Вы тут

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў


З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў, якія спадзяванні звязваюць суб’екты гаспадарання з буйным мерапрыемствам, а таксама пра некаторыя культурныя і патрыятычныя складнікі форуму наша сённяшняя размова са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Юрыем Шулейкам.


— Перш чым гаварыць пра мерапрыемствы будучага форуму, раскажыце, калі ласка, Юрый Вітольдавіч, хаця б коратка пра цяперашні стан супрацоўніцтва Брэсцкай вобласці з Расійскай Федэрацыяй.

— Сёлета працягваецца планамерная работа па паглыбленні супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй. Знешнегандлёвы абарот за першыя тры месяцы года склаў 916,9 мільёна долараў, што істотна перавышае паказчык мінулага года, у тым ліку экспарт (710 мільёнаў долараў) таксама ідзе з павелічэннем аб’ёмаў. Сёння мы ажыццяўляем знешнегандлёвыя адносіны з 76 рэгіёнамі краіны-суседкі.

У якасці кіраўніка беларускай часткі Рабочай групы па супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь з Іркуцкай, Арлоўскай, Пензенскай абласцямі Расійскай Федэрацыі падтрымліваю рабочыя кантакты з кіраўніцтвам названых рэгіёнаў. Можна гаварыць аб пэўных выніках перш за ўсё ў эканоміцы. Напрыклад, экспарт тавараў у Пензенскую вобласць з Брэсцкай дасягнуў 3,3 мільёна долараў за тры месяцы, што складае 194,2 працэнта ад паказчыка мінулага года, а ў Іркуцкую вобласць мы паставілі ў першым квартале тавараў на суму каля 805 мільёнаў долараў (тэмп росту — 109 працэнтаў).

Важна, што развіваюцца міжрэгіянальныя сувязі па самых розных кірунках: у галінах культуры, адукацыі, аховы здароўя. За апошні год Брэст прымаў дэлегацыі афіцыйных і дзелавых колаў з Іркуцкай, Пензенскай, Ленінградскай абласцей. Нашы медыкі таксама былі з візітам у Пензенскай вобласці. Ідзе плённае супрацоўніцтва паміж турыстычнымі арганізацыямі нашай вобласці і рэгіёнамі Расіі.

Варта сказаць, што Брэсцкая вобласць выступіла першым рэгіёнам, які прадставіў сваю экспазіцыю на Міжнароднай выставе-форуме «Расія» на ВДНГ у Маскве. Высокае прадстаўніцтва на ўрачыстым яе адкрыцці гаворыць аб важнасці і значнасці падзеі. Прэзентацыя Мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» выклікалі асаблівую цікавасць у наведвальнікаў. За тры тыдні наш павільён наведала вялікая колькасць гасцей.

Шырокі рэзананс атрымалі мерапрыемствы пад назвай «Пецярбургскія сустрэчы», якія прайшлі ў Брэсце 31 сакавіка — 1 красавіка. Прадстаўнікі расійскай дэлегацыі прынялі ўдзел у афіцыйных сустрэчах, арганізавалі вялікі канцэрт у Брэсцкім грамадска-культурным цэнтры, правялі семінары і майстар-класы ў спартыўных і культурных установах. Тыя мерапрыемствы атрымалі высокую ацэнку з боку жыхароў Брэста... Ад форуму ж чакаем новага імпульсу ў справе міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.

— Зыходзячы з таго, што Форум рэгіёнаў — аптымальная дыялогавая пляцоўка, падчас якой падпісваюцца дакументы аб супрацоўніцтве, раскажыце, якія пагадненні былі падпісаны Брэстчынай з расійскімі калегамі на мінулагоднім форуме. Які працяг атрымала супрацоўніцтва?

— Варта сказаць, што дэлегацыя Брэсцкай вобласці даволі плённа папрацавала на леташнім Х Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ва Уфе. Пералік усіх падпісаных дакументаў і дасягнутых дамоўленасцяў заняў бы шмат часу. Ёсць сэнс прывесці некаторыя прыклады з пераліку.

Планы мерапрыемстваў па гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, культурным супрацоўніцтве на тры гады, падпісаныя з адміністрацыямі Новасібірскай і Пензенскай абласцей, прадугледжваюць шэраг канкрэтных падзей. Заключаны важныя пагадненні па ўзаемадзеянні Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў з заканадаўчымі сходамі Калужскай і Пензенскай абласцей.

Брэсцкае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты дамовілася аб сумеснай рабоце з адпаведнымі арганізацыямі Саратаўскай, Самарскай, Ніжагародскай абласцей.

Падчас мерапрыемстваў быў падпісаны шэраг кантрактаў. Скажам, ТАА «АграХарчПрам» (Брэст) і «Нефцекамскі камбінат» дамовіліся аб пастаўцы абсталявання. Падобныя кантракты заключылі некалькі рэзідэнтаў СЭЗ «Брэст» з партнёрамі з Казані, Смаленска, іншых гарадоў РФ. Па выніках перагавораў было падпісана некалькі пратаколаў аб намерах. Пратакол аб намерах — першы важны крок да супрацоўніцтва. Скажам, у выніку рэалізацыі такога пратакола пачалася работа паміж Даманаўскім ПТК і «Салавацкім каталізатарным заводам» на прадмет экспартных паставак беларускага сілікату натрыю.

— Хто будзе прадстаўляць першы рэгіён на форуме ў Віцебскай вобласці? Якія планы? Магчыма, ёсць папярэднія дамоўленасці з суб’ектамі гаспадарання краіны-суседкі?

— Запланавана падпісанне шэрагу двухбаковых афіцыйных дакументаў. Напрыклад, тых, якія прадугледжваюць далейшае супрацоўніцтва паміж Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам і ўрадамі Пскоўскай вобласці, Прыморскага краю, Курскай, Ленінградскай, Арлоўскай, Саратаўскай абласцей, Рэспублікі Башкартастан. Прапрацоўваецца магчымасць падпісання пагаднення аб устанаўленні пабрацімскіх сувязяў паміж гарадамі Брэст і Уладзівасток. Ганцавіцкі раён узгадняе з Муніцыпальным утварэннем «Бугроўскае сельскае пасяленне» Усяволжскага раёна Ленінградскай вобласці магчымасць падпісання дакументаў аб супрацоўніцтве. Такая ж работа праводзіцца паміж Іванаўскім раёнам Брэсцкай вобласці і Зарайскім раёнам Маскоўскай вобласці.

Прадстаўнікі Брэстчыны маюць намер прыняць самы актыўны ўдзел у рабоце секцый па медыцыне і фармацыі, па навуцы і адукацыі, тэхналогіях аграпрамысловага комплексу і лёгкай прамысловасці, культурна-гуманітарным супрацоўніцтве.

Скажам, у праграму работы адпаведнай секцыі ўключаны даклад рэктара Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта аб праектах лічбавага інжынірынгу. Універсітэт таксама збіраецца падпісаць пагадненне аб сумеснай рабоце з Самарскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам, будзе разгледжана пытанне аб супрацоўніцтве з калегамі з Мардоўскага ўніверсітэта імя 

М. П. Агарова. Узаемадзеянне паміж вучонымі асабліва важнае ў наш час, бо пашырае магчымасці развіцця навукі і адукацыі.

Вялікія надзеі з форумам звязваюць суб’екты гаспадарання, у тым ліку прамысловыя прадпрыемствы. Так, Баранавіцкае баваўнянае аб’яднанне прапрацоўвае магчымасць падпісання экспартных кантрактаў з партнёрамі.

Варта сказаць, што форумы рэгіёнаў з’яўляюцца цудоўнай пляцоўкай для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва і ў палітычнай, і ў эканамічнай сферы. Асабістыя сустрэчы, перагаворы дазваляюць выверыць пытанні супрацоўніцтва, накрэсліць перспектывы ўзаемадзеяння. Важнымі ўяўляюцца таксама прэзентацыі, выставы дасягненняў суб’ектаў гаспадарання, выступленні творчых калектываў. Такім чынам, кожны форум робіць сваю справу на шляху гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, а таксама сацыяльна-культурных адносін.

— Дарэчы, хто на гэты раз адказвае за культурны складнік праграмы ўдзелу Брэстчыны ў ХІ Форуме?

— Брэсцкую вобласць на ХІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі прадставіць Пінскі раён. На творчай лакацыі будзе сканцэнтравана разнастайнасць традыцыйнай народнай культуры палешукоў, паказана асаблівасць стылю сельскага жыцця і сялянскага побыту Палесся пад каларытнай назвай «Берасцейскае падвор’е».

У фармаце інтэрактыўнай прэзентацыі падрыхтавана знаёмства з унікальнай культурнай і традыцыйнай спадчынай Палесся ў жывым выкананні, таксама гаспадары падворка пачастуюць гасцей свята нацыянальнымі стравамі і напоямі, бульбянымі варэнікамі «Палюбэныкамі», дранікамі, бульбай са шкваркамі і медавухай.

Святочны настрой на пляцоўцы будуць задаваць музыканты Піншчыны: народны ансамбль народнай песні «Рабіначкі» Стытычаўскага сельскага Дома культуры, дуэт выканаўцаў на народных інструментах «Доброславские зажигалочки», народны вакальны ансамбль «Явар ды каліна» Жабчыцкага сельскага Дома культуры.

У сувенірнай краме найлепшыя майстры Пінскага раённага Дома рамёстваў прапануюць вырабы традыцыйных відаў творчасці Палесся, майстар-класы па ткацтве, выцінанцы, ляльцы-матанцы, роспісе па шкле.

— Як вядома, складнікам форуму на гэты раз стане культурна-асветніцкі праект «Цягнік Памяці», ініцыіраваны ў свой час кіраўнікамі верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі. «Цягнік» па традыцыі стартуе з Брэста. Наколькі значнай бачыцца гэтая падзея ў плане патрыятычнага выхавання моладзі і падрыхтоўкі да найважнейшай даты года — 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў?

— Гэта вельмі важны, нават знакавы праект, у чым мы маглі ўпэўніцца за гады яго ажыццяўлення. Здаецца, лепшай магчымасці для стварэння ўмоў, здольных паспрыяць фарміраванню ў моладзі тых духоўных каштоўнасцяў, што будуць вызначаць мадэль далейшых жыццёвых паводзінаў, абуджаць інтарэс вывучаць і захоўваць гісторыка-культурную спадчыну, і не прыдумаеш. Удзел 
у праекце «Цягнік Памяці» дае магчымасць старшакласнікам знайсці аднадумцаў, з якімі яны раздзеляць гонар за сваю гісторыю, за подзвігі сваіх продкаў.

«Цягнік» традыцыйна стартуе з Брэста. І мы бачым, як гараць вочы гэтых хлопцаў і дзяўчат у пачатку падарожжа і як шчыра яны дзеляцца ўражаннямі па выніках паездкі. Заўсёды думаеш, што асаблівай падзякі заслугоўваюць аўтары ідэі «Цягніка Памяці», якія задумалі сабраць разам школьнікаў з пастсавецкай прасторы, каб даць ім магчымасць дакрануцца да гісторыі былой вялікай краіны, той краіны, якая перамагла ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сёлета праект праходзіць у важны для Рэспублікі Беларусь год — 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пры падрыхтоўцы нашых беларускіх удзельнікаў на гэтай найважнейшай даце рабіўся асаблівы акцэнт. Ад Брэсцкай вобласці сёлета ўдзел прымаюць восем вучняў 10-х класаў. А ўсяго ўдзельнікамі «Цягніка Памяці» стануць 200 хлопцаў і дзяўчат з васьмі краін. Урачысты старт, як ужо гаварылася, пройдзе на плошчы Цырыманіялаў Брэсцкай крэпасці 21 чэрвеня. Старшакласнікі атрымаюць магчымасць паўдзельнічаць у традыцыйных ранішніх жалобных мерапрыемствах, прысвечаных Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, пабачыць гістарычную рэканструкцыю падзей першага дня вайны. Як паказвае практыка, ноч і ранак у крэпасці пакідаюць незабыўныя ўражанні ва ўсіх, хто там бывае. Спадзяёмся, што запомняцца яны і ўдзельнікам праекта. Ну а потым мы з задавальненнем сустрэнемся з імі на Віцебшчыне, на Форуме рэгіёнаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Пагадненні, кантракты, дамоўленасці

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...