Вы тут

У Круглым карэспандэнт «Звязды» пазнаёмілася з мясцовымі падпісчыкамі


У мінулую суботу Цэнтральны парк культуры і вольнага часу ў Круглым на некалькі гадзін пераўтварыўся ў сапраўднае царства лялькі. Яны тут прысутнічалі адразу ва ўсіх відах: на малюнках, у вырабах і нават жывыя. Раённы аддзел культуры паклапаціўся, каб незвычайнае свята сабрала як мага больш гасцей. У ім удзельнічалі не толькі школы, бібліятэкі і клубы, але і прадпрыемствы, арганізацыі сельсаветы.


— Налета нашаму святу спаўняецца 10 гадоў, — расказвае загадчыца сектара культуры Круглянскага райвыканкама Аксана Дзерунова.

— Пачыналася яно як свята рамёстваў, а потым пераўтварылася ў свята лялькі. Гэта ж адна з важных традыцый беларускага народа. Мы нараджаемся, расцём з лялькай, напэўна, усе сакрэты ёй расказваем і нават дарослымі звяртаемся да лялек. Абавязкова праводзім конкурс, пераможцаў вызначаем адразу ў некалькіх намінацыях: «Малюнак», «Мая любімая лялька», «Сучасная лялька», «Міфы і легенды роднага краю», «Лялька, зробленая сваімі рукамі» — «Традыцыйная» і «Лялька-прафесія». Ёсць таксама намінацыя «Жывая лялька». Намінацыю «Лялька-прафесія» прыдумалі нядаўна, хацелася, каб арганізацыі, якія працуюць у раёне, прыклалі свае рукі.

Атрымліваецца вельмі незвычайна. Сёлета нам на конкурс прадставілі ляльку-настаўніцу, ляльку-мастака, з Талачына перадалі ляльку-каваля.

Цікава было прайсціся па лялечных радах. Тут табе і русалкі, і лялькі-сімвалы, і берагіні. У госці з другога краю вобласці прыехалі майстрыхі Хоцімскага Дома рамёстваў. Многім ужо знаёмыя лялькі Таццяны Навумавай.

Быхаўскі раён таксама прывёз лялькі на любы густ. Майстар народнай творчасці Ірына Фадзеева, якая займаецца іх вырабам, расказала, што дзве іх рукатворныя прыгажуні ўдзельнічаюць у конкурсе. І вельмі хочацца, каб іх адзначылі.

— Мы тут не ўпершыню, у конкурсе ўдзельнічаем заўсёды, — удакладняе майстрыха. — І на трэцім месцы былі, і на другім. Расцём. Калі сур’ёзна, то лялька — гэта вельмі важны атрыбут у жыцці чалавека. У кожнага яна свая. Маленькімі гулялі ў лялькі і цяпер не разлучаемся. У свой час я працавала ў школе майстрам працоўнага навучання. А калі школа закрылася, прыйшла ў Цэнтр культуры і рамёстваў, дзе і захапілася лялькай.

— Лялька — гэта ўвасабленне самога сябе, — дапаўняе калегу яшчэ адна быхаўская майстрыха. — Яна заўсёды падобная на свайго аўтара.

Быхаўскія майстры прывезлі таксама розныя вырабы ручной работы. Тут і тэкстыльныя ўпрыгожванні, і чычкаўскае пляценне, і коўдрачкі з абрэзкаў, і сумкі са шнуроў.

Працавалі лакацыі ад сельсаветаў, клубнай сістэмы, школ, нават круглянскай Свята-Троіцкай царквы. Месцічы ведаюць, якія смачныя булачкі выпякаюць у храме, і загадзя цікавяцца. Ну, а анёльчыкі, створаныя рукамі дзяцей нядзельнай школы, заўсёды купляюць з задавальненнем. Кажуць, што яны ўзнімаюць настрой.

Круглянскі цэнтр творчасці дэманстраваў саламяных лялек і вырабы з баціку. А раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання прапаноўваў згуляць у бяспройгрышную латарэю. На памяць можна было атрымаць сімпатычны сувенір, зроблены рукамі тутэйшых выхаванцаў. Аб’ядноўвае сацыяльная служба 27 чалавек, чатырох з якіх наведваюць дома, астатнія займаюцца ў гуртках па інтарэсах.
Кожны з удзельнікаў свята запрашаў дзяцей паўдзельнічаць у гульнях. Бібліятэка, школы, сельсаветы аформілі свае зоны з улікам дзіцячых запытаў. Нават санслужба з бальніцай у гульнявой форме запрашалі навучыцца правільна чысціць зубы, бо гэта вельмі важна для здароўя.

— У нас можна не толькі паглядзець, але і ўсё паспрабаваць, усяму навучыцца, — усміхаецца Аксана Дзерунова. — Звычайна на свята збіраецца да 300 чалавек. Летась было восем раёнаў, сёлета заяўлена дзевяць.

«Добрыя людзі, спяшайцеся, на свята лялькі збірайцеся!» — гучала са сцэны. І пад задорныя гукі і народныя спевы свята пакрысе запаўняла сабой увесь парк. І людзі ішлі разам з дзецьмі на гэтыя гукі.

На лаўках у глядзельнай зале пад адкрытым небам не было вольных месцаў. Прэзентацыя ляляк — гэта заўсёды вельмі цікавая праграма з вершамі, песнямі, танцамі.

Дзяўчынка Маша расказвала са сцэны пра сваю ляльку — таксама Машу. Казала, што яе ўсяму вучыць маці, а яна — сваю ляльку. Перыядычна на сцэну выходзілі творчыя калектывы. Пявунні ў народных строях народнага фальклорнага ансамбля «Спадарыня» Чавускага раённага Цэнтра культуры і вольнага часу заспявалі і адразу ж завалодалі ўвагай. Свята гуло, смяялася, гаманіла дзіцячымі галасамі, клікала за сабой.

Сустрэча «Звязды» з падпісчыкамі добра ўпісалася ў свята. Шмат чаго агульнага. «Звязду» ў Круглым чытаюць і любяць. Наша пастаянная чытачка Вольга Молнар, якая працуе ў сферы сацыяльнага абслугоўвання 27 гадоў, сябруе са «Звяздой» ужо пяць гадоў.

— Гэта найлепшае выданне ў Беларусі, на мой погляд, — кажа яна. — Падабаецца, што газета на беларускай мове. Карыстаюся тымі парадамі, якія там даюць па агародніцтве. Тую ж бульбу і агуркі як даглядаць, каб ураджай быў большы. Чытаю заўсёды рубрыку «Крынічка», а яшчэ падабаюцца матэрыялы пра прыроду. Хацелася б, каб больш пра сельскіх герояў пісалі. Прычым з сельскай гаспадаркі. Вельмі перажываю, што моладзь з’язджае з сяла. Калі любіш радзіму, павінен застацца на ёй і рабіць усё на яе карысць. А не гнацца за доўгім рублём.

Вольга паведаміла, што газету з задавальненнем чытае і яе маці. І яшчэ папрасіла напісаць, што Кругламу вельмі не хапае фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Калі б ён быў, разважае яна, магчыма, моладзь так імкліва не з’язджала б у горад.

Ад рэдакцыі Вольга Молнар атрымала ў падарунак стыльны нататнік і ручку з лагатыпам «Звязда» як напамін пра тое, што газета таксама ўдзячная кожнаму свайму чытачу.

А што датычыцца лялек: «Дыплом 1 ступені «За самую лепшую ляльку» атрымала жыхарка Шклоўскага раёна Ірына Андросава».

Нэлі ЗІГУЛЯ, г. Круглае

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.