Вы тут

Пісьменнік з Жабінкі расказвае пра паплечнікаў


У Выдавецкім доме «Звязда» пабачыў свет зборнік біяграфічнай прозы Расціслава Бензярука «Сардэчны абярэг». Адзін са старэйшых пісьменнікаў Берасцейшчыны расказвае пра тых мастакоў слова, якія сустракаліся на яго жыццёвым шляху, з кім ён сябраваў, у каго браў урокі майстэрства. 


Адкрывае кнігу «Сардэчны абярэг» аповесць-эсэ «Жыў на свеце дзед Васіль». Твор прысвечаны славутаму беларускаму дзіцячаму пісьменніку Васілю Вітку (1911 — 1996), аўтару такіх неўміручых твораў, як «Азбука Васі Вясёлкіна», «Беларуская калыханка», «Чытанка-маляванка», «Ладачкі-ладкі», «Вавёрчына гора», «Казка пра цара Зубра». Так склалася ў творчым жыцці Расціслава Бензярука, што менавіта Васіль Вітка сваім творчым прыкладам адыграў асаблівую ролю ў прафесійным станаўленні пісьменніка з Берасцейшчыны. Але не толькі асабістае, вядомае аднаму яму, успамінае аўтар аповесцці-эсэ. Р. Бензярук расказвае пра месца і ролю класіка беларускай дзіцячай літаратуры ў прафесійным станаўленні маладзейшых калег, на прыкладах адлюстроўвае прынцыповасць Васіля Віткі, узровень яго адказнасці ў працы над словам. Перагарнуўшы старонкі шчырага, удумлівага і разам з тым не перагружанага лішнімі звесткамі аповяду пра аўтара «Азбукі Васі Вясёлкіна», падумалася і вось пра што. Шкада, што не часта зараз выдаюцца кнігі таленавітага стваральніка беларускай літаратуры XX стагоддзя. 

«Сардэчны абярэг» увабраў у сябе і яшчэ тры аповесці-эсэ — пра Івана Арабейку («Найбольш зямны»), Васіля Гадульку («Самотны анёл»), Анатоля Шушко («Святло сонечнай усмешкі»), шэраг нарысаў і эсэ. Сярод іх — і раздзел «Заўжды ў сорак першым...» (пра абаронцу Брэсцкай крэпасці Алеся Махнача і брэсцкага падлетка і пісьменніка Рамана Левіна, які прайшоў праз пакутнае полымя Вялікай Айчыннай вайны). Расціслаў Бензярук напісаў душэўныя, перажытыя творы пра тых літаратараў, хто быў і застаецца яму зразумелым, адкрытым і творамі сваімі і сваім жыццём. І кніга найперш прыцягальная шчырасцю, адкрытасцю аўтара і яго герояў. 

Чытаючы пра пісьменнікаў, якіх выбраў у свае героі аўтар «Сардэчнага абярэгу», чытаеш пра само жыццё ў розных яго праявах. Кніга мае вялікае выхаваўчае значэнне. І далёка не лішнім будзе адкрыць яе на ўроках беларускай літаратуры. Асабліва — у школах Брэста і Брэсцкай вобласці. Бо зборнік аповесцяў, нарысаў, эсэ Расціслава Бензярука — гэта яшчэ і сапраўдны ўнёсак у берасцейскае літаратурнае краязнаўства. 

Кнігу «Сардэчны абярэг» можна набыць у кнігарнях ААТ «Белкніга», а таксама ў Мінску ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. 

Прыемных чытацкіх адкрыццяў!

Кастусь ХАДЫКА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам не варта сядзець у выхадныя дома.