Вы тут

На наступным тыдні ў Віцебску, Полацку і Наваполацку адбудзецца XІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі


Упершыню мерапрыемства, арганізатарамі якога з’яўляюцца Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі, пройдзе на пляцоўках адразу трох гарадоў. Па-за дзелавым парадкам дня ва ўдзельнікаў і гасцей форуму з’явіцца магчымасць азнаёміцца са славутасцямі Беларусі. Іх, вядома, нямала ў найстаражытнейшым горадзе нашай краіны — Полацку, ёсць што паглядзець і ў Наваполацку, які з’яўляецца адным з самых маладых населеных пунктаў краіны. Цэнтр рэгіёна — культурны і прамысловы Віцебск — таксама можа здзівіць. І не толькі «Славянскім базарам».


Фота Аляксандры Гвоздевай

Тэма адзінаццатага Форуму рэгіёнаў — роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў пабудове інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы. Арганізатары падрыхтавалі насычаную праграму. Удзельнікаў форуму чакаюць выставачныя і прэзентацыйныя мерапрыемствы, дзелавая праграма, не абыдзецца і без культурнай часткі. Кульмінацыяй традыцыйна стане падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве, камерцыйных кантрактаў і іншых дакументаў, накіраваных на пашырэнне двухбаковага супрацоўніцтва.

На пляцоўках форуму адбудзецца сустрэча Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай і Старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Валянціны Матвіенка з кіраўнікамі органаў дзяржаўнай улады рэгіёнаў Беларусі і суб’ектаў Расіі. У рамках сустрэчы прадугледжана падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж урадам Беларусі і расійскімі суб’ектамі. Адбудзецца пленарнае пасяджэнне XІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Акрамя таго, у плане дзелавой праграмы — сумеснае мерапрыемства гандлёва-прамысловых палат Беларусі і Расіі на тэму «Раскрыццё патэнцыялу інавацыйнага супрацоўніцтва Расіі і Беларусі — вектар тэхналагічнага развіцця і росту», спецыяльная панэльная сесія кантрольных ведамстваў дзвюх краін, сумеснае пасяджэнне кіруючых органаў Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Беларусі і Палаты маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі.

Работа секцыйных пасяджэнняў адбудзецца на пляцоўках адразу трох гарадоў. Тэма першай секцыі — «Эфектыўная рэалізацыя заканадаўства як найважнейшы фактар саюзнай інтэграцыі» (пройдзе ў Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Ефрасінні Полацкай у Полацку). Другая секцыя на тэму «Развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва як найважнейшы напрамак забеспячэння паступальнага развіцця Саюзнай дзяржавы» адбудзецца на базе ААТ «Белаграпрамбанк» у Полацку. Секцыю пад нумарам тры — «Інавацыйная медыцына і фармацыя ў Саюзнай дзяржаве: прыярытэтныя напрамкі і перспектывы развіцця» — прыме Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт. Чацвёртая секцыя на тэму «Інавацыі ў сферы вышэйшай адукацыі і навуцы: досвед і перспектывы супрацоўніцтва Саюзнай дзяржавы» пройдзе на пляцоўцы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай у Наваполацку. Гэтая ж установа адукацыі, але ў горадзе Полацку, прыме пятую секцыю, тэма якой «Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў інавацыйнай сферы ў міжнародным кантэксце». Шостая секцыя — «Забеспячэнне тэхналагічнай незалежнасці Беларусі і Расіі на аснове інавацый у прамысловым комплексе» — адбудзецца на тэрыторыі найбуйнейшага прадпрыемства нафтахімічнай галіны ААТ «Нафтан». Секцыя пад нумарам сем будзе прысвечана тэме «Найноўшыя тэхналогіі аграпрамысловага комплексу Беларусі і Расіі, іх навуковае і кадравае забеспячэнне» (СПГ «Мазалавагаз», Віцебскі раён). Тэму «Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў сферы лёгкай прамысловасці: ад ідэй — да інавацый» абмяркуюць падчас восьмай секцыі, якая пройдзе на базе ААТ «Віцебскія дываны». Дзявятая секцыя «Культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва і развіццё турызму як фактар умацавання ўзаемадзеяння рэгіёнаў Беларусі і Расіі» адбудзецца ў Музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку.

Сярод мерапрыемстваў форуму — выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі рэгіёнаў Беларусі і Расіі, выстаўка-кірмаш Дамоў рамёстваў, выстаўка «Беларусь інтэлектуальная», прэзентацыя беларускіх і расійскіх рэгіёнаў і іншае.

Адным словам, аб усім раскажам і пакажам.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.