Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Самыя моцныя людзі — у раёнах


Рабочай і адначасова ўрачыстай атрымалася паездка Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Дзяржынск. Найперш кіраўнік дзяржавы абляцеў тэрыторыю раёна і з верталёта ацаніў сітуацыю на палях. Актыўная ўборачная кампанія пакуль не пачалася, але руку на пульсе трэба трымаць пастаянна, тут расслабляцца нельга.


Па прылёце Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу не толькі на сельскагаспадарчыя пытанні, але і на сацыяльныя. Першае пытанне старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандру Турчыну: як Дзяржынскі раён будзе развівацца далей? Раён перспектыўны, таму пытанне надзвычай важнае. Адзін з напрамкаў для плённага развіцця Дзяржынскага раёна — сельская гаспадарка. Прэзідэнт азнаёміўся з работай малочнатаварнага комплексу «Ляхавічы» ААТ «Крутагор’е-Петкавічы», якое спецыялізуецца на мяса-малочным кірунку з развітым раслінаводствам. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму гэта паездка не дзеля таго, «каб паглядзець». Па яго словах, падобнае прадпрыемства — новая тэма ў сельскай гаспадарцы.

Чаму? Па-першае, комплекс у Дзяржынскім раёне — адзін з 20 такіх аб’ектаў, будаўніцтва якіх у вобласці прафінансавана за кошт сродкаў сталіцы. Такі падыход звязаны з тым, што менавіта Мінск спажывае значную частку прадукцыі, якая вырабляецца ў рэгіёне. А значыць, трэба і дапамагчы вёсцы. Прэзідэнт заўважыў, што Мінск спажывае прадукцыю, якая вырабляецца і ў іншых рэгіёнах. Гэта пытанне варта прыняць да ўвагі кіраўніцтву сталіцы. Тым больш што губернатары іншых абласцей ужо ўзнялі гэта пытанне, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, «узвылі: чаму ў Мінскай вобласці, а не ў Брэсцкай». Кіраўніцтва Мінска паабяцала, што праз год-паўтара, калі будуць вырашаны асноўныя пытанні Мінскай вобласці, комплексы ад цэнтральнага рэгіёна атрымаюць і іншыя вобласці.

Яшчэ адна прычына такой увагі да «Ляхавіч» — жыццёвая: гэта танны комплекс, што, па словах Прэзідэнта, вельмі важна. «Сёлета мы па краіне ўводзім больш за 100 комплексаў. Нам трэба дакладна разумець кошт гэтага мерапрыемства. І калі ў вас сапраўды атрымаўся самы танны малочнатаварны комплекс, нам трэба іх тыражаваць», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што пры будаўніцтве такіх комплексаў не трэба суперархітэктура. Усё павінна быць проста, але эфектыўна. «Прыгожы нармальны праект, мы яго будзем тыражаваць па ўсёй краіне», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. Тым больш што, будуючы комплексы па такім тыповым праекце, не трэба траціцца на распрацоўку новай праектна-каштарыснай дакументацыі. Яшчэ адзін пункт эканоміі.

Ад комплексаў мы адыходзіць не будзем

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што ад будаўніцтва малочнатаварных комплексаў адыходзіць ніхто не будзе. «Тут усё малако „экстра“ з самай высокай якасцю — гэта ж харчаванне людзей і дзяцей нашых. Таму мы павінны сыходзіць ад тых ферм, яны ўжо разбураюцца, і тэхналогіі там зусім іншыя. І ад дробных ферм пераходзіць да комплексаў. Няхай яны будуць на 800 галоў ці на 1200», — сказаў ён. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што не прыхільнік надта вялікіх комплексаў, бо гэта патрабуе лішніх намаганняў і выдаткаў.

Губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын звярнуў увагу, што новыя малочнатаварныя комплексы выгадна ствараць на базе старых ферм. Як прыклад ён прывёў МТК «Ляхавічы». Па-першае, ужо ёсць пэўная інфраструктура: воданапорныя вежы, дарогі, электрычнасць і іншыя. Ствараць з нуля даражэй. Па-другое, пакуль будуецца малочнатаварны комплекс, ферма працуе і дае выручку. Па-трэцяе, каровы са старых ферм пасля пераводу на сучасныя комплексы даюць больш малака. Але, як заўважыў Прэзідэнт, калі ўсю жывёлагадоўлю сканцэнтраваць у адным месцы, то прыйдзецца траціцца на многія іншыя аспекты. «Каб мы ва ўгоду лагістыцы, добрым дарогам і іншае не пачалі ўсё гэта прывязваць. Бо мы потым згубім на лагістыцы з дастаўкай кармоў. Трэба ўважліва да гэтага ставіцца», — адзначыў ён. ААТ «Крутагор’е-Петкавічы», як расказаў дырэктар прадпрыемства Юрый Клімаш, займаецца і перапрацоўкай прадукцыі, у Дзяржынску працуе некалькі магазінаў. Прадукцыя праз аўтакрамы дастаўляецца ў невялікія вёскі. «Я ўжо шмат разоў казаў, чаму мы падтрымліваем сельскую гаспадарку і гэта дзяржаўная палітыка. Бо ўсё на ёй вісіць яшчэ з таго савецкага часу. І гэта добрая форма, ад яе не трэба адыходзіць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Вакол гаспадаркі засяроджана больш за 50 вёсак і пяць сельскіх саветаў. «Мы вымушаны падтрымліваць сельскую гаспадарку, таму што ў іх і сацыяльная сфера, і пенсіянеры, і вёскі трэба падтрымліваць у парадку, пакуль яны не зніклі, — адзначыў Прэзідэнт. — За сялян, якія ўклалі сваю працу ў гэтую зямлю, мы абавязаны адказваць, за гэтых пенсіянераў. Таму трэба дапамагаць. І кіраўнікоў падтрымліваць матэрыяльна і маральна».

Юрый Клімаш расказаў, што ўся тэхніка на прадпрыемстве — айчыннай вытворчасці. Што могуць зрабіць сваімі сіламі — робяць. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў яго, ці ўсё задавальняе. Юрый Клімаш запэўніў, што ўсе працуюць якасна і аператыўна. У ААТ «Крутагор’е-Петкавічы» ёсць практыка, на якую часта звяртае ўвагу Прэзідэнт, — моцная гаспадарка забірае кароў, якіх некаторыя іншыя гаспадаркі не могуць утрымліваць у належных умовах. Так, у гэтым комплексе «прапісаныя» толькі тыя каровы з ферм, якія не спраўляюцца з іх утрыманнем. Як расказаў Юрый Клімаш, пасля адаптацыі на шосты-сёмы дзень удой ад кожнай каровы значна павялічваецца. Зразумела, што жывёла тут неідэальная, але прадукцыйнасць мінімум на чатыры літры вырасла ў параўнанні з тым, што было на тых фермах. Юрый Клімаш таксама заўважыў, што ўсе спецыялісты ААТ «Крутагор’е-Петкавічы» працуюць сумленна і якасна, на работу абсталявання нараканняў няма.

«Няма лепшай працы, чым у сельскай гаспадарцы. Я прайшоў гэта. Самая цікавая тут праца. Жывыя людзі, жывая жывёла, жывыя расліны і вынік кожны год», — упэўнены кіраўнік дзяржавы. На першым месцы, безумоўна, вынік.

Прэзідэнт азнаёміўся з дзейнасцю малочнатаварнага комплексу, тэхналогіяй працэсу. Комплекс разлічаны на 1164 дойныя каровы (тры кароўнікі па 388 жывёламесцаў). Тут выкарыстоўваецца інтэнсіўная тэхналогія і ўкаранёна комплекснае механізаванне вытворчых працэсаў. Гэта дае магчымасць забяспечыць круглагадовую раўнамерную вытворчасць малака. На малочнатаварным комплексе «Ляхавічы» плануецца атрыманне 9428 т малака за год і надою на карову 8100 кг.

«Мы будзем сур’ёзна развіваць гэты горад»

Урачыстая частка рабочай паездкі Прэзідэнта была звязана з адкрыццём фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Алімп» у Дзяржынску. Тут адкрыты аддзяленні па футболе, баскетболе, барацьбе, дзюдо і настольным тэнісе. Адпрацоўваецца пытанне адкрыцця аддзялення па плаванні. У канцы мая Дзяржынск адсвяткаваў Дзень горада. І сучасны фізкультурна-спартыўны комплекс — выдатны падарунак гораду. У цырымоніі адкрыцця таксама прынялі ўдзел старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Дзяржынскага раёна Міхаіл Юркевіч, шматразовы чэмпіён Еўропы і свету па дзюдо і самба Юрый Рыбак, пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў па дзюдо Валерыя Трухановіч. Вялікая падзея сабрала і нямала мясцовых жыхароў, якія цёпла віталі Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што даўно хацеў прыехаць у Дзяржынск. Таму пагаварылі і пра перспектывы развіцця горада і раёна. «Мы будзем вельмі сур’ёзна гэты горад развіваць. Будзем не толькі тут будаваць вытворчыя магутнасці, заводы, фабрыкі развіваць, сельскую гаспадарку (яна ў вас у нядрэнным стане, я праблем не бачу). Што да прамысловасці, тут дастаткова прадпрыемстваў — з Мінска людзі пачынаюць вяртацца. Мы будзем у будучыні падтрымліваць заводы, фабрыкі перш за ўсё ў гарадах... Хочаш жыллё — калі ласка, ідзі працуй на прадпрыемства, як гэта было калісьці, атрымлівай арэнднае жыллё, жыві, пройдзе 25, можа, 30 гадоў, і ты гэта жыллё, можа, як і ў сельскай гаспадарцы, бясплатна атрымаеш, можа, яшчэ нешта. Падумаем сур’ёзна над тым, як падтрымаць нашых прамыслоўцаў жыллём», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Дзяржынск — гэта горад-спадарожнік. Па яго словах, у наступнай пяцігодцы, можа, нават раней трэба звязаць падобныя гарады, сярод якіх яшчэ Лагойск і Смалявічы з Мінскам. «Павінна быць чыгунка, а па ёй павінна хадзіць вельмі хуткая тэхніка. Каб за 20 хвілін чалавек мог з Дзяржынска даехаць да Мінска. Тады не будзе праблемы з работай. Чалавек можа жыць у Дзяржынску (амаль як на курорце вы тут жывяце), а ў любы час прыехаць у Мінск для таго, каб працаваць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Гэта важна і для таго, каб прыцягнуць моладзь у такія гарады.

«Фабрыкі здароўя» павінны быць у кожным раёне вобласці

Прэзідэнт звярнуў увагу, што беларусам варта больш адказна ставіцца да свайго здароўя і не спадзявацца толькі на медыцыну. «Калі кожны чалавек, пачынаючы з дзіцяці, будзе клапаціцца пра сваё здароўе (хаця б па мінімуме), не трэба будзе ў аптэку хадзіць і ў бальніцу. І для таго, каб вы не хадзілі па аптэках і бальніцах, мы будуем «цэнтры здароўя» , — адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калісьці ён прапаноўваў мець у кожнай школе спартыўныя аб’екты, асабліва ў вёсцы. Але патрэбны і вялікія фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры. У кожным раёне попыт на такія цэнтры вялікі. «Людзі асабліва хочуць, каб быў басейн. Вось мы і пабудавалі добры фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Гэта для таго, каб мы жылі нездарма, клапаціліся аб сваім здароўі. І самае галоўнае — для таго, каб дзеці нашы мелі магчымасць займацца спортам. Я буду вельмі рады, калі з часам пачую, што чэмпіёны Еўропы, свету, Алімпійскіх гульняў прыйдуць адсюль. А гэта магчыма: самыя моцныя людзі — у раёнах», — заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што такія аб’екты з’явяцца ва ўсіх раёнах вобласці: «Я думаю, губернатар, ён у нас чалавек малады, спартыўны, будзе прытрымлівацца гэтага стылю, і на працягу наступнай пяцігодкі ў кожным раёне мы будзем мець такія комплексы. Няшмат у нас раёнаў, дзе такіх комплексаў яшчэ няма. Таму мы іх павінны пабудаваць. Гэта фабрыка здароўя. І я вам жадаю галоўнага — здароўя, усё астатняе купім».

Аляксандр Лукашэнка асабіста пазнаёміўся з магчымасцямі спартыўнага аб’екта. Ён сустрэўся з аматарскай футбольнай камандай і нават зрабіў сімвалічны першы ўдар па мячы ў гульні паміж ветэранамі футбола Мінскай вобласці. Пас ад кіраўніка дзяржавы разам з даручэннямі атрымаў кіраўнік Мінскай вобласці Аляксандр Турчын. Размаўляючы з футбалістамі, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў часы сваёй маладосці захапляўся гэтым відам спорту і ў адным з матчаў траўміраваў калена. «Самы цяжкі від спорту ў нас з вамі», — дадаў ён. Спартсмены падарылі Прэзідэнту памятную фатаграфію — здымак быў зроблены 15 кастрычніка 1996 года. У гэты дзень на стадыёне «Дынама» адбыўся таварыскі матч паміж беларускімі ветэранамі футбола і студэнтамі. У гульні ўдзельнічаў і Аляксандр Лукашэнка. А адзін з прысутных на адкрыцці ФАК футбалістаў судзіў тую гульню. Беларускі лідар заўважыў, што ўсе ўмовы для таго, каб маладыя жыхары Дзяржынска і раёна маглі плённа займацца спортам і дасягаць вынікаў, у новым комплексе ёсць. Але зрабіў акцэнт і на тым, што для дасягнення выніку «хварэць» за яго павінен і кіраўнік.

На памяць аб наведванні Дзяржынска Прэзідэнту падарылі сімвал горада — меч Аляксандра Неўскага і шчыт Дзяржынскага. Ён пакінуў гэта ў горадзе, даручыўшы падабраць самае зручнае месца. «Цяпер у Дзяржынску будуць ведаць, што я іх абараняю», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Жыхары Дзяржынска адпускаць Прэзідэнта не хацелі. Людзі хацелі выказаць словы падзякі кіраўніку дзяржавы, але ён іх спыніў. «А не трэба, не трэба! Я раблю сваю справу. Таму жывіце доўга, здароўя, займайцеся спортам тут. Выдатная зала», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што прадоўжыць агляд з паветра. «Я перажываў, што гэты ўраган нанясе нам вялікую шкоду, асабліва пасевам. Але Бог пашкадаваў нас. Асобныя палі ёсць, якія крышку па нашай дурасці падмяў, дзе вільготнасць большая, а мы яшчэ ўгнаенняў лішніх кінулі. Але нармальна, жыць можна. Калі ўсё будзе добра, дапамажыце вяскоўцам. У вас гаспадаркі тут моцныя і хлопцы добрыя ўзначальваюць», — сказаў на развітанне Аляксандр Лукашэнка, пажадаўшы дзяржынцам усяго найлепшага.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Дзяржынск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.