Вы тут

Юлія Левіна: У медыцыне — надзвычай творчыя людзі


Напярэдадні юбілею нашага выдання працягваем праект «Алесі — 100: жанчыны, гісторыі, вокладкі». 
Маладосць — пара мар і надзей, а таксама прыняцця сур’ёзных рашэнняў, якія паўплываюць на далейшы лёс. Пра выбар прафесіі, жыццёвыя планы і захапленні расказала «Алесі» пераможца конкурсу «Студэнт года-2023» па горадзе Мінску Юлія Левіна. Яна вучыцца на 4 курсе Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, працуе медсястрой, а ў будучым хоча стаць анколагам. Акрамя гэтага, спявае і вучыць вакалу, працуе актрысай у тэатры і здымаецца ў кіно. 


«Хачу дапамагаць людзям, хворым на анкалогію» 

З дзяцінства Юлія захаплялася прафесіяй урача, лічыла яе высакароднай, назірала за дактарамі ў паліклініках і бальніцах. Сцвярджае, што не абышлося без генаў: дзядуля — нейрахірург, бабуля — неўрапатолаг. Усе родныя падтрымалі выбар дзяўчыны.
— Падрыхтоўка да ўступных экзаменаў была такая ж, як у многіх абітурыентаў. З 10 класа я пачала займацца з рэпетытарамі. Каб набраць такую вялікую колькасць балаў, трэба было напружана рыхтавацца. У мяне добра атрымалася справіцца з гэтым, — расказвае пра паступленне ў медыцынскі ўніверсітэт Юлія. 
Самым складаным для студэнткі аказаўся першы курс: пераезд з роднага Брэста ў Мінск, новае жыццё ў інтэрнаце, шмат новых знаёмстваў. Але да вучобы ва ўніверсітэце, няпростых заданняў і вялікіх нагрузак Юлія прывыкла даволі хутка. Вучоба не выклікае цяжкасцяў і цяпер, наадварот, дзяўчына з захапленнем унікае ў новыя дысцыпліны. 

— У мяне шмат прадметаў, якія вельмі падабаюцца. Гэта і отарыналарынгалогія, і афтальмалогія. Асабліва цікаўлюся анкалогіяй, але пакуль што вывучаю яе сама, бо ва ўніверсітэце курс пачнецца толькі ў наступным семестры.

Спецыяльнасць анколага вельмі важная ў сучасным свеце, не менш важнай застанецца і ў будучыні. Таму хачу стаць адукаваным спецыялістам, каб своечасова распазнаваць гэтую хваробу і дапамагаць людзям змагацца з ёю. 
Юлія ўжо цяпер працуе ў бальніцы медсястрой. Па яе словах, атрыманы ў медыцынскай установе практычны вопыт будзе вельмі карысным для яе як для доктара ў будучым. Цяпер яна цалкам упэўненая ў правільнасці свайго выбару — няма сумненняў наконт абранай прафесіі.
— Я зразумела, наколькі вялікае значэнне мае кожнае звяно ў структуры аховы здароўя! Паспела папрацаваць санітаркай, цяпер уладкавалася медсястрой. Ёсць некаторыя складанасці — напрыклад, не ўсе пацыенты давяраюць студэнтам. А дарма! Маладыя спецыялісты часцей за ўсё акуратныя і асцярожныя, яны выслухаюць, падтрымаюць. 

«Складаней за ўсё — доўга хадзіць на абцасах» 

«У медыцыне працуюць надзвычай творчыя людзі», — упэўнена Юлія. Сярод студэнтаў БДМУ шмат харызматычных і таленавітых. Наша гераіня таксама актыўна ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах. 
— Тры гады я была вядучай на конкурсе «Студэнт года» . І не думала пра тое, каб у ім паўдзельнічаць. На чацвёртым курсе раптам вырашыла паспрабаваць. У медуніверсітэце заняла толькі 3-е месца. Падрыхтоўка да гарадскога этапу была складанай і напружанай. Дэфіле літаральна стала маім болем: складаней за ўсё аказалася доўга хадзіць на абцасах, — усміхаецца гераіня.

Конкурс «Студэнт года — 2023» падрыхтаваў для ўдзельнікаў шмат выпрабаванняў. Адным з іх было прадстаўленне свайго праекта. Юлія вырашыла, што прадставіць на разгляд журы конкурс талентаў сярод студэнтаў медыцынскага ўніверсітэта, які яна праводзіць ужо не першы год. 
— Гэта сапраўды мая гордасць, бо я з дзяцінства марыла сабраць творчых людзей і даць ім магчымасць паказаць сябе. Конкурс аб’ядноўвае ўсе магчымыя жанры: танцавальны, вакальны, інструментальны і г. д. Сцэнарыі, праца з вядучымі, дэкарацыі, арганізацыя — усім гэтым я і займаюся. Але потым так прыемна чуць ад удзельнікаў словы падзякі! 

Намаганні дзяўчыны ўвянчаліся заслужанымі перамогамі. Юлія Левіна заваявала 1-е месца ў конкурсе «Студэнт года — 2023» на мінскім гарадскім этапе і 2-е месца на фінальным, рэспубліканскім. 

 

«Дзякуючы тэатру навучылася імправізаваць» 

Акрамя актыўнай творчай дзейнасці ў сценах універсітэта, Юлія паспявае вучыць вакалу і працаваць актрысай у тэатры. Яна ўдзельнічала ў шматлікіх вакальных конкурсах і канцэртах: у адборы на дзіцячае «Еўрабачанне», конкурсе «Детская новая волна» ў «Артэку» і іншых. 
— Вакальны і сцэнічны вопыт у мяне даволі вялікі. Палічыла, што магу перадаць яго іншым, — расказвае Юлія. 

Як жа ўдаецца энергічнай дзяўчыне сумяшчаць працу, вучобу, творчыя праекты? Па словах Юліі, медсястрой яна працуе ў начныя змены, сваімі ведамі ў галіне вакалу дзеліцца ў абедзенны альбо вячэрні час. 
— Актрысай увогуле стала выпадкова. Рэжысёр тэатра ўбачыў мае выступленні на дзіцячых вакальных конкурсах і звязаўся са мной праз выкладчыка ўніверсітэта. Прапанаваў паспрабаваць сябе ў ролі актрысы ў адным са спектакляў. Вось ужо чацвёрты год я выступаю ў тэатральных пастаноўках у Доме Масквы ў Мінску. 

Юлія дзеліцца, што раней была занадта сціплым, нават заціснутым чалавекам, хоць і ўдзельнічала ў розных конкурсах і была на сцэне не раз. Дзяўчыне было цяжка выступаць з размоўным жанрам, праяўляць яркія эмоцыі, іграць некаторых персанажаў. 
— Нават хацела адмовіцца ад працы ў тэатры, але вырашыла рызыкнуць. Пасля першага спектаклю былі зусім новыя ўражанні. Тэатр мне шмат чаго даў, дзякуючы яму навучылася камунікацыі, а таксама — не баяцца сцэны, выходзіць з няёмкіх сітуацый, імправізаваць.

У асноўным Юлія іграе дзіцячых персанажаў: робат Аліса, Пэпі Доўгаяпанчоха, лэдзі Баг і іншыя. Свабодна імправізуе і ўзаемадзейнічае з гледачамі. 

— Цяпер спрабую здымацца ў кіно. Хутка выйдзе «Час суда» з маім удзелам. Гэта цікавы вопыт! 
Пры такім напружаным графіку ў студэнткі амаль няма вольнага часу. Але гэта не праблема — Юлія натхняецца размовамі са сваімі пацыентамі, вучнямі па вакалу, калегамі ў тэатры і кіно. 

А яшчэ яна вучыцца мастацтву жыць, стараецца захоўваць душэўную раўнавагу і не хвалявацца з-за дробязяў, бо як будучы доктар ведае: нервовае напружанне і стрэсы дрэнна адбіваюцца на стане чалавека. 
— Таму галоўнае — берагчы здароўе, сваё і сваіх родных. Усім чытачам «Алесі» хачу пажадаць менавіта гэтага! 

Юлія РАМАНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.