Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Мы адкрыта даводзім нашы падыходы ўсім. Хто хоча пачуць — той пачуе


Праект нарматыўнага прававога акта, звязанага з пытаннямі ацэнкі стану нацыянальнай бяспекі разгледзелі на пасяджэнні Савета бяспекі з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.


Не толькі замацаваць, але і ўкараніць

У той ці іншы перыяд часу нам трэба выпрацаваць крытэрый адзнакі стану нацыянальнай бяспекі. Улічваючы значнасць гэтага дакумента, прынята рашэнне правесці пасяджэнне Савета Бяспекі і разгледзець яго ў такім фармаце«, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на сёмым Усебеларускім народным сходзе гаварылася аб неабходнасці перапрацоўкі адпаведнага Указа ў развіццё новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. «Мы казалі аб тым, што Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі — гэта публічны дакумент, мы салідна вывучылі яго, на дыялогавых пляцоўках разгледзелі, а потым зацвердзілі на УНС. Але ў развіццё Канцэпцыі (гэта ў асноўным напрамкі агульныя, тэорыя) патрэбныя канкрэтныя нарматыўна-прававыя акты, якія будуць яе канкрэтызаваць і прызямляць», — удакладніў ён. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэтыя дакументы з’яўляюцца неад’емнай часткай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, але па практыцы маюць закрыты характар. 

«Канцэпцыя зацверджана. Нашы нацыянальныя стратэгічныя інтарэсы, пагрозы, прыярытэтныя кірункі іх нейтралізацыі, агульнае бачанне далейшага развіцця ў сферы бяспекі вызначаны. Тут усё вельмі ясна. — адзначыў Прэзідэнт. — Рэспубліка Беларусь — мірная краіна, заўсёды адкрытая для раўнапраўнага дыялогу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Мы нікому ніколі не пагражалі. Больш за тое, адкрыта (у адрозненне ад іншых краін) даводзім нашы падыходы ўсім. Хто хоча гэта пачуць — той пачуе, нават калі і не хоча». 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што толькі замацаваць асобныя палажэнні ў нарматыўных прававых актах недастаткова. Прыйшоў час укараніць гэтыя падыходы ў практыку.«Гэта значыць, мы павінны мець дакладнае ўяўленне аб тым, што рэальна адбываецца ўнутры краіны і вакол яе. Ваенная бяспека, эканоміка, сацыяльная, палітычная сферы і іншыя. Без прыўкрас, максімальна выверана і аб’ектыўна», — канкрэтызаваў ён. 

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем членаў Савета бяспекі, спытаў, якая работа праведзена па ўдасканаленні дзеючай сістэмы ацэнкі стану нацыянальнай бяспекі, якім чынам прапанаваныя змяненні адпавядаюць новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі? "І галоўнае, ці адлюстроўвае прапанаваная сістэма ацэнкі рэальны стан спраў у кожнай сферы нацыянальнай бяспекі? Вы ведаеце маё патрабаванне — фармалізму і спрашчэння тут быць не павінна. Ці згодны члены Савета Бяспекі са змяненнямі і дапаўненнямі, якія прапануецца ўнесці, або ёсць іншыя прапановы?«— задаў тон пасяджэння Прэзідэнт.

Абраныя падыходы даказалі сваю эфектыўнасць

Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч далажыў, што ў выкананні даручэння Прэзідэнта дзяржаўным сакратарыятам Савета Бяспекі распрацаваны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб зацвярджэнні дакументаў па рэалізацыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі». Пасля зацвярджэння канцэпцыі на УНС гэта наступны важны этап ва ўдасканаленні заканадаўства ў гэтай сферы. «Мэта дакумента — з улікам новых змяненняў удакладніць парадак новай ацэнкі стану нацыянальнай бяспекі на аснове сістэмы індыкатараў, распрацаваных для кожнай з дзевяці сфер нацыянальнай бяспекі», — далажыў Аляксандр Вальфовіч. Пачынаючы з 2010 года, дадзеная работа вядзецца ў адпаведнасці з Указам кіраўніка дзяржавы, у які за гэты перыяд тры разы ўносіліся змяненні і дапаўненні. Указ мае закрыты характар. «Замацаваныя ў ім падыходы на практыцы даказалі сваю эфектыўнасць. У той жа час жыццё не стаіць на месцы. Кардынальныя змены ў ваенна-палітычнай абстаноўцы, удасканаленне заканадаўства, з’яўленне новых методык ацэнкі запатрабавалі карэкціроўкі і адаптацыі дакумента да сучасных рэалій», — адзначыў Аляксандр Вальфовіч. Дзяржсакратар Савета Бяспекі расказаў, што работа над праектам указа будавалася па аналогіі з работай над Канцэпцыяй нацыяльнай бяспекі. «Мы захавалі ў дакуменце ўсё найлепшае, тое, што станоўча зарэкамендавала сябе на практыцы і тое, што яшчэ не зарэкамендавала сябе. Пры гэтым ўлічылі новыя прапановы, ішлі ад рэальнай абстаноўкі, на аснове прапаноў упаўнаважаных дзяржаўных органаў, навукова-экспертнай супольнасці, вывучаючы замежны досведу. У поўнай меры выкарыстаны патэнцыял, напрацаваны міжведамсвенымі камісіямі пры Савеце Бяспекі, найперш у сферы эканамічнай і інфармацыйнай бяспекі, абароны дзяржаўных сакрэтаў», — удакладніў ён. У цэлым, структура дакумента і агульны алгарытм работы засталіся без кардынальных змяненняў. Як і раней, за кожнай сферай замацаваны адказны орган, каардынатар і органы-выканаўцы, якія ў адпаведнасці з устаноўленымі індыкатарамі і іх парогавымі значэннямі праводзяць аналіз і даюць ацэнку. «Стан нацыяльнай бяспекі па кожнай сферы, як і раней, ацэньваецца па трох крытэрыях: стабільны, няўстойлівы і той, які патрабуе прыняцця неадкладных мер, што адпавядае замацаваным у Канцэпцыі паняццям рызыкі, выклікаў і пагрозы нацыянальнай бяспецы», — удакладніў ён. Агульную ацэнку нацыянальнай бяспекі рыхтуе Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі. 

У прыватнасці, адна з навацый праекта указа — комплексная карэкціроўка індыкатараў нацыянальнай бяспекі і іх парогавых значэнняў, паказчыкі актуалізаваныя практычна ва ўсіх сферах нацыянальнай бяспекі.

Зручна, своечасова і выгадна

Таксама Прэзідэнту прадставілі ўзоры новых прадметаў ваеннага адзення для ваеннаслужачых, падрыхтаваных Міністэрствам абароны па даручэнні кіраўніка дзяржавы. У ведамстве растлумачылі, што змяненні абумоўлены сусветнымі тэндэнцыямі, трансфармацыяй вучэбна-баявых задач, якія выконваюцца ваеннаслужачымі, а таксама неабходнасцю уніфікацыі асобных прадметаў форменнага адзення для розных катэгорый ваеннаслужачых. 

Усе новаўвядзенні — пералік і найменне прадметаў ваеннага адзення, іх каляровая гама — замацаваны ў праекце ўказа Прэзідэнта. Да выпуску плануецца тактычная кашуля, флісавая куртка, кашнэ летняе і зімовае для баявой формы адзення. Футравыя каўняры ў зімовых куртках заменяць на тэкстыльныя, а кант на форме ўнутраных войскаў МУС будзе выконвацца ў крапавым колеры — гэта даніна традыцыям. «Тактычная кашуля — гэта абсалютна новы для нашых Узброеных сіл элемент. Ён вельмі зручны пры выкарыстанні бронекамізэлькі, разгрузачных паясоў. Нават пры значных фізічных нагрузках ваеннаслужачы адчувае сябе даволі камфортна», — растлумачыў начальнік рэчавага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Кавалёў. Для жанчын у дадатак да паўсядзённай форме вырашана пашыць сукенкі. Вобраз будзе дапаўняць капялюш і гальштук-бант. У курсантаў з’явіцца так званы офісны камплект з курткі і штаноў (цяперашняя штодзённая форма з кіцелем будзе апранацца на ўрачыстыя мерапрыемствы), на лета ім, як і салдатам, будуць выдаваць футболкі пола.

«Цана пытання?» — удакладніў кіраўнік дзяржавы.

«Цана пытання застаецца ранейшым за кошт павелічэння тэрмінаў нашэння, замены іншых прадметаў адзення», — сказаў Андрэй Бурдыка, намеснік міністра абароны па тыле — начальнік тыла Узброеных сіл. Ён таксама адзначыў, што мадэлі перададзеныя ў войскі для апрабацыі. 

«Вас задавальняе — добра. Грошай лішніх не прасіце. Так таму і быць», — рэзюмаваў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што, калі ўзнікае неабходнасць удасканаліць форму, не трэба чакаць некалькі гадоў. Гэтыя пытанні павінны вырашацца аператыўна.

Важна, што ўсе мадэлі выраблены на беларускіх прадпрыемствах і з айчынных тканін. У вытворчасці ўдзельнічалі флагманы тэкстыльнай прамысловасці — магілёўскі «Магатэкс» і мінскі «Камволь». Усяго ж у работу было ўключана каля 10 прадпрыемстваў швейнай галіны. «98 працэнтаў тканін, якія выкарыстоўваюцца для вырабу адзення, — гэта тканіны беларускай вытворчасці, і гэта радуе», — адзначыла старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна. Паводле яе слоў, пры вытворчасці новых узораў формы асаблівая ўвага была нададзена ахоўным уласцівасцям адзення і яго зносаўстойлівасці.

«Адметнай рысай дадзенай калекцыі з’яўляецца і тое, што мы падумалі пра нашых дзяўчат, пра нясенне службы хлопцамі ў летні перыяд. Таму ў спісе абмундзіравання з’явілася летняе адзенне ў выглядзе сукенак, кашуль пола. А ў куртках, напрыклад, дадаўся капюшон. Хочацца, каб нашы ваеннаслужачыя розных відаў войскаў адчувалі сябе зручна ў любую пару года і ў паўсядзённай форме, і ў парадным адзенні», — расказала Таццяна Лугіна.

Міністр абароны Віктар Хрэнін у размове з журналістамі адзначыў, што да ўдасканалення ваеннай формы стаўленне такое ж як і да ўдасканалення ваеннай тэхнікі — яно праводзіцца пастаянна. «Сёння мы бачым новыя формы вядзення баявых дзеянняў, з’яўляюцца новыя матэрыялы, новыя падыходы. Мы пастаянна ацэньваем досвед іншых краін па носцы, устойлівасці ваеннага адзення, практычнасці. Таму сёння прапанавана ўнесці змяненні ў некаторыя прадметы вопраткі, некаторыя прадметы дадаць. Але ў цэлым увесь спектр і лінейка формы адзення застаўся тым жа, што і быў зацверджаны Указам Прэзідэнта ў 2020 годзе», — адзначыў ён. 

У тэму

Трэба ўвесь час трымаць руку на пульсе

Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч у размове з журналістамі звярнуў увагу, што гэта пасяджэнне Савета бяспекі планавае і ніякай надзвычайшчыны няма. «З улікам з’яўлення новых рызык і пагроз, палітычная бяспека дапоўнена шэрагам новых індыкатараў, якія дазваляюць больш аб’ектыўна, рэальна і дакладна рэагаваць на сітуацыю ў палітычнай сферы для выпрацоўкі мэтазгодных рашэнняў па гэтым накірунку дзейнасці. Акрамя таго, ва ўказе з’явіліся новыя індыкатары, звязаныя з новай сферай — біялагічнай бяспекай. Вызначаны пяць накірункаў, па якіх будуць выпрацоўваюцца канкрэтныя рашэнні. Каардынатарам вызначана Міністэрства аховы здароўя, — расказаў Аляксандр Вальфовіч. — Я думаю, што тыя новаўвядзенні, пра якія сёння далажылі, дадуць больш поўную і аб’ектыўную адзнаку стану нацыянальнай бяспекі». 

На працягу года ўсе ведамствы, якія кантралюць розныя сферы нацыянальнай бяспекі, аналізуюць сітуацыю, даюць сваю ацэнку. Усё гэта акумуляецца ў канцы года у дзяржаўным сактарарыяце Савета бяспекі і штогод да 25 сакавіка гэты аналіз прадстаўляецца Прэзідэнту на зацверджанне. У выпадку пагрозы, якая запатрабуе неадкладных мер, яны будуць прыняты адразу, не чакаючы традыцыйнага дакладу. «Пагрозы мы адсочваем на сістэмнай аснове і пастаянна інфармуем Прэзідэнта», — удакладніў ён. 

«Адно з новаўвядзенняў, якое падтрымана, — пасля даклада Прэзідэнту выносіць гэту ацэнку на разгляд і зацвярджэнне Саветам бяспекі для больш аб’ектыўнай ацэнкі карціны і для таго, каб па найбольш крытычных момантах (калі такія будуць) былі выпрацаваны канструктыўныя рашэнні, замацаваныя пастанаўленнем Савета Бяспекі», — адзначыў Аляксандр Вальфовіч. Па яго словах, усе крокі, накіраваныя на рэфармаванне і ўдасканаленне заканадаўства ў сферы нацыянальнай бяспекі, накіраваныя найперш на захаванне стабільнасці і міру ў нашай краіне. 

Дзяржсакратар Савета Бяспекі адзначыў, што Прэзідэнт у цэлым дакумент падтрымаў. З улікам невялікіх дапаўненняў ён будзе дапрацаваны. У цэлым Аляксандр Вальфовіч ацаніў абстаноўку ў краіне як стабільную, але раслабляцца нельга. «Трэба ўвесь час трымаць руку на пульсе. Як сёння сказаў кіраўнік дзяржавы: мы павінны ведаць, што адбываецца ўнутры краіны, за яе межамі, каб апярэджваць нашых апанентаў хаця б на адзін крок», — рэзюмаваў ён. 

Адна са сфер нацыянальнай бяспекі — гэта нацыянальная бяспека ў ваеннай сферы, за якую адказвае міністэрства абароны. Па словах міністра абароны Віктара Хрэніна, змяненні ў геапалітычнай абстаноўцы, новыя выклікі і пагрозы прымусілі перагледзець метадалогію падыходаў у ацэнцы ваеннай бяспекі, што было і зроблена ваенным ведамствам на аснове зацверджанай Канцэпцыі нацыяльнай бяспекі. «Новая метадалогія падыходаў у ацэнцы ваеннай бяспекі носіць своечасовы, аб’ектыўны і комплексны характар, звязана з пытаннямі і палітыкі, і эканомікі», — сказаў міністр. 

Міністр эканомікі Юрый Чабатар заўважыў, што кіраўнік дзяржавы пастаянна робіць акцэнт на пытаннях стабільнай работы эканомікі. Пры абмеркаванні гэтай тэмы члены Савета бяспекі засяродзіліся на сацыяльным, эканамічным, дэмаграфічным, навукова-тэхнічным напрамках. «Нас хвалююць пытанні, звязаныя з дыверсіфікацыяй экспарту, з ацэнкай работы эканомікі ў параўнанні з іншымі краінамі. Таму мы прапанавалі адпаведныя дапаўненні, паказчыкі, якія давалі б нам больш аб’ектыўную ацэнку ў гэтай сферы», — адзначыў міністр. Навукова-тэхнічны напрамак важны з пункту гледжання тэхналагічнай і лічбавай бяспекі. Па меркаванні міністра, падыходы да ацэнкі ў гэтых галінах трэба ўзмацніць, каб падштурхнуць рэгулятары да больш дынамічнай работы. І ключавая — сацыяльна-дэмаграфічная сфера. У гэты блок паказчыкаў, паводле слоў Юрыя Чабатара, плануецца ўнесці больш за ўсё змяненняў і дапаўненняў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.