Фармат мерапрыемства — спакойная, сяброўская размова за гарбатай. Вядома, ветэраны ўзгадвалі ваенныя падзеі, якія акурат супалі з іх маладосцю, дзяліліся гісторыяй свайго баявога шляху. Аднак не толькі аб вайне вяліся размовы. Дэпутацкаму корпусу было цікава даведацца, як удзельнікі Вялікай Айчыннай жывуць сёння, што іх хвалюе, якія, магчыма, ёсць пажаданні да прадстаўнікоў улады. Як падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, толькі ў дыялогу розных пакаленняў, згуртаванасці і адзінстве — наша сіла.
Найперш, звяртаючыся да галоўных герояў мерапрыемства, Старшыня выказаў словы ўдзячнасці за іх баявы шлях і працоўны подзвіг у пасляваенны час. «У кожнага з вас, хто сёння тут прысутнічае, — свая біяграфія, але кожнага з вас сваім вогненным крылом апаліла вайна: 22 чэрвеня 1941 года раскалола жыццё ўсяго чалавецтва на „да“ і „пасля“, — канстатаваў Ігар Сергяенка. — На пачатак Вялікай Айчыннай вайны кожнаму з вас было ад 9 да 16 гадоў — яшчэ дзеці, падлеткі. Вы рана сталелі, вы сталелі разам са старэйшымі, якія пайшлі ваяваць на фронт, з тымі людзьмі, якія ваявалі з фашыстамі ў партызанскіх брыгадах, атрадах, і да завяршэння вайны многія з вас ужо сталі паўналетнімі. Да гэтага часу ў кожнага з вас за плячамі — баявы шлях. Гэта і бітвы з ворагам, і выкананне заданняў па падрыве варожых камунікацый. А што стаіць за тым, якой працай была адноўлена народная гаспадарка, якой працай быў адноўлены горад Мінск? Тыя, хто прысутнічае тут, працуючы ў розных арганізацыях, бралі ўдзел у аднаўленні Мінска, узвядзенні многіх будынкаў. І вашы равеснікі, людзі таго пакалення ў тым ліку, аднаўлялі гэты гістарычны будынак — Дом урада».
Старшыня Палаты прадстаўнікоў расказаў, што сучасныя дэпутаты свята шануюць памяць дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якія сышлі на фронт і ваявалі ў партызанах. 94 чалавекі загінулі. Каля ўваходу ў Авальную залу ў іх гонар устаноўлены мемарыяльныя дошкі.
«Усё менш і менш становіцца ветэранаў, жывых сведак таго грознага часу, але здорава тое, што вы выстаялі, пражылі такое цікавае, змястоўнае, складанае жыццё, — звярнуў увагу Ігар Сергяенка. — Вы для нас — жывое ўвасабленне подзвігу. І паверце, кожны жыхар нашай краіны так ці інакш звязаны з вайной — праз дзядоў, прадзедаў, бацькоў. Вайна закранула практычна кожную беларускую сям’ю».
Як падзяліўся ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Фешчанка, праз прысутнасць у Палаце прадстаўнікоў, удзельнікі тых падзей адчуваюць пераемнасць пакаленняў. «Вы шануеце памяць тых, каго ўжо няма, — гэта і ёсць бессмяротнасць нашага народа, — лічыць ён. — Я бачыў Мінск разбураным. А калі вярнуўся сюды пасля службы ў арміі, ішоў ужо не па разбураным горадзе, а па асфальтаваным праспекце Сталіна (цяпер Незалежнасці. — „Зв.“). Вось што значыць наш народ».
У памяці ветэрана — і яшчэ адзін эпізод. Фёдар Фешчанка — удзельнік Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён», у ходзе якой была вызвалена Беларусь. «Як мы ўспрымалі аперацыю „Баграціён“? — ставіць пытанне ветэран і адказвае на яго. — Быў стан упэўненасці ў нашай Перамозе. Мы ведалі, што гэта наступальная аперацыя. Перыяд абароны краіны, перыяд пастаяннага адчування, што ты не перамагаеш, а адбіваешся, ужо прайшоў. Я думаў, што фашысты будуць адступаць, а мы іх даганяць. Дык не тое было! Упарта, жорстка яны супраціўляліся. Чаму? Адчувалі, што яны нарабілі і ведалі, што адплата іх дагоніць. Так і атрымалася!»
Вераніка КАНЮТА
Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.