Вы тут

Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько


Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько. Прэзідэнт адзначыў, што выпадковасці ў тым, што ён не запрашаў старшыню Федэрацыі прафсаюзаў у перыяд пасля выбрання, няма. «Я хацеў, каб вы ўвайшлі ў курс справы і, перш чым мы маглі сустрэцца, маглі разабрацца ва ўсіх дэталях, нюансах і працэсах, якія адбываюцца ў нашых прафсаюзах, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Не трэба нікому нагадваць, што гэта — найвялікшая «партыя», можна сказаць так. Гэта дзяржаўныя людзі, патрыятычныя людзі з сваёй пераважнай большасці. Але як унутры прафсаюзнай арганізацыі, так і з боку насельніцтва ёсць нямала прэтэнзій да прафсаюзаў. То недзе там малаактыўныя, то забюракратызаваліся, то не аказалі дапамогу і падтрымку і іншае».


Фота БелТА

Прэзідэнт адзначыў: «Гэта натуральна, такая велізарная арганізацыя, але імкнуцца трэба да лепшага. Трэба рабіць так, каб гэтай бюракратыі і іншага было менш, бо гэта народная «партыя», народныя прафсаюзы». 

Перш за ўсё з гэтага пункту гледжання Аляксандра Лукашэнку цікавіць сітуацыя, якую новы старшыня Федэрацыі прафсаюзаў ўбачыў, прыйшоўшы ў арганізацыю. «Што новага, якія асноўныя вашы планы і дзеянні кіраўніцтва перш за ўсё, дзеянні па нармалізацыі сітуацыі па асобных кірунках», — канкрэтызаваў ён.

Кіраўнік дзяржавы папрасіў прафсаюзы падключыцца да ўборачнай кампаніі. «Уборачная кампанія практычна пачалася, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Я сёння слухаў даклад губернатара Брэсцкай вобласці. Выбарачна ён ужо пачаў убіраць азімы ячмень. Заўсёды прафсаюзы падключаліся да гэтага працэсу, аказвалі адпаведную дапамогу і падтрымку. Я б папрасіў вас, каб гэта была перш за ўсё дапамога, падтрымка і ўдзел прафсаюзаў у гэтай рабоце, а не нейкія кантрольна-назіральныя функцыі. Кантралёраў у нас хапае. А прафсаюзы, наколькі я памятаю сваю работу, асабліва ў сельскай гаспадарцы, заўсёды былі ў мяне правай рукой. І мы разам арганізоўвалі і харчаванне, і абслугоўванне, асабліва механізатараў, у перыяд уборачнай кампаніі. Ну і кантроль за выплатай заработнай платы, каб людзі менш скардзіліся на кіраўніцтва».

Прэзідэнт пацікавіўся, ці ёсць у Юрыя Сянько да яго пытанні, магчыма, у пэўныя працэсы трэба падключыцца і кіраўніку дзяржавы для аказання дапамогі і падтрымкі прафсаюзнаму руху. 

Карыстаючыся магчымасцю, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі выказаў Прэзідэнту ўдзячнасць за той унікальны вопыт, які ён атрымаў падчас сваёй дыпламатычнай работы ў Кітаі. «Тры гады не прайшлі безмэтава, — адзначыў ён. — Я наведаў 30 правінцый з 32, ведаю сітуацыю. Усюды нас у Кітаі ведаюць, чуюць, разумеюць, шануюць наша сяброўства, нашы адносіны. Перакананы, што гэтае моцнае сяброўства, якое склалася, надоўга захаваецца і будзе даваць свае вынікі». 

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што, нягледзячы на новыя паўнамоцтвы Юрыя Сянько, яго будуць запрашаць у якасці эксперта не толькі ў адносінах з Кітайскай Народнай Рэспублікай, а і працэсаў, якія адбываюцца ў Мытным камітэце, які ён у свой час узначальваў. «Ты доўга працаваў там, і нам твой свежы погляд, незалежны, альтэрнатыўны нават можа быць, заўсёды патрэбен будзе ў тым ці іншым аспекце, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Мне вельмі важны ваш вопыт кітайскі. Часам прафсаюзы адарваныя ад жыцця і пачынаюць: гэта трэба, тое трэба. Я заўсёды падтрымліваю працоўных, гэта сапраўды правільна, але для таго, каб нечага патрабаваць, трэба працаваць. І вы бачылі, як працуюць кітайцы. Вядома, нашы не працуюць так і працаваць, напэўна, не будуць. Але калі б мы блізка былі да работы і аб’ёмаў, якія выконваюць кітайскія працоўныя, думаю, у некалькі разоў былі б багацейшымі. Таму вопыт гэты вельмі важны для самога прафсаюзнага кіраўніка». 

У тэму

Як адзначыў у размове з журналістамі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый СЯНЬКО, даклад Прэзідэнту прайшоў коратка, у адпаведнасці з тымі пытаннямі, якія ставіў кіраўнік дзяржавы. «Вядома, у пачатку я праінфармаваў кіраўніка нашай краіны аб тых выніках, магчымасцях Федэрацыі прафсаюзаў як нацыянальнага прафесійнага цэнтра нашай краіны, і тых напрацоўках, якія на сёння ёсць, — канкрэтызаваў ён. — Інфармацыя пастаянна мяняецца з пункту гледжання тых задач, якія сёння ў цэлым стаяць перад краінай і, у прыватнасці, Федэрацыяй прафсаюзаў. Было коратка паведамлена аб тым, што наш прафцэнтр сёння складаецца з 15 галіновых прафсаюзаў,найбуйнейшым з якіх з’яўляецца прафсаюз Міністэрства сельскай гаспадаркі, які аб’ядноўвае 400 тысяч чалавек. Гэта дазваляе выкрашталізаваць праблемы, пытанні, якія з’яўляюцца ў калектывах, зрабіць гэта своечасова, падняць на адпаведны ўзровень і пачаць іх вырашаць».

Юрый Сянько адзначыў сістэму Беларусі, калі ўрад, прафсаюзы і наймальнікі збіраюцца за адным круглым сталом і вырашаюць праблемы. «І вырашаюць іх якасна, разумеючы, што гэтыя пытанні хвалююць людзей, — падкрэсліў кіраўнік ФПБ. — А калі прафсаюз вялікі (сёння ў краіне практычна чатыры мільёны членаў прафсаюза), значыць іх трэба вырашаць, гэта непакоіць грамадства. І мы іх вырашаем».

Па словах Юрыя Сянько, у краіне дзейнічае звыш 24 тысячы прафсаюзных арганізацый, практычна 18 тысяч калектыўных дагавораў, у якіх зафіксаваны шэраг нормаў, якіх нават няма ў заканадаўстве. «Маюцца на ўвазе звышльготы, нормы, умовы, якія прадугледжаны Працоўным кодэксам, іншымі нарматыўнымі актамі, — патлумачыў ён. — У нас прадугледжаны пэўныя ўмовы для таго, каб супрацоўнік мог якасна працаваць у сваёй арганізацыі і выконваць задачы».

Акрамя таго, кіраўнік нашай краіны быў праінфармаваны аб іншых кірунках, звязаных з аздараўленнем, санаторна-курортным лячэннем.

Па словах старшыні Федэрацыі прафсаюзаў, у краіне дзейнічаюць 12 прафсаюзных санаторыяў, якія могуць адначасова прыняць 4,5 тысячы працоўных на адпачынак, шэсць гасцініц, шэсць турыстычных баз і 68 спартыўных школ, прызначаных для дзяцей, якія не ўяўляюць яшчэ інтарэсу для вялікага спорту. «Але дзякуючы трэніроўкам, заняткам, якія яны праводзяць у нашых прафсаюзных школах, яны ўжо падаюць пэўныя надзеі для вялікага спорту, — заўважыў Юрый Сянько. — Такім чынам, мы рыхтуем кадры для Міністэрства спорту, Нацыянальнага алімпійскага камітэта».

Сярод асноўных задач, якія стаяць перад прафсаюзамі, кіраўнік ФПБ назваў працяг работы з прафсаюзнымі ячэйкамі, працоўнымі калектывамі, своечасовае вывучэнне пытанняў, якія сёння непакояць калектывы, унясенне прапаноў па іх вырашэнні. Адно з пытанняў, якое датычыцца працаўладкавання людзей, што выйшлі на пенсію, Прэзідэнт даручыў вырашыць у трэцім квартале года.

«Чалавек, які выйшаў на пенсію, атрымлівае каэфіцыент 1,45, а па заканадаўстве ён можа атрымліваць, працягваючы працаваць, не больш за 1,3, гэтую розніцу ён недаатрымлівае, — патлумачыў праблему Юрый Сянько, дадаўшы, што выключэнне складаюць работнікі сельскай гаспадаркі. — Таму была пастаўлена задача — унесці нарматыўны акт, які будзе дазваляць пенсіянерам працаваць і далей. Гэта будзе важны элемент, калі чалавек, які ўжо мае цудоўны вопыт работы, з’яўляецца добрым спецыялістам, але разам з тым ён яшчэ мае шмат сіл і жадання працаваць, можа яшчэ многія гады якасна выконваць задачы, пры гэтым захаваць напрацаваны каэфіцыент. І заробак будзе вельмі добрым стымулам для працягвання работы ў тых кірунках, дзе мы бачым неабходным захаваць працуючых пенсіянераў». 

Таксама кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача працягваць узаемадзеянне з Міжнароднай арганізацыяй працы, асабліва ў частцы абароны нашых працоўных на міжнароднай арэне. Кажучы аб даручэнні Прэзідэнта падключацца да ўборачнай кампаніі, Юрый Сянько паведаміў, што прадстаўнікі прафсаюзаў пастаянна прысутнічаюць, працуюць на сельгаспляцоўках, якія знаходзяцца пад вялікай увагай з боку дзяржавы ў перыяд уборачнай кампаніі. «Наша задача — кантроль вытворчага траўматызму, наяўнасць сродкаў індывідуальнай аховы, — канкрэтызаваў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў. — На жаль, меў месца нядаўна факт гібелі супрацоўніка аднаго з прадпрыемстваў. Менавіта па прычыне таго, што былі няякасныя сродкі індывідуальнай аховы. Тут мы павінны зрабіць дакладныя і жорсткія высновы ў адносінах да працягу работы кантролю над гэтай сітуацыяй. Прафсаюзы будуць пастаянна кантраляваць гэтае пытанне». 

Таксама ў кабінеце Прэзідэнта закраналася пытанне кантролю прафсаюзаў за цэнаўтварэннем. Пастаўлена канкрэтная задача — знайсці прафсаюзам тое месца, на якім яны будуць дапаўняць работу ўрада, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, губернатараў, але ні ў якім разе не перашкаджаць ім.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.