Лаўрэатаў і дыпламантаў узнагародзілі на палях 65-га пасяджэння Міждзяржаўнага савета (МДС) па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі краін СНД, які 20–21 чэрвеня прымае беларуская сталіца.
Дзелавая праграма ўдзельнікаў савета пачалася з цырымоніі ўскладання кветак і вянкоў да стэлы «Мінск — горад-герой» і ўшанавання памяці салдат і мірных жыхароў, якія цаной свайго жыцця аплацілі перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.
Мерапрыемства працягнулася ў Палацы Рэспублікі міжнароднай канферэнцыяй «Садружнасць са знакам якасці», на якой абмяркоўваліся актуальныя пытанні ў галіне павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі і паслуг, падрыхтоўкі персаналу, абмену практычным вопытам і ведамі. Асноўная тэматыка выступленняў тычылася ролі МДС у развіцці інфраструктуры якасці ў Еўразійскім рэгіёне. Удзельнікі канферэнцыі таксама надалі ўвагу міждзяржаўнай стандартызацыі як інструменту спалучэння інтэграцыйных працэсаў ЕАЭС і СНД.
Ключавой падзеяй дня стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу, які праводзіцца ўжо ў дзявяты раз. Сёлета 11 арганізацыям прысвоена званне лаўрэатаў конкурсу і яшчэ 11 — званне дыпламантаў. Такім чынам, усяго ў ліку пераможцаў — 22 арганізацыі. Лаўрэатамі і дыпламантамі конкурсу сталі дзевяць беларускіх прадпрыемстваў.
Звання лаўрэата ўдастоены пяць арганізацый: холдынг «Мінскі маторны завод», МТЗ, УП «Святлопрыбор» ГА «БелТІЗ», Кобрынскі масларобна-сыраробны завод, «Бабушкіна крынка» — кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўская малочная кампанія «Бабушкіна крынка». Званне дыпламанта прысуджана ААТ «Кераміка», заводу аўтамабільных прычэпаў і кузаваў «МАЗ-Купава», Слонімскаму мясакамбінату і дзяржаўнаму прадпрыемству «Конус» НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі.
Усяго за час існавання конкурсу ад нашай краіны ў ім паўдзельнічала 61 арганізацыя. Лаўрэатамі сталі 18 прадпрыемстваў, 27 — дыпламантамі, тры з якіх пазней атрымалі статус лаўрэатаў. Сярод пераможцаў таксама вытворцы з Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана.
«Гэта вельмі прэстыжны конкурс для ўсіх прадпрыемстваў СНД, таму што спрыяе павышэнню статусу вытворчасці, выхаду на знешнія рынкі, абароне ўнутранага рынку, укараненню новых інавацыйных падыходаў, а таксама забеспячэнню інфраструктуры якасці на прадпрыемстве і, адпаведна, павышэнню якасці прадукцыі. У цэлым, конкурс дапамагае ў вырашэнні комплексных задач па іміджы, статусе і канкурэнтаздольнасці любога прадпрыемства і тым самым абараняе эканоміку краіны», — падкрэсліла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена Маргунова.
Кіраўнік Дзяржстандарту адзначыла, што дзевяць беларускіх прадпрыемстваў у ліку пераможцаў — дастаткова добры вынік. Сімвалічна, што ён дасягнуты ў год правядзення дзявятага па ліку конкурсу.
Прэмія СНД за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг прысуджаецца адзін раз у два гады і ўдзельнічаць у конкурсе могуць юрыдычныя асобы любой арганізацыйна-прававой формы, зарэгістраваныя ў любой дзяржаве СНД. Намінацыі залежаць ад памераў арганізацый (да 250 чалавек, ад 250 да 1,5 тысяч чалавек, ад 1,5 тысяч чалавек і больш) і відаў дзейнасці (вытворчасць прадукцыі вытворчага прызначэння, вытворчасць тавараў народнага спажывання, вытворчасць харчовых тавараў і сельскагаспадарчай прадукцыі, паслугі).
Галоўнымі крытэрыямі з’яўляюцца выхад у фінал на першым (нацыянальным) этапе конкурсу, пацвярджэнне высокай якасці прадукцыі або паслугі на працягу не менш за два гады, якія папярэднічаюць правядзенню конкурсу, экспарт у адну і больш краін СНД.
Сяргей КУРКАЧ
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.