Вы тут

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?


Прынцыпы правядзення капітальнага рамонту выклікаюць у людзей шматлікія пытанні. Чаму адзін дом уваходзіць у праграму па капрамонце, а такі ж дом-«аднагодка» не трапляе ў гэты спіс? Які пералік работ па капрамонце? Як уплываць на якасць яго выканання? На пытанні адказалі эксперты.


Згодна з планам

Падставай для пастаноўкі дома на капітальны рамонт з’яўляецца яго тэхнічны стан. У Мінску цяпер рамантуюцца дамы 1970–1980 гадоў пабудовы, пры гэтым сёлета капітальны рамонт прыйшоў і ў дамы на праспекце Незалежнасці, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і пабудаваны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. У цэлым па краіне большасць жыллёвага фонду, які ўключаны ў праграму капітальнага рамонту, — 1970-х гадоў пабудовы, але ёсць і 1980-х, і 1950-х. Напрыклад, у Мінскай вобласці рамантуецца вялікая колькасць дамоў малапавярховай забудовы плошчай да 1 тысячы кв. м 1950–1960 гадоў пабудовы.

Як расказаў начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Мацюхоў, капітальны рамонт жыллёвага фонду ажыццяўляецца згодна з падпраграмай «Рамонт жылля» дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе 2021–2025», у адпаведнасці з якой неабходна штогод капітальна рамантаваць 3% ад жыллёвага фонду, які эксплуатуецца.

— Трэба адзначыць, што летась дасягнуты самы высокі ўзровень рэалізацыі задачы: уведзена ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту 3,4 мільёна кв. м, што склала 2,9% ад жыллёвага фонду, — адзначыў прадстаўнік міністэрства.

Сёлета ў краіне плануецца ўвесці пасля капрамонту 3,6 мільёна кв. м жылля. Па выніках работы за студзень — май ужо ўведзена 428,1 тысяч кв. м, што складае 11,7% ад гадавога задання. Вядуцца работы на аб’ектах капітальнага рамонту агульнай плошчай 2,2 мільёна кв. м. Па выніках работы ў першым паўгоддзі чакаецца ўвод у эксплуатацыю каля 1 мільёна кв. м.

Комплексны падыход

У сёлетнім плане капітальнага рамонту ў сталіцы 208 жылых дамоў (а гэта 1 мільён 80 кв. м). Як паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Вячаслаў Батура, на сёння работы вядуцца амаль на ўсіх аб’ектах. У ролі падрадчыкаў у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам летась і сёлета выступаюць дзяржаўныя арганізацыі. Ужо ўведзена пасля капітальнага рамонту 98 тысяч кв. м. За першае паўгоддзе плануецца здаць 257,4 тысячы кв. м, і гэта будзе зроблена, бо па шэрагу аб’ектаў завершаны будаўніча-мантажныя работы, і яны знаходзяцца ў стадыі здачы.

— З мінулага года мы выкарыстоўваем комплексны падыход у правядзенні капітальнага рамонту — адначасова кварталаў ці забудовы жылых дамоў. На капітальны рамонт ставіцца некалькі блізка размешчаных дамоў, што дазволіла скараціць скаргі ад насельніцтва і транспартныя расходы, а таксама комплексна добраўпарадкаваць дваровую тэрыторыю пасля заканчэння рамонтных работ. На сёння ў Мінску пад комплексны падыход трапляе каля 700 тысяч кв. м, гэта каля 150 жылых дамоў, — расказаў Вячаслаў Батура, падкрэсліўшы, што падставай для пастаноўкі дома на капітальны рамонт з’яўляецца яго тэхнічны стан.

Сёлета ў сталіцы рамантуецца шэраг дамоў, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць, большасць з іх размешчана на праспекце Незалежнасці, а таксама на вуліцы Камуністычнай. Тут шмат сваіх нюансаў.

— Калі летась быў адзін аб’ект гісторыка-культурнай каштоўнасці, то сёлета іх — 10. Яны знаходзяцца на кантролі ў Міністэрстве культуры. Работы даражэйшыя, бо там прымяняюцца рэстаўрацыйныя расцэнкі, спецыяльныя матэрыялы, якія могуць выкарыстоўвацца на такіх жылых дамах. Да падаражання вядуць работы па фасадзе, балконах, часткова — па даху. У прыватнасці, работы на фасадзе ў параўнанні са звычайным домам даражэйшыя ў 2-2,5 раза, — патлумачыў Вячаслаў Батура.

Прэтэнзіі да жыльцоў і ад жыльцоў

Нярэдка абцяжарваюць і падаўжаюць выкананне работ самі жыльцы, у прыватнасці, тым, што адмаўляюцца даць доступ у кватэры.

— Шмат пытанняў па доступе, калі жыльцы зрабілі рамонты, пазашывалі нішы, аднак пры капрамонце камунікацыі трэба памяняць у адпаведнасці з праектам. Калі часткова работы не будуць выкананы, аб’ект не будзе ва ўстаноўленым парадку ўведзены ў эксплуатацыю. Прыходзіцца звяртацца ў суд па атрыманне доступу на выкананне работ па замене інжынерных камунікацый. Каб пазбегнуць такіх сітуацый, стараемся з грамадзянамі акрамя сходаў дадаткова кантактаваць і даваць тлумачэнні ў вайбер-чатах. Іх абавязаны згодна з дагаворам заводзіць падрадныя арганізацыі па кожным доме. Там жыльцы задаюць пытанні, адразу атрымліваюць адказ ад падрадчыка, ЖКГ, што скарачае непатрэбную папяровую перапіску, — адзначыў Вячаслаў Батура.

Аднак нярэдкія прэтэнзіі і ад жыльцоў да выканаўцаў капітальнага рамонту. Яны датычацца і пераліку работ: тут жыльцам часта не падабаецца, што цяпер не мяняюць вокны ў кватэрах, не робяць рамонт пад’езда і г. д., як гэта было раней. Але трэба ўсведамляць, што спіс работ рэгламентаваны і з ім можна азнаёміцца загадзя. У ходзе капітальнага рамонту спецыялісты поўнасцю мяняюць дах, рамантуюць і афарбоўваюць фасад, у месцах агульнага карыстання ўсталёўваюць новыя вокны, электрашчыткі з заменай аўтаматаў, святлодыёдныя свяцільнікі, мяняюць электраправодку. У кватэрах выконваюць замену стаякоў халоднага і гарачага водазабеспячэння, водаадвядзення. Гэтак жа прэтэнзіі часта ўзнікаюць і да якасці саміх работ.

— Нашымі спецыялістамі выяўляецца да 10 тысяч дэфектаў за год на аб’ектах капітальнага рамонту. Лічба здаецца вялікай, але насамрэч улічваецца кожная трэшчына, адслаенне, няроўнасць. Што датычыцца структуры дэфектаў, то большая частка звязана з арганізацыяй будаўнічых і рамонтных работ. Падрадчык павінен арганізаваць кантроль якасці, і большасць недахопаў звязана якраз з парушэннем вытворчага кантролю якасці. Гэта або недастатковая колькасць вымяральных інструментаў, або ўвогуле адсутнасць кантролю з запісам у адпаведных журналах. З відаў работ большая частка дэфектаў — запаўненне аконных і дзвярных праёмаў і ажыццяўленне аўтарскага і тэхнічнага нагляду, — расказаў намеснік начальніка інспекцыі Дэпартамента кантролю якасці і нагляду за будаўніцтвам па г. Мінску Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Павел Драздоў.

Чаму тэрміны зацягваюцца?

Інспекцыя кантралюе і аб’екты звышнарматыўнага будаўніцтва — тыя, на якіх капітальны рамонт занадта зацягнуўся.

— Бываюць месяцы, калі такіх аб’ектаў 10%. Аднак удзельнікі будаўніцтва, заказчыкі, падрадчыкі прымаюць меры, і працэнт зніжаецца. Напрыклад, на пачатак мая было 38 аб’ектаў звышнарматыўнага будаўніцтва, на канец мая іх 35, на сёння — 30, — прыводзіць лічбы Павел Драздоў.

Аднак ёсць аб’екты, рамонт на якіх вядзецца непрыстойна доўга — з 2019–2020 гадоў. Іх у Мінску пяць. Як правіла, гэта дамы з доўгай, цяжкай гісторыяй будаўніцтва, у большасці выпадкаў на іх працавалі некампетэнтныя падрадчыкі, дзесьці патрабавалася карэкціроўка праектнай дакументацыі.

— На аб’ектах, дзе капітальны рамонт пачынаўся ў 2019–2020 гадах, як правіла, зніклі ці абанкруціліся падрадныя арганізацыі, пры гэтым недавыканалі работы. Даводзілася карэкціраваць праектную дакументацыю, шукаць іншыя падрадныя арганізацыі, кампенсаваць тыя грошы, якія былі патрачаны. Былі і судовыя разборы. Стаіць задача да 1 ліпеня разабрацца са старымі аб’ектамі і ўвесці іх у эксплуатацыю. У пяці дамах дарабляюцца работы, якія былі не завершаны нядобрасумленным падрадчыкам, — патлумачыў Вячаслаў Батура.

Ёсць і аб’ектыўныя прычыны, па якіх капітальны рамонт можа зацягнуцца.

Агульная праблема — не зусім якаснае перадпраектнае абследаванне. Дом абследуе праектная ці спецыялізаваная арганізацыя, вызначае дэфекты, закладвае іх у праект. І часта падчас вытворчасці работ пры ўскрыцці канструкцый аказваецца, што стан дома крыху не такі ці зусім не такі. Адпаведна неабходна дадатковае абследаванне, карэкціроўка праекта, як правіла, з праходжаннем экспертызы і перазацвярджэннем праекта. І гэта расцягвае тэрміны прыёмкі. Частка пытанняў са «звышнарматыўкай» звязана з гэтым, — дадаў Павел Драздоў, адзначыўшы, што ёсць і станоўчыя прыклады. Сярод іх — самы вялікі дом у сталіцы па адрасе Адзінцова 36, корпус 1, які мае 25 пад’ездаў. Ён быў здадзены ў межах нарматыўнага тэрміну, бо там было добрае праектнае абследаванне і адпаведна арганізавана выкананне работ.

Шмат пытанняў узнікае ў жыхароў дамоў таварыстваў уласнікаў. Згодна са змяненнямі ў заканадаўстве, з гэтага года сродкі на капрамонт яны абавязаны пералічваць на спецыяльныя рахункі. Як жа іх будуць уключаць у праграмы капітальнага рамонту?

— Дамы таварыства ўласнікаў нічым не адрозніваецца ад іншых жылых дамоў. Крытэрыем пастаноўкі такіх дамоў, якія знаходзяцца на самаабслугоўванні, як і астатніх жылых дамоў, з’яўляецца неабходнасць, іх тэхнічны стан. Калі будынак мае патрэбу, ён будзе ўключаны ў перспектыўную праграму капітальнага рамонту. Гэтыя функцыі ўскладзены на мясцовыя распарадчыя органы. Напрыклад, у Фрунзенскім раёне пры распрацоўцы праекта на капітальны рамонт жылыя дамы былі ў кіраванні ЖКГ, але выбралі іншую форму ўласнасці — у пачатку года сталі таварыствамі ўласнікаў. Нягледзячы на гэта, яны пастаўлены на капітальны рамонт, — адзначыў Вячаслаў Батура.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Права на капітальны рамонт

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.