Вы тут

Узаемадзеянне ратавальных ведамстваў краін СНД абмеркавалі ў Мінску


У беларускай сталіцы адбылося 36-е пасяджэнне Міждзяржаўнага савета па надзвычайных сітуацыях прыроднага і тэхнагеннага характару дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Каб абмеркаваць пытанні забеспячэння бяспекі насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый, удасканаліць механізмы супрацоўніцтва ў гэтым напрамку, у Беларусь прыбылі кіраўнікі ратавальных ведамстваў Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана.


Удзельнікі пасяджэння разгледзелі актуальныя пытанні і складанасці, з якімі сёння сутыкаюцца ратавальнікі краін Садружнасці і падзяліліся вопытам рэагавання на надзвычайныя сітуацыі з улікам геаграфічных і кліматычных асаблівасцяў. Свой вопыт забеспячэння і падтрымання пастаяннай боегатоўнасці падраздзяленняў, развіцця і аснашчэння спецыялізаваных службаў прадставіў і беларускі бок.
Як адзначыў у размове з журналістамі міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Вадзім Сіняўскі, Міждзяржаўны савет быў створаны яшчэ ў далёкім 1993 годзе. «За доўгія гады працы назапасіўся сур’ёзны вопыт развіцця ратавальных ведамстваў, таму нам ёсць чым падзяліцца, — падкрэсліў ён. — Кожнае Міністэрства па надзвычайных сітуацыях краін СНД можа падзяліцца вопытам і расказаць аб дасягнутых выніках, пытаннях папярэджання, прафілактыкі надзвычайных сітуацый, а таксама аб пытаннях рэагавання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый».

Кіраўнік беларускага ратавальнага ведамства звярнуў увагу на тое, што гэты год быў няпростым для калег з Расійскай Федэрацыі і Казахстана. «Мы ведаем, якія паводкі рэгіёны гэтых краін перажылі, таму, вядома, вельмі важна атрымаць ад іх як ад першакрыніцы інфармацыю, з чым яны сутыкнуліся, якія былі недагляды ў пытаннях ранняга выяўлення і іншае, — канкрэтызаваў Вадзім Сіняўскі. — Для Беларусі гэты вопыт прымянімы, у прыватнасці, на поўдні краіны, а таксама ў Віцебскай вобласці, дзе ўзнікаюць праблемы падтапленняў». 

Беларускія ратавальнікі, у сваю чаргу, падзяліліся з калегамі досведам папярэджання і барацьбы з ляснымі пажарамі, папярэджання і прафілактыкі гібелі людзей пры пажарах, на вадзе. Асаблівым блокам вылучылі ўзаемадзеянне МНС са сродкамі масавай інфармацыі, у гэтым пытанні таксама ёсць дасягненні, вартыя пераймання. 

Асноўным напрамкам супрацоўніцтва МНС Беларусі з краінамі СНД Вадзім Сіняўскі назваў каардынацыю намаганняў у пытаннях прыёму і рэгістрацыі надзвычайных сітуацый. Таксама ён вылучыў пытанне гатоўнасці Корпуса сіл СНД па надзвычайных сітуацыях.

Асаблівую ўвагу падчас пасяджэння ўдзялілі пытанням навукова-тэхнічнага забеспячэння і шматузроўневай спецыялізаванай падрыхтоўкі кадраў. Дарэчы, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь з’яўляецца базавай арганізацыяй па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў для аварыйна-ратавальных ведамстваў дзяржаў — удзельніц СНД.

Як паведаміў журналістам міністр па справах грамадзянскай абароны, надзвычайных сітуацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў Расійскай Федэрацыі Аляксандр КУРАНКОЎ, у маі будучага года будзе праведзена вучэнне сумесных сіл Корпуса СНД. «Такія вучэнні праводзіліся ў крайні раз у 2021 годзе, — нагадаў ён. — Удзельнікамі гэтых вучэнняў былі Беларусь, Расія, Казахстан і Узбекістан. Яны мелі дастаткова высокі водгук з пункту гледжання спецыялістаў і камандзіраў падраздзяленняў, якія ўдзельнічалі ў гэтых вучэннях. Мы прынялі рашэнне, што адновім гэтыя вучэнні на базе Нагінскага ратавальнага цэнтра ў Падмаскоўі. Мы калег запрашаем, правядзём. Спадзяёмся, што гэта будзе вельмі карысна, у тым ліку для Корпуса сіл СНД». 

Па выніках пасяджэння ўдзельнікі вызначылі далейшыя меры па каардынацыі і развіцці ўзаемадзеяння ратавальных ведамстваў і абмеркавалі праект плана сумесных мерапрыемстваў на 2024 — 2025 гады.

Вераніка КАНЮТА 

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.