Вы тут

У Прэзідэнцкай бібліятэцы адкрылася выстаўка да 80-годдзя вызвалення Беларусі


Выстаўка, прысвечаная дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР першага склікання — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, адкрылася ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.


Праект «Яны былі першымі» стаў вынікам сумеснай даследчай працы супрацоўнікаў музеяў, архіваў і Прэзідэнцкай бібліятэкі, у фондах якой беражліва захоўваюцца ўнікальныя друкаваныя і перыядычныя выданні даваенных і ваенных гадоў.

— Выстаўка прысвечана лёсам дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны гераічна змагаліся на франтах, былі актыўнымі ўдзельнікамі, а ў шэрагу выпадкаў і арганізатарамі падпольнага і партызанскага руху, працавалі ў тыле, а ў пасляваенны перыяд аднаўлялі нашу краіну, — адзначыў дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Сяргей Квачан.

Кожны пяты

Вярхоўны Савет БССР з 1938 да 1990 года быў вышэйшым органам дзяржаўнай улады краіны. Ён стаў правапераемнікам Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР. У сваю чаргу ў найноўшай гісторыі Беларусі правапераемнікам гэтага вышэйшага органа дзяржаўнай улады стаў парламент. Першым старшынёй Вярхоўнага Савета БССР у 1938 годзе была Надзея Грэкава, савецкі дзяржаўны дзеяч і з 1947 года — міністр харчовай прамысловасці БССР.

— Першыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР адбыліся 26 чэрвеня 1938 года, — распавёў Сяргей Квачан. — Былі абраныя 273 дэпутаты. 

У сувязі з уз’яднаннем зямель Заходняй Беларусі і БССР былі праведзены другія выбары, вынік якіх — яшчэ 202 народныя выбраннікі. Такім чынам, менавіта Вярхоўны Савет БССР першага склікання стаў самым шматлікім па складзе.

З 1938 да 1941 года ў Вярхоўным Савеце БССР працавалі 475 дэпутатаў — яны прадстаўлялі ўсе рэгіёны рэспублікі. З пачаткам вайны многія з іх адправіліся на фронт, астатнія ўдзельнічалі ў партызанскім руху або працавалі ў тыле, набліжаючы вызваленне роднай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За гады вайны Вярхоўны Савет недалічыўся 94 чалавек: у ліку тых, хто загінуў або знік без вестак, — кожны пяты дэпутат першага склікання.

— Дзякуючы пошукавай рабоце, якая была ініцыіравана Палатай прадстаўнікоў, сумесна з музеямі і архівамі мы ўстанавілі, што ў гады вайны на франтах, у партызанскіх атрадах загінулі 52 дэпутаты першага склікання і 42 дэпутаты прапалі без вестак, — сказаў Сяргей Квачан. — Сёння імёны 94 дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання ўвекавечаны каля ўвахода ў Авальную залу Дома ўрада Беларусі.

Ніхто не забыты

Першапачаткова, у 1945 годзе, на мармуровых стэлах каля ўваходу ў Авальную залу Дома ўрада былі ўвекавечаны імёны 26 дэпутатаў. Цяпер гэты спіс стаў даўжэйшым на 68 імёнаў — праз восем дзесяцігоддзяў адноўлены жыццёвы шлях астатніх дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, якія не вярнуліся з вайны.

Больш за дзве сотні дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі за адвагу і мужнасць на палях бітваў Вялікай Айчыннай. Чацвёра ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Гэта Уладзімір Царук, Фёдар Маркаў, Ціхан Бумажкоў і Іван Васільеў. Двое з чацвярых атрымалі зорку Героя пасмяротна.

Ціхан Бумажкоў быў арганізатарам партызанскага руху на Палессі і адным з першых партызан, удастоеных звання Героя Савецкага Саюза. 

Загінуў у 1941 годзе. Падрабязныя звесткі аб ім выкладзены ў кнізе Кузьмы Чорнага, якая выйшла ў свет у 1943 годзе (яе можна ўбачыць і пагартаць на выставе).

Генерал-маёр Іван Васільеў узначальваў палітаддзел 62-й арміі, якая абараняла Сталінград, загінуў на баявым пасту ў 1944 годзе.

Вядомы палітычны дзеяч Заходняй Беларусі, настаўнік па прафесіі Фёдар Маркаў выявіў выдатныя арганізатарскія здольнасці ў развіцці партызанскага руху, і, пачаўшы з камандавання спецгрупай, неўзабаве ўзначаліў партызанскую брыгаду.

Уладзімір Царук таксама з’яўляўся адным з найбуйнейшых кіраўнікоў і арганізатараў партызанскага руху на часова акупіраваных беларускіх землях. З разрозненых груп у Стаўбцоўскім і навакольных раёнаў ён стварыў партызанскія брыгады колькасцю да 2500 чалавек. Пасля вызвалення Стаўбцоўскага раёна ад фашыстаў Уладзіміру Царуку было выдадзена значнае грашовае ўтрыманне, якое належала яму як дэпутату, распавялі даследчыкі. І гэтую суму ён цалкам перадаў на будаўніцтва дзіцячага дома, сказаўшы: «Я застаўся жывы і на хлеб сваім дзецям зараблю. А дзетак нашых братоў і сясцёр, якія на вайне загінулі, будзем гадаваць і выхоўваць».

Па выніках праведзеных даследаванняў сёлета былі апублікаваны дзве фундаментальныя працы: «Яны былі першымі» і «Дэпутаты Вярхоўнага Савета першага склікання». Абодва выданні прадстаўлены на выставе. Таксама тут можна ўбачыць унікальныя перыядычныя выданні даваенных і ваенных гадоў і стэнаграфічныя справаздачы сесій Вярхоўнага Савета першага склікання.

Дзіяна РОНІНА

Загаловак у газеце: Яны былі першымі

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.