Вы тут

Нагадваем пра асноўныя змяненні па сацвыплатах з 1 ліпеня


З ліпеня сацыяльныя выплаты, якія дастаўляюцца праз пошту (у аддзяленні пошты альбо з дастаўкай дадому), будуць выплачвацца праз банк. Цягам гэтага тыдня яшчэ можна паспець аформіць базавы рахунак, на які вам будуць налічваць выплаты. Пры гэтым зусім неабавязкова заводзіць банкаўскую картку. Нагадваем асноўныя нюансы, якія зменяцца з наступнага месяца.



 

Пра якія сацвыплаты ідзе гаворка

• пенсіі;

• дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей;

• дапамога па доглядзе інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

У чым сутнасць змены?

Змяненні закрануць тых, хто пражывае ў Мінску, гарадах абласнога падпарадкавання і раённых цэнтрах:

• маладых пенсіянераў да 70 гадоў, якія не з’яўляюцца інвалідамі І і ІІ групы;

• атрымальнікаў дзіцячых дапамог (за выключэннем інвалідаў І і ІІ групы, а таксама сем’яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда да 18 гадоў);

• атрымальнікаў дапамогі па доглядзе інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

— Прымаючы рашэнне на выплату праз банкі, у першую чаргу ўлічвалася даступнасць, таму змены закрануць менавіта жыхароў гарадоў і раённых цэнтраў, дзе маецца свая пашыраная банкаўская сетка, банкаматы і грошы можна атрымаць або наяўнымі, або праз залічэнні на картку. І, канешне, улічваліся катэгорыі: гэта мабільныя пенсіянеры, якія могуць дайсці да банкаў, — каментуе намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.

Алгарытм застанецца ранейшы

Раней па пенсію трэба было ісці на пошту і атрымліваць грошы наяўнымі, пасля разлічвацца імі ў магазіне ці за іншыя паслугі. Цяпер дастаткова прыйсці ў банк, напісаць заяву на пералічэнне сацыяльных выплат на банкаўскі рахунак.

— Тут сам грамадзянін выбірае, як ён будзе атрымліваць пенсію: штомесяц у банку, гэтак жа, як раней, атрымліваў на пошце, прад’яўляючы пашпарт, ці выбірае банкаўскую картку, якая дае больш свабоды. Калі ён выбірае хадзіць у банк, то алгарытм не мяняецца: раней хадзіў на пошту, цяпер будзе хадзіць у аддзяленне банка, — тлумачыць Валерый Кавалькоў.

Каго змяненні не закрануць

• атрымальнікаў пенсій (незалежна ад месца пражывання) ва ўзросце, старэйшым за 70 гадоў, і інвалідаў І і ІІ групы;

• атрымальнікаў дзіцячых дапамог (незалежна ад месца пражывання) з ліку інвалідаў І і ІІ групы і сем’яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў;

• атрымальнікаў пенсій, дзіцячых дапамог, дапамогі па доглядзе, якія пражываюць у сельскай мясцовасці.

Гэтым катэгорыям па-ранейшаму дадзена права выбару атрымання сацвыплат: праз пошту (у касе пошты або з дастаўкай дадому) або банк (у касе банка або на банкаўскую картку).

Як адкрыць базавы рахунак

Для атрымання пенсій і дапамог праз банк неабходна да 21 чэрвеня 2024 года:

1. Прыйсці ў банк з пашпартам або іншым дакументам, які сведчыць асобу, і адкрыць БАЗАВЫ рахунак. Да адкрытага рахунку можна бясплатна атрымаць банкаўскую плацежную картку. Яна будзе бясплатна абслугоўвацца і прымацца ва ўсіх арганізацыях гандлю і сэрвісу.

2. Запоўніць па ўзоры заяву аб пералічэнні сацвыплат у банк.

Яна будзе накіравана банкам у орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. І самому грамадзяніну больш нікуды не трэба хадзіць.

— Мы павінны разумець, што парадак выплаты пенсіі змяняецца з 1 ліпеня. У нас ідзе цэнтралізаванае фарміраванне выплатных дакументаў і залічэнне грашовых сродкаў. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны разам са сваімі падведамаснымі органамі прыступае да гэтай працэдуры 25 чысла, таму каб усё карэктна сфарміравалася, пажадана падаць звесткі да 20-га. Тады банк на працягу трох дзён перашле заяву і інфармацыю ў органы сацыяльнай абароны і выплатныя дакументы сфарміруюцца карэктна. Калі заява пададзена не будзе, пенсію за ліпень мы, канешне ж, выплацім у індывідуальным парадку, пры гэтым гарантаваць, што грамадзянін атрымае яе ў звыклую для сябе дату, ніхто не можа. Ёсць нормы закона, якія ўсе павінны выконваць, — патлумачыў Валерый Кавалькоў.

Спіс банкаў, у якіх можна адкрыць БАЗАВЫ рахунак: «Беларусбанк», «Прыёрбанк», «Белаграпрамбанк», «Сбер Банк», «Белгазпрамбанк», «Белінвестбанк», «Банк Дабрабыт», «Белзнешэканамбанк».

Канкрэтны банк выбірае сам чалавек.

Выплату пенсій і дапамог праз пошту (у касе пошты ці з дастаўкай дадому) па ўсёй краіне будзе ажыццяўляць нацыянальны аператар паштовай сувязі РУП «Белпошта».

Чаму ўнесены змяненні?

Яшчэ да змянення парадку выплаты пенсій больш за 70% пенсіянераў атрымлівалі выплаты праз банкі, паколькі гэта больш звыклы спосаб.

— Банкаўскія карткі ўвайшлі ў наша жыццё даволі даўно, і сёння на пенсію выходзяць грамадзяне, якія прызвычаіліся да банкаўскіх картак, бо атрымлівалі такім чынам заработную плату. Фактычна для іх нічога не змяняецца, — каментуе Валерый Кавалькоў.

Намеснік міністра адзначае, што прычыны змяненняў дзве. Па-першае, гэта развіццё лічбавых тэхналогій і ўкараненне перадавых прадуктаў, па-другое, на выплату пенсій і дапамог праз РУП «Белпошту» выдаткоўвалася каля 100 мільёнаў рублёў. Банкі выплачваюць сацыяльныя дапамогі бясплатна. Гэтыя дадатковыя фінансавыя затраты будуць накіраваны на павелічэнне сацыяльных выплат.

Па пытаннях пераводу выплаты пенсій і дапамог праз банкі, а таксама праз пошту можна звяртацца ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...