Вы тут

І зноў закружыць фестываль...


Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2024». У святочную атмасферу жыхары і госці горада паглыбіліся ўжо з 11 чэрвеня. Асноўныя ж мерапрыемствы прайшлі 14–15 чэрвеня. Чым жа здзіўляў «Маладзечна-2024»?



 

Музычны калейдаскоп

З мінулага года ў рамках фестывалю апрабавалі новы фармат правядзення другога і трэцяга тураў рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Усе яны праходзяць на другі дзень для таго, каб удзельнікі таксама мелі магчымасць напоўніцу акунуцца ў атмасферу фестывалю.

Усяго ў конкурсе прыняў удзел 21 вакаліст: па тры прадстаўнікі ад кожнай вобласці і горада Мінска. Найлепшым вакалістам стала прадстаўніца Мінскай вобласці Вераніка Высоцкая. Менавіта ёй дасталіся Гран-пры і спецыяльны прыз Уладзіміра Мулявіна — хрустальная гітара.

Парадаваў фестываль сёлета і добрымі канцэртамі. Так, 14 чэрвеня ў Палацы культуры прайшла творчая вечарына арт-групы «Беларусы». Напярэдадні ж была творчая сустрэча з кіраўніком калектыву, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Валерыем Шматам у межах праекта «Асоба эпохі».

— Я ганаруся тым, што нарадзіўся ў самым улонні беларускага народа. Я чуў беларускую мову не толькі з экранаў тэлебачання, але і з вуснаў бабулі, сваіх родных і блізкіх. Беларускую песню я чуў не толькі ў харавых, аркестравых выкананнях, — чуў, як яна гучыць на цымбалах, гармоніку і на іншых музычных інструментах, якія рабілі майстры таго часу, — падзяліўся ён.

Закранулі ў размове і значнасць фестывалю ў Маладзечне. Па словах артыста, у самой яго назве закладзены галоўны сэнс: «беларускай песні і паэзіі».

— Такой колькасці беларускіх песень беларускіх аўтараў, якія гучаць тут, мы не пачуем ні на адным фестывалі ў Беларусі і за мяжой, — заключыў ён.

Адкрываючы фестываль

Яркім акордам стала і ўрачыстае адкрыццё фестывалю на сцэне Летняга амфітэатра.

— 23-і год мы збіраемся разам на гэтай гасціннай маладзечанскай зямлі, вітаем сяброў, каб убачыць свае добрыя напрацоўкі, паказаць нашу творчасць, нашу «беларускасць», нашу гісторыю, спадчыну, — адзначыў міністр культуры Анатоль Маркевіч у дзень адкрыцця фестывалю. — Праходзячы па вуліцах Маладзечна, можна ўбачыць вялікую цікавасць да фестывалю ў жыхароў і гасцей горада.

Фестываль кожны год набірае абароты, дадае і ўдзельнікаў — тых, хто мае вялікае жаданне прыехаць на гэтую гасцінную зямлю і адпачыць душой, сэрцам. Тут асаблівая атмасфера, пануе вельмі добры настрой, павага да нашай культуры, нашай мовы.

Маладзечанская зямля збірае вядомых артыстаў, паэтаў, пісьменнікаў, кампазітараў. Больш за тое, фестываль у Маладзечне можа перарасці ў міжнародны. У гэтым годзе яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі дзевяці рэгіёнаў РФ.

Таксама падчас адкрыцця міністр культуры зачытаў і прывітальнае слова Прэзідэнта, у якім сказана, што форум на працягу многіх гадоў выконвае высакародную місію асветніцтва, заахвочвае да вывучэння багатай паэтычнай і песеннай спадчыны, садзейнічае захаванню і развіццю традыцый нацыянальнага мастацтва.

А далей грымнуў гала-канцэрт «Мелодыі сэрца» з яго яркімі кампазіцыямі ў выкананні Вікторыі Алешка, Уладзіміра Громава, Юліі Быкавай і іншых. Безумоўна, была выканана і вельмі важная традыцыя фестывалю: пачаць гала-канцэрт з аб’яднальнай песні «Талака».

На паэтычнай ноце

Сярод насычанай праграмы фестывалю важнае месца заўсёды ўдзялялася паэтам і пісьменнікам. Так, з году ў год дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі адпраўляецца ў Вязынку на радзіму Янкі Купалы для таго, каб пачытаць свае найлепшыя вершы ў гэтым знакавым месцы.

— Для нас гэта вельмі хвалююча, вельмі ганарова, пачэсна, бо там нас заўсёды чакае пясняр, які ў сваіх творах адлюстраваў наша беларускае, народнае, сваё, — падзялілася першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах.

Паводле яе слоў, сёлета свята ў Вязынцы адметнае тым, што ўдзел у ім прынялі як знакамітыя майстры слова, так і вялікая грамада маладых аўтараў.

— Хочацца, каб яны таксама адчулі дух фестывалю, яго настрой, каб яны таксама разумелі, як важнае мастацкае слова ў сучасным свеце, як важна, каб гэтае слова было стваральным, а не разбуральным, — заключыла яна.

Паказаць мастацтва

Складана ўявіць фестываль у Маладзечне без добрых экспазіцый. Сёлета ў выставачнай зале Палаца культуры гледачам была прадстаўлена ўнікальная фотавыстава «Творцы». Яна складаецца з партрэтаў знакамітых дзеячаў культуры Беларусі, якія ўнеслі неацэнны ўклад у культурную спадчыну нашай краіны. Аўтар усіх гэтых здымкаў — беларускі фотажурналіст Юрый Іваноў. У прафесіі ён з 1960-х гадоў. За ўвесь гэты час з’явілася вялікае партфоліа з партрэтамі вялікіх людзей, легенд і класікаў.

— Усе героі выставы — гэта мае знаёмыя, сябры, людзі, з якімі сутыкнула прафесія і якія запалі ў сэрца, — падзяліўся фотажурналіст.
На адкрыцці выставы прысутнічалі і героі здымкаў. Сярод іх — кінааператар Юрый Ялхоў, беларускі кінарэжысёр Вячаслаў Нікіфараў і паэт Фёдар Баравы.

Прагулка па горадзе майстроў

Здаецца, адна з самых яркіх і па-сапраўднаму народных старонак фестывалю — гэта горад майстроў. Ты можаш не трапіць на канцэрт ці адкрыццё выставы, але міма гулянняў на вуліцах горада прайсці немагчыма. Яны літаральна захопліваюць у свой чароўны свет.
Нашу ўвагу прыцягнулі дзіўныя габелены майстра народнай творчасці Марыі Старасцінай з Прылук. У яе асаблівы почырк і ўнікальны стыль.

— Мая мама была ткачыхай, а тата — мастаком. Так і атрымалася, што мая творчасць аказалася на сумежжы ткацтва і мастацтва. Габелен з прэтэнзіяй на рэалістычную карцінку — гэта маё ноу-хау, — расказала яна.
Не магла не прыцягнуць увагу і міжінтэрнацыянальная пляцоўка ад Смалявіч, у якой вырашылі сумясціць беларускую і кітайскую культуры.

— На тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Канцэпцыя пляцоўкі — гэта беларускае і кітайскае сяброўства. Мы хацелі паказаць, чым нашы культуры адрозніваюцца і чым аб’ядноўваюцца. Насамрэч у нас шмат агульнага. Мы частавалі сёння кітайцаў нашым мятным чаем, а яны нам арганізавалі традыцыйную кітайскую чайную цырымонію, — падзяліўся намеснік дырэктара Смалявіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Уладзімір Гаўрыкаў.

Сярод іншых забаў тут можна было прайсці майстар-клас па каліграфіі і вырабе лялькі-абярэга.

Прыцягвалі ўвагу і літаратурныя стэнды, дзе за правільны адказ на пытанне ці нават проста за прачытанне чатырохрадкоўя можна было атрымаць прыз. Так, на пляцоўцы ад народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» з Валожына карэспандэнт «Звязды» выйграла чароўны яблык з літаратурнага саду. Кажуць, ён абавязкова павінен надзяліць свайго ўладальніка літаратурным дарам...

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Здароўе

Як перажыць спякоту

Як перажыць спякоту

Дзевяць важных правіл.