Вы тут

Надвор'е: Зноў да 28 цяпла і навальніцы


Улетку ў нас амаль заўсёды так: спачатку хмары і навальніцы, але ўжо праз дзень-другі зноў спякота. І гэтым разам перадышка са свежым паветрам была нядоўгай, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота з адкрытых крыніц

У пятніцу ўмовы надвор’я ў Беларусі будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Без ападкаў. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Вецер заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад 8 градусаў да 14 цяпла, а максімальная днём складзе ад 21 да 27 градусаў. Атмасферны ціск ноччу істотна не зменіцца, днём будзе слаба падаць.

У суботу днём з паўднёвага захаду Еўропы чакаецца перамяшчэнне франтальных раздзелаў. Пераменная воблачнасць. Ноччу пераважна без ападкаў, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер пераменных напрамкаў умераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра пачне павышацца і ўначы будзе дасягаць ужо плюс 9 — плюс 16 градусаў. Пацяплее і днём, калі максімальная тэмпература стане дабягаць да 21–28 цяпла.

Дажджлівае надвор’е захаваецца і ў нядзелю, калі франтальныя раздзелы пачнуць перамяшчацца на тэрыторыю Расіі. У нас жа днём умовы надвор’я ў асноўным будуць фарміраваць няўстойлівыя паветраныя масы, якія паступаюць з боку поўдня Балтыкі. Воблачна з праясненнямі. Ноччу — на большай частцы тэрыторыі краіны, днём — месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Вецер заходняй чвэрці парывісты. Тэмпература паветра ўначы будзе набліжацца да максімальнай — 11–18 цяпла. А днём спякота пачне спадаць да 18–24 цяпла, па поўдні Беларусі да 26 градусаў.

Згодна з папярэднімі прагнозамі айчынных сіноптыкаў, няўстойлівае з дажджамі надвор’е захаваецца і ў панядзелак. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, днём магчымы навальніцы. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах згусціцца слабы туман. Уначы слупкі тэрмометраў пакажуць плюс 9–16 градусаў, а ўдзень — 18–25 градусаў.

Пачынаючы з аўторка надвор’е палепшыцца. У гэты дзень, 25 чэрвеня, будзе пераважна без ападкаў, толькі ў асобных раёнах па ўсходзе краіны магчымыя кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад плюс 7 да плюс 14 градусаў, а ўдзень — ад плюс 20 да плюс 27 градусаў. У сераду надвор’е прагназуецца без ападкаў. У начныя і ранішнія гадзіны месцамі слабы туман. Уначы сіноптыкі абяцаюць плюс 7–14 градусаў, а ўдзень — плюс 22–28 градусаў.

А як у суседзяў?

У гэты час Еўропа пакутуе ад экстрэмальных умоў надвор’я з рэкордна высокімі тэмпературамі і моцнымі штормамі.

У Румыніі жыхары Бухарэста змагаюцца з хваляй спёкі з 19 чэрвеня, калі тэмпература ў паўднёвай частцы краіны паднялася прыкладна да 40-41 градуса з плюсам. У Германіі 18 чэрвеня навальніцы абрынуліся на некаторыя раёны Саксоніі. Суровае надвор’е нанесла значны ўрон, разбурыўшы шматлікія лініі электраперадачы і пашкодзіўшы дахі. Агенцтва ЕС па маніторынгу клімату «Copernіcus» паведамляла ў пачатку месяца, што май у гэтым годзе быў самы цёплы за ўсю гісторыю назіранняў. Па іх даных, гэта быў дванаццаты месяц запар, калі сярэдняя глабальная тэмпература дасягае рэкорднага значэння.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.