Вы тут

Новая выстаўка адкрылася ў галерэі «Арт-Беларусь»


Вынікі фестывалю мастацтва «Арт-Мінск» падвялі падчас адкрыцця выстаўкі «Postscriptum» у галерэі «Арт-Беларусь». У экспазіцыі — творы пераможцаў галасавання, якое праводзілася сярод гледачоў падчас дэманстрацыі выстаўкі ў Палацы мастацтва. Чым запомніўся сёлетні фэст? Каго гледачы палічылі найцікавейшымі сучаснымі аўтарамі? І на чыім баку гэтым разам прафесійнае журы?


Nevmerzhi «Госця з будучыні», 2023 г.

Фестываль сучаснага мастацтва —гэта заўсёды выклік, своеасаблівы экзамен і для арганізатараў, і для творцаў, і для публікі. Калі з першымі дзвюма групамі ў гэтым рэчышчы ўсё зразумела (маецца на ўвазе справаздача і падсумаванне зробленага, вынясенне вынікаў на суд гледача), то што да публікі? А яна ж тут — галоўны суддзя, да якога, натуральна, ёсць патрабаванні. 

Алеся Скарабагатая «Любоўнае зелле», 2024 г.

Узнікаюць пытанні, напрыклад, наколькі суддзя кампетэнтны, які вопыт мае, на што абапіраецца падчас прыняцця рашэнняў... Многія крытыкі даўно вынеслі прысуд масаваму гледачу, аднак, па-першае, публіка публіцы не роўная, па-другое, ацэнкі беларускім аматарам мастацтва пакуль, здаецца, ніхто не ставіў. Сёння кожнаму гледачу варта самастойна і шчыра адказаць на шэраг пытанняў: навошта мне знаёмства з фестывалем сучаснага беларускага мастацтва? ці ўважлівы я да шматлікіх твораў на выстаўцы? наколькі я аб’ектыўны?.. 

Сёлета «Арт-Мінск» зноў сабраў велізарную колькасць наведвальнікаў. Яны па-рознаму ацэньваюць маштабную экспазіцыю ў Палацы мастацтва, аднак раўнадушнымі не застаюцца. Кожны, верагодна, знайшоў хаця б адну работу, што прыйшлася даспадобы, кожны адшукаў любімага аўтара... Аднак было і пра што спрачацца і ў чым сумнявацца. Вынікі таксама могуць здацца спрэчнымі.

Як і заўсёды, яны прымушаюць многіх сумнявацца: у правільнасці поглядаў сваіх і чужых. 

Гран-пры фестывалю традыцыйна атрымала Алеся Скарабагатая. Бадай, аўтару ўжо і самой няёмка з года ў год станавіцца пераможцай, бо гэта не толькі чарговае прызнанне яе майстэрства, але і крыніца кпінаў і шпілек у адрас жывапісца: маўляў, нічога новага ў яе творчасць апошніх гадоў не прыўнесена, а глядач нібыта не спрабуе адысці ад раней выбранага. Так ці іначай, нельга не павіншаваць Алесю Скарабагатую з чарговым трыумфам. Ды жадаем новых здзяйсненняў! Яны, пэўна, не прымусяць сябе чакаць. 

Валерый Талкачоў «На сонечным баку», 2022 г.

Што тычыцца намінацый, то пераможцамі названы як сталыя мастакі, так і да часу малавядомыя. Тое, што іх спробы атрымаліся яркія і сталі заўважаныя значнай колькасцю гледачоў, ёсць спадзяванне, станоўча паспрыяе ў далейшым творчым жыцці (дарэчы, гаворка пра некаторых з аўтараў ішла ў папярэднім матэрыяле «ЛіМа», прысвечаным «Арт-Мінску» ў Палацы мастацтва). Так, у намінацыі «Жывапіс» найлепшымі сталі Эльміра Мухтарава, Аляксандр Некрашэвіч, Nevmerzhi, Маргарыта Маніс і Наталля Ліпская. Першымі графікамі фестывалю сталі Надзея Барай, Наталля Язерская, Валерый Талкачоў, Анастасія Шведава, а таксама Лізавета Пастушэнка.

Скульптары-трыумфатары — Фёдар Шурмялёў, Аляксандр Шаппо, Андрэй Беле, Ян Басалыга і мастак пад псеўданімам DSNT87. У намінацыі «Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва, арт-аб’ект» гледачы палічылі найлепшымі Анастасію Чадзій, Юлію Цярэшку, Людмілу Землякову, Таццяну Савік і Уладзіміра Гормаша. Што да «Інсталяцыі», то тут публіка вылучыла творы Ірыны Рамбальскай, Аляксандры Баўтрук, Антона Рубашко, Ірыны Котавай і Вольгі Якаўлевай. Найлепшыя фатографы сёлетняга «Арт-Мінска» — Graph Calligraph, Ксенія Лакотка, Вадзім Качан, Віталь Жыхараў, а яшчэ Віктар Сянькоў. 

Усевалад Швайба «Слёзы Хатыні», 2024 г.

Тым часам спецыяльны прыз журы пры падтрымцы анлайн-платформы artcenter.by атрымалі знакамітыя аўтары, чыя творчасць высока ацэньваецца і мастацтвазнаўцамі, і гледачамі. Іх работы, дарэчы, заўсёды пэўным чынам вылучаюцца арганізатарамі падобных мерапрыемстваў. Гэта жывапісец-рэаліст Аляксандр Даманаў, графік і жывапісец Усевалад Швайба, неабыякавы да сімвалізму, а таксама Аляксандр Шаппо, рознабаковы мастак, які на фестывалі прапанаваў выдатныя скульптуры і графічныя работы. Між тым былі ўручаны і спецыяльныя прызы: ад анлайн-гіпермаркета 21vek.by — Мар’яне Карповіч, ад «Офистон Маркет» — Аляксандру Даманаву і Аляксандру Некрашэвічу. 

Выстаўка «Postscriptum. Арт-Мінск» у галерэі «Арт-Беларусь» будзе працаваць да 30 чэрвеня. Не абмініце! 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.