Вы тут

«Звязда» стала для яго пуцяводнай зоркай


Дзякуй богу, у Беларусі збераглі памяць і праўду аб гераічных і страшных падзеях Вялікай Айчыннай вайны. І аб усіх тых, хто набліжаў Перамогу — на фронце, у тыле, за лініяй фронту. 

Яны ўсе, кожны на сваім месцы, былі героямі, бо толькі героям пад сілу было вызваліць свет ад фашызму. Але ж яны былі і проста людзьмі...


1957 год. Сустрэча на Зыславе, Емяльян Шурпач — у другім радзе, другі справа. Хто ведаў — пазнаць яго яшчэ можна па нязменнай цыгарэтцы, з якой ён не расставаўся амаль да канца жыцця

Адным з такіх простых людзей быў мой бацька — Емяльян Шурпач. І расказаць я хачу пра яго менавіта такога, якім ён быў для блізкіх, для сям’і і дзяцей. А праз гэты аповед — у дні вялікага для беларусаў свята — аддаць даніну памяці і пашаны не толькі яму, але і ўсім, хто палажыў сваё жыццё на алтар міру, свабоды і будучыні. Ён стаў супрацоўнікам «Звязды» ў суровыя ваенныя гады, зусім яшчэ маладым чалавекам. У цяжкі, пакутны час разам са сваімі таварышамі Емяльян поўніў надзеяй і верай у перамогу сэрцы сваіх землякоў, гарачым і шчырым словам дапамагаў знішчаць фашыстаў. Словам, якое разам з салдатамі на фронце, дзецьмі і жанчынамі ў тыле, партызанамі за лініяй фронту набліжала Перамогу. На невялічкім востраве Зыслаў, што на Любаншчыне, яны выдавалі «Звязду» і «Чырвоную змену».

У даваенны час малы Емяльян і яго сястра Фрося рана засталіся без маці, іх выхоўвалі бацька і мачаха (жанчына, па словах Емяльяна Сцяпанавіча, неблагая). Ці то характар такі быў добры, ці, па іншай версіі, моцна адбіваўся ўплыў свёкра, якога яна вельмі паважала, а часам і пабойвалася — ён вызначаўся не толькі моцным здароўем, але і сталёвай воляй. Як бы там ні было, дзяцей выгадавалі, паставілі на ногі, і неўзабаве старэйшы Емяльян адправіўся ў дарослы шлях, першым крокам на якім стала служба ў Чырвонай Арміі. Першапачаткова ён быў прызначаны на падводны флот. Але ў «вучэбцы» ў маладога марака знайшлі захворванне, якое выключала службу на падлодцы. Прыйшлося вяртацца ў родныя мясціны, і ўжо адтуль яго па камсамольскай лініі направілі вучыцца ў Мінск, у Камуністычны інстытут журналістыкі. А праз паўтара года пачалася вайна…

Заўважу, што ў размовах з намі, дзецьмі, бацька заўжды, як, дарэчы, і многія франтавікі, стараўся ваенную тэму абыходзіць — вельмі многа болю, вельмі шмат пакут і страт. Але ж калі ўжо надта назалялі, то пачынаў расказваць. Прычым аповеды яго былі больш пра жыццё-быццё на Зыславе маладых, крыху хуліганістых і гатовых улезці ва ўсякае ліха хлопцаў. А пра жорсткасць вайны, бесчалавечнасць ворага, страшэнныя выпрабаванні і сапраўдны гераізм бацькі расказвалі яго таварышы па падполлі. І мама.

Менавіта яны расказалі, што ў акупаваным Мінску Емяльян Шурпач быў звязаны з патрыётамі яўрэйскага гета. Ён не толькі ўдзельнічаў у ліквідацыі здраднікаў, але і выводзіў яўрэяў з горада, выратаваўшы такім чынам не адзін дзясятак жыццяў. Здарылася ў яго біяграфіі і цяжкае раненне: пазней, калі ўжо былі ў партызанах. Падчас блакады гітлераўцамі партызанскай зоны бацьку дастала варожая міна, яе асколак добра што не трапіў у пазваночнік. Пашанцавала — ад смерці і інваліднасці выратаваў напакаваны «з верхам» заплечнік. Але без медыкаментаў, у блакадзе, у балотах і антысанітарыі выздараўленне ішло цяжка: рана дрэнна загойвалася, і ўсё магло скончыцца бядой. Але па волі выпадку, а я думаю — па волі лёсу, знайшоўся ўрач, яўрэй, які, пераадолеўшы страх і рызыку, узяўся паставіць раненага на ногі. У яго ўсё атрымалася.

З цягам часу фашысты ўсё тужэй зацягвалі кальцо вакол Мінскага падполля, усё больш падпольшчыкаў траплялі ў гестапаўскія засценкі. Было прынята рашэнне «Звязду» і ўсіх, хто ўдзельнічаў у выхадзе яе першых чатырох нумароў (пяты быў падрыхтаваны, але яго не змаглі надрукаваць) тэрмінова перавесці ў партызанскую зону на Любаншчыне. І там з 27 студзеня 1943 года да ліпеня 1944-га было падрыхтавана і выйшла 105 нумароў газеты-падпольшчыцы.

Як расказваў бацька, да звяздоўцаў на Зыслаў часта наведваліся высокія госці: тагачасны сакратар падпольнага ЦК ЛКСМБ Кірыл Мазураў, камандзір Мінскага партызанскага злучэння Васіль Казлоў і іншыя. Аб адным з такіх наведванняў ён успамінаў: «У разгары — друк газеты, мы ўсе ў поце і рабоце, нікога-нічога не бачым і не чуем. Стаю спінай да ўвахода, і тут голас — „Што гэта за дысцыпліна, што за кашлатыя супрацоўнікі?“ Я зразумеў, што заўвага ў мой адрас, бо з прысутных толькі я быў уладальнікам раскошнай шавялюры. Не падымаючы галавы, я паслаў крытыка куды далей. Толькі потым мне сказалі, хто гэта быў. А Мазураў не паскардзіўся, махнуў рукой: „Не чапайце, няхай працуюць далей“. Ды й пайшоў». Прайшлі гады, валасоў на галаве Емяльяна Шурпача амаль не засталося, але той выпадак ён не проста захаваў у памяці, але і ў псеўданіме — Кашлаты, якім на працягу ўсёй журналісцкай работы падпісваў свае самыя вострыя сатырычныя артыкулы і фельетоны.

Што яшчэ мяне заўсёды здзіўляла ў бацьку і яго сябрах, дык тое, што вайна не зрабіла іх жорсткімі. Не было ў іх злобы, нянавісці ці жывёльнай прагі помсты. Аднавяскоўка данесла паліцаям аб сувязі з партызанамі майго прадзеда, якому на той час споўніўся 101 год. Пасля вызвалення, здавалася б, што настаў той самы час, калі можна адпомсціць за здраду, за смерць блізкага чалавека. Але ж бацька дараваў, пашкадаваў шматдзетную маці…

Яны заўсёды заставаліся сумленнымі людзьмі, партызанскае брацтва, узаемавыручка, падтрымка адзін аднаго — усё гэта засталося ў іх на доўгія гады. Месцам штогадовай сустрэчы звяздоўцаў стаў Зыслаў. Я памятаю, як мы ўсёй сям’ёй збіралі тату на гэтыя сустрэчы: касцюм з-пад іголачкі, найлепшая кашуля і абавязкова новы капялюш. Вяртаўся ён з вострава адухоўлены і быццам памаладзеўшы. Аднак год з году бляск з вачэй знікаў усё больш і больш, і аднойчы, вярнуўшыся адтуль, ён сеў на стул і, ледзь не плачучы, сказаў: «Як жа цяжка! Кожная новая сустрэча ўсё больш нагадвае памінкі».

Той самы легендарны здымак, дзе А. Шурпач (злева) і М. Барашкаў за друкам падпольнай «Звязды»

Шчыра кажучы, расказваць, якім быў мой бацька, вельмі няпроста. Успамінаў шмат, адно чапляецца за другое і так да бясконцасці. Ды і не быў звыклы Емяльян Шурпач да ўвагі да сваёй асобы. Не любіў гэтага. Таму — літаральна ў некалькі радкоў, так бы мовіць, штрыхі да партрэта. Першае, што заўважалі ўсе, — ён сапраўды быў таленавітым. Ва ўсім: аднолькава выдатна пісаў артыкулы, прыгожа іграў на скрыпцы, гітары, мандаліне, мог лёгка скласці зруб хаты і накрыць дах, а потым элегантна абыграць каго ў шахматы. А яшчэ па ўсёй акрузе ён славіўся знатным печніком. Апошнія печ і грубку ён склаў у нашай дараганаўскай хаце, калі яму было ўжо 65 гадоў. І склаў так, што паслужаць яны верай і праўдай не адзін і не два дзясяткі гадоў. Але самы галоўны яго талент — дапамагаць людзям, і гэта ў яго атрымлівалася лепш за ўсё.

«Звязда» — не ў пераносным, а ў самым прамым сэнсе гэтага слова — стала для яго пуцяводнай зоркай. Любоўю на ўсё жыццё. Здараліся розныя абставіны, і яму прыходзілася сыходзіць з выдання. Але ніколі назаўсёды. Газета стала яго першым працоўным месцам. І апошнім. Спачатку быў доўгі-доўгі бальнічны, а потым — апошняя сустрэча са звяздоўцамі ў родным Дараганаве, куды яны прыехалі, каб развітацца і правесці ў апошні шлях свайго Сцяпанавіча. Партызана, журналіста, бацьку, Чалавека…

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота з сямейнага архіва і архіва газеты «Звязда»

З ненадрукаванага

Асядланы фашыст

У сярэдзіне зімы сорак чацвёртага фашысты распачалі вялікую карную экспедыцыю супраць нашага злучэння. Фронт тады падышоў ушчыльную да партызанскага краю. Вось акупанты і наважыліся выцесніць партызан са свайго тылу. Не ў прыклад былым карным паходам фашысты на гэты раз не спалохаліся балота на ўскраі Любаншчыны, якое мясцовыя жыхары празвалі «чорным».

Нялёгка давалася ворагу наступленне на партызанскі край. Кожны сухі грудок яны вымушаны былі браць з боем. Але і партызанам таксама даставалася. Мокрыя, галодныя, без патронаў, яны перайшлі на так званую манеўраную вайну. Гэта значыць, малыя групы затойліваліся ў лазняку, прапускалі варожых салдат, а потым нападалі з тылу. Такім чынам акупанты не мелі ні хвіліны супакою.

Здарылася гэта на пачатку мая. Пачало прыграваць сонейка. На бярозах, лазняку з’явіліся першыя лісточкі. Наша невялікая група атрымала заданне: прабрацца на груд Блудны і там адкапаць запасы друкарскай фарбы для «Звязды».

Прабіраліся вельмі асцярожна. Вось і Блудны блізка. А паміж грудком, дзе мы затаіліся, і Блудным — прагаліна. Трэба разведаць, што там робіцца.

— Я ўзлезу на бярозу і пагляджу, — прапанаваў Уладзік Мазуркевіч, спрытны, рухавы хлапец.

Праз хвілін колькі Уладзік ужо сядзеў высока на бярозе. Мы ўважліва за ім сачылі.

Пачулася чаўканне багіны. На палянку, дзе расла бяроза, выйшлі два варожыя салдаты. Ім, відаць, спадабалася гэтае месца, бо адразу паскідалі аўтаматы, пачалі разувацца. Скінулі гумавыя боты, распранулі мундзіры. Сядзяць, грэюцца на сонцы, шкрабуць пакусаныя вашыма падпахі.

Мы ўмлелі. Самі маглі і знікнуць, а вось Уладзік як? Крыкнеш — пачуюць ворагі. Нападаць на іх — рызыкоўна: можа, гэта толькі дазор, а асноўныя сілы ззаду…

Уладзік тым часам далоў не пазіраў, углядаўся ўдалячынь. Паварушыўся на бярозе, і мох, сухія галінкі пасыпаліся на немцаў. Урэшце, мабыць, Уладзя ўсё-такі паглядзеў уніз. Бо на нашых вачах кулём зваліўся з бярозы і трапіў якраз на немца, што сядзеў пад ёю. Той толькі войкнуў. А другі, як быў, босы, без мундзіра, з крыкам «партызанен-партызанен» рынуўся ў лазнякі.

Уладзік жа падхапіў аўтамат, мундзір і гумавыя боты, і таксама шыбануў да нас. З гадзіну мы пёрліся цераз лазняк. Таіцца няма чаго — страх такі добра падганяў.

А калі крыху супакоіліся, пачалі пытаць у Уладзіка, што ён адчуў, як убачыў немцаў?

— Дальбог, не памятаю. Нейкае замарачэнне найшло. Апусціў рукі і шугануў уніз…

— Ну а трафеі як жа прыхапіў?

— Таксама не памятаю. Напэўна, тут звычка спрацавала. Бачу, ляжаць аўтамат і мундзір, вось і не мог пакінуць, прыхапіў…

На Блудны мы перабраліся ноччу і фарбу ўсё ж-такі дасталі. А Уладзік папрасіў нас, каб нікому ў атрадзе не расказвалі пра яго ўчынак. «Смяяцца будуць, што на фашысце вярхом ехаў».

Шмат прайшло з тых часоў. Можна ўжо і расказаць…

Амяльян ШУРПАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урачыстае мерапрыемства «За Беларусь!» адбылося ў Маскве

Урачыстае мерапрыемства «За Беларусь!» адбылося ў Маскве

Аляксандр Рагожнік звярнуў увагу, што зусім хутка беларускаму народу трэба будзе чарговы лёсавызначальны выбар.

Эканоміка

Развіццё — базіс нашай дзяржаўнасці

Развіццё — базіс нашай дзяржаўнасці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.