Вы тут

Прадстаўнікі 11 краін прымуць удзел у прафсаюзным маладзёжным форуме «ТЭМП»


У Беларусь прыедуць удзельнікі і госці з Азербайджана, В’етнама, Кыргызстана, Манголіі, Кітая, Таджыкістана, Сірыі, Турцыі, Узбекістана, а таксама шэрага міжнародных прафсаюзных аб’яднанняў. Моладзёжны прафсаюзны форум стартуе 24 чэрвеня і працягнецца да канца тыдня.


Фота: 1prof.by

«Працай адзіная моладзь прафсаюзаў» — гэты дэвіз аб’ядноўвае маладых людзей з самых розных краін на працягу ўжо многіх гадоў: першае такое мерапрыемства прайшло яшчэ ў 2015 годзе.

— Форум збярэ гасцей напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Гэтая памятная дата важная не толькі для нашай краіны. Бо, па сутнасці, менавіта з вызвалення Беларусі пачалося вызваленне краін Еўропы ад гітлераўскай акупацыі. І менавіта дзякуючы подзвігу савецкіх салдат свет быў пазбаўлены ад нацызму, — адзначылі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. — Таму, безумоўна, большая частка праграмы форуму будзе прысвечана менавіта гэтай тэме.

Маладыя прафсаюзныя актывісты з розных краін наведаюць Хатынь, Курган Славы, Брэсцкую крэпасць і аддадуць даніну памяці і павагі ўсім тым, хто набліжаў Перамогу. Таксама ўдзельнікі форуму папрацуюць на будаўніцтве Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання ў Брэсце.

Акрамя таго, госці Беларусі азнаёмяцца і з сучаснымі дасягненнямі нашай краіны. У час наведвання буйных айчынных прадпрыемстваў і арганізацый будзе прэзентаваны беларускі вопыт па развіццю прамысловага патэнцыялу, сістэмы прадастаўлення гарантый і падтрымкі моладзі, вопыт сацыяльнага партнёрства і калектыўна-дагаворнай работы. Запланавана таксама і шырокая адукацыйная праграма. Кожны з удзельнікаў форуму зможа прыняць удзел у дыскусіях і выказаць свой пункт гледжання па важнейшых для кожнага тэмах — ад пытанняў рэалізацыі сваіх магчымасцей, прафесійнага росту, развіцця маладзёжнай палітыкі кожнай з краін-удзельніц да глабальных выклікаў сучаснага свету.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.