Вы тут

80 гадоў таму акупанты знішчылі Дальву


Як успамінаў адзіны жыхар, які выжыў, гэтай лагойскай вёскі Мікалай Гірыловіч, той дзень — 19 чэрвеня 1944 года — абяцаў быць сонечным, неба радавала блакітам. «Над хатамі курыўся дымок. Жанчыны з вёдрамі павольна ішлі да калодзежаў, дзеці яшчэ спалі. Ніхто з мясцовых жыхароў не ведаў, што для іх тая раніца стане апошняй, а дня не будзе...»


Мікалай Гірыловіч на Могілках Вёсак у Хатыні

Гэтую летнюю раніцу панядзелка, які пасля Мікалай Пятровіч называў чорным, да самага апошняга свайго дня ён памятаў да драбніц. Ды і як такое можна было забыць?! У адзін дзень страціць усё, што было... У 13 гадоў застацца круглым сіратой... Адзіны дальвінец, які цудам пазбег фашысцкай расправы, часта задаваўся пытаннем: чаму ён застаўся жывы, чаму не апынуўся побач са сваёй сям’ёй у тым кастрышчы? І сам жа знаходзіў адказ: «Гасподзь пакінуў мне жыццё, каб было каму расказаць...»

Усё сваё жыццё Мікалай Гірыловіч прысвяціў увекавечанню памяці роднай вёскі і яе жыхароў. Летам 1969 года, на адкрыцці мемарыяльнага комплексу ў Хатыні, ён цвёрда вырашыў: трагедыя Дальвы не павінна быць забыта.

Вярнуліся за тры дні да трагедыі

На працягу доўгіх гадоў Мікалай Гірыловіч быў сябрам «Звязды». Пачынаючы з 1990-х гадоў наша газета з’яўлялася інфармацыйным партнёрам усіх работ, якія праводзіліся на мемарыяльным комплексе. У 2006 годзе Мікалай Пятровіч пайшоў з жыцця. Мы падтрымліваем адносіны з яго жонкай і дачкой, якія свята берагуць памяць аб сваім родным чалавеку і той справе, якой ён прысвяціў свой век.

Па традыцыі напярэдадні чарговай гадавіны трагедыі ў Дальве карэспандэнты «Звязды» сустрэліся з Рымай Ігараўнай і Вольгай Мікалаеўнай. На працягу многіх гадоў дачка Мікалая Гірыловіча разам з сям’ёй жыве ў Аўстраліі, але на радзіме бывае часта. Практычна заўсёды яе прыезд выпадае на гадавіну дальвінскай трагедыі.

— З самага ранняга дзяцінства я ведала, якая бяда ў гады акупацыі здарылася з маімі блізкімі, — расказвае Вольга. — Спачатку мне было дзіўна, чаму ва ўсіх па дзве бабулі і два дзядулі, а ў мяне адна бабуля і адзін дзядулі па лініі маці, а ў бацькі нікога няма. Мы вельмі часта ездзілі з ім у Дальву. І грыбы там збіралі, і ягады. Я з гэтым вырасла. Раней больш спакойна ставілася да трагедыі. Цяпер, калі прыязджаю ў Дальву, у мяне нагортваюцца слёзы. Я не магу гаварыць пра гэта спакойна. З узростам больш востра ўспрымаеш тыя падзеі, вельмі спачуваеш, суперажываеш людзям, якія маглі быць дастойнымі грамадзянамі нашай дзяржавы.

Дальва лічылася невялікай вёскай — усяго 12 хат. Жылі ўсе дружна, сярод аднавяскоўцаў шмат было сваякоў. Таму не дзіва, што ніхто нікога не выдаваў, калі ў хатах начавалі партызаны. Мікалай разам з бацькам былі сувязнымі партызанскага атрада «Барацьба» брыгады «Народныя мсціўцы» імя Варанянскага. Маці пякла для партызанаў хлеб, нярэдка давала ім прытулак. Калі падчас вялікай карнай экспедыцыі 1944 года сховішча спатрэбілася дальвінцам, партызаны іх размясцілі ў сваім лагеры. У вёску жыхары вярнуліся за тры дні да трагедыі…

«Аднавяскоўцы ўжо дагаралі...»

19 чэрвеня 1944 года, усяго за некалькі дзён да вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у Дальве былі знішчаны 44 чалавекі: двое мужчын, 13 жанчын і 29 дзяцей. У тым жудасным вогнішчы загінулі мама, бацька, дзядуля і тры малодшыя браты Мікалая Гірыловіча. Трынаццацігадовы хлопчык цудам выжыў.

Мікалай Гірыловіч каля скульптуры «Маці з сынам» у Дальве

За некалькі гадзін да таго, як у вёску ўварваліся акупанты, маці адправіла сына падмяніць бацьку, які кіламетры за два ад населенага пункта пасвіў каня. Тады хлопчык яшчэ не ведаў, што гэты факт выратуе яму жыццё. Як толькі ў Дальве пачуліся выбух і выстралы, Коля Гірыловіч узяўся распутваць каня. Але жалезныя ланцугі не паддаваліся хлапчуковым рукам, і тады ён кінуўся ў бок вёскі, над якой ужо ўзнімаўся вялізны слуп дыму. Як ён сам пазней прызнаецца, калі б паскакаў на кані, то апынуўся б у Дальве акурат тады, калі акупанты жорстка распраўляліся з мірнымі жыхарамі — яго аднавяскоўцамі і самымі блізкімі людзьмі.

«Я прыбег агародамі, праз жыта — дзверы ў хаце адчынены, лётае пух ад падушак, шкло пабітае, а на стале раскладзены лыжкі, — успамінаў той страшны дзень Мікалай Гірыловіч. — Выбег з хаты — нікога навокал, толькі праз дым убачыў у канцы вёскі дзве крытыя машыны. Мусіць, думаю, забралі людзей. Але не, аднавяскоўцы ўжо дагаралі...»

Ён пазнаў маці па залатых зубах: у яе адзінай на ўсю вёску былі такія. Яна разам з адным з сыноў ляжала ў баку ад згарэлага дома: відаць, атрымалася вырвацца, але іх усё роўна напаткала варожая куля. Дзесяць дзён і начэй дальвінцы ляжалі пад адкрытым небам — ланцугі немцаў, якія адступалі, цягнуліся і цягнуліся праз ужо мёртвую вёску, не даючы магчымасці пахаваць нябожчыкаў. 29 чэрвеня, калі савецкія танкі былі побач, у Дальву прыйшлі жыхары навакольных вёсак, партызаны, людзей пахавалі ў брацкай магіле.

«Мама яго ва ўсім падтрымлівала»

Мікалай Гірыловіч ніколі не быў шматслоўным, калі згадваў той жудасны дзень. Яго маўчанне цудоўна разумелі родныя, таму не задавалі лішніх пытанняў.

— Мы ўсе — дзеці вайны, і тая трагедыя, якая адбылася ў Дальве, фактычна была ўсюды, — кажа яго жонка, Рыма Ігараўна. — Наша хата стаяла на месцы цяперашняга завода «Белмедпрэпараты». Літаральна на другі дзень акупацыі Мінска яна згарэла, і мы (мама, бацька, я і брат) пераехалі ў раён Старажоўкі, да бабулі па матчынай лініі. Гэта была ўскраіна Мінска. Але калі людзей расстрэльвалі ў Трасцянцы, у Старажоўцы гул стаяў. Былі чуваць стогны людзей, іх крыкі. Мы прызвычаіліся да гэтага гора. Таму разумелі Мікалая, які насіў у сабе вялізны боль.

Дачка Вольга пацвярджае: бацька ўсё жыццё перажываў трагедыю Дальвы. «Мама яго ва ўсім падтрымлівала, — расказвае яна. — Усё, што трэба было, аддавалася для Дальвы. Атрымаюць заробак і адкладваюць, што пойдзе на будаўніцтва, а што — на прадукты...»

Дачка Мікалая Гірыловіча Вольга з партрэтам бацькі

«Калі мы пажаніліся ў 1957 годзе, стала пытанне — упарадкаваць хаця б пахаванне, — дадае Рыма Ігараўна. — Першае, што мы з ім зрабілі, — устанавілі вялікую металічную агароджу. Быў пастаўлены абеліск, на якім пайменна пералічаны ўсе 44 загінулыя».

Затым у іх сям’і пачалася вялікая будоўля. Мемарыяльны комплекс у Дальве ўзводзіўся на ўласныя грошы і ахвяраванні неабыякавых людзей. «Значную дапамогу яму аказала Дзяржтэлерадыё (цяпер Белтэлерадыёкампанія), дзе ён на працягу 40 гадоў працаваў начальнікам апаратна-студыйнага комплексу, — удакладняе Рыма Гірыловіч. — Дзякуючы гэтай падтрымцы (рэгулярным суботнікам, дабрачынным канцэртам), будаваўся мемарыял. Усе грошы ішлі на будаўніцтва. Калі ён звяртаўся да дзяржаўных дзеячаў, яму аказвалі матэрыяльную і не толькі падтрымку. 15 ліпеня 1973 года мемарыяльны комплекс у Дальве адкрылі».

Плюс яшчэ адзін чалавек

На месцы былой вёскі 44 бярозы — менавіта столькі людзей загінула ў той жудасны чэрвеньскі дзень. На месцы, дзе раней стаялі хаты, — зрубы з цэменту. На 16-метровай сцяне памяці — імёны загінулых дальвінцаў, двое дзяцей былі з суседніх населеных пунктаў. Гасцей, што прыязджаюць у мёртвую вёску, сустракае прыгожая жанчына, якая з застылымі вачамі глядзіць уперад, і маленькі хлопчык, які яе абдымае, самотна схіляючы галаву, — так скульптар увекавечыў маці Мікалая Гірыловіча і аднаго з яго братоў. Гледзячы на жаноцкую постаць, заўважаеш круглявы жывот — маці Гірыловіча чакала яшчэ адно дзіця. У тым жудасным полымі загінуў яшчэ адзін чалавек…

Мемарыяльны комплекс «Дальва» з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Дзякуючы намаганням Мікалая Гірыловіча, у Дальву пракладзена дарога, праведзена электрычнасць і тэлефонная сувязь, устаноўлены і асвечаны праваслаўны крыж, працуе музей. Штогод напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі ў Дальве ладзіцца агітпрабег, у дзень трагедыі вёскі праводзіцца мітынг-рэквіем. Сёлета не стане выключэннем. Родныя і блізкія дальвінцаў па традыцыі ўшануюць памяць сваіх родных, імёны якіх увекавечаны ў мемарыяльным спісе, успомняць добрым словам чалавека, дзякуючы якому ў іх на працягу многіх гадоў ёсць такая магчымасць.

«Мікалай часта сустракаўся з немцамі, і яны ўвесь час у яго пыталіся: прабачыў ён ці не, — расказвае ў завяршэнні сустрэчы Рыма Гірыловіч. — Для іх гэта было вельмі важна. Ён нічога не адказваў на гэтае пытанне. Казаў толькі тое, што робіць усё для таго, каб больш такое не паўтарылася».

Аб тым, што падобная трагедыя больш ніколі не павінна адбыцца, у далёкай Аўстраліі сваім аднакласнікам расказваюць і праўнукі Мікалая Гірыловіча. Дзякуючы ім, аб трагедыі беларускай Дальвы ведаюць на іншым канцы свету.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва герояў публікацыі

Загаловак у газеце: Апошняя раніца

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.