Вы тут

Каласы і васількі


У суседа па вясковым доме хораша закаласіла жыта. Ён пасеяў збожжавыя на вялікім кавалку зямлі, дзе раней садзіў бульбу. Сёлета яны з жонкай вырашылі істотна паменшыць гаспадарку, і столькі бульбы, як раней, ужо не трэба. Таму і стаіць на ладнай плантацыі сцяной жыта ў абяцанні добрага ўраджаю. Гляджу на гэтыя высокія каласы і адчуваю, што нечага не хапае. Ну, вядома ж, васількоў.


Фота: pixabay.com

Цяпер модна нават уласныя соткі апрацоўваць рознымі гербіцыдамі. Вось і сусед, думаю, паліў усходы нейкай атрутай, каб не расло пустазелле. І яго няма, няма і васількоў, вечных спадарожнікаў калоссяў. Папытала, аказалася, нічым такім не апрацоўваў. Прыгледзелася лепш, заўважыла пры беразе поля некалькі хоць і кволых, нібы нясмелых, але ж прыгожых сініх кветак. Жыта яго амаль што суседнічае з маімі градамі. Заўважыла і абрадавалася. Бо вельмі люблю іх з дзяцінства, з юнацтва. І хоць займаюць яны цяпер пачэснае месца на маім падворку, неяк купіла насенне, вырасціла на клумбе, развяла, і вось ўжо некалькі гадоў кожную вясну самі вырастаюць, але ж вось шукала іх у суседавым жыце. Навошта? Не ведаю.

Успомніла, як у першы ці другі год работы ў раёнцы ехала са спецыялістам райсельгасхарча з калгаса, і з дарогі ўбачыла васількі ў жыце, хоць яшчэ ранавата было, як мне здавалася. А вось жа расцвілі: пасля дажджу з кроплямі расы выглядалі асабліва прыгожа. Папрасіла прыпыніцца, каб сабраць букет. А спадарожнік праявіў ініцыятыву, папрасіў застацца ў машыне, сам пайшоў і нарваў ладны букет сініх кветак. Вярнуўся ледзь не па пояс мокры, бо справа ж была пасля дажджу. І мне стала крыху няёмка, нібы паслала чалавека ў макрэчу... Але ж звычайна амаль няўлоўны водар пяшчотных кветак тады падаўся асабліва выразным. Маладосць, поўная надзей, пачатак лета, нечаканы знак увагі амаль што выпадковага чалавека, — усё разам стварыла не проста настрой — нейкае асабліва шчаслівае адчуванне, памяць пра якое застаецца ў душы да гэтай пары.

Цяпер, дарэчы, нярэдка ўпрыгожваюць васільковымі букетамі розныя мерапрыемствы. Аднойчы ў Пружанскім раёне, даўно было, маленькімі букетамі сустрэлі ўдзельнікаў рэспубліканскай выязной нарады па пытаннях культуры і тым самым надалі афіцыйнаму мерапрыемствы крышачку прыемнай урачыстасці. Таксама помніцца. Цяпер мы бачым васілёк у розных варыяцыях, напрыклад, на Славянскім базары, бо ён стаў эмблемай фестывалю, ды на іншых імпрэзах.

Мяне ўзрадавала, што новы, вялікі, нават велічны ўязны знак, які заканчваюць уладкоўваць і добраўпарадкаваць на Камянецкім кальцы, вянчае вянок з васількоў. Гэтая стэла цяпер сустракае ўсіх падарожных, якія ўязджаюць у горад альбо выязджаюць з яго, на паўночным захадзе Брэста. Побач і аўтобусны прыпынак прыгожы зрабілі для прыгараднага транспарту.

На гэтым прыпынку я і заўважыла з невялікім сінім букетам былую калегу, з якой некалі пазнаёміліся на курсах. Непапраўная аптымістка, яшчэ тады нас, нашмат маладзейшых, яна агаломшыла сваім расповедам пра замужжа. Ніна расказала, як святкавалі атрыманне дыпломаў з сяброўкамі ў інтэрнаце. Нехта запрасіў кампанію хлопцаў, таксама выпускнікоў медінстытута. Было весела, а ў разгар вечара яна вырашыла пажартаваць, выйшла на сярэдзіну пакоя і з выклікам спытала ў новых знаёмых: «Хлопцы, хто мяне замуж возьме?». І раптам Васіль, адзін з самых сціплых, падняў руку. Пасмяяліся, падумалі, жарт. А ў выніку на той час, як яна расказвала, яны з Васілём ужо гадавалі пятнаццацігадовага сына. А яна ўвесь час пра яго казала: «Мой Васілёк».

Потым Ніна паездзіла з мужам, санітарным урачом, па гарадах розных абласцей Беларусі, а на пенсію перабраліся ў Брэст. Сустракаліся мы з ёю часцей за ўсё выпадкова, на розных мерапрыемствах. Ніна заўсёды любіла натоўп, гулянні, канцэрты, музыку. І Васіля за гады крыху прызвычаіла, ён, хоць па натуры больш дамашні чалавек, але нярэдка рабіў ёй кампанію. А яна з кагорты тых жанчын, якіх гады наогул не бяруць. Хударлявая, невысокая, з кароткай стрыжкай, лёгкай паходкай, здалёк яе можна прыняць за падлетка. Да таго ж, заўсёды вясёлая, жвавая, а тут сядзела задуменная, з букетам васількоў... Я адразу скамандавала сыну спыніцца, вылезла з машыны, весела спытала, куды шлях трымае. А яна з выразам светлай тугі паказала букетам у бок Паўночных могілак: «Туды, да Васі». Як высветлілася, ужо два гады там яго наведвае.

Доўга тады прагаварылі. Ніна згадвала, што быў ён чалавекам надзвычай сціплым, тактоўным, у адрозненне ад яе — энергічнай, хуткай, гаваркой. А яшчэ быў вельмі ранімы, крыху рамантычны, не цярпеў любую несправядлівасць. Вельмі любіў Багдановіча, часта паўтараў з «Апокрыфа»: «Бо нашто каласы, калі няма васількоў?». Вось цяпер і носіць яму яго любімыя.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.