з якіх прадстаўлены ваеннаслужачымі з іншых дзяржаў. Маршыравалі і нашы жанчыны, якія выбралі для сябе шлях служэння Радзіме. Аб тым, што важкі ўнёсак у вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў унеслі і партызаны, нагадаў пешы разлік курсантаў у адзенни таго часу. Усе яны (а гэта звыш пяці тысяч ваеннаслужачых) сваёй добрасумленнай працай, высокімі паказчыкамі баявой падрыхтоўкі і паспяховым выкананнем вучэбна-баявых задач заслужылі права ўдзельнічаць у ваенным парадзе.
Магутнасць пешых разлікаў дапоўнілі 29 парадных разлікаў механізаванай калоны. На праспект выехала звыш 300 адзінак гусенічнай і колавай ваеннай тэхнікі. Сімвалічна, што першымі ў калоне прайшлі рарытэты — сем легендарных танкаў «Т-34», якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны многае вырашалі на полі бою. Шырока на парадзе былі прадстаўлены сучаснае ўзбраенне і тэхніка Узброеных Сіл нашай краіны, у тым ліку беларускія ракетныя комплексы «Паланэз-М», зенітныя ракетныя комплексы «Тор-М2», зенітныя ракетныя сістэмы «С-400» і ракетныя комплексы «Іскандэр-М», якія нядаўна паступілі на ўзбраенне. Беларусы, а таксама госці нашай краіны і не толькі маглі пераканацца, што наша армія валодае ўсім неабходным, каб абараніць сябе і, калі спатрэбіцца, нанесці праціўніку непрымальную шкоду.
Высокі баявы патэнцыял, і ў той жа час вышэйшы пілатаж, прадэманстравалі лётчыкі. У небе над сталіцай праляцела каля пяці дзясяткаў сучасных баявых машын ваеннай авіяцыі Саюзнай дзяржавы. У складзе 12 парадных разлікаў паветранага эшалону — верталёты Мі-8МТВ5, верталёты Мі-8 і Мі-35, рэактыўныя вучэбна-баявыя самалёты Як-130, самалёты-штурмавікі Су-25, самалёты-знішчальнікі Су-30СМ, баявыя верталёты Мі-28, верталёты Ка-52 «Алігатар», ваенна-транспартны самалёт Іл-76 і іншая тэхніка. Дарэчы, сваё майстэрства прадэманстравалі авіцыйныя групы вышэйшага пілатажу Расіі «Рускія віцязі» і «Стрыжы».
Па традыцыі завяршылася ваенная частка парада пляц-канцэртам зводнай роты ганаровай варты. Новыя элементы, падрыхтаваныя элітнымі падраздзяленнямі сілавых ведамстваў краіны, нікога не пакінулі абыякавымі. Як і тэатралізаванае дзейства пад назвай «80 пераможных гадоў», якое расказала прысутным аб дасягненнях пасляваеннай і сучаснай Беларусі.
Пасля ваеннага парада і тэатралізаванага мерапрыемства карэспандэнты пагутарылі з гледачамі святочнай урачыстасці, якія непасрэдна з трыбун назіралі за тым, як Беларусь адзначае сваё галоўнае свята.
Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч назваў 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вельмі важнай гістарычнай падзеяй, якую беларускі народ вельмі шануе. «Дзень Незалежнасці прымеркаваны да гістарычных фактаў — роўна 80 гадоў таму быў вызвалены Мінск і завершаны першы этап аперацыі "Баграціён", большая частка тэрыторыі Беларусі была вызвалена, — нагадаў ён. — Завяршылася гэтая найважнейшая стратэгічная аперацыя з вызваленнем Польшчы, краін Балтыі, прадэманстраваўшы моц Чырвонай Арміі, патрыятызм савецкага народа. Мы цэнім, памятаем сваю гісторыю, ганарымся ёй».
Даючы ацэнку параду з геапалітычнага пункту гледжання, дзяржсакратар Савета бяспекі падкрэсліў, што парад ні ў якой меры не накіраваны на дэманстрацыю пагрозы ў бок Захаду. «Мы нікому ніколі не пагражалі і не пагражаем, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Вальфовіч. — Але мы прадэманстравалі тое, што ёсць на ўзбраенні Узброеных Сіл Беларусі і на ўзбраенні нашага стратэгічнага партнёра — Расійскай Федэрацыі. І гэта не ўсё, што мы маглі б паказаць. Сучасных узораў тэхнікі, сродкаў узбраення значна больш. Парад дэманструе гатоўнасць абараніць наш народ і нацыянальныя інтарэсы, гатоўнасць забяспечыць мір і бяспеку на тэрыторыі нашай краіны і заходніх граніц Саюзнай дзяржавы. Ён накіраваны на дэманстрацыю мірных ініцыятыў і добразычлівых адносін нашай краіны да ўсіх — суседзяў у першую чаргу і ўсіх краін, якія хочуць жыць у міры і супрацоўнічаць з намі».
Па словах прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі, прысутнасць на парадзе айчыннай ваеннай тэхнікі значна ўзрасла ў параўнанні з папярэднімі гадамі. «Былі прадстаўлены тэхніка і ўзоры ўзбраення беларускага Дзяржкамваенпрама, — канкрэтызаваў ён. — Многія ўзоры тэхнікі, якія знаходзяцца на ўзбраенні беларускай арміі і ішлі ў складзе калоны Узброеных Сіл, таксама былі дапрацаваны, удасканалены айчыннымі спецыялістамі. Масава былі прадстаўлены падчас парада беспілотнікі, хаця раней іх былі адзінкі. Гэта адпавядае ўсім сучасным падыходам да вядзення баявых дзеянняў і гарантавання бяспекі. Магу з упэўненасцю сказаць, што беларускія беспілотнікі адрозніваюцца, па-першае, шырокім спектрам прымянення, і па-другое, яны ўсе грунтуюцца выключна на айчынных рашэннях, што вельмі важна з пункту гледжання забеспячэння ўласнай імпартанезалежнасці».
Акрамя таго, кіраўнік урада звярнуў увагу на стваральны парадак дня краіны, імкненне Беларусі жыць у міры і згодзе, што было паказана ў другой частцы парада, якая дэманстравала дасягненні розных галін народнай гаспадаркі. «Для нас галоўнае — будаваць мірную сучаснасць і закладваць дарогу ў будучыню», — падкрэсліў ён.
Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў расказаў, што міліцэйскае ведамства на парадзе было прадстаўлена некалькімі падраздзяленнямі. «Упершыню ў парадзе ўдзельнічаў зводны батальён пад камандаваннем капітана Уладзімірава, які ў 1941 годзе абараняў Магілёў, — канкрэтызаваў ён. — 250 міліцыянераў увайшлі ў атрад, створаны літаральна за суткі, і трымалі вышыню. Практычна ўсе загінулі, засталося 19 байцоў. Таксама парадныя разлікі быў прадстаўлены ваеннаслужачымі воінскай часці 3214 — легендарнага падраздзялення спецназу ўнутраных войск, супрацоўнікамі нашага АМАПа. У адным парадным разліку з кадэтамі ішлі і нашы ліцэісты, якія з’яўляюцца гонарам ведамства. Яны трэніраваліся паўгода, не дасыпалі, але з годнасцю справіліся з пастаўленымі задачамі».
Па словах намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзіміра Пярцова, 3 ліпеня, дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, не выпадкова ў свой час быў выбраны датай для святкавання Дня Незалежнасці Беларусі. «Мы лічым, што сапраўдную незалежнасць, магчымасць развівацца беларускаму народу мы атрымалі ў той момант, калі фашысцкі вораг быў выгнаны са сталіцы, а пазней, у 28 ліпеня, — і з усёй тэрыторыі сучаснай Беларусі, — адзначыў ён. — Агульнавядома, што, па задумах тых, хто прыйшоў на нашу зямлю ў 1941 годзе, беларускага народа ўвогуле не павінна было існаваць, як і многіх іншых народаў, якія пражывалі на тэрыторыі Савецкага Саюза. Большая частка насельніцтва павінна была быць знішчана, аб чым сведчаць і новыя факты ў межах расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, якую расследуе Генеральная пракуратура. Мы набылі свабоду, магчымасць будаваць наноў, паколькі краіна была разбурана. Краіна адрадзілася. І кожны год мы адзначаем Дзень Незалежнасці менавіта ў гэты дзень, разумеючы, што, прайшоўшы праз такія цяжкія выпрабаванні, народ ператварыўся ў нацыю, ён варты і здольны выбудаваць сапраўды квітнеючую, незалежную, прыгожую, такую мірную, чыстую і бяспечную краіну, як Беларусь».
У эпіцэнтры святкавання Дня Незалежнасці была вялікая колькасць людзей, сярод якіх, вядома, і галоўныя героі ўрачыстасці — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, малалетнія вязні, сведкі тых гераічных і адначасова страшных гістарычных падзей.
Фёдар Фешчанка — удзельнік аперацыі «Баграціён» — знаходзіўся пад вялікім уражаннем пасля парада. «Чым мы далей аддаляемся ад тых гераічных падзей, тым больш важкай становіцца наша Перамога, — лічыць ён. — Вельмі хочацца пажадаць усім міру, каб больш таго, што перажылі мы, не паўтарылася. Я ўпэўнены, што вайны не будзе. Чалавецтва — разумнае стварэнне, а таму не дапусціць гэтага».
Павел Сямёнавіч Машканцаў прыехаў на ўрачыстыя мерапрыемствы ў Мінск з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі з Варонежа. Гэты дзень для ветэрана шмат што значыць: ён непасрэдна ўдзельнічаў у вызваленні нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Парад цудоўны, — падзяліўся ён уражаннямі. — Але не дай Бог выкарыстоўваць гэтае ўзбраенне! Чалавецтва павінна жыць у міры, а не знішчаць адзін аднаго».
Уладзімір Андрэічаў прыбыў на парад з Краснадара. Сустрэў вайну ў Брэсце, у Жабінцы значыўся сярод расстраляных. «Парад спадабаўся, можна ганарыцца тэхнікай, якая стаіць на ўзбраенні вашай арміі, — сказаў дзіця вайны. — Нічога страшнейшага за вайну няма, таму, беларусы, беражыце мір».
На парад прыйшлі цэлымі сем’ямі. Вольга Галушчанка разам з сынам спрабавалі знайсці ў парадных разліках свайго мужа і бацьку, які служыць у Следчым камітэце. «Для нашай сям’і гэты дзень вельмі значны як і для любога беларуса, — падзялілася Вольга. — Нашы бабулі, дзядулі ваявалі, бацька нясе службу, таму ганарымся краінай і любім нашу Беларусь».
Генерал-маёр у адстаўцы Расціслаў Слабашэвіч расказаў, што на парад правёў ужо трэцяга ўнука, які, па яго словах, павінен ведаць гісторыю сваёй краіны, разумець, чым яна жыве цяпер. Падчас службы афіцэр асабіста браў удзел у парадах: і ў Расіі, і ў Беларусі, а таму з усёй адказнасцю заявіў, што лепшага параду, чым у Мінску, нідзе няма.
Так лічыць і сям’я Петрашэвіч, для якой хадзіць на парад — ужо традыцыя. «Гонар за краіну, — дзеліцца ўражаннямі пасля парада Іна Петрашэвіч. — Сын Мікалай плануе ісці па бацькавым шляху і працягнуць афіцэрскую дынастыю. А дзе, як не на парадзе, паказаць падрастаючаму пакаленню магутнасць нашай арміі».
Сапраўды, атрымалася, відовішчнае дзейства. І няхай танкі на праспекце і столькі авіяцыі ў небе будзе толькі падчас такіх мерапрыемстваў, каб выключна прадэманстраваць магутнасць Узброеных Сіл, абарончы патэнцыял нашай любімай краіны, захоўванне традыцый і памяці аб тых, хто 80 гадоў таму здабыў нашай краіне незалежнасць.
Вераніка КАНЮТА.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА.
Панядзелак для Львоў — спрыяльны дзень для творчасці і новых ідэй.