Вы тут

У Мінску пачала работу Міжнародная выстава індустрыі бяспекі «Нацыянальная бяспека. Беларусь — 2024»


На пляцоўцы «Мінск-Арэны» дэманструюцца высокатэхналагічныя, інавацыйныя распрацоўкі, а таксама гатовыя рашэнні ў галіне ахоўных сістэм, тэхнікі, узбраення, медыцынскага забеспячэння і іншага абсталявання, якое спрыяе павышэнню тэхнічнай аснашчанасці дзяржаўных органаў, устаноў і прадпрыемстваў, іншых аб’ектаў і грамадзян у рамках забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Гэта і магчымасць абмеркаваць інавацыйныя ідэі, абмяняцца інфармацыяй і практычным вопытам.


Выстава, ініцыяваная Дзяржаўным сакратарыятам Савета Бяспекі, праводзіцца другі раз. Нягледзячы на спробы ізаляваць Беларусь, цікавасць да гэтага мерапрыемства праяўляюць многія краіны свету — на выставе прысутнічаюць прадстаўнікі звыш 12 замежных дзяржаў.

Як адзначыў на адкрыцці выставы дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, за мінулыя з папярэдняга мерапрыемства два гады геапалітычная сітуацыя на нашай планеце не стала больш стабільнай і прагназаванай. «Толькі летась на розных кантынентах было развязана і працягвалася больш за 25 ваенных канфліктаў, — канкрэтызаваў ён. — Свет метадычна ператвараецца ў палігон глабальнага супрацьстаяння. На планеце няма краіны і народа, якія маглі б адчуваць сябе ў абсалютнай бяспецы».

Дзяржсакратар Савета Бяспекі падкрэсліў, што на стратэгічным узроўні адбываецца гібрыдызацыя ваенных канфліктаў з інтэнсіўным выкарыстаннем інфармацыйнага проціборства і псіхалагічных метадаў, штучнага інтэлекту, квантавых тэхналогій умяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў, правакаванне ўзброеных канфліктаў на падставе дэмакратызацыі і барацьбы за правы чалавека. «Усё большую актуальнасць набывае ядзерны і біялагічны парадак дня, — канстатаваў ён. — Назіраецца актывізацыя мерапрыемстваў па падтрыманні пастаяннай баявой гатоўнасці стратэгічных наступальных сіл. Сродкі масавай інфармацыі рэгулярна ўзнімаюць тэмы аб стварэнні біялагічнай зброі».

Дзяржсакратар Савета бяспекі звярнуў увагу, што новае ўспрыманне набылі праблемы забеспячэння інфармацыйнай і асабліва кібербяспекі. Штогод фіксуюцца мільёны кібератак звонку на крытычную інфраструктуру, інфармацыйныя рэсурсы розных краін. «Шырокае распаўсюджванне набывае праблематыка прымянення беспілотных апаратаў і комплексаў: не толькі ў грамадзянскіх, але, на жаль, і ў ваенных мэтах, — дадаў Аляксандр Вальфовіч. — Пошук шляхоў для прадухілення іх выкарыстання тэрарыстамі становіцца ўсё больш актуальным пытаннем для спецыяльных службаў».

Па словах Аляксандра Вальфовіча, акрамя эканамічных санкцый, для націску на суверэнныя дзяржавы прымяняюцца інструменты для развязвання навукова-тэхналагічных і прамысловых канфліктаў. Ён заўважыў, што нацыянальныя інтарэсы шэрагу краін сёння пераважаюць над міжнароднымі, абазначаючы пачатак новай эпохі міждзяржаўных узаемаадносін. Аляксандр Вальфовіч засяродзіў увагу на тым, што ўсё больш важнае значэнне для кожнай дзяржавы набывае і дэмаграфічная ўстойлівасць, абарона навакольнага асяроддзя, а таксама развіццё сацыяльнай сферы. «Адказныя адносіны да вырашэння гэтых пытанняў забяспечаць не толькі выжывальнасць любой нацыі, але і дадуць магчымасць думаць і дзейнічаць у інтарэсах будучых пакаленняў», — падкрэсліў ён.

 

Дзяржсакратар Савета Бяспекі нагадаў, што абазначаныя сферы нацыянальнай бяспекі знайшлі адлюстраванне ў новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі нашай краіны, распрацаванай для процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам, а таксама паспяховай абароны беларускай дзяржаўнасці. «Гэта новая старонка нашага развіцця, наша рэакцыя на змяненне абстаноўкі і погляд на перспектыву, — рэзюмаваў Аляксандр Вальфовіч. — Менавіта гэтыя сферы ўзяты за аснову тэматычных раздзелаў выставы».

Як звярнуў увагу на адкрыцці выставы першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, цяжка пераацаніць значэнне мерапрыемстваў, падобных да гэтага. «З моманту заканчэння Другой сусветнай вайны, мабыць, ніколі яшчэ сістэма міжнароднай бяспекі і стабільнасці не знаходзілася ў такім глыбокім крызісе, — перакананы ён. — Яшчэ ніколі не аблытваў планету такі клубок супярэчнасцяў: эканамічных, сацыяльных, культурных, этнічных».

Па словах Максіма Рыжанкова, краіны Захаду спрабуюць выкарыстоўваць гэтыя вострыя супярэчнасці супраць Беларусі, Расіі, Кітая, Ірана і іншых краін, якія праводзяць незалежную палітыку і жадаюць захавання міру: «Вядома, мы павінны мець магчымасць, жаданне, усе даступныя сродкі, каб правільна ацэньваць абстаноўку, прымаць правільныя рашэнні і даваць адэкватны адказ — найлепш, вядома, мірны — на ўсе выклікі сучаснасці, з якімі мы сутыкаемся».

 

 

 

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.