Вы тут

Стасся Корсак: Заставайцеся індывідуальнымі


Стасся Корсак — юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. Мае за плячыма ўдзел у беларускіх і міжнародных прэстыжных конкурсах, вопыт маштабных канцэртных выступленняў. Сёлета яна трапіла ў фінал нацыянальнага адбору на «Славянскі базар у Віцебску», выступала на Рэспубліканскім апошнім званку, на адкрыцці трэцяга працоўнага семестра, на фестывалі BELBET FEST... Але працягвае разам са сваёй камандай радаваць і прыемна здзіўляць аўдыторыю творчымі эксперыментамі. Зусім нядаўна яе песня «Летуценні» задавала рытм эфірам тэлеканалаў і нават трапіла ў плэй-ліст касманаўтаў, а цяпер мы чакаем ад спявачкі летні трэк у зусім іншай стылістыцы, і гэта толькі пачатак. Сустрэліся са Стассяй, каб распытаць пра музыку, сям’ю і ўсё, што дазваляе ёй расці і развівацца.


— Стасся, заўтра ў вас прэм’ера новай кампазіцыі #ВрумНаСтриме. Як яна нарадзілася і што чакае слухачоў?

— Думаю, нам усім варта чакаць чагосьці прыгожага. Аўтар музыкі — саўнд-прадзюсар шоу «Фактар.by» Мікалай Сосін, тэкст напісала ўдзельніца праекта Алена Тоўсцік. Ствараючы гэтую кампазіцыю, мая каманда арыентавалася на тое, каб яна падыходзіла пад мой новы вобраз і была мне па душы. Раней я такіх яркіх, узрыўных кампазіцый яшчэ не запісвала. Таму гэтым разам буду гучаць па-новаму на ўсіх канцэртных пляцоўках. Пазней мы таксама плануем зняць на гэтую песню кліп, але пакуль што толькі распрацоўваем яго канцэпцыю і шукаем лакацыі для здымак.

— Якую музыку вам падабаецца слухаць, каб адпачываць і зараджацца?

— Я меламан, таму слухаю музыку самых розных стыляў і кірункаў. У плэй-лісце можа апынуцца і хэві-метал, і штосьці з класічных твораў. Безумоўна, вырашальную ролю ў выбары аказвае мой настрой, таму нават на працягу дня магу праслухаць мноства розных кампазіцый. Аднак незалежна ад стылю мне важна, каб песня была змястоўнай. Таксама мяне проста да мурашоў працінае, калі ў кампазіцыі гучаць шмат розных інструментаў, ёсць насычаная аранжыроўка.

— Але сёння ў музычнай прасторы сярод маладых артыстаў хапае прыкладаў, калі ўсё, лічы, на адзін матыў. Як ставіцеся да сітуацыі, што інтэрнэт дае магчымасць кожнаму заявіць пра сябе?

— З аднаго боку, гэта добрая пляцоўка, дзе можна прасоўваць сябе, прэзентаваць сваю творчасць. Аднак многім здаецца, што можна проста паспяваць першае, што трапілася, і ўсё — ты станеш папулярным. І ёсць сярод слухачоў тыя, хто думае: калі яны будуць слухаць музыку малавядомага гурта, то таксама стануць адметнымі. Толькі мне здаецца, што ўсё гэта наўрад ці спрацоўвае. І я шчыра не разумею людзей, якія робяць няякасную музыку.

А калі ж сустракаю там па-сапраўднаму таленавітых, яркіх асоб, то мне прыемна за імі назіраць, радуюся іх поспеху, імкнуся іх па магчымасці падтрымаць рэпостам, распавядаючы пра таленты людзей іншым.

— Вы таксама досыць актыўна распавядаеце пра сябе ў сацсетках. Напрыклад, у вас там апублікавана кранальнае відэа з адной з вашых настаўніц з гімназіі. Скажыце, ці шмат у вашым жыцці такіх педагогаў?

— Алена Рышардаўна — мая першая настаўніца. Яна са мной была ўсю пачатковую школу, стаўшы для мяне, лічыце, родным чалавекам. Яна мне і маім аднакласнікам падарыла незабыўнае дзяцінства, многаму нас навучыла. І калі бачыш, як наша настаўніца перажывае за кожнага свайго вучня, то гэта дарагога варта. На шасце, мне шанцуе па жыцці менавіта на такіх настаўнікаў.

— Як ваша сям’я ставіцца да таго, што вы абралі творчы шлях?

— Станоўча. Мае родныя падтрымліваюць мяне ў выбары. У мяне ёсць яшчэ старэйшыя брат і сястра, якія жывуць у іншых гарадах. І вось брат таксама працуе дыджэем. Музыкантам быў і мой дзядуля па лініі маці. Таму музыка заўсёды была і ёсць у нашай сям’і, хаця там у асноўным усё ж людзі спорту. Можна сказаць, я расла ў спартыўна-творчай атмасферы.

— З чыёй падачы вы пачалі займацца музыкай?

— Калі я была маленькай, то мае бацькі пэўны час шукалі, якія таленты мае іх дачка. Я хадзіла на тэніс, на плаванне, на гімнастыку, грала на фартэпіяна, спявала, наведвала мастацкую школу і займалася ў мадэльным агенцтве. Але ў выніку ўсё ж выбрала спевы. Плюс да ўсяго я ў дзяцінстве вельмі гучна гаварыла і ніхто не мог мяне супакоіць, таму родзічы і знаёмыя маіх бацькоў часта гаварылі «Будзе спявачкай!». Так і склалася. Думаю, што і пасля заканчэння школы буду працягваць ісці па абраным шляху і мая прафесія абавязкова будзе мець дачыненне да чагосьці творчага.

— Як артыст вы верыце ў нейкія прыкметы?

— У маленстве перад кожным сваім выхадам на сцэну я заўсёды моцна трымала маці за руку і толькі так магла супакоіцца. Цяпер такога ўжо няма. Я самастойна за кулісамі настройваюся на выступленне. Ведаю, што многія адчуваюць страх, што нешта можа пайсці не так. Я яго найбольш востра адчувала ў 2019 годзе, калі ўдзельнічала ў конкурсе ў Сан-Рэма (заняла 2-е месца. — Аўт.) і выступала з аркестрам.

Там да выхаду на сцэну незразумела было, куды ісці, ніхто нічога дакладна не патлумачыў. Але ўжо літаральна перад выступленнем увесь страх некуды знік. Таму цяпер я разумею, што не трэба баяцца, варта проста пражываць свой вопыт. Сапраўдны артыст павінен працягваць працаваць у любых абставінах, нібы нічога не здарылася.

— А раскажыце, як сёння працуеце над сваім майстэрствам?

— Я займаюся з педагогамі ў прадзюсарскім цэнтры «СПАМАШ». Там мы вывучаем этыкет, займаемся харэаграфіяй, вакалам. Працуем і над сцэнічнай мовай, бо гэта важны складнік прафесіяналізму артыста. І ўсё ў комплексе дапамагае развівацца і расці творча. Дадаткова я бяру ўрокі вакалу ў Грэга Энрыкеса, выдатнага майстра, які працаваў з Селін Дыён, Брытні Спірс. Лічу, што сапраўднаму артысту важна рознабакова развівацца.

— З улікам шчыльнага графіку заняткаў, выступленняў ці застаецца час на штосьці яшчэ?

— Вольны час люблю бавіць у кампаніі сяброў альбо ў сямейным коле. Звычайна ўсе занятыя мноствам спраў, таму абавязкова стараемся знаходзіць магчымасць, каб пабыць разам.

— Нядаўна ў вас была вялікая вандроўка па Азіі. Што больш за ўсё ўразіла?

— Увогуле, адчуванне ад усёй паездкі — нібы я была ў сне. Я ўпершыню наведала многія краіны і проста ў захапленні ад убачанага там, пачынаючы ад кухні і заканчваючы ладам жыцця мясцовых жыхароў. Але найбольш уразіў канцэрт Бруна Марса ў Сінгапуры, бо ўпершыню я была на мерапрыемстве такога маштабу. Канцэрт праходзіў на стадыёне, які ўмяшчае сотні тысяч людзей. І гэта проста незабыўны вопыт для мяне як для артысткі. Тое, як Бруна рухаецца, як узаемадзейнічае з публікай... Можна сказаць, я проста канспектавала яго шоу.

— Якой бачыце ў перспектыве сваю творчасць?

— Мне хочацца ствараць музыку, якая будзе дарыць людзям станоўчыя эмоцыі. Я выконвала блюз, джаз, спявала оперу, народныя песні, але танцавальная музыка мне ўсё ж больш блізкая. Мне падабаецца «запальваць» сцэну, кантактаваць з публікай...

— Цяпер у вас новы яркі вобраз. Ці адразу звыклі да сваёй выявы ў люстэрку і калі вас аб’яўляюць пад псеўданімам?

— Мая сапраўдная фамілія Лупіна, што ў перакладзе — «воўк». А Корсак перакладаецца як «лісіца». І гэта дзявочае прозвішча маёй бабулі. Стассяй мяне называюць бацькі і блізкія сябры, таму псеўданім мне, можна сказаць, звыклы. І руды колер валасоў выдатна пасуе да майго новага вобраза. Люблю эксперыментаваць і шукаць тое, што дазваляе адчуваць сябе ўпэўненай.

— Як лічыце, што важна помніць, каб, эксперыментуючы, не страціць сябе?

— Заставайцеся індывідуальнымі. Не звяртайце ўвагі, калі некаму вы не падабаецеся. Так, вас могуць крытыкаваць, але як гэта ўспрымаць — вырашаеце вы. Калі прымаць усё блізка да сэрца, то ёсць рызыка стаць няўпэўненай, здабыць сабе розныя хваробы. Таму слухайце толькі свой унутраны голас і разлічвайце найперш толькі на свае сілы!

Алена ДРАПКО

Фота прадастаўлена Прадзюсарскім цэнтрам «СПАМАШ»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Здароўе

Як перажыць спякоту

Як перажыць спякоту

Дзевяць важных правіл.