Вы тут

У Санкт-Пецярбурзе адбылася XXXI канферэнцыя «Санкт-Пецярбург і беларуская культура»


У Санкт-Пецярбурзе адбылася XXXI канферэнцыя «Санкт-Пецярбург і беларуская культура». Гэтыя вельмі цікавыя і аўтарытэтныя форумы праходзяць у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы, якая з’яўляецца іх арганізатарам разам з Санкт-Пецярбургскай асацыяцыяй беларусістаў. Даследчыкі з Расіі і Беларусі дзеляцца сваймі знаходкамі ў архівах, абмяркоўваюць кантакты ў сферы культуры. Тэмамі дакладаў могуць быць помнікі кніжнай культуры і гісторыі, біяграфіі вядомых дзеячоў, літаратура, музыка, мастацтва, этнаграфія…


Арганізатары імкнуцца прыцягваць удзельнікаў і не з акадэмічных колаў — каб кола тэм атрымлівалася шырэйшым. Пра гэта сказаў старшыня Санкт-Пецярбургскай асацыяцыі беларусістаў і Цэнтра усходнеславянскіх даследванняў, загадчык аддзела рэдкай кнігі Расійскай нацыянальнай бібліятэкі Мікалай Нікалаеў, які адкрыў канферэнцыю. Родны горад доктара гістарычных навук, прафесара Мікалая Нікалаева — беларускі Наваградак, і шмат гадоў жывучы і працуючы ў Санкт-Пецярбурзе, навуковец імкнецца не толькі даследваць беларускую прысутнасць у Паўночнай Пальміры, але і прыўносіць туды сучсасную беларускую культуру. Так, нядаўна ён прачытаў лекцыю пра Францыска Скарыну для студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта на беларускай мове — каб яны маглі меркаваць пра мову беларусаў не толькі па напісаным, але і на слых. Гэты вельмі цікавы досвед можна ўбачыць на відэа на старонцы

Цэнтра усходнеславянскіх даследванняў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, там жа вывешваюцца відэаматэрыялы форумаў. 

—Гэта канферэнцыя была і застаецца вельмі важнай для нас падзеяй, — сцвердзіў у прывітальным слове генеральны дырэктар Расійскай нацыянальнай бібліятэкі Дзмітрый Цыпкін. — І з кожным годам яе значэнне павялічваецца. Мы жывем у эпоху тэктанічных зменаў ва ўсёй сусветнай прасторы. Толькі праз час мы зразумеем, колькі трыццаць гадоў існавання канферэнцыі далі для культурнага развіцця, узаемадзейнічання і самаасэнсавання двух вялізных частак нашага агульнага свету. Глыбіню ўзаемадзеяння рускай і беларускай культур нам яшчэ толькі належыць усвядоміць. Будзем спадзявацца, што гэтая пляцоўка пашырыцца, і не толькі ў межах Пецярбурга, а, магчыма і ў Беларусі. 

Прывітальнае слова ад Выдавецкага дома «Звязда» агучыла ўдзельніца канферэнцыі, рэдактар аддзела культуры газеты «Звязда» Людміла Рублеўская. Таксама яна перадала Расійскай нацыянальнай бібліятэцы шэраг выдадзеных у Выдавецкім доме «Звязда» кніг, у тым ліку краязнаўчую і мастацкую літаратуру, зборнікі, куды ўваходзяць творы сучасных беларускіх пісьменнікаў. Дырэктар бібліятэкі Дзмітрый Цыпкін запэўніў, што беларускія кнігі — вельмі важная частка таго, што захоўваецца, збіраецца ў бібліятэцы, тое, што трэба рабіць даступным для чытача.

—Гэта не пустыя словы, таму што літаратура — сведчанне існавання нацыянальнай мовы. Каб мова адбылася — у ёй павінна нарадзіцца вялікая літаратура. У Беларусі быў вялікі пісьменнік Васіль Быкаў, які ёсць доказам і фактам наяўнасці паўнавартаснай нацыянальнай мовы. А значыць, і наяўнасці вялікай літаратуры. Беларуская літаратура, як частка агромністай культурнай прасторы, для нас блізкай, вельмі важная для нас, і цудоўна, што ў нас ёсць магчымасць атрымліваць такія выданні.

Тэматыка выступленняў атрымалася вельмі разнастайнай. «Музычная Беларусь сёння» — так называўся даклад музыказнаўцы Дзмітрыя Салярцінскага, старшыні Санкт-Пецярбургскага таварыства Д. Д. Шастаковіча. Дзмітрыя Іванавіча ў Беларусі добра ведаюць па музычным фестывалі ў Віцебску, які прысвечаны памяці яго бацькі. Галоўны бібліятэкар РНБ Марыя Ткачэнка распавяла пра лексіку дакументаў XVII стагоддзя. Дэкан факультэта Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута Дзмітрый Вінаходаў прысвяціў свой даклад Яну Баршчэўскаму, які нарадзіўся на Полаччыне, а адукацыю атрымліваў і ў Полацку, і ў Санкт-Пецярбурзе. У дакладзе прагучалі найцікавейшыя старонкі гісторыі Полацкага манастыра. Пра Яна Баршчэўскага гаварыла і супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ніна Літвінка. Загадчык аддзелам бібліяграфіі і краязнаўства РНБ Дзяніс Шылаў распавёў пра трагічны лёс Станіслава Каханоўскага, які жыў два стагоддзі таму. Старшы выкладчык факультэта міжнародных зносін і палітычных даследванняў Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Саўчанка падзяліўся знаходкамі датычна малавядомых старонак савецка-польскай вайны 1919-1020 гг. Людміла Рублеўская, рэдактар аддзела культуры газеты «Звязда», гаварыла пра двух беларусаў, чый лёс быў звязаны з Санкт-Пецярбургам — лінгвіста Іосіфа Воўк-Левановіча і паэта Паўлюка Шукайлу.

Вельмі грунтоўным атрымаўся даклад пра пецярбургскую спадчыну Сержпутоўскага вядучага навуковага супрацоўніка Расійскага этнаграфічнага музея Алега Лысенкі, які, дарэчы, знаходзіўся ў сваяцтве са слынным беларускім археолагам Пятром Лысенкам. Гісторык Вера Кнорынг распавяла пра малавядомага яўрэйскага паэта Аўрома Лесіна, які жыў у Мінску і якога ілюстраваў Марк Шагал. Віктар Шніп, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя», распавёў пра сённяшні дзень беларускіх тоўстых часопісаў, адказаў на зацікаўленыя пытанні слухачоў. Яшчэ адзін удзельнік з Беларусі, дацэнт Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Уладзімір Куліковіч зрабіў займальны даклад на нечаканую тэму — арфаграфічныя недакладнасці ў сучасных беларускамоўных выданнях.

Размова атрымалася разнабаковай і зацікаўленай, узнікалі дыскусіі, задаваліся пытанні. Па заканчэнні канферэнцыі ўдзельнікі традыцыйна наведалі магілу акадэміка Яўхіма Карскага на Смаленскіх могілках, каб ускласці кветкі і аддаць даніну памяці аўтару грунтоўнага даследвання «Беларусы».

Людміла ІВАНОВА

Фота з сайта Расійскай нацыянальнай бібліятэкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Здароўе

Як перажыць спякоту

Як перажыць спякоту

Дзевяць важных правіл.