Вы тут

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў


Прынятая ў Беларусі канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі, вядома, найперш вызначае дзяржаўную палітыку ў гэтай сферы. Не менш важнае значэнне надаецца і механізмам яе рэалізацыі. Размова ідзе ў тым ліку аб падрыхтоўцы, абнаўленні і ўкараненні ва ўстановах адукацыі праграм па вучэбных прадметах, выданні вучэбна-метадычнай літаратуры і іншым — усім тым, што сёння складае дзейнасць ДУА «Акадэмія адукацыі». Якія пытанні вырашаюцца падчас гэтай дзейнасці, што зроблена, а што ў найбліжэйшых планах, распавядае рэктар акадэміі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ірына Старавойтава.


— Ірына Анатольеўна, Акадэмія адукацыі — вельмі маладая структура. Невялікі экскурс у яе гісторыю, знаёмства з мэтамі, задачамі і перспектывамі будзе цікавае нашым чытачам.

— Акадэмія ўтварылася ў выніку зліцця навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Беларусі і дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі». Найважнейшымі мэтамі дзейнасці арганізацыі з’яўляюцца навукова-метадычнае забеспячэнне сістэмы дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дадатковай адукацыі дарослых, а таксама ўдасканаленне і развіццё дадатковай адукацыі дарослых Рэспублікі Беларусь на аснове сучасных дасягненняў і практыкі. Акадэмія адукацыі аб’яднала, па сутнасці, функцыі дзвюх устаноў.

— Калі можна, падрабязней аб дзейнасці вашай установы.

— Мы праводзім фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні ў сферы педагогікі, методыкі навучання вучэбным прадметам, ажыццяўлям навукова-метадычнае суправаджэнне эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі, вывучаем якасць дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. На працягу года ў нас праходзяць павышэнне кваліфікацыі больш як 5000 кіраўнікоў устаноў, педагогі, кіраўнікі метадычных аб’яднанняў. У міжкурсавы перыяд мы арганізоўваем канферэнцыі, семінары, вэбінары, практыкумы, нарады, як у вочным, так і анлайн-фармаце. Акадэмія ажыццяўляе выдавецкую дзейнасць: выпускаем часопісы — «Веснік адукацыі» і «Педагагічная навука і адукацыя». Дарэчы, абодва часопісы ўваходзяць у пералік выданняў, рэкамендаваных ВАК для публікацыі вынікаў дысертацыйных даследаванняў. Выдаём таксама наш акадэмічны зборнік навуковых прац і зборнік нарматыўных дакументаў Міністэрства адукацыі.

У лабараторыях навукова-даследчага цэнтра акадэміі працуюць пяць дактароў і 18 кандыдатаў навук. Прафесарска-выкладчыцкі склад ўключае чатыры дактары і 17 кандыдатаў навук. 90 чалавек навучаюцца ў аспірантуры нашай установы.

— Задач у калектыву шмат. Але давайце спынімся на тых, якія найбольш цікавяць настаўнікаў, вучняў, іх бацькоў, — школьных падручніках і навучальных праграмах. Мала хто з неспецыялістаў ведае, як ствараецца падручнік…

— Шлях дастаткова доўгі і складаны. Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі. Па выніках такой работы да падручніка не павінна быць якіх-небудзь сур’ёзных прэтэнзій або нязгоды з боку экспертаў — усе водгукі павінны быць станоўчымі.

— Дзе і якім чынам апрабоўваюць школьныя падручнікі?

— Апрабацыя праходзіць ва ўстановах адукацыі, ва ўмовах рэальнага адукацыйнага працэсу. Пералік школ мы вызначаем сумесна з Міністэрствам адукацыі.

— А чаму не ўзяць любую з іх?

— Аддаючы падручнік на апрабацыю, мы павінны быць упэўненымі ў высокім узроўні кваліфікацыі педагогаў, якія прафесійна правядуць працэдуру і дадуць такое ж прафесійнае заключэнне. Бо вырашаецца лёс навучальнага дапаможніка, паводле якога будуць вучыцца сотні тысяч дзяцей.

Так, напрыклад, падручнік «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» для 10 класа праходзіў апрабацыю менавіта такім чынам. Але вы маеце рацыю: межы так званых выпрабаванняў трэба пашыраць. Таму актыўна рэалізоўваем такую форму абмеркавання, як дыялогавая пляцоўка, куды запрашаем педагогаў, метадыстаў, пры гэтым кожны з удзельнікаў пляцоўкі можа выказаць сваю пазіцыю, унесці прапановы па ўдасканаленні навучальнага дапаможніка. Натуральна, што да працэсу падрыхтоўкі і выдання падручніка мы прыцягваем і рэцэнзентаў, і экспертаў — гэта могуць быць прадстаўнікі грамадскасці, спецыялісты з розных сфер, якія паглядзяць і ацэняць як у цэлым змест падручніка, так і асобныя пытанні, напрыклад метадычны, паняційны, ілюстрацыйны апараты, пытанні адпаведнасці зместу падручніка ўзросту дзіцяці і гэтак далей. Ёсць яшчэ бацькі і навучэнцы, меркаванне якіх мы таксама ўлічваем. Пры Міністэрстве адукацыі працуе грамадска-кансультатыўны савет, дзе абмяркоўваюцца актуальныя пытанні сістэмы адукацыі, у тым ліку і асобныя новыя навучальныя выданні. Кожны падручнік праходзіць праз пэўнае кантрольнае сіта — секцыю і прэзідыум Навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі, а падручнікі па вучэбных прадметах сацыяльна-гуманітарнага кірунку — праз секцыю і бюро спецыяльна створанай Дзяржаўнай камісіі.

— Працэс сапраўды складаны і шматгранны.

— Можна сказаць, што за гады суверэнітэту Беларусі ў нас сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў для беларускай школы. Выбудоўванне гэтых працэсаў ішло няпроста, але можна ўпэўнена сказаць, што нашы падручнікі вельмі цікавыя, у тым ліку і калегам з іншых краін. Дарэчы, усе падручнікі размешчаны ў адкрытым доступе на нацыянальным адукацыйным партале.

— Цяпер, дзякуючы вашаму грунтоўнаму расповеду, мы ведаем, як ствараюць падручнікі. Настала чарга даведацца, хто іх стварае.

— У склад аўтарскіх калектываў уваходзяць навукоўцы, метадысты і вопытныя настаўнікі-практыкі. Функцыі вучоных — сфарміраваць змест падручніка, заснаваны на прынцыпах навуковасці. Метадыст і настаўнік-практык добра ведаюць, які матэрыял неабходны для пэўнага ўзросту і ў якой форме лепш за ўсё яго прадставіць. У сучасных беларускіх падручніках шмат новых метадычных знаходак, якія дазваляюць вучню лягчэй зразумець і асвоіць той ці іншы матэрыял.

— Ірына Анатольеўна, вы і навуковец, і практык — педагог з вялікім стажам. Якім, на вашу думку, павінен быць у ідэале падручнік для сучаснага школьніка?

— Перад намі заўсёды стаяла і стаіць задача зрабіць падручнік зразумелым. У ім павінны гарманічна спалучацца навуковасць і даступнасць выкладу. І ўсё гэта — адпавядаць узросту дзіцяці, яго пазнавальным магчымасцям.

У навучальным матэрыяле павінны прысутнічаць лагічнасць, паслядоўнасць выкладу і бесперапыннасць вывучэння матэрыялу. Маё цвёрдае перакананне — любы падручнік павінен мець выхаваўчы патэнцыял, які адлюстроўвае тыя прынцыповыя сутнасныя паняцці, якія вельмі важныя для фарміравання асобы: любоў да Радзімы, да сям’і, да прыроды і гэтак далей.

Мы — педагогі, і нам даверана найважнейшая місія — фарміраваць светапогляд дзіцяці, бо ён выбудоўваецца ў тым ліку і праз змест падручніка. Тут, вядома, вялікая роля і педагога, яго асобы. Калі ж казаць аб задачах навучальнага працэсу ў прыватнасці і адукацыі ў цэлым, то тут павінен працаваць прынцып трыадзінства: выхаванне, навучанне і развіццё. Пры гэтым выхаванне заўсёды ставіцца на першае месца, і мы ніколі не адыходзілі ад гэтых прынцыпаў.

Яшчэ адно маё цвёрдае перакананне — адукацыя, у тым ліку і змест навучальных матэрыялаў, павінны быць практыка-арыентаванымі. У лабараторыях акадэміі былі распрацаваны метадалагічныя і тэарэтычныя асновы фарміравання функцыянальнай пісьменнасці навучэнцаў, на аснове якіх створаны вучэбна-метадычныя комплексы факультатыўных заняткаў. Адпаведныя заданні ўключаюцца таксама ў змест падручнікаў і навучальных дапаможнікаў.

— Якія асноўныя патрабаванні да сучасных навучальных праграм, і на падставе чаго праводзіцца іх карэкціроўка?

— Працэс карэкціроўкі навучальных праграм ажыццяўляецца пастаянна, з улікам практыкі іх выкарыстання ў адукацыйным працэсе. Пры гэтым сваёй мэтай мы ставім скарачэнне колькасці абавязковых для засваення тэрмінаў, паняццяў. Вывучэнне асобных тэм, якія маюць пераважна тэарэтычны характар, мы пераводзім на азнаямленчы ўзровень. І, як я ўжо казала вышэй, істотна ўзмацняем практычную накіраванасць зместу адукацыі, фарміруючы такім чынам у навучэнцаў практычныя ўменні і навыкі, якія спатрэбяцца ім у паўсядзённым жыцці. Напрыклад, ацэнка дакладнасці інфармацыі. Важна для сучаснага дзіцяці? Вядома, так. Або аргументацыя ўласнага меркавання, бяспечныя паводзіны ў сетцы Інтэрнэт. Рэчы, цалкам відавочныя для дарослага чалавека, не заўсёды відавочныя ў падлеткавым узросце. Пра іх трэба расказваць, ім трэба вучыць.

— Па якіх прадметах навучальныя праграмы зведалі апошнім часам самыя сур’ёзныя змены і чаму менавіта па гэтых прадметах?

— Сёння вялікае, калі не асноватворнае, значэнне мае рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу навучальных прадметаў. У праграмы ўключаюцца тэмы, якія раскрываюць дасягненні нацыянальнай культуры, навукі, спорту, эканомікі і якія накіраваны на выхаванне каштоўнасных адносін да гістарычных і культурных дасягненняў беларускага народа.

Напрыклад, у 2024 годзе ў праграму «Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь» для чацвёртакласнікаў уключана інфармацыя пра Герояў Беларусі. Па вучэбным прадмеце «Гісторыя Беларусі» ўдакладнены асноўныя патрабаванні да вынікаў навучання: шостыя — восьмыя класы павінны ведаць гістарычныя формы дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі, дзявятыя класы — нацыянальныя формы беларускай дзяржаўнасці, вучні дзясятых-адзінаццатых класаў — умець адрозніваць гістарычныя і нацыянальныя формы беларускай дзяржаўнасці. Важныя дапаўненні ўнесены і ў змест вучэбнай праграмы па грамадазнаўстве. У яе ўключаны пытанні «Традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці», «Сацыякультурныя каштоўнасці беларускага грамадства», «Гістарычная памяць беларускага народа» і іншыя.

Не абышлі бокам і такую тэму, як здароўе нацыі. Напрыклад, пытанні, звязаныя з прафілактыкай наркатычнай залежнасці, унесены ў змест вучэбных праграм па біялогіі, фізіцы, хіміі, фізічнай культуры і здароўі, грамадазнаўстве, асновах бяспекі жыццядзейнасці, дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўцы.

Рабочыя групы па распрацоўцы зместу літаратурнай адукацыі рэгулярна праглядаюць спісы мастацкіх твораў, якія вывучаюць школьнікі, і дапаўняюць іх, уключаючы ў праграму тыя, якія выхоўваюць у юных беларусах пачуццё грамадзянскасці і патрыятызму.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...