Вы тут

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства


«Цягнік Памяці» — унікальны патрыятычны праект, створаны па ініцыятыве кіраўнікоў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі. Ад яго першага старту ў 2022 годзе стала зразумела: гэта павінна стаць і стане добрай традыцыяй. Так яно і адбылося. Летась у «Цягніку Памяці» ехалі ўжо маладыя людзі не толькі з Беларусі, Расіі, але і з Арменіі і Кыргызстана. Сёлета да патрыятычнага падарожжа далучацца юнакі і дзяўчаты з васьмі краін СНД. Пра гэта нядаўна на сумесным пасяджэнні расійскага і беларускага аргкамітэтаў паведаміў намеснік старшыні Савета Федэрацыі Канстанцін Касачоў.

А пакуль удзельнікі сёлетняга праекта рыхтуюцца ў дарогу (адправіцца цягнік з Брэста літаральна праз некалькі дзён), мы запісалі ўражанні беларускіх удзельнікаў праекта двух папярэдніх гадоў.


«Мы — апошняе пакаленне, якое сустракаецца з ветэранамі»

Дар’я Сытая, тады яшчэ вучаніца 10 класа Гродзенскай гарадской гімназіі № 10 імя Мітрапаліта Філарэта, у 2022 годзе ўвайшла ў склад удзельнікаў першага беларуска-расійскага праекта «Цягнік Памяці». Сёння яна ўжо студэнтка інжынерна-эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Аб тым, што Дар’ю вылучылі ў склад пасажыраў незвычайнага цягніка, яна даведалася яшчэ за год да праекта. Фактарамі для гэтага сталі добрая вучоба і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці гімназіі № 10. Школьніца неаднойчы брала ўдзел у гарадскіх і абласных алімпіядах па матэматыцы і гісторыі, з’яўлялася членам Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў, дзе займалася прафарыентацыйнай дзейнасцю для пачатковых і сярэдніх класаў.

— Пачалі мы наш рух у Брэсце. Вельмі захапіла атмасфера таго дня. Мы ўсе накіраваліся ў Брэсцкую крэпасць. Перад вачыма разгарнулася гераічная карціна. Рэканструкцыя абароны крэпасці паўстала перад нашымі вачыма быццам наяве. Мы нібыта апынуліся ў тых далёкіх і гераічных падзеях першага дня вайны. Мы бачылі выбухі, чулі стрэлы, было адчуванне жаху. Калі сядзелі з дзяўчатамі і сачылі за падзеямі, я бачыла, як гэта ўсіх зачапіла. Усе былі вельмі ўсхваляваны, — расказала суразмоўніца.

Таксама незабыўным момантам стала сустрэча ў Брэсце са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталляй Качанавай. Прагучала прапанова зрабіць гэты праект штогадовым, што, дарэчы, і адбылося.

Увесь маршрут быў складзены такім чынам, каб спалучыць гераічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і сучаснасць, паказаць удзельнікам праекта ваенныя мемарыялы і прыгожыя мірныя гарады. Напрыклад, у Дар’і быў гонар за яе родны Гродна, хараство якога высока ацанілі пасажыры цягніка. Сама дзяўчына ўбачыла яго і з іншага, гераічнага боку. Разам з усімі яна пабывала на знакавых мемарыялах, даведалася аб жахлівых падзеях акупацыі горада.

— Падчас падарожжа я змагла ўбачыць нашу Беларусь нібы ў двух вымярэннях. З аднаго боку, гэта прыгожая, чыстая, развітая краіна. І, з другога боку, Беларусь, якая перажыла нямала страт і разбурэнняў у гады вайны, — выказвае думкі дзяўчына. — Такія пачуцці ўзнікалі і пры руху па тэрыторыі Расіі. Пад Масквой мы наведалі музей Вялікай Айчыннай вайны. Мноства павільёнаў аформлена дыярамамі, якія дапамагалі паглыбіцца ў тыя суровыя часы. Выстаўка апісвае літаральна кожны дзень вайны. Усе пакоі адпавядаюць самым знакавым ваенным падзеям. Увогуле, патрыятычная тэма суправаджала нас у кожным горадзе. Нас сустракалі ветэраны, віталі, расказвалі аб тых ваенных падзеях, сведкамі і ўдзельнікамі якіх былі. У такія моманты разумееш, што мы апошняе пакаленне, якое можа даведацца аб жахах вайны з першых вуснаў, і гэта бясцэнна.

— Хачу сказаць, што цягнік стаў свайго роду пунктам адліку маёй свядомасці. Гэта нібы прыступка ў дарослае жыццё, — гаворыць Дар’я.

Дарэчы, праз месенджар яна даведалася, што ў суседнім інтэрнаце жыве дзяўчына, з якой яна ехала ў адным вагоне цягніка. Цяпер дзяўчаты перыядычна сустракаюцца. У ВНУ, дарэчы, вучацца яшчэ некалькі ўдзельніц першага праекта. З усімі Дар’я падтрымлівае добрыя адносіны, а пры сустрэчах яны абавязкова ўспамінаюць аб тых незабыўных маршрутах. Такім чынам, першы праект працягвае звязваць удзельнікаў і сёння.

«У кожнага ўдзельніка была свая вайна»

Сярод удзельнікаў праекта «Цягнік Памяці» ў мінулым годзе была навучэнка ліцэя Віцебскага дзяржуніверсітэта Юлія Сайко, пераможца рэспубліканскага конкурсу «Я патрыёт сваёй краіны».

Прадстаўніца Віцебшчыны ўспамінае, што старт беларуска-расійскага праекта быў дадзены 21 чэрвеня ў Брэсце. «Тут мы наведалі адно з самых запамінальных для мяне месцаў за ўвесь час паездкі — мемарыяльны комплекс „Брэсцкая крэпасць“. У Санкт-Пецярбургу мне больш за ўсё спадабаліся экскурсія па Летнім садзе і канцэрт для выпускнікоў „Пунсовыя ветразі“. З канцэрта мы вярталіся пешшу, таму была магчымасць прагуляцца па начной набярэжнай. Наступнымі гарадамі, якія наведалі, сталі Ніжні Ноўгарад, Уфа, Самара, Валгаград і Тула. Кожны з гэтых населеных пунктаў запомніўся: Ніжні Ноўгарад — жыццярадаснымі і пазітыўнымі людзьмі, яркім флэшмобам і найпрыгажэйшымі мастамі; Уфа — цудоўным заходам сонца, цікавымі традыцыямі і тым, як я і сябры-беларусы фатаграфаваліся з нашым дзяржаўным сцягам. Напэўна, тады, знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад сваёй краіны, я адчула незвычайны гонар за тое, што нарадзілася і жыву ў Беларусі», — расказала Юлія.

У сувязі з тым, што «Цягнік Памяці» — ваенна-патрыятычны праект, падчас паездкі ўдзельнікі наведвалі памятныя мясціны Расіі і Беларусі. «Тады я ўбачыла, што ў кожнага ўдзельніка праекта была свая вайна. Многія плакалі пры наведванні Чырвонага Берага і Піскароўскіх могілак. Для мяне ўсведамленне таго, што такое вайна, прыйшло ў Валгаградзе, на Мамаевым кургане. Там, пад акуратнымі і дагледжанымі газонамі, ляжаць тысячы забітых савецкіх салдат: сыноў, мужоў, бацькоў. Вайна перастала быць старонкай у падручніку гісторыі, вайна кранула асабіста мяне. Мы ўскладалі кветкі да Вечнага агню ў Зале Воінскай славы, і я разумела, што гэта тое, што збліжае рускага і беларуса, армяніна і кіргіза: агульны боль, агульная памяць», — гаворыць дзяўчына.

Юлія расказвае, што падчас праекта пасябравалі з многімі ўдзельнікамі, а на развітанне ніхто не змог стрымаць слёз. «Я ехала ў цягніку з дзвюма дзяўчатамі з Расіі і адной з Арменіі, — успамінае яна. — Мы вельмі весела бавілі час, гулялі, расказвалі адзін аднаму пра свае гарады, прасілі сваіх спадарожнікаў з іншых краін гаварыць нешта на іх роднай мове. І я хачу сказаць, што ўсе, хто ўдзельнічаў у праекце, былі вельмі адкрытымі і дружалюбнымі», — расказала дзяўчына.

Засталіся ўспаміны, засталіся сябры

Андрэй Шаго (на здымку другі справа) ў гэтым годзе закончыў Пінкавіцкую сярэднюю школу імя Якуба Коласа Пінскага раёна. Цяпер у хлопца адказная пара выбару навучальнай установы, дзе ён будзе атрымліваць вышэйшую адукацыю. Андрэй усе школьныя гады паспяхова вучыўся, удзельнічаў у грамадскім жыцці школы і раёна, бываў на многіх мерапрыемствах. А вось праект «Цягнік Памяці» да гэтай пары згадвае як самую важную ўзнагароду, што выпала за гады вучобы.

Магчымасць паўдзельнічаць у конкурсе за склад будучай каманды «Цягніка памяці» Андрэй Шаго летась успрыняў з асаблівым энтузіязмам. Рыхтаваўся да творчага конкурсу, пісаў эсэ, рыхтаваў відэасюжэт пра малую радзіму. Расказаць пра вёску Пінкавічы любому яе жыхару, несумненна, ёсць што. Мясціна звязана з імем нашага класіка Якуба Коласа, тут ён настаўнічаў у маладыя гады. Згадаў Андрэй і ваенную гісторыю населенага пункта, паказаў помнік на месцы брацкай магілы воінаў і партызан, якія вызвалялі населены пункт у 1944 годзе.

Ну а пра само падарожжа Андрэй сказаў, што яно было захапляльным. Два тыдні праляцелі як адзін дзень: «Я даўно марыў пабываць у Полацку, знакавым для нашай гісторыі горадзе — дзеліцца ўспамінамі хлопец. — Там уразіў Сафійскі сабор, а яшчэ і тое, як нас прымалі. Для нас зладзілі цэлую гістарычную дзею з элементамі сярэдневяковага фестывалю. І ўжо стала зразумела, што ў кожным горадзе нас чакаюць адкрыцці. Здзівіў Ніжні Ноўгарад з яго прыгожай архітэктурай... Вядома, за шчасце было пабываць у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Шмат разоў бачыў па тэлевізары скульптурную кампазіцыю у Валгаградзе пад назвай „Радзіма-маці кліча“, але не ўяўляў, якой велічнай яна паўстае, калі бачыць гэты архітэктурны комплекс ужывую, знаходзіцца побач. Цікава было наведаць Ясную Паляну, дакрануцца да творчасці Льва Талстога... Вядома, пра кожны горад можна расказваць асобна, доўга. І тое, як мы ўдзельнічалі ў Дні Незалежнасці ў Мінску, як слухалі выступленне нашага Прэзідэнта. Засталося шмат здымкаў, запісаў, нататак».

Пасля прыезду найперш расказваў дома бацькам, сваякам. Потым — у школе настаўнікам і аднакласнікам, усе цікавіліся, прасілі паказаць здымкі. Засталіся яркія ўражанні, добрыя ўспаміны. «З беларускімі ўдзельнікамі праекта мы да гэтай пары трымаем сувязь, перапісваемся. З некаторымі нават ужо сустракаліся на розных мерапрыемствах, — працягвае Андрэй. — Адзін наш таварыш з расійскага Кургана прыязджаў на алімпіяду ў Брэст, мы з ім таксама пабачыліся. Адным словам, засталіся ўспаміны, засталіся сябры».

«Кожнаму з нас проста хацелася моўчкі пастаяць і ўсвядоміць...»

Адным з удзельнікаў патрыятычнага праекта «Цягнік Памяці» ў 2022 годзе стаў Ягор Паляшчук. Маладога чалавека разам з аднакласніцай запрасілі ўзяць удзел у праекце, калі яны вучыліся ў 10 класе сярэдняй школы № 23 горада Барысава.

Па словах Ягора, ад удзелу ў мерапрыемстве засталіся самыя прыемныя ўражанні. Праект дазволіў хлопцу абзавесціся новымі знаёмствамі, у тым ліку з сябрамі з Расіі, з якімі малады чалавек падтрымлівае кантакт і па сёння.

Маладому чалавеку асабліва запомніліся месцы баявой славы і звязаныя з падзеямі тых гадоў мемарыялы. «Менавіта тут кожнаму з нас проста хацелася моўчкі пастаяць і ўсвядоміць усе тыя страшныя падзеі, якія тут адбываліся некалькі дзесяцігоддзяў таму, — дзеліцца Ягор. — Ніхто не застаўся абыякавым, і нават юнакі не стрымлівалі шчырых слёз. Вядомыя нам мемарыялы мы таксама ўбачылі па-іншаму. Усё гэта сапраўды ўмацавала пачуццё патрыятызму і гонару за краіну, у якой ты нарадзіўся і жывеш».

«Перакананы, што правядзенне такіх праектаў неабходна. Без ведання сваёй гісторыі будучыня немагчымая. Сёння гэтая тэма найбольш актуальная, асабліва цяпер, калі святкуем 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кожны беларус павінен ведаць пра тое, што рабілася на нашай зямлі ў часы страшнага ваеннага ліхалецця і праз што давялося прайсці беларускаму народу. Бо захоўваць і шанаваць памяць — вельмі важна», — падагульніў Ягор Паляшчук.

Ульяна Шыманская з Дзяржынска таксама была ўдзельніцай «Цягніка Памяці» ў 2022 годзе. «Гэта быў дэбют патрыятычнага праекта «Цягнік Памяці», таму мне было асабліва цікава і вельмі ганарова ўзяць у ім удзел, — гаворыць дзяўчына. — Арганізацыя і тэматычнае напаўненне праекта былі на вельмі высокім узроўні. Усяго за 15 дзён наведалі каля 20 гарадоў Беларусі і Расіі. У кожным з іх былі арганізаваны цікавыя мерапрыемствы, падчас якіх нам распавядалі пра гісторыю ваенных гадоў. Мы наведвалі музеі, бывалі на тэрыторыях ваенных дзеянняў. Так, напрыклад, у горадзе Кубінка наведалі ваенна-патрыятычны парк культуры і адпачынку «Патрыёт». Тут паглядзелі на акопы, партызанскія зямлянкі, пункты медыцынскай дапамогі. Усё было вельмі рэалістычна. Акрамя таго, для нас правялі экскурсію па музейна-храмавым комплексе Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. Таксама запомнілася ўнікальная канцэпцыя музейнага комплексу «Дарога памяці. 1418 крокаў да Перамогі».

«Патрыятычныя праекты такога плана найбольш актуальныя сёння. Яны прывучаюць моладзь аддаваць гонар традыцыям мінулага, ні ў якім разе не забываць пра іх. Дзякуючы праекту я навучылася адрозніваць крыніцы інфармацыі, бо ў наш час далёка не ўсяму можна верыць. Акрамя таго, я навучылася аддзяляць хлусню ад праўды, разбірацца, дзе ёсць ісціна, а дзе — фэйк. А гэта дарагога варта», — падкрэсліла суразмоўца.

«Мы і цяпер на сувязі...»

Магіляўчанка Ліза Волкава сёлета скончыла магілёўскую сярэднюю школу № 38, і адзін з самых моцных успамінаў, які звязвае яе з установай, — гэта менавіта беларуска-расійскі праект «Цягнік Памяці». Стаць яго ўдзельнікам, як вядома, могуць толькі дзесяцікласнікі, якія дасягнулі поспехаў у вучобе і грамадскім жыцці. Ліза ж была выдатніца, скончыла школу з залатым медалём. На яе рахунку шмат добрых грамадскіх спраў. Яна з сябрамі наведвала ветэранаў, дзіцячыя садкі, дапамагала даглядаць бяздомных жывёл. Праект «Цягнік Памяці» даў ёй шмат новых эмоцый, дапамог пераканацца, наколькі моцным і бескарысным можа быць школьнае сяброўства, як шмат аднадумцаў жыве ў розных гарадах і краінах. Успамінае, што трапіць у яго было не так і проста.

— Паўдзельнічаць у праекце прапанавала мая настаўніца па гісторыі Юлія Хадускіна, — расказвае Ліза. — Яна мне дапамагла зрабіць візітоўку і зняць відэаролік. У ім я чытала верш Уладзіміра Дубоўкі «Беларусь — мая шыпшына» і праводзіла экскурсію на беларускай мове. Адзін эпізод здымалі каля помніка палкоўніку Сямёну Куцепаву, ён быў камандзірам палка, які абараняў Магілёў. Другі здымалі непасрэдна ў нашых гераічных Буйнічах... На абласных іспытах трэба было паказаць сваю візітоўку ўжо на сцэне, а яшчэ паўдзельнічаць у інтэлектуальным конкурсе і адказаць дзесьці на 50 пытанняў. Мяне моцна падтрымаў увесь клас, усе аднакласнікі прыйшлі ў Палац культуры вобласці з плакатамі, каб мяне натхніць.

Шмат гарадоў атрымалася пабачыць, але больш за ўсё магіляўчанцы запомнілася знаходжанне ў Самары, Санкт-Пецярбургу і Уфе. З беларускіх гарадоў Ліза адзначыла для сябе Брэст і Гродна, дзе пабывала ўпершыню. З усіх гарадоў пасылала фотаздымкі бацькам, каб яны таксама прасякнуліся атмасферай.

Патрыятычны складнік таксама быў вельмі моцны. З сябрамі па праекце абмяркоўвалі тэму вайны, расказвалі пра продкаў, якія ваявалі. Гісторыі былі вельмі кранальныя. І вельмі ўражвалі мемарыяльныя комплексы, на якіх атрымалася пабываць. Напрыклад, у Валгаградзе. «Калі такое бачыш, разумееш, якое гэта няшчасце — вайна, — прызнаецца Ліза. — Нават цяпер, калі ўспамінаю тыя мемарыялы, слёзы наварочваюцца».

Дзяўчына ўспамінае прабабулю Марыю, якая была яшчэ дзіцем, калі пачалася вайна. Яна расказвала праўнучцы, што было вельмі цяжка, ледзь выжылі. Ежы не хапала, збіралі і елі гнілую бульбу…

— Галоўнае, што пасля гэтага праекта застаецца шмат прыемных успамінаў аб гарадах і новых сябрах, — кажа Ліза. — З многімі з майго атрада — а нас было каля 50 чалавек — я і сёння на сувязі. Нядаўна абмяркоўвалі выпускныя экзамены. Расказваем, хто куды паступае. Магчыма, нехта ў адной ВНУ вучыцца будзе. Я, напрыклад, збіраюся паступаць у медыцынскі ўніверсітэт, хачу стаць анестэзіёлагам-рэаніматолагам. Праект даў мне мноства новых сяброў з розных гарадоў, і гэта цудоўна. Яго трэба абавязкова працягваць, бо ён вельмі важны і неабходны.

«На многія рэчы пачынаеш глядзець па-іншаму»

Аляксандр Андык з Гомеля — не выпадковы пасажыр «Цягніка Памяці» — 2023. Для таго, каб трапіць на незабыўнае падарожжа, спачатку трэба было прайсці жорсткі адбор і перамагчы ў рэспубліканскім конкурсе «Я патрыёт сваёй краіны».

«Цягнік Памяці» — гэта ўнікальны патрыятычны праект. На самай справе мне запомнілася абсалютна ўсё: пачынаючы ад самога цягніка, наведвання цікавых месцаў, заканчваючы ўдзельнікамі мерапрыемства. 

На думку Аляксандра, такія мерапрыемствы, як «Цягнік Памяці», вельмі важныя. «Кожны з нас павінен памятаць пра тое, якая была страшэнная Вялікая Айчынная вайна. У нашых сілах не дапусціць падобнай трагедыі», — адзначыў суразмоўца.

Акрамя незабыўнага вопыту і яркіх уражанняў, Аляксандр Андык набыў і новыя знаёмствы. «Я вельмі пасябраваў з прадстаўнікамі з Расіі. Так, напрыклад, мой добры сябар, з якім мы пазнаёміліся падчас удзелу ў праекце, у наступным месяцы прыедзе ў Беларусь, і мы зможам і далей падарожнічаць, разам пазнаваць новае і цікавае», — сказаў на заканчэнне ён.

Яшчэ адна ўдзельніца патрыятычнага праекта — Ксенія Баранкевіч з Ельска — таксама адна з пераможцаў конкурсу «Я патрыёт сваёй краіны».

На думку Ксеніі, «Цягнік Памяці» — гэта самы працяглы ўрок праўды і сяброўства. На ім запамінаецца ўсё. «Я назаўжды запомню сустрэчу са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Іванаўнай Качанавай і Старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Валянцінай Іванаўнай Матвіенка. Пасля знаёмства з імі на многія рэчы пачынаеш глядзець па-іншаму», — падкрэсліла суразмоўца.

Назаўсёды застануцца ў памяці маладых людзей і святочныя мерапрыемствы, якія праводзіліся ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. «Падчас паездкі мы ўбачылі шмат славутасцяў. У Беларусі, напрыклад, асабліва спадабаліся такія месцы, як Чырвоны Бераг, Лінія Сталіна, Белавежская пушча. Калі казаць пра Расію, то гэта, у першую чаргу, культурная сталіца — горад Санкт-Пецярбург... Шмат хто кажа, што Беларусь і Расія вельмі падобныя паміж сабой. Аднак гэта не зусім так: калі ўважліва прыгледзецца, абавязкова знойдзеш адрозненні», — распавяла дзяўчына.

На яе думку, правядзенне падобнага роду мерапрыемстваў сёння асабліва актуальнае: «Такія мерапрыемствы дапамагаюць зразумець моладзі, чым мы абавязаны нашым дзядам і прадзедам, якія змагаліся за наша мірнае жыццё. Акрамя таго, такія мерапрыемствы з’ядноўваюць, прымушаюць задумацца аб гістарычнай памяці, якую мы павінны шанаваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне».

Матэрыялы падрыхтавалі Маргарыта УШКЕВІЧ, Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, Святлана ЯСКЕВІЧ, Нэлі ЗІГУЛЯ, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота з архіваў герояў

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.