Вы тут

Піцерскі беларус з кабінета Фаўста


Санкт-Пецярбург, Петраград, Ленінград... Горад, з якім у беларусаў так шмат культурных сувязяў, дзе і сёння адчуваецца беларуская прысутнасць — у прыватнасці, дзейнічае Санкт-Пецярбургская асацыяцыя беларусістаў, якую ўзначальвае доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык аддзела рэдкай кнігі Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, старшыня Цэнтра усходнеславянскіх даследванняў Мікалай Нікалаеў. Наша размова з Мікалаем Віктаравічам адбылася ў час легендарных белых начэй, калі ў Паўночнай Пальміры сабраўся чарговы форум, прысвечаны Беларусі. 


Не «мерапрыемства», а свята

—Шаноўны Мікалай Віктаравіч, вось ужо ў ХХХІ-шы раз у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы прайшла канферэнцыя «Санкт-Пецярбург і беларуская культура». Вы былі яе арганізатарам і рухавіком. Якія вашы ўражанні менавіта ад сёлетняга форуму? Чым ён адрозніваўся ад папярэдніх? 

— Сапраўды, трыццаць першая. Мы некалі называлі гэту канферэнцыю «штогадовай», але пандэмія перарвала суцэльны шэраг. Кожная канферэнцыя — свята для беларускага Пецярбурга: землякі прыходзяць не толькі паслухаць даклады, але сустрэцца, пабачыцца, пагаварыць з гасцямі з Беларусі. А беларускія калегі прыбываюць з розных месц. У нас выступалі выкладчыкі Гродзенскага, Гомельскага і Полацкага універсітэтаў, музейшчыкі з Віцебска і Слуцка, бібліятэкары з Брэста і Мінска... Для такой нефармальнай сустрэчы ёсць абавязковая для кожнай канферэнцыі частка праграмы: пасля дакладаў едзем разам на Васілеўскі востраў, на Смаленскія могілкі, каб пакласці кветкі на магілу акадэміка Яўхіма Карскага.

—Наколькі шырокі рэзананс мае гэтае мерапрыемства ў Беларусі і Расіі? 

— Для нас канферэнцыя — гэта не проста «мерапрыемства», а пляцоўка. Будаўнічая пляцоўка беларускай культуры і яе культурных кантактаў з іншымі. У іншаземнага даследчыка часам з’яўляецца «беларуская» знаходка, беларускі сюжэт — ён мае пляцоўку, на якой раскажа пра гэта, абмяркуе з зацікаўленымі знаўцамі. На нашай канферэнцыі з такімі сюжэтамі выступалі даследчыкі з Чалябінска, розных устаноў Масквы, Санкт-Пецярбурга: Эрмітажа, Рускага музея, Тэхналагічнага інстытута, Дзяржаўнага універсітэта, Кансерваторыі, Кунсткамеры, Лесатэхнічнай акадэміі, Акадэміі імя Мажайскага... На канферэнцыю «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» у розны час прывозілі даклады даследчыкі з многіх краін свету. На нашай канферэнцыі ўпершыню прафесар Токуакі Баннай з Токіё пазнаёміў з дзённікам японскага драматурга Удзяку Акіты, які той вёў ў Мінску (на той час Менску), калі прыязджаў у 1927 годзе на Беларусь, з нагоды святкавання 10-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Рэзанас у навуковым асяроддзі — найперш знаёмства з напісанымі на падставе дакладаў артыкуламі (мы друкуем іх у «Беларускім зборніку», выйшла восем выпускаў).

—Я заўважыла, што сярод выступоўцаў былі не толькі філолагі і гісторыкі, але, скажам, і Дзімітрый Іванавіч Салярцінскі, старшыня Санкт-Пецярбургскага таварыства Д. Д. Шастаковіча, і два дактары біялагічных навук... І даклады былі вельмі розныя па накірунку. Так склалася, ці гэта свядомы падыход? Якой вы бачыце тэматычную разнастайнасць гэтых канферэнцый у перспектыве?

— Тэматычную разнастайнасць дакладаў вызнае сама назва канферэнцыі «Санкт-Пецярбург і беларуская культура». Культура — паняцце шырокае, яна для ўсіх. Доктар біялагічных навук не толькі ж біёлаг — ён чалавек культуры, на нашай канферэнцыі ён прадстаўляе не свае біялагічныя дасягненні, а сваё хобі. У Дзмітрыя Вінаходава, дэкана аднаго з факультэтаў Тэхналагічнага інстытута, гэта біяграфія і жыццёвы лёс пісьменніка Яна Баршчэўскага, у дырэктара Батанічнага інстытута Дзмітрыя Гельтмана — біяграфіка сучаснай беларускай літаратуры, біяграфіка ленінградцаў-біёлагаў, якія працавалі на Беларусі, і беларусаў-біёлагаў, якія працавалі ў Пецярбургу—Ленінградзе. Цікава заўважыць, што ў Дзмітрыя Віктаравіча выдатнае беларускае вымаўленне — аказалася, што ў дзяцінстве ён жыў у Мінску і працаваў на Беларускім радыё: чытаў тэксты ў дзіцячай праграме «Піянерская зорка». Мы і надалей будзем даваць трыбуну для выказванняў такім цікавым людзям, будзем шукаць тых, хто напіша мемуары пра свой шлях з Беларусі ў Пецярбург…

—Вы — старшыня Санкт-Пецярбургскай асацыяцыі беларусістаў. Распавядзіце трохі чытачам «Звязды» пра гэтую арганізацыю — наколькі яна вялікая, аўтарытэтная, чым займаецца, і ці ёсць прыток моладзі ў шэрагі беларусістаў?

—Санкт-Пецярбургская асацыяцыя беларусістаў — дзіця міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, прэзідыюм якой у Мінску. Некалі пісьменнік і гарамадскі дзеяч Адам Язэпавіч Мальдзіс актыўна працаваў па яе «раскрутцы» — арганізоўваў міжнародныя з’езды, абапіраючыся на дзяржаўную падтрымку, выдаваў інфарматыўны і цікавы перыёдык «Кантакты і дыялогі». Пазней гэтым займаўся акадэмік-гісторык Міхаіл Паўлавіч Касцюк. Мы ў Пецярбургу аўтаномныя, дырэкцыя Расійскай нацыянальнай бібліятэкі падтрымлівае нашы мерапрыемствы, дае магчымасці друкаваць матэрыялы. Далучаюцца маладыя людзі, пецярбуржцы, для якіх Беларусь прадстаўляе цікавасць у навуковым плане.

Беларускія героі блакаднага Ленінграду

— Вядома, што ў часы Вялікай Айчыннай вайны шмат беларусаў брала ўдзел у абароне Ленінграду, перажывалі жахі блакады... Як захоўваецца памяць пра гэтых людзей? Можа, кагось з іх ведалі асабіста?

— Некалі даўно я спецыяльна ездзіў у камандзіроўку ў Мінск, каб прывезці ў Аддзел рукапісаў Публічнай бібліятэкі аўтограф рамана Івана Навуменкі «Смутак белых начэй» — аўтабіяграфічнае апавяданне беларускага пісьменніка пра тое, як ён служыў у войсках супрацьпаветранай абароны блакаванага Ленінграда. Вельмі ўразлівым быў цыкл успамінаў старэйшага навуковага супрацоўніка Эрмітажа Барыса Віктаравіча Сапунова (выступленні на некалькіх канферэнцыях з году ў год) пра яго ўдзел у баявых дзеяннях на фронце на тэрыторыі Беларусі. Мы надрукавалі гэтыя цудоўныя ўспаміны ў «Беларускім зборніку» — там у самым канцы было пра тое, як Барыс Віктаравіч распісаўся на сцяне Рэйхстагу.

— Пра беларускія адрасы Санкт-Пецярбурга напісаны грунтоўныя даследванні... Але калі беларускі турыст прыязджае на дзень-два ў Паўночную Пальміру, натуральна, ён не можа ахапіць адразу ўсё, дый імкнецца найперш да мясцовых славутасцяў. Але якія месцы беларускай памяці вы лічыце ўсё ж абавязковымі для наведвання?

— «Мясцовыя славутасці» і «беларускія мясціны» часта непарыўна паміж сабой звязаныя. Прыкладам, мясцовая (сусветнага значэння) славутасць — Ісакіеўскі сабор. Самыя вялікія і прыгожыя мазаікі ў ім зрабіў беларус, акадэмік жывапісу Нікадзім Сільвановіч — і ў галоўным алтары (Тайная вячэра), і ў інтэр’еры (евангелісты). А сістэму ацяплення сабору праектаваў інжынер, беларус, Клімент Адамавіч Ляшэвіч. Галоўны архітэктар Агюст Манферан пры праектаванні не ўлічыў халодныя зімы, і часам у Ісакіеўскім саборы на Раство... выпадаў снег! Таму, што выхады цёплага паветра ад печаў у падвалах былі на вышыні 1,5 метры ад падлогі сабору, а калі на Раство для вернікаў насцеж адчынялі галоўныя дзверы (яны вышынёй 4 метры), халоднае паветра з вуліцы нахінала на цёплае, якое выходзіла ніжэй, і паводле законаў фізікі ад змяшэння ўтвараўся снег. Клімент Ляшэвіч спраектаваў печы на ўзроўні купалу, туды лябёдкамі падымалі дровы і грэлі паветра... Што да «чыста беларускіх» месцаў у горадзе для абавязковага наведвання, то для мяне гэта двор дому № 45 на 4-й лініі Васілеўскага вострава, недалёка метро «Васілеастроўская». Седзячы на лавачцы ў гэтым двары, можна бачыць вокны кватэры 16, якую шмат гадоў здымаў прафесар Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла, у якой доўга жыў малады Янка Купала і працаваў тут над «Паўлінкай», у якой да Кастрычніцкай рэвалюцыі быў «штаб» беларускага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца». Там на доме ёсць мемарыяльная шыльда, але яна прысвечана толькі Янку Купалу.

— Вы не толькі сярод калег, але і на вуліцах Санкт-Пецярбурга размаўляеце на беларускай мове... Як гэта ўспрымаюць? Паколькі вы не толькі супрацоўнік бібліятэкі, але і прафесар, ці спрабавалі чытаць у расійскіх ВНУ лекцыі на беларускай мове?

— Пецярбург шматнацыянальны горад, горад шматлікіх — і шматмоўных — турыстаў. Таму калі ты гаворыш сваёй мовай, але людзям не замінаеш, не глушыш нікога, не фанабэрышся — ніхто асабліва не рэагуе— гэта ж ваша асабістае! Як прафесар універсітэта, я стараюся, каб студэнты пачулі жывую беларускую мову — каб ім можна было вырашаць пытанне пра тое, наколькі яна блізкая ці далёкая да рускай, польскай, славянскай на падставе ўласнага досведу. У гэтым годзе такой «дэманстрацыяй» мовы была лекцыя пра Францыска Скарыну, якую я прачытаў цалкам па-беларуску, яна запісана на відэа і ёсць на сайце Цэнтра усходнеславянскіх даследванняў. Запіс не планаваўся, пытанні не рэпеціравалі — тым больш цікава, што адно пытанне задалі па-беларуску!

Таямніцы кабінета Фауста

— Вы загадваеце аддзелам рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі... Падчас канферэнцыі нам удалося наведаць ваш кабінет, які называецца «кабінетам Фаўста». Гэта проста мара для кніжніка! Як узнік такі незвычайны інтэр’ер і такая незвычайная назва — няўжо не рэканструкцыя і не містыфікацыя? 

— «Кабінет Фауста» — сховіша першадрукаў, інтэр’ер яго пабудаваны ў выглядзе сярэдневяковай манастырскай бібліятэкі. Бібліятэкі вельмі багатай — тут знаходзіцца больш за 7 тысяч інкунабулаў, некаторыя з іх — унікаты. Тут тры камплекты выданняў Скарыны — самы поўны ў свеце збор. Каталог толькі беларускіх старадрукаў выйшаў у трох тамах... Праектавалі гэту скарбонку (скончана ў 1857 г.) архітэктары Іван Гарнастаеў і Васіль Сабальшчыкоў (апошні, дарэчы, ураджэнец Віцебска), а галоўным ідэолагам быў князь Васіль Фёдаравіч Адоеўскі — містык, пісьменнік. Ён быў з роду Рурыкавічаў, г. зн. роду старэйшага, чым пануючая на той час дынастыя Раманавых. Шмат тут адбываецца неардынарнага і незвычайнага; кніга — якую не возьмеш — кожная пражыла больш за 500 гадоў. За гэты час у розных руках пабыла, такую назапасіла ўласную гісторыю і энергетыку, што... толькі ўмей яе прачытаць, зразумець. Habent sua fata libelli! (Кнігі маюць свой лёс!)

— Частка скарбаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі — гэта рэдкія беларускія кнігі... Якія з іх ужо алічбаваныя? Якія плануецца алічбаваць? Увогуле, наколькі запатрабаваная ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы беларуская кніга? 

— Беларускія кнігі сабраныя ў РНБ вельмі поўна яшчэ з дарэвалюцыйных часоў. Пакуль не была створана Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Імператарская Публічная выконвала яе функцыі: збірала нацыянальны рэпертуар кніг, атрымлівала абавязковы экзэмпляр усяго, што выдадзена на трэрыторыі Беларусі, складала бібліяграфічныя даведнікі. Сёння беларускамоўная літаратура мае асобны каталог, але ён яшчэ не сканаваны — гэта задача будучыні. Як і сканаванне саміх кніжных помнікаў. Пакуль у прыярыцеце руская кніга, і наш электронны рускі каталог кожны год наведваюць сотні тысячаў людзей, у тым ліку з Беларусі. Мы спадзяемся на супрацоўніцтва з Саюзнай дзяржавай Расіі і Беларусі ў справе дыгіталізацыі беларускіх кніжных помнікаў.

— А якія беларускія газеты і часопісы бібліятэка выпісвае?

— Адзіная крыніца папаўнення фондаў РНБ беларускімі часопісамі —міжнародны кнігаабмен з Нацыянальнай бібліятэкай РБ — падпіскі на беларускую перыёдыку РНБ не мае. Усяго за 2022-2024 гг. РНБ атрымала 245 нумароў часопісаў, сярод якіх «Беларуская думка», «Беларускi гiстарычны часопiс», «Кнiжны летапiс», «Мастацтва», «Матэрыялы па археалогii Беларусi», «Неман» і «Экономика Беларуси». Другі па значнасці партнер РНБ — Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з якой паступаюць акадэмічныя часопісы, а таксама «Бiблiятэчны свет» і «Гiстарычна-археалагiчны зборнiк».

Рэдкія кнігі — не «мёртвыя» кнігі

— Вы пішаце даследванне пра родны Наваградак... Што яно з сябе ўяўляе, наколькі завершанае?

— Некалі хлопчыкам, начытаўшыся гістарычных раманаў Вальтэра Скота, я прыбягаў на Замкавую гару ў Наваградку, залазіў на «Шчытоўку», скочваўся з вала і марыў хаця б што даведацца пра людзей, якія пабудавалі гэты замак і наш горад, пра войны, якія прайшлі пад гэтымі валамі... Але кніг пра гэта не было. Студэнтам універсітэта напісаў дыплом па гісторыі Наваградка, хаця не ахапіў і сотай долі... Потым шмат гадоў збіраў матэрыялы пра Наваградак у бібліятэках і архівах Пецярбурга, іншых гарадоў Беларусі, Польшчы і Расіі. 15 сезонаў працаваў у экспедыцыі Фрыды Давыдаўны Гурэвіч на археалагічных раскопках Замка. У выніку з’явілася «Гісторыя Наваградка ад стварэння гораду да Першай сусветнай вайны», якую зараз рэдагую і рыхтую да выдання. Кніга атрымалася вялікая, займе, з ілюстрацыямі, тамы са тры — гэта таму, што мой горад адзін з ключавых цэнтраў беларускай гісторыі, а ў гісторыі літаратуры толькі пра выпускнікоў наваградскай дамініканскай школы Яна Чачота, Ігната Дамейку, Адама Міцкевіча і Уладзіслава Сыракомлю напісана цэлая бібліятэка! У наступным годзе ў мяне юбілей, хачу сам сабе зрабіць падарунак, закончыўшы гэту працу.

— Адзін з расійска-беларускіх культурных праектаў быў звязаны з юбілем «Оды» Дзяржавіна... 

— Я ўжо не малады чалавек і застаў часы, калі ў сярэдняй школе праходзілі паэзію Гаўрыіла Дзяржавіна. Уражання яна тады не зрабіла, прайшла без увагі. Але калі пецярбургскія мастакі—каліграфы пачалі рыхтаваць міжнародны праект да 200-годдзя напісання оды «Бог», перачытаўшы гэты твор, я быў у захапленні ад яго вялікай сілы. І гараваў: беларускага перакладу не было. Кіраўнік праекту, прафесар мастацкай акадэміі барона Штыгліца (былое Вышэйшае мастацкае вучылішча імя Мухінай) Пётр Пятровіч Чабіцько прасіў мяне перакласці хаця б адзін куплет на беларускую — бо былі ўжо пераклады з 26 іншых моваў свету, беларускай бракавала. Перакладаць фрагмент я не стаў, звярнуўся з гэтым да паэта Віктара Шніпа — а ён пераклаў усю оду. Беларускі тэкст у яго гучыць так лёгка, што сумненні — ці не па-беларуску пісаў сам аўтар! Пасля зладзілася вялікая выстава ў зале на Коннагвардзейскім бульвары, там сярод іншых быў фрагмент беларускага тэксту оды «Бог» у перакладзе Віктара Шніпа, перапісаны каліграфам... На восень гэтага году мы рыхтуем паказ гэтай самай выставы ў сценах Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі.

— Італьянскі сацыёлаг літаратуры Франка Марэці параўноўвае «выжывальнасць» кніг з натуральным адборам у прыродзе: застаюцца толькі «мацнейшыя». А чым яны «мацнейшыя»? Чаму адны кнігі забываюцца праз два, дзесяць, сто гадоў, а іншыя праходзяць праз стагоддзі? Урэшце, існуе папулярнае меркаванне, што з гісторыі літаратуры мы ведаем не лепшае, а тое, што захавалася. Вось цудам захаваліся тэксты Архілоха — і ёсць цяпер вялікі антычны паэт Архілох. А побач з ім жылі, мо, тысячы лепшых — але іх творы зніклі. Сёння нічога не змяніліся — пяскі гісторыі замяніў інтэрнэт, у сеціве ўсё патанае яшчэ надзейней, і ўсплывае на паверхню не заўсёды вартае. 

— Я працую ў аддзеле рэдкіх кніг, дзе 90% фонду — гэта забытыя аўтары, нікому невядомыя выдаўцы і даўно памерлыя дабрадзеі, на грошы якіх кнігі друкавалі. Але гэта не мёртвыя кнігі — яны выжылі хаця б праз тое, што захаваліся. Яны ўвайшлі ў каталогі, а значыць бібліяграфічна вывучаны. Яны застаюцца даступнымі для таго, хто захоча ўзяць іх у рукі. А далей — залежыць ад нашага сучасніка. Ад яго зацікаўленасці, густу, эстэтычнай прыхільнасці. Кожны нойдзе ў гісторыі блізкую сабе кнігу, патрэбны тэкст, адпаведнага па светаўспрыманню аўтара.

— Неяк я, калі даводзілася самой чытаць лекцыі, давала студэнтам заданне: скласці, як героі Брэдберы, «жывую бібліятэку». Якую кнігу вы б завучылі напамяць, каб захаваць для чалавецтва? Чаму?

— «Беларускія народныя казкі». Абавязкова па-беларуску. Гэта кніга найлепш раскажа пра Беларусь і нашу ментальнасць і нашым нашчадкам, і любым чужынцам.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...