Вы тут

У Авальнай зале адбылося пасяджэнне першай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання


Падчас сесіі дэпутаты разгледзелі шырокі спектр законапраектаў: ад зацвярджэння справаздач аб выкананні бюджэтаў да ратыфікацыі міжнародных пагадненняў. Па кожным з пытанняў былі заслуханы даклады кіраўнікоў і прадстаўнікоў зацікаўленых ведамстваў, прадстаўнікоў профільных камісій Палаты прадстаўнікоў, а пры неабходнасці і кантрольных (наглядных) органаў. Абмеркаванні праектаў законаў праходзілі ў дзелавым, канструктыўным рэчышчы — менавіта на такі фармат работы нацэліў удзельнікаў пасяджэння Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка.


Фота БелТА
Бюджэтная сфера

У гэтым блоку дэпутаты прынялі два праекты законаў: «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь за 2023 год» і «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за 2023 год».

Па першым законапраекце з дакладам выступіла міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка. Яна праінфармавала, што бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2023 год быў зацверджаны адпаведным законам па даходах у суме 25 221,6 млн рублёў, па расходах — 24 685,1 млн рублёў з перавышэннем даходаў над расходамі за кошт сродкаў прафесійнага пенсіённага страхавання ў суме 536,5 млн рублёў. Падчас выканання бюджэту яго паказчыкі былі ўдакладнены ўказам Прэзідэнта, і ў выніку змяненняў даходы бюджэту фонду зменшаны на 241 млн рублёў, а расходы — на 618,3 млн рублёў. Перавышэнне даходаў над расходамі павялічылася на 377,3 млн рублёў. Фактычна даходы бюджэту фонду за 2023 год склалі 25 337,6 млн рублёў — гэта на 16,1% больш, чым у 2022 годзе.

Міністр адзначыла, што бюджэт фонду ў мінулым годзе быў збалансаваны і выкананы з прафіцытам у суме 1 290,1 млн рублёў: прафіцыт па сродках дзяржаўнага сацыяльнага страхавання склаў 823 млн рублёў, а па сродках прафесійнага пенсіённага страхавання — 467,1 млн рублёў. Асноўнай крыніцай даходаў міністр назвала ўзносы на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, якія склалі 92,5% ад агульнай лічбы даходаў. За мінулы год у бюджэт фонду паступіла 23 190 млн рублёў абавязковых страхавых узносаў і 236,7 млн рублёў узносаў на прафесійнае пенсіённае страхаванне. Непадатковыя даходы бюджэту фонду склалі 446,4 млн рублёў. Паступленні з рэспубліканскага бюджэту склалі 1 464,5 млн рублёў.

Гаворачы пра расходную частку бюджэту фонду — 24 047,5 млн рублёў, Наталля Паўлючэнка зазначыла, што найбольшую ўдзельную вагу ў расходах бюджэту фонду складаюць расходы на выплату пенсій (79,3 працэнта) і дапамог (19,4 працэнта). У мінулым годзе пераразлік працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы праводзіўся двойчы: з 1 мая — на 5 працэнтаў і з 1 верасня — яшчэ на 5 працэнтаў. Акрамя таго, на расходы паўплывала і тое, што ў сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва чатыры разы (у лютым, маі, жніўні і лістападзе) павышаліся мінімальныя працоўныя пенсіі, сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні да іх, а таксама даплаты пенсіянерам, старэйшым за 75 гадоў.

Міністр падкрэсліла, што фінансаванне ўсіх вызначаных заканадаўствам расходаў за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання летась забяспечана своечасова і ў поўным аб’ёме. Такім чынам, за мінулы год бюджэт фонду выкананы па даходах у суме 25 337,6 млн рублёў і па расходах у суме 24 047,5 млн рублёў, з перавышэннем даходаў над расходамі ў памеры 1 290,1 млн рублёў.

Каментуючы законапраект, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Святлана Барташ звярнула ўвагу на тое, што чалавек у нашай краіне заўсёды пад сацыяльнай абаронай дзяржавы і сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва дастаткова. Яна таксама адзначыла, што ўсе гэтыя сродкі выкарыстоўваюцца выключна па мэтавым прызначэнні, адзначыўшы пры гэтым эфектыўнасць створанай у краіне гнуткай сістэмы фарміравання даходаў фонду сацабароны.

Па праекце Закона «Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за 2023 год» з інфармацыяй выступіў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў. Ён зазначыў, што выкананне рэспубліканскага бюджэту ў 2023 годзе ажыццяўлялася ва ўмовах нестабільнай знешнеэканамічнай кан’юнктуры, закрыцця шэрагу традыцыйных рынкаў збыту, блакіроўкі таварных патокаў. Асноўнымі задачамі ў галіне палітыкі расходаў у мінулым годзе ён адзначыў захаванне дасягнутага якаснага ўзроўню сацыяльных паслуг і гарантый, павышэнне ўстойлівасці і канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі, гарантаванае выкананне фінансавых абавязацельстваў бюджэту перад знешнімі і ўнутранымі крэдыторамі.

Законам «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2023 год» па расходах рэспубліканскі бюджэт, зыходзячы з прагназаванага аб’ёму даходаў 33 362,4 млн рублёў, быў зацверджаны ў суме 36 536,2 млн рублёў (з дэфіцытам у памеры 173,8 млн рублёў). З улікам унесеных змяненняў удакладненыя паказчыкі рэспубліканскага бюджэту склалі: па расходах — 38 685,4 млн рублёў, даходах — 39 401,3 млн рублёў, прафіцыт бюджэту — 715,9 млн рублёў.

За 2023 год у рэспубліканскі бюджэт паступіла даходаў на суму 39 585,2 млн рублёў, або 100,5% удакладненага гадавога плана. Даходы рэспубліканскага бюджэту ў мінулым годзе фарміраваліся за кошт падатковых і непадатковых даходаў, бязвыплатных паступленняў. Найбольшую ўдзельную вагу ў агульнай суме даходаў, якія фактычна паступілі, займаюць падатковыя даходы. Так, падатак на прыбытак склаў 1 309,5 млн рублёў (97,4% удакладненага гадавога плана), падатак на дабаўленую вартасць — 14 262,5 млн рублёў (99,7% ўдакладненага гадавога плана). Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці склалі 6722,1 млн рублёў — 101,7% удакладненага гадавога плана.

Расходная частка рэспубліканскага бюджэту за 2023 год сфарміравалася ў памеры 38 026,4 млн рублёў, што склала 98,3% удакладненага гадавога плана. Міністр падрабязна спыніўся на артыкулах расходаў і адзначыў, што нашай краінай пералічаны долевы ўзнос у бюджэт Саюзнай дзяржавы, што дало магчымасць рэалізоўваць саюзныя праграмы і мерапрыемствы.

У частцы захавання сацыяльных гарантый сфарміраваны сямейны капітал у памеры 344,9 млн рублёў, забяспечаны выплаты заработнай платы, пенсій, стыпендый, дапамог. Выдаткаваны сродкі на выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў.

Рэзюмуючы, Юрый Селіверстаў зазначыў, што ўдакладнены план па даходах рэспубліканскага бюджэту за 2023 год выкананы на 100,5%, па расходах — на 98,3%. Дэфіцыт бюджэту склаў 1 558,8 млн рублёў, або 0,7% да ВУП.

Старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Васіль Панасюк падкрэсліў, што прыярытэтнымі напрамкамі расходнай часткі бюджэту былі сацыяльная абароненасць грамадзян і павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. Таксама сярод першачарговых кірункаў — заработная плата работнікаў бюджэтнай сферы, аказанне дапамогі маладым сем’ям і падтрымка рэальнага сектара эканомікі, што сведчыць аб сапраўды сацыяльнай накіраванасці рэспубліканскага бюджэту згодна з сацыяльнай палітыкай нашай краіны.

Грамадства і сацыяльная абарона

Шэраг законапраектаў, прынятых на сесіі, накіраваны на ўдасканаленне механізмаў сацыяльнай абароны насельніцтва і рэгуляванне пэўных сфер грамадскіх адносін. Так, напрыклад, праектам Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» замацоўваюцца прававыя нормы, накіраваныя на павелічэнне мінімальнага памеру дапамогі па цяжарнасці і родах, а таксама дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці. У прыватнасці, прадугледжана павелічэнне дапамог па цяжарнасці і родах жанчынам — маладым спецыялістам, навучэнкам і студэнткам, жанчынам, зарэгістраваным у якасці беспрацоўных да заканчэння 6 месяцаў пасля звальнення (завяршэння службы, навучання). Акрамя таго, законапраект павышае ўзровень сацыяльнай абароненасці сем’яў, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, у тым ліку і пасля дасягнення імі 18-гадовага ўзросту.

Міжнародныя адносіны

Ратыфікаваныя дэпутатамі міжнародныя пагадненні ўдасканальваюць міжнародныя стасункі ў самых розных галінах: ад забеспячэння паралельнай работы аб’яднанай энергасістэмы Беларусі і Адзінай энергетычнай сістэмы Расіі да ўстанаўлення бязвізавага рэжыму паміж нашай краінай і В’етнамам. Шэраг дакументаў рэгламентуе знешнегандлёвую дзейнасць, а таксама мерапрыемствы, накіраваныя на эканамічную бяспеку краіну і ўдасканаленне парадку абмену персанальнымі данымі.

Уладзімір ВЯРЭНІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.