Вы тут

У Магілёве раздалі дыпломы ўдзельнікам фестывалю «Разам мы зможам больш»


Болей чым 90 канкурсантаў прынялі ўдзел у абласным фестывалю творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш». Творчыя паядынкі праходзілі на працягу дня на пляцоўцы Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Удзельнікамі фестывалю сталі калектывы і індывідуальныя выканаўцы з ліку людзей з абмежаванымі магчымасцямі.


— Фестываль праводзіцца штогод з мэтай фармавання спрыяльных умоў для развіцця творчага патэнцыялу інвалідаў, — удакладніла вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадцэнтра НТ і КАР Крысціна Башарымава. — Гэта мерапрыемства дазваляе ім абмяняцца вопытам, паказаць сваю творчасць, знайсці новых сяброў. Акрамя гэтага кожны ўдзельнік мае магчымасць раскрыць свой патэнцыял і атрымаць падтрымку. Фестываль спрыяе сацыяльнай адаптацыя людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дазваляе выявіць найбольш адораных і таленавітых аўтараў. 

Пакуль адны дэманстравалі свае поспехі на сцэне, другія здзіўлялі сваімі творчымі дасягненнямі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. На выставе, якая разгарнулася ў фае ўстановы, можна было пабачыць і карціны, і сувеніры, і фотаздымкі. Некаторыя стваралі свае чарговыя шэдэўры прама на вачах. Як, напрыклад, Сяргей Кашчык з Бабруйска. Ён майстар па вышыўцы — умее вышываць крыжыкам, валодае тэхнікай алмазнай вышыўцы. У яго праблемы са зрокам, але работы атрымліваюцца вельмі тонкія, з мноствам розных дэталяў. Прызнаецца, што некаторыя элементы яму даюцца цяжка, прыходзіцца прымяняць дадатковае асвятленне або браць у рукі лупу. 

— У нас цэлы сямейны падрад склаўся, — усміхаецца Сяргей. — Сын займаецца выяўленчым мастацтвам, жонка — мастак, я таксама вырашыў паспрабаваць сябе ў творчасці. Стаў вышываць і мне спадабалася. Спачатку вышываў карціны па схемах, а потым перайшоў на дэкаратыўныя падушачкі, прыхваткі. 

Дарэчы, падушка, якую прывёз Сяргей на выставу, вынік сумеснай творчасці з сынам і жонкай. Сын зрабіў малюнак, жонка аформіла яго ў схему, а Сяргей вышыў. 

— Ёсць адчуванне, што ты патрэбны людзям, ствараеш прыгожыя рэчы, — кажа суразмоўнік. — Яны будуць камусьці патрэбныя і прыемныя. У сына Данііла таксама інваліднасць і творчасць гэта яго жыццё. Ён знайшоў сябе ў гэтым і шчаслівы. Першы час саромеўся, нікому не паказваў свае работы, а калі пабывалі ў Жлобіне на фестывалі для інвалідаў «Палітра талентаў», дзе яму ўручылі Дыплом I ступені, вельмі натхніўся і зараз працуе з задавальненнем. А яшчэ ўслед за мной захапіўся фота. Наогул, у яго шмат розных ідэй і ён актыўна праяўляе сябе ў творчасці. 

Старшыня Бабруйскай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Любоў Шушлянікава адзначае, што такія мерапрыемствы — сапраўднае свята для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. 

— Людзі сустракаюцца, стасуюцца, такіх сустрэч павінна быць як мага больш, — кажа яна. — Нашы прадстаўнікі таленавітыя ва ўсім. Генадзь Траццякоў, напрыклад, падрыхтаваў на конкурс урывак з паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка», а Ганна Салановіч выступіла ў намінацыі «Эстрадныя спевы». Мы прывезлі работы нашага калясачніка, які робіць шыкоўныя карціны на тэму ўпадабаных вершаў. 

Старшыня Горацкай арганізацыі «Беларускага таварыства інвалідаў» Ала Малашэўская кажа, што фестываль «Разам мы зможам больш» падарунак для ўдзельнікаў арганізацыі. Кожнаму хочацца прадэманстраваць свае магчымасці, а яшчэ больш, каб іх ацанілі. 

— Наша Іна Шакура, інвалід II групы з дзяцінства, робіць цікавыя работы і мы іх прывезлі на выставу, — расказвае Ала Малашэўская. — Яна нас чакае, каб паслухаць, што тут адбывалася. Для яе гэта важна. Яна чалавек захоплены, на жаль, не ўсе такія як яна. Апошнім часам павялічылася колькасць інвалідаў з II групай на сэрца — шмат інсультаў і інфарктаў здараецца сярод людзей дастаткова маладых — 40-45 гадовых. Яны часта вельмі складаныя і расшавяліць іх цяжка. Мы запрашаем іх на выставы, сустрэчы. Фестываль як раз тое, што можа ў такіх выпадках дапамагчы. Ад усей душы дзякуем за тое, што яго для нас арганізавалі. 

Горацкая майстрыха Софья Мяжэнная, нягледзячы на 80-гадовы ўзрост і хворае сэрца, вельмі актыўная і завадная. Пра такіх кажуць чалавек з агеньчыкам. Пад яе кіраўніцтвам у Горках працуе гурток «Чараўніца». Сёлета яна падрыхтавала да фестывалю цэлую калекцыю ляляк ў касцюмах народаў СССР. Працавала, кажа, цэлы год. 

— 15 саюзных рэспублік жылі ўсе разам, сябравалі — цудоўны час быў, — уздыхае яна. — Вось вырашыла пра гэта нагадаць. Складаней было рабіць мужчынскія касцюмы. Фасоны брала з інтэрнэта. А драўляныя нарыхтоўкі рабіў знаёмы. Усе дэталі, дарэчы, рухомыя. У работу ўкладвала ўсю душу. І на фестываль ехала з натхненнем. Творчым людзям патрэбныя такія стасункі. Праз іх нараджаюцца ідэі. 

Андрэй Гарбачэўскі просіць ацаніць яго фота з сучаснай архітэктурай Магілёва. Яна яго вельмі захапляе і яму хочацца падзяліцца эмоцыямі. Магіляўчанка Вольга Ботнарь выключная майстрыха, бярэцца за любую тэхніку і ўсё ў яе атрымліваецца. Яе кветкі з фоамірану выглядаюць як жывыя. Гэта, дарэчы, яе апошняе захапленне. Прызнаецца, што работа вельмі працаёмкая, трэба шмат сіл укладваць у кожны пялёстак. Калі працавала над архідэямі, атрымала неверагоднае захапленне. 

Звяртаю увагу на цікавую цукерачніцу Кацярыны Сафонавай. Нейкі незвычайны матэрыял. Жанчына тлумачыць, што ў ход пайшлі каралі і лёска. 

— Я даўно займаюся творчасцю, — кажа Кацярына Васільеўна. — Вышываю, пляту, раблю сумачкі. Вунь тая вышыўка з анёлам мая любімая работа. Вышываю крыжыкам, бісерам і балгарскім крыжам. Вельмі люблю гэты фестываль. Падабаецца яго атмасфера, конкурсы, удзельнікі. Тут можна пазнаёміцца з прадстаўнікамі любога раёна. Мы разам і нам добра. 

Усе ўдзельнікі прыклалі шмат намаганняў, каб скарыць прафесійнае журы. У выніку 9 чалавек атрымалі Дыпломы I ступені; 17 — II ступені і 17 — III ступені. Усім астатнім уручылі Дыпломы ўдзельніка. Сярод пераможцаў — прадстаўнікі аб’яднання Беларускага таварыства інвалідаў: Сафія Мяжэнная з Горак (намінацыя «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва»), Аляксандр Курылік з Мсціслава («Музычна-інструментальнае выканальніцтва»), Берта Глушац з Бабруйска («Мастацкае слова» ). Дыпломы I ступені атрымалі таксама прадстаўнікі аб’яднання «Беларускае таварыства глухіх» — Аляксандр Верашчагін з Магілёва (намінацыя «Выяўленчае мастацтва»), ансамбль народнага тэатра жэставай песні «Спяваючыя рукі» з Магілёва («Жэставыя спевы»), калектыў мастацкай самадзейнасці «Універсальная сямейка» з Бабруйска («Тэатральнае мастацтва»). На рахунку арганізацый аб’яднання "Беларускае таварыства інвалідаў па зроку«таксама тры дыплома I ступені. Іх атрымалі Ангеліна Курабанава з Бабруйска (намінацыя «Аўтарская паэзія і бардаўская творчасць»), мастацкі кіраўнік народнага хору народнай песні «Гасцінец» Мікалай Варапай з Магілёва ( «Народныя спевы») і удзельнік калектыву мастацкай творчасці прадпрыемствы «Тыфлос» Вячаслаў Тучкоў («Эстрадныя спевы» ).

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.