Вы тут

Сабралі самыя яркія моманты Гульняў БРІКС


Вялікх спартыўных падзей усе чакаюць доўга, шмат часу вылучаюць на падрыхтоўку. А пралятаюць яны вельмі хутка. Гульні БРІКС, якія з 12 па 23 чэрвеня праходзілі ў Казані выключэннем не сталі. Ужо заўтра пройдзе цырымонія закрыцця буйнога спартыўнага форуму, які выдаўся надзвычай плённым для беларусаў. У актыве нашых спартсменаў больш за 200 медалёў і другое месца ў агульным заліку. А яшчэ гэтыя Гульні прынеслі нямала яскравых эмоцый беларускім спартсменам і заўзятарам. Пакуль свежыя ўспаміны аб Гульнях БРІКС прапануем узгадаць іх самыя яркія беларускія эпізоды. 


 

Цяжкая атлетыка і забабон, які не спрацаваў 

У спорце ёсць прыкмета: спартсмен, якія на цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў нясе сцяг, выступае няўдала. Практыка паказвае, што не заўсёды гэты забабон працуе, але спартсмены вераць. Прынамсі, не спрацаваў ён на Гульнях БРІКС. Беларускі сцяг па міжнародным выставачным цэнтры «Казань Экспа» пранесла сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў па цяжкай атлетыцы Дар’я Навумава. А праз некалькі дзён яна стала чэмпіёнкай Гульняў БРІКС у вагавай катэгорыі да 81 кг. І гэта не адзіны медаль беларускай цяжкаатлетычнай зборнай. Лепшы вынік у катэгорыі да 59 кг паказала беларуска Аліна Шчапанава, якая ў суме набрала 218 кг, а яшчэ адна беларуска Юлія Гуліна, пакарыўшы 198 кг у гэтай катэгорыі заняла трэцяе месца. У катэгорыі звыш 81 кг Дар’я Хэйдэр заваявала сярэбраны медаль, такі ж медаль у катэгорыі да 89 кг заваяваў і Юліян Курловіч. Роберт Куроўскі (звыш 102 кг) і Вадзім Ліхарад (да 73 кг) заваявалі бронзавыя медалі.

Баскетбольнае двяаборства — сярэбраны дэбют

На Гульнях БРІКС беларускія баскетбалісты праверылі свае сілы ў абсалютна новай дысцыпліне — баскетбольным дваяборстве, якое толькі ў гэтым годзе стала развівацца ў нашай краіне. Дэбют атрымаўся бліскучым — хлопцы сталі сярэбранымі прызёрамі. Сяргей Вабішчэвіч і Сяргей Суханаў узялі на сябе кіберчастку, а ў рэальнай частцы спаборніцтваў на дапамогу камандзе прыйшоў Максім Лютыч. Але гульня скончылася з вынікам 23:15 на карысць каманды Расіі. 

Веславанне на байдарцы і каноэ ці як выглядае спартыўны подзвіг 

У Казань нашы весляры ляцелі з венгерскага Сегеда, дзе выступалі на чэмпіянаце Еўропы. З гэтага турніру яны прывезлі 11 медалёў. Вольга Клімава стала пераможцай на дыстынцыі пяць тысяч метраў. Двухразовымі чэмпіёнамі Еўропы ў байдарцы-чацвёрцы сталі Мікіта Борыкаў, Уладзіслаў Кравец, Уладзіслаў Літвінаў і Дзмітрый Натынчык, якія перамаглі на дыстанцыях 500 м і 1000 м. Таксама ў актыве Краўца і Натынчыка серабро ў двойцы на пяцісотметроўцы. Золата ў каноэ-адзіночцы на 500 м у жанчын выйграла Алена Наздрова, у мужчынскай байдарцы-адзіночцы на тысячы першынстваваў Алег Юрэня.

Свой поспех байдарачнікі і канаісты паўтарылі і на Гульнях БРІКС. Алена Наздрова ў Казані стала чэмпіёнкай на 500 метрах. Уладзіслаў Кравец — чэмпіён на дыстанцыях 500 і 1000 метраў. Марына Літвінчук, якая сёння не можа выступаць на міжнародных стартах, у Казані перамгла на дыстанцыі 200 метраў. На дыстанцыі 500 метраў у заездзе жаночых байдарак-двоек увесь п’едэстал быў беларускім: на першым месцы — Марына Літвінчук і Вольга Худзенка, на другім — Надзея Кушнер і Маргарыта Ткачова. Тройку найлепшых замкнулі Лізавета Вількова — Уладзіслава Скрыганава.

Сінхроннае плаванне або цуды на вадзе

Васіліна Хандошка ў барацьбе з расійскімі спартсменкамі, якія лічацца безумоўнымі прымамі сусветнага сінхроннага плавання, даказала, што і яна не промах. У тэхнічнай праграме яна стала другой, а ў адвольнай праграме паказала найлепшы вынік. Цудоўны прыклад руху наперад! 

 Анастасія Дабравольская і Аляксандра Мірончык заваявалі сярэбраныя медалі ў тэхнічнай праграме сярод дуэтаў. Іх поспех у адвольнай праграме паўтарылі Маргарыта Кірылюк і Валерыя Валасач. У выступленні акрабатычных груп Ганна Каўцун, Маргарыта Кірылюк, Ксенія Куляшова, Яна Кудзіна, Анастасія Дабравольская, Яна Трацэўская, Ксенія Лебедзева і Валерыя Валасач занялі другое месца. Апошнім відам праграмы ў сінхраністак сталі групавыя спаборніцтвы ў адвольнай праграме. Каманда Беларусі, за якую выступалі Вера Буцэль, Ганна Каўцун, Маргарыта Кірылюк, Ксенія Куляшова, Яна Кудзіна, Анастасія Дабравольская, Яна Трацэўская і Аляксандра Мірончык, заняла трэцяе месца.

Спартыўная гімнастыка выйшла з цені 

У апошнія гады айчынная спартыўныя гімнастыка не надта радуе медалямі. Гульні БРІКС сітуацыю выправілі. Алена Цітавец стала бронзавым прызёрам на сваім каронным снарадзе — рознавысокіх брусах. Дарэчы, да гэтага яна двойчы станавілася прызёрам этапаў Кубку свету. Трохразовым прызёрам Гульняў БРІКС стаў Ягор Шарамкоў. Ён заваяваў бронзавыя медалі ў апорным скачку і ў мнагаборстве. А ў вольных практыкаваннях Ягор стаў чэмпіёнам. І перамог з блескам — пакінуўшы за сабой двух алімпійскіх чэмпіёнаў: Мікіту Нагорнага і Артура Далалаяна. 

Лёгкая атлетыка — 30 талентаў для каралевы

 

Беларускіх лёгкаатлетаў прынцыпова не хочуць бачыць на міжнародных стартах. Міжнародны алімпійскі камітэт нашых спартсменаў да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы дапусціў, але Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі закрыла беларусам туды дарогу. Проста так, бо можа сабе гэта дазволіць. Затое ў Казані нашы лёгкаатлеты прадэманстравалі, што згубіла сусветная лёгкая атлетыка з іх адхіленнем. У Казані наша каманда заваявала 30 медалёў! Чэмпіёнамі спаборніцтваў сталі Дзмітрый Савін (бег на 800 м) і Эльвіра Грабарэнка (бег на 100 м з бар’ерамі), Алена Дубіцкая (штурханне ядра) і Анастасія Маслова (кіданне молата), Таццяна Халадовіч (кіданне кап’я). Другія месцы ў сваіх відах занялі Дзмітрый Іваненка (бег на 3000 м з перашкодамі), Максім Андралайць (дзесяцібор’е), Лізавета Валуева (скачкі ў вышыню), Аляксей Каткавец (кіданне кап’я), Алена Собалева (кіданне молата). Эстафетныя каманды 4×400 таксама стала пераможцамі. У жаночую каманду ўвайшлі Аляксандра Хільмановіч, Крысціна Мулярчык, Кацярына Жываева і Ганна Міхайлава, мужчынскую чацвёрку склалі Марк Пацей, Міхаіл Міхноўскі, Ігар Зубко і Раман Валадзькін. На трэцюю прыступку п’едэстала ўзняліся Мацей Волкаў (скачкі з шастом), Уладзіслаў Пучко (кіданне дыска) і Святлана Парахонька (100 м з бар’ерамі).

Самба медальным традыцыям не здраджвае

Што ні буйныя спаборніцтвы — тое россып медалёў у беларускіх самбістаў. На Гульнях БРІКС майстры самаабароны без зброі заваявалі 11 медалёў. Чэмпіёнамі сталі Даніэла Ждан (да 65 кг) і Карына Шут (да 80 кг). Сярэбраныя медалі ў Валерыі Хрушчовай (звыш 80 кг), Анжэла Жылінская (да 72 кг), Уладзіслава Бурдзя (да 58 кг), Уладзіслава Мардусевіча (да 71 кг), Анфісы Капаевай (да 50 кг) і Таццяна Мацко (да 59 кг). бронзавыя прызёры гульняў — Данііл Патачыц (да 88 кг) і Дзмітрый Хахлоў (звыш 98 кг), Алена Купава (да 54 кг).

Скачкі ў ваду заскачылі ў прызёры

Гэта зусім не тая дысцыпліна, якая можа ганарыцца россыпам медалёў з розных стартаў. Але Гульні БРІКС сталі выключэннем. Беларускія скакуны ў ваду ў Казані заваявалі пяць медалёў. У сінхронных скачках з трохметровага трампліна Уладзіслаў Сонін і Яўген Кандратовіч выйгралі бронзу, у гэтай жа дысцыпліне ў жанчын Аляксандра Альшанік і Алена Забродская паказалі другі вынік. У сінхронных скачках з дзесяціметровай вышкі таксама сярэбранымі прызёрамі сталі Сяргей Малашонак і Аляксандр Каласкоў. На трэцюю прыступку п’едэстала ўзнімаліся Аляксандра Альшанік (3м), а таксама Яўген Кандратовіч і Арына Папова (3м, мікст).

Валерыя СЦЯЦКО

Фота https://bricskazan2024.games/ru

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.