Ліпень 1944 года прынёс вызваленне Гродзеншчыне. І першым буйным цэнтрам на гэтым шляху стаў Астравец. Адметна, што знамянальная дата супала з вызваленнем сталіцы. Але калі Мінск вызвалялі пераважна воінскія часткі, тут галоўную ролю адыгралі партызаны, якія далучыліся да наступальнай аперацыі «Баграціён». Днём 3 ліпеня партызанская брыгада імя ЦК Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі разграміла варожы гарнізон у Астраўцы і трымалася да прыходу рэгулярнай арміі.
Бліскучая аперацыя «Баграціён» стала для ворага нечаканасцю. Немцы адступалі. На сваім шляху яны працягвалі разбураць дамы, узрывалі адміністрацыйныя аб’екты, палілі пакінутую маёмасць.
Партызанскія атрады, якія на працягу акупацыі мелі разрознены характар, падчас наступальнай аперацыі «Баграціён» сталі магутнай сілай. Калі ішло вызваленне сталіцы, прадстаўнікі Беларускага штаба партызанскага руху інструктавалі камандзіраў партызанскіх фарміраванняў актыўней і смялей узаемадзейнічаць з наступальнымі часцямі Чырвонай Арміі, перахапляць і рашуча граміць варожыя войскі, што адступаюць, аўтакалоны, абозы. «Не давайце праціўніку вывозіць ваенную маёмасць і нарабаванае дабро, захоплівайце маёмасць, а пры немагчымасці — знішчайце яе», — сказана ў інструкцыі ад прадстаўніка партызанскага штаба Рыжыкава.
Першы тыдзень пасля вызвалення Мінска быў перыядам імклівага наступу Чырвонай Арміі і партызан на немцаў.
Вораг з калонамі аўтамашын, артылерыі, кавалерыі і пяхоты рухаўся па тракце ад Мінска на захад. Немцы адступалі і гналі перад сабой сотні савецкіх ваеннапалонных, захопленых у 1942 годзе. Гітлераўцы імкнуліся прабіцца праз Налібоцкую пушчу. Адну з такіх калон атакавала брыгада імя Сталіна, было знішчана 120 немцаў, узяты багатыя трафеі, вызвалены 600 палонных. Наступленне разгарнулася ў дзень вызвалення Мінска і ў наступныя суткі. У гэты час палова Беларусі ўжо была ачышчана ад фашыстаў. Але трэба было прайсці яшчэ столькі, каб выйсці да рубяжоў на Бузе і Нёмане. Але калі ўсход вызвалялі з канца 1943 года да пачатку ліпеня 1944 года, з
заходніх раёнаў ворага гналі хутчэй — літаральна да канца ліпеня. І тут адлік ішоў не толькі на дні — на гадзіны.
На поўначы і поўдні ад Мінска Чырвоная Армія вызваляла ўсё новыя населеныя пункты. У ліпені 1944 года на завяршальным этапе наступальнай аперацыі войскі трох Беларускіх франтоў ва ўпартых баях прынеслі вызваленне Гродзеншчыне. Днём 3 ліпеня партызанская брыгада імя Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі пад камандаваннем Мікалая Фёдарава з боем авалодала пасёлкам Астравец, разграміла варожы гарнізон і ўтрымлівала пазіцыі тры дні да падыходу часцей дзеючай арміі.
Як расказала следчы Астравецкага раённага аддзялення Следчага камітэта Вікторыя Сапач, гісторыя брыгады пачалася ў сакавіку 1943 года. Да гэтага часу яе асобныя батальёны ўваходзілі ў розныя брыгады, у тым ліку «За Советскую Белоруссию». У лютым 1944 года брыгадзе прысвоена імя ЦК Кампартыі Беларусі. Дзейнічала яна ў шэрагу раёнаў Віцебскай і Мінскай абласцей, а таксама на тэрыторыі Астравецкага раёна Гродзеншчыны. Шостага ліпеня, падчас вызвалення Астраўца, брыгада аб’ядналася з часцямі Чырвонай Арміі. Па словах Вікторыі Сапач, брыгада на той момант налічвала пяць атрадаў з агульнай колькасцю амаль 340 чалавек, з іх 34 жанчыны, большасць складалі беларусы, рускія і ўкраінцы.
Падчас вызвалення Астравецкага раёна партызанскай брыгадай камандаваў Мікалай Фёдараў, які на пачатку 1942 года быў накіраваны ў тыл ворага для арганізацыі партызанскага руху. За кароткі тэрмін Фёдараў сабраў атрад у складзе 100 чалавек. Падчас баявых дзеянняў брыгадай разгромлена некалькі моцных нямецкіх гарнізонаў у Астраўцы і на станцыі Гудагай, пашкоджана 500 чыгуначных рэек. У баях і засадах знішчана і ўзята ў палон каля 200 немцаў, атрыманы значныя трафеі.
З паведамлення сакратара Вілейскага падпольнага абкама партыі Клімава начальніку Беларускага штаба партызанскага руху Калініну:
«...Брыгада М. І. Фёдарава заняла мястэчка Астравец, знішчыла каманду фашысцкіх падпальшчыкаў. Шостага ліпеня ўдарныя партызанскія групы здзейснілі нападзенне на ўчастак чыгуначнай лініі Смаргонь — Вільнюс у раёне станцый Гудагай — Шумск. Рух па лініі спынены. У выніку на перагоне стаяць чатыры нямецкія эшалоны з грузамі, якія перададзены 144-й дывізіі Чырвонай Арміі». Мікалай Фёдараў за ўдзел у аперацыі атрымаў высокія дзяржаўныя ўзнагароды.
Падчас акупацыі Астравецкі раён уваходзіў у зону дзеяння брыгады імя Варашылава і ЦК КП(б)Б Вілейскай вобласці. У фондах Астравецкага гісторыка-этнаграфічнага музея захоўваюцца фотаздымкі сакратара Астравецкага падпольнага райкама КПБ Вілейскай вобласці Фёдара Ларыёнава, начальніка штаба партызанскай брыгады імя Варашылава Вілейскай вобласці Івана Крысава, а таксама здымак партызан дадзенай брыгады. Па інфармацыі, якую прадставіла дырэктар музея Рыма Падлужная, вызваленне Астравецкага раёна пачалося ў чэрвені 1944 года, калі вораг быў выбіты з вёскі Гервяты. Страты былі з абодвух бакоў.
А 3 ліпеня ў 19 гадзін 40 хвілін партызанская брыгада імя ЦК КП(б)Б атакавала нямецкі гарнізон каля Астраўца. Як сведчаць дакументы астравецкага музея, падчас штурму асабліва вылучыліся байцы ўзвода разведчыкаў атрада імя Чкалава і атрада імя Пархоменкі. Нямецкія войскі не вытрымалі ўдару і адступілі пад Гудагай, перад гэтым паспеўшы падпаліць пасёлак гранатамі і вогненнымі кулямі. Поўнасцю згарэла цэнтральная частка Астраўца — ад млына да касцёла. Партызанам прыйшлося адмовіцца ад пераследу і заняцца тушэннем пажару. Іх намаганнямі ліквідаваны агонь на лесапільным і цагляным заводах, млыне, аўтарамонтнай майстэрні і іншых прадпрыемствах. У якасці трафеяў атрыманы шэсць кулямётаў, 40 вінтовак, аўтамашына, два матацыклы і два прадуктовыя склады.
За заходнія раёны Беларусі баі ішлі яшчэ тры тыдні. Жыхары акупаваных тэрыторый пакутавалі ад злачынстваў нямецкіх захопнікаў. Вораг актывізаваў тэрор і масавую эвакуацыю насельніцтва ў Германію. Знішчаліся пасевы, мініраваліся чыгуначныя аб’екты і дарогі. Аб падобным становішчы, дарэчы, паступіў рапарт у цэнтр ад камандзіра партызанскага злучэння Брэсцкай вобласці Сяргея Сікорскага. Ён характарызаваў гэты перыяд так: «Нарастае паніка сярод нямецкіх служачых, іх сем’і пачалі эвакуацыю. Партызанскія атрады штодзень вядуць баі на камунікацыях і ў шэрагу месцаў па выратаванні насельніцтва».
З цэнтра паступае рэкамендацыя ўзмацніць кантроль за мясцовасцю, выяўляць і знішчаць праціўніка. Асабліва калі тыя выходзяць у населеныя пункты. Бо недасканалы кантроль тэрыторыі дазваляе групам праціўніка пераходзіць да актыўных дзеянняў і наносіць страты часцям Чырвонай Арміі і насельніцтву.
Партызанам удавалася захаваць маёмасць і жыцці людзей у тых раёнах, дзе ішло наступленне. Партызанскія брыгады актыўна злучаліся з часцямі Чырвонай Арміі. Так, тры атрады 16-й Смаленскай брыгады 5 ліпеня аб’ядналіся з дзеючай арміяй у раёне вёскі Свір, а 6 ліпеня астатнія тры атрады далучыліся да арміі ў Міхалішках.
За вёску Міхалішкі Астравецкага раёна гэтымі днямі ішлі жорсткія баі. Такая абстаноўка была абумоўлена важным стратэгічным станам населенага пункта. Партызанам было важна да прыходу арміі захаваць мост праз раку Вілію. Для выканання задання былі вызначаны тры атрады і 60 конных разведчыкаў. З кровапралітнымі баямі 4 ліпеня атрад заняў Міхалішкі.
Немцам пасля некалькіх спроб удалося часткова разбурыць пралёты моста, аднак партызаны пры дапамозе мясцовых жыхароў яго хутка адрамантавалі. Неўзабаве па ім ужо ішлі салдаты-вызваліцелі.
Да апошняга патрона імкнуліся гітлераўцы ўтрымаць чыгуначную станцыю Гудагай. Згодна з дакументамі Астравецкага музея, ноччу партызанская брыгада імя ЦК КП(б)Б атакавала чыгунку, узарвала і разабрала больш за 200 рэек. А раніцай 6 ліпеня партызаны пры падтрымцы разведчыкаў 144-й стралковай дывізіі атакавалі станцыю і ў ходзе баёў выбілі адтуль нямецкія войскі, прымусілі іх да адступлення. Гэтым боем было завершана вызваленне Астравецкага раёна. Не абышлося без страт.
У баях загінулі дзясяткі байцоў 25-й і 144-й стралковых дывізій, яны так і засталіся на гэтай зямлі.
На тэрыторыі раёна знаходзіцца сем пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, дзе спачываюць 800 байцоў і мірных жыхароў. У аграгарадку Варона пахаваны 67 савецкіх воінаў. У Гервяцкім сельскім Савеце ўстаноўлены помнік невядомаму салдату, чые астанкі знойдзены ў ходзе пошукавых работ.
На ўскрайку вёскі Кемелішкі ўстаноўлены помнік ахвярам мясцовага гета. Тут расстраляны 500 яўрэяў — такая лічба значыцца на мануменце.
Вялікая брацкая магіла знаходзіцца ў пасёлку Гудагай. Тут, па архіўных даных, пахавана больш за 200 ваеннапалонных. Менавіта сюды, у Гудагай, вайна прыйшла ў першы дзень, 22 чэрвеня 1941 года. Як сведчаць гістарычныя дакументы, тады фашысты скінулі некалькі бомбаў на чыгуначную станцыю і мост праз раку Лошу.
Ваенны Гудагай вядомы тым, што тут быў створаны філіял «Шталаг 342». У ім на працягу некалькіх гадоў знаходзіліся ваеннапалонныя. Многія загінулі і пахаваны ў брацкай магіле, на месцы якой узвышаецца абеліск. Па розных крыніцах тут знайшлі спачын ад 200 да 300 чалавек. Імёны 75 з іх сталі вядомы дзякуючы архіўным дакументам, адкрытым у апошнія дзесяцігоддзі. Нямала ахвяр было сярод мірнага насельніцтва. У вёсках Кемелішкі і Барані стаяць помнікі на месцы расстрэлу жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці.
У Астраўцы ўстаноўлены велічны манумент савецкім воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Знаходзіцца помнік у лесапаркавай зоне горада. Работы па яго ўзвядзенні былі распачаты ў 1974-м — за год да 30-й гадавіны Вялікай Перамогі.
Калі насыпалі курган пад манумент, сюды прывезлі зямлю з Брэсцкай крэпасці, Хатыні, сталічнага Кургана Славы, з месца Корсунь-Шаўчэнкаўскай аперацыі, Валгаграда (Сталінградская бітва), Кургана Славы Швянчонскага раёна.
Двухфігурную скульптурную кампазіцыю — воіна-сцяганосца і яго таварыша, які памірае, — вышынёй у 3,5 метра зрабіў вядомы беларускі скульптар Ярамір Печкін. Урачыстае адкрыццё мемарыяла адбылося 9 мая 1975 года.
Мемарыяльныя пліты з імёнамі каля падножжа кургана ўстанавілі пазней. А потым па меры атрымання звестак пра загінулых землякоў туды пачалі заносіць і іх прозвішчы, каб увекавечыць памяць абаронцаў. Аднаўлялі пліты два разы, апошні — у 2019 годзе.
Адразу пасля вызвалення ў Астраўцы пачалі падлік разбуранай і разрабаванай нямецкімі захопнікамі гаспадаркі. Паралельна вяліся аднаўленчыя работы. З дакументаў Астравецкага Савета дэпутатаў вядома, што 1 жніўня 1944 года адбылося першае пасяджэнне выканаўчага камітэта, на якім разглядалі пытанні аб зборы ўраджаю і хлебанарыхтоўках, аб аднаўленні школ раёна і падрыхтоўцы да навучальнага года, аб дзяржаўнай ваеннай пазыцы.
Выканаўчым камітэтам былі прыняты рашэнні аб аднаўленні дзейнасці арганізацый і добраўпарадкаванні тэрыторыі раёна, прызначэнні дапамогі шматдзетным і адзінокім маці, пажарнай бяспецы, стане гандлю, кадравыя пытанні. Дзяржава аказвала дапамогу ў будаўніцтве новых і аднаўленні разбураных дамоў, выдзяляліся ўчасткі беззямельным сялянам, арганізацыям, рабочым і служачым для падсобных гаспадарак.
Вайна ішла на захад, баі грымелі па-за межамі Беларусі, савецкія салдаты вызвалялі ад нямецкай акупацыі Заходнюю Еўропу. І, хоць мірнае жыццё пачало ўваходзіць у свядомасць людзей, памяць аб самай крывавай вайне будзе трывожыць яшчэ не адно пакаленне беларусаў.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.