Вы тут

Правы чалавека ці ілюзія?


Шырокі міжнародны рэзананс выклікаў першы сумесны даклад МЗС Беларусі і Расіі па правах чалавека ў асобных краінах. А чаму б не сумесны? Мы — Саюзная дзяржава, таму абсалютна абгрунтавана маем адзіны падыход у першую чаргу да правоў сваіх грамадзян, а таксама да правоў грамадзян іншых дзяржаў. Тое, што даклад ахоплівае правы чалавека ў чатырох дзясятках краін, сведчыць аб шырокай геаграфіі цікавасці па гэтым пытанні з улікам міжнароднай абстаноўкі.


Давайце спачатку разбяромся, а што такое ўвогуле правы чалавека. Мы часта чуем: «Маю права». Мы маем права абіраць Прэзідэнта і дэпутатаў — калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй краіны. Я маю права на тавары, якія складала ў свой кошык, — калі за іх заплаціла. Дзіця мае права катацца на каруселях — калі яго бацькі гэта яму паабяцалі. Словам, на ўсё гэта і іншае людзі маюць права разлічваць пры ўмове, што іншым бокам былі дадзены адпаведныя гарантыі.

А вось правы чалавека не залежаць ад абяцанняў ці гарантый іншага боку. Пагадзіцеся, што права чалавека на жыццё не залежыць ад абяцання іншага не забіваць. Жыццё — так, ад гэтага будзе залежаць, але не права на жыццё. Маё права на жыццё залежыць толькі ад аднаго — таго, што я чалавек.

Вернемся да даклада. Гэта першы падобны праект, які на справе паказвае дынаміку развіцця беларуска-расійскіх адносін у галіне правоў чалавека і дэманструе адзіныя падыходы Беларусі і Расіі па многіх пытаннях названай тэмы. У дакладзе выключна канстатуюцца факты, падмацаваныя спасылкамі на СМІ, фота-, відэаматэрыялы. Аўтары выразна адзначаюць, што «ў новым свеце, які фарміруецца, у аснову якога павінна быць пакладзена больш справядлівая сістэма міжнародных адносін, вельмі неабходна поўная рэалізацыя прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржаў, гістарычных, культурных, рэлігійных і нацыянальных асаблівасцяў кожнай краіны». Што ж мы бачым па факце?

Напярэдадні Румынія адмовіла Расіі і Беларусі ва ўдзеле ў сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, членамі якой нашы краіны з’яўляюцца. Калі не выконваюцца правы дзяржаў на міжнародным узроўні, то пра якія правы грамадзян, у прыватнасці, можа ісці размова?

У дакладзе на аснове фактаў выяўляецца не проста занепакоенасць ростам антысеміцкіх настрояў, шавінізму, адраджэння і гераізацыі нацызму, а абагульняецца інфармацыя аб парушэннях правоў чалавека ў краінах, пераважная большасць з якіх ганьбіць Беларусь і Расію. Але мы, у адрозненне ад калектыўнага Захаду, не навязваем свой пункт гледжання, мы канстатуем факты.

З кожным днём правы чалавека набываюць большае значэнне і атрымліваюць усё шырэйшую падтрымку. Гэта перамога не толькі абаронцаў правоў чалавека, але і ўсіх людзей увогуле. Вынікам гэтых поспехаў стала распрацоўка збору дакументаў па правах чалавека. Найбольш важным універсальным дакументам з’яўляецца Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, прынятая ў 1948 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН. Яна атрымала такое шырокае прызнанне, што яе першапачаткова неабавязковы характар змяніўся, і цяпер на яе дастаткова часта спасылаюцца як на юрыдычна абавязковы дакумент звычайнага міжнароднага права. Хочацца саркастычна заўважыць, што якраз «вялікія барацьбіты» за правы чалавека гэтыя міжнародныя нормы і не выконваюць.

Калісьці, прымаючы гэтую сапраўды важную дэкларацыю, краіны-ўдзельніцы разлічвалі, што гэта будзе ідэалістычны дакумент, які паказвае чалавецтву, якім павінен быць сапраўды справядлівы, правільны свет. І калі б гэтыя прынцыпы выконваліся ўсімі, то «не было б у тым царстве ні холаду, ні спёкі, ні старасці, ні смерці, ні зайздрасці шкоднай», як гаворыцца ў адной малітве. У жыцці, на жаль, зусім іншая карціна.

У дакладзе МЗС адзначана, што ў ЗША на справе сітуацыя з захаваннем правоў і свабоды чалавека далёкая ад міжнародных стандартаў. Аднак, нягледзячы на істотнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў ЗША, амерыканцы працягваюць лічыць сябе «абаронцамі грамадзянскай свабоды» па ўсім свеце. Чаму ж самі Злучаныя Штаты не гавораць аб тым, што яны з’яўляюцца краінай з вельмі высокім узроўнем бытавога гвалту? Што пагроза жыццю грамадзянам зыходзіць не толькі ад злачынцаў, але і з боку праваахоўных органаў. Што амерыканскія турмы перапоўненыя, а зняволеныя, якія ў іх утрымліваліся, ператварыліся ў самых сапраўдных рабоў.

Не выключаю, што могуць знайсціся тыя, хто абвінаваціць аўтараў даклада ў тэндэнцыйным падыходзе да выкладання фактаў па захаванні правоў і свабоды ў ЗША. Але ёсць важны аспект: вывучэннем гэтага пытання займаюцца не толькі МЗС Беларусі і Расіі, але і шэраг іншых краін. Вось як прадстаўлены высновы Кітайскага таварыства па вывучэнні правоў чалавека аб парушэннях у Злучаных Штатах правоў чалавека за 2022 год: «Амерыканскія палітыкі, якія абслугоўваюць інтарэсы эліт, паступова страцілі здольнасць і жаданне рэагаваць на асноўныя патрабаванні простых людзей, абараняць асноўныя правы амерыканскіх грамадзян і не змаглі вырашыць структурныя праблемы ў галіне правоў чалавека. Замест гэтага яны бессэнсоўна выкарыстоўваюць правы чалавека як зброю для нападу на іншыя краіны, ствараючы канфрантацыю, раскол і хаос у міжнароднай супольнасці, і такім чынам становяцца перашкодай на шляху глабальнага развіцця правоў чалавека». Цытата вялікая, але яркая, і гэта погляд краіны, з меркаваннем якой нельга не лічыцца.

І «вішанька на торце». Самыя галоўныя «абаронцы» правоў і свабоды грамадзян усяго свету ў асобе ЗША злёгку прызабылі, што толькі за апошнія два дзесяцігоддзі ў больш чым 85 краінах вялі ваенныя дзеянні, сутыкалі дзяржавы, як кажуць у народзе, ілбамі, атрымлівалі асалоду ад гібелі людзей па ўсім свеце, дамагаючыся свайго «залатога» мільярда. Зноў-такі Кітайскае таварыства звяртае ўвагу, што гэтыя ваенныя аперацыі ў імя «барацьбы з тэрарызмам» забралі жыцці па меншай меры 929 000 грамадзянскіх асоб і прывялі да вымушанай міграцыі 38 мільёнаў чалавек. Па факце гэтыя лічбы, і без таго дастаткова красамоўныя, значна большыя.

Да таго ж усе дзеянні ЗША ў ацэнках шэрагу краін, у тым ліку і нашай, не толькі па выкананні правоў чалавека, але і па многіх іншых напрамках, ідуць пад дэвізам «хто не з намі, той супраць нас», што падкрэслівае іх гнюсныя намеры падпарадкаваць сабе ўвесь свет.

Расія і Беларусь нязменна адзіныя ў вызначэнні сур’ёзнай праблемы двайных стандартаў пры ацэнцы тых ці іншых праваабарончых сітуацый і з’яў. Падобны падыход усё больш актыўна выкарыстоўваецца краінамі калектыўнага Захаду ў мэтах нагнятання канфрантацыі і аказання ціску на суверэнныя дзяржавы. Ствараецца ўражанне, што ў ЗША суверэнныя дзяржавы, здольныя весці сваю, як унутраную, так і знешнюю палітыку, выклікаюць алергічную рэакцыю. І гэта праяўляецца ў першую чаргу ў неадэкватных ацэнках адных і тых жа дзеянняў краін-сатэлітаў і суверэнных дзяржаў. Гэта і ёсць двайныя стандарты.

Не будзем забывацца на такую міжнародную структуру, як Еўрапейскі суд па правах чалавека, акрамя таго, ёсць яшчэ Камісар па правах чалавека, які, праўда, не займаецца індывідуальнымі скаргамі, але спрыяе прасоўванню правоў чалавека. Розных інстытутаў шмат, а чалавек па-ранейшаму прагне справядлівасці, адстойваючы свае правы.

За справядлівасць пралілася нямала крыві ў сусветнай гісторыі, але нічога больш універсальнага і дзейснага для дасягнення справядлівага парадку, чым юрыдычныя інструменты, чалавецтва прыдумаць так і не здолела. Іншае пытанне, як патрабаванні ці рэкамендацыі гэтых дакументаў выконваюцца, а дакладней — нахабна ігнаруюцца.

Ідуць гады, змяняюцца стагоддзі, міжнародныя і нацыянальныя дакументы аб правах чалавека працягваюць прымаць. З’яўляюцца акты, накіраваныя на абарону правоў асобных сацыяльных груп. Прынята Дэкларацыя аб правах разумова адсталых асоб — 1971 год, Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын — 1979 год, Канвенцыя аб правах дзіцяці — 1989 год, Канвенцыя аб правах інвалідаў — 2006 год, можна прадоўжыць гэты пералік. А я хачу спытаць: дзе Канвенцыя аб абароне помнікаў, устаноўленых па ўсім свеце савецкім воінам-вызваліцелям? Хто дазволіў іх разбураць, псаваць, зносіць, папросту знішчаць? Хто дазволіў знішчыць людскую памяць? У якой дэкларацыі гэта прапісана?

Мы гаворым аб правах чалавека, а людзей штодня забіваюць. Нядаўна адбыліся трагічныя падзеі ў Дагестане. Што рухала людзьмі (і людзьмі іх не назавеш — нелюдзі), калі яны напалі на храм Пакрову Прасвятой Багародзіцы ў Дэрбенце, падпалілі ікону, пачалі страляць, а потым уварваліся ў дом настаяцеля, протаіерэя Мікалая Кацельнікава? Забівалі яго на вачах у сям’і. Тэрарызм кіруецца адной дэкларацыяй — права на забойства. Якія трэба прымаць дакументы, каб не дапусціць падобнага?

Днямі праходзіла сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі і Расіі па шэрагу пытанняў, у тым ліку і па бяспецы. І як вынік — міністры падпісалі сумесны ліст у адрас кіраўнікоў міжнародных арганізацый аб падыходах дзвюх краін да пытанняў еўразійскай бяспекі.

Пералік дакументаў папаўняецца. А чалавецтва не перастае ваяваць. Парушаючы адзінае непарушнае права ўсіх людзей свету — жыць у міры. Гэта самае істотнае права, якое не павінна пераўтварацца ў ілюзію.

Ірына ДАЎГАЛА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.