Алена — фатограф з тонкім мастацкім густам. Яна заўсёды ў пошуках чагосьці незвычайнага і перадавога, жыве і працуе па прынцыпах якасці. Іншымі словамі, знаходзіцца ў пастаянным удасканаленні. А гэта, лічы, дэвіз Года якасці. Здаецца, што для таго, каб нешта сфатаграфаваць, дастаткова націснуць кнопку. Але гэта разважанні дылетанта. Алена — прафесіянал. Яна знаходзіць такія прыёмы, дзякуючы якім карцінка набывае асаблівы сэнс і напаўненне. Яе праект «Нераскрытая прыгажосць» падтрыманы на ўзроўні Міністэрства культуры.
Калі працягваць тую думку, з якой мы пачалі, стаць фатографам можа любы. А вось мастаком — далёка не кожны. Алена па адукацыі мастак, але знайшла сябе ў фота.
— Я з дзяцінства малявала, таму спачатку паступіла ў Бабруйскі мастацкі каледж імя А. Ларына, а потым — педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, які скончыла з дыпломам па спецыяльнасці «Мастак-педагог», — расказвае Алена. — Шукала сваю нішу ў маляванні, спрабавала розныя формы. Займалася аэраграфіяй на аўтамабілях, рабіла роспісы на сценах катэджаў, пасля мяне сталі запрашаць на прадпрыемствы.
Пачала вывучаць тынкоўку, ляпніну рабіла. У ход ішлі ўсе мае ўніверсітэцкія дызайнерскія напрацоўкі. Займалася пескаграфіяй, пісала карціны на заказ. Ды алейныя фарбы вельмі дарагія, ды і працаваць прыходзіцца не адзін дзень. Цана за работу атрымліваецца немаленькая, пакупніка знайсці складана, таму ад гэтага прыйшлося адмовіцца.
Паступова эксперыменты перайшлі на фота. Але здымкі, якія Алена спачатку рабіла «мыльніцай», не задавальнялі. Атрымлівалася не зусім тое, што бачылася. І тады яна заказала сабе прафесійны фотаапарат. Калі тэхніка трапіла ёй у рукі, спачатку разгубілася. Кнопак шмат, трэба разбірацца. Паманіторыла інтэрнэт і наткнулася на курсы беларускага фотамастака Вадзіма Качана. Запісалася, старанна выконвала ўсе рэкамендацыі настаўніка. З настройкамі крыху разабралася, навучылася больш-менш здымаць, але што рабіць, каб фатаграфія была цікавая не толькі блізкім, але і іншым, не ведала. Яна ўжо ўдзельнічала ў конкурсах, першыя месцы займала, але яе пераможныя работы не ўражвалі настаўніка. Упартая дзяўчына працягвала ўрокі майстэрства, бо вельмі хацелася выйсці ў сур’ёзныя фатографы. На той час яна ўжо кіравала Асіповіцкім народным фотаклубам «Раніца», і трэба было трымаць марку. Стала браць прыватныя ўрокі ў прафесіяналаў, і справа пакрысе наладзілася. Ёй падказвалі, што ў фотаздымку каштоўнае, ацэньвалі яе праекты.
— Калі пачала здымаць вясковае жыццё, настаўнік мяне падбадзёрыў, сказаў, што ў гэтым нешта ёсць, — расказвае Алена. — А хутка нарадзіўся і мой першы вясковы праект. Выязджала на сваім аўто ў глыбінку, знаёмілася з людзьмі, прапаноўвала папрацаваць мадэлямі. Прыйшло натхненне і з’явілася адчуванне, што ідзе прафесійны рост, што пасаду кіраўніка фотаклуба займаю не дарэмна.
Аднойчы Алена натрапіла па рэкламу моднага замежнага фатографа, які запрашаў на курсы па фэшн-фота. Дорага, але яна адразу ж ухапілася за магчымасць. Вырашыла, што гэта ёй дапаможа нават у камерцыі. Якраз супала, што быў дзень нараджэння, і яна зрабіла сабе падарунак. Стала вучыцца і адчула: гэта яе. Тут вучылі працаваць з мадэллю, незвычайна падаваць святло, іншым цікавым «фішкам». Фэшн-фота — гэта сумесь крэатыўнасці і брэндавай эстэтыкі. І вырашальную ролю ва ўсім гэтым адыгрывае менавіта асоба фатографа. Па заканчэнні курса трэба было зрабіць дыпломны праект «Канцэптуальная фатаграфія», і Алена ўжо ведала, чым здзівіць.
— У нашым райцэнтры няма прыгожых старадаўніх будынкаў з неонавымі шыльдамі, — кажа яна. — Але ў мяне былі знаёмыя стылісты і візажысты, з якімі я магла зрабіць цукерку і без сталічнага гламуру. Каб падкрэсліць моду, вырашыла сыграць на кантрасце — будзённае і прыгожае. І зноў паехалі ў вёску. Адно фота рабіла, дзе чалавек на сваім працоўным месцы ў будзённай адзежы, а другое — на тым жа фоне, але ў парадным выглядзе. Стыліст дапамагла адзець вясковых людзей у модныя рэчы, візажыст падкрэсліла іх прыродную прыгажосць. І брыльянт, як той казаў, заззяў. Мой настаўнік, з якім мы пастаянна на сувязі, сказаў, што ідэя вельмі добрая.
За месяц трэба было зрабіць дзве работы, і Алена справілася на выдатна. Замежны фотамайстар зрабіў толькі невялікія заўвагі, але ідэя яму вельмі спадабалася. Сказаў, што гэта можна смела дэманстраваць у замежных галерэях.
Здымкі сапраўды інтрыгуюць. Людзі на іх «да» і «пасля» настолькі розныя, што пачынаеш сумнявацца, ці яны гэта. Мяркуючы па водгуках, якія пакінулі гледачы пасля наведвання выставы Алены Ерашэвіч у Магілёве, абыякавых не было. Гэта ашаламляльна, таленавіта, моцна — сведчаць запісы. Тое, што такі эфект будзе, Алена ўжо ведала. Яшчэ калі толькі апрацоўвала здымкі, пачула ад калег па рабоце шмат кампліментаў. Першая эмоцыя — шок і здзіўленне: як такое можа быць?
— Рызыка толькі ў тым, што робіш і не ведаеш, што атрымаецца на выхадзе, — кажа Алена. — Пакуль не ўбачу фота на камп’ютары, не магу сказаць, што ўсё прайшло ідэальна. Мая задача — усё супаставіць, раскрыць вобраз.
Фотаэксперымент з вёскай атрымаўся ўнікальны. Алена кажа, што харызматычных персанажаў знайсці было лёгка. Вясковыя людзі простыя, без хітрыкаў, адкрытыя. У прафесійных руках стыліста і візажыста яны становяцца падобныя на акцёраў. З адной толькі розніцай. Твары іх не штучныя і напышлівыя, як часта бывае ў зорак, а жывыя і неверагодна абаяльныя. Уражанне ўзмацняе фон — іх работа або дом з палісаднікам.
— Фотаздымкі аднатыпныя, але людзі і іх вобразы мяняюцца, — кажа Алена. — Час пройдзе, а мы будзем бачыць, як яны тут жылі. Задні план усё раскажа. І мода на здымках будзе адпавядаць таму часу. Два сусветы — дзве рэальнасці. Эфект ашаламляльны.
У калекцыі Алены Ерашэвіч цяпер 13 персанажаў. Пра кожны можа расказваць бясконца. Дзяўчына, якая працавала ў калгасе цялятніцай, спачатку была вельмі скаваная. Зрабілі ёй макіяж, апранулі, і яна ўжо больш смела стала дэманстраваць сябе. Так атрымалася, што пасля той фотасесіі маладая сяльчанка змяніла сваё жыццё, стала спрабаваць сябе ў розных прафесіях. «Перыядычна бачу яе ў горадзе, — усміхаецца Алена. — Едзе на самакаце і махае рукой — вітае!»
Яшчэ адзін фотагерой працуе ў кацельні. Спачатку нічога асаблівага з сябе не ўяўляў нават у модным адзенні, але, як толькі апрануў капялюш, адразу пераўтварыўся ў мача. Яго жонка таксама пагадзілася папрацаваць мадэллю. Яна выхавацелька, але на той час была ў дэкрэтным. З ёй таксама прайшлі цікавы шлях пошуку вобраза.
Летась атрымалася пазнаёміцца з вельмі цікавым героем. Вырасціў 13 дзяцей — сваіх і прыёмных. Працаваў на ферме, потым — зваршчыкам, лесніком. Жыў у вёсцы, меў галубятню, разводзіў паўлінаў. На жаль, сёлета пайшоў з жыцця. Але засталіся фота. І яго дзеці вельмі ўдзячныя Алене, што яна ўгаварыла іх бацьку на эксперымент.
— Фатаграфавацца ні ў якую не жадаў, — сумна ўсміхаецца Алена, успамінаючы харызматычнага жыццялюба з Вяззя. — Я яго ўгаворвала, а ён смяяўся: знайдзіце мне жонку, тады буду з вамі працаваць. У яго жонка заўчасна пайшла з жыцця. І я падыграла яму — паабяцала жартам. Яго ўжо няма, але фота вельмі шмат. Ён на іх і з паўлінамі, і з дзецьмі. Персанаж быў выдатны.
Пратасевічы, Орча, Камянічы, Вязаўніца — са сваёй камандай Алена аб’ехала не адну вёску. Яе фота не падобныя на астатнія яшчэ і таму, што яна выкарыстоўвае незвычайны метад — фатаграфуе сваіх герояў на белым экране.
— Гэта такі прыём, калі чалавека быццам бы выцягваеш з рэальнасці, — расказвае яна. — Рэальнасць асобна, а ён — асобна. Выстаўляю фон, святло, парасон, каб ярчэй раскрылася мадэль, і здымаю. Глядач атрымлівае вялікі аб’ём інфармацыі. Тут намешана ўсяго: і дакументалістыка, і фэшн, і гісторыя, і сучаснае. Бо на здымках фіксуецца пэўны час, у якім усё адбываецца.
Пасля таго, як выстава «Нераскрытая прыгажосць» прайшла ў Саюзе фатографаў Беларусі, праектам Алены Ерашэвіч зацікавілася Міністэрства культуры.
— Гэта вёска, не ўсе ведаюць як там жывуць, — разважае фотамастачка. — А тут усё як на далоні.
Героі нечакана раскрываюцца, у кожнага ёсць харызма. У іх нават позірк мяняецца. Ніхто не скажа, што гэта вясковы чалавек. Старшыня Саюза фатографаў Беларусі Уладзіслаў Рута звярнуўся ў міністэрства, каб паглядзелі праект, і там яго падтрымалі. Бо гэта і папулярызацыя сельскага жыцця, і прафесій аграрных.
У міністэрстве сказалі, што было б нядрэнна задзейнічаць нашы беларускія брэнды, і прапанавалі перспектыўныя пляцоўкі. Па брэндах работа ўжо вядзецца. Будзем абмяркоўваць з калегамі, як гэта рэалізаваць.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.