Сёння імя віцебскага Гулівера, аднаго з самых папулярных людзей ХХ стагоддзя Фёдара Махнова, вядома многім, асабліва жыхарам паўночнага рэгіёна. Гэта легендарная асоба праславілася на ўвесь свет не толькі самым высокім ростам (285 сантыметраў), але і надзвычайнай сілай, прафесіяналізмам і вясковай сціпласцю. У біяграфіі Махнова, які нарадзіўся і потым жыў у вёсцы Касцюкі, што ў Віцебскім раёне, вялікі цыркавы вопыт, сустрэчы з Папам Рымскім і англійскай каралевай, работа на млыне пасля вяртання на радзіму. У гонар земляка, імя якога стала брэндам Віцебскага раёна, шэсць гадоў таму арганізавалі фэст вулічнага і цыркавога мастацтва, а тры гады таму ён вырас да абласнога маштабу. Сёлета свята сабрала больш за паўтары тысячы гасцей і ўдзельнікаў з розных куткоў вобласці і з Расіі.
Штогод арганізатары фестывалю імкнуцца прыдумаць такія цікавінкі, якія маглі б увайсці не толькі ў гісторыю раёна, але і краіны. Так, сёлета ў рамках фэсту адбыўся першы ў Беларусі забег роставых лялек. Увогуле, арганізатары падрыхтавалі для гасцей свята каля 30 розных мерапрыемстваў для самых маленькіх і самых дарослых удзельнікаў, стадыён у Ноўцы літаральна пераўтварыўся ў адзін каляровы гарадок са сваімі вулачкамі. Тут прайшлі адкрыты конкурс паветраных змеяў, выстава арт-аб’ектаў «Парк веліканаў і мініяцюр», лагер гістарычна-ролевай гульні, адкрыты сямейны чэмпіянат. Асабліва спадабаўся гасцям ужо традыцыйны конкурс сярод сабак і іх гаспадароў «Хвосцік-шоу». У лаўнж-зоне ўсе ахвотныя змаглі паспрабаваць сябе ў стаянні на цвіках, а сувеніры і памятныя падарункі, вырабленыя педагогамі і навучэнцамі Цэнтра дзяцей і моладзі, можна было набыць у «Лаўцы цудаў».
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Марына Навіцкая адзначыла, што Ноўка — яе малая радзіма, таму прысутнічаць на свяце ёй прыемна ўдвая. «Вялікую радасць выклікае той факт, што невялікія гарады і населеныя пункты знаходзяць свае адметнасці і брэнды, якія папулярызуюць праз фестывалі і святы. Тут заўсёды можна атрымаць зарад яркіх эмоцый, знайсці занятак па душы», — падкрэсліла яна.
Старшыня Віцебскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Дарожкін расказаў, што для таго, каб фэст «Волаты Прыдзвіння» выйшаў на абласны ўзровень, усе арганізацыі і ўстановы раёна прыклалі нямала сіл, творчасці і навыкаў. «Гэты фестываль ужо заняў сваю нішу ў краіне, аб ім ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за межамі. А гэта значыць, што мэта арганізатараў — зрабіць ураджэнца Прыдзвіння Фёдара Махнова брэндам не толькі раёна, але і вобласці, дасягнута», — адзначыў Віктар Васільевіч.
Не першы год на свята пад Віцебскам прыязджаюць родзічы Махнова, сёлета праўнучка велікана Галіна Шчацілава прыехала разам з сынам і нявесткай з Масквы. Жанчына падзялілася, што нашчадкам Фёдара Андрэевіча вельмі прыемна, што памяць аб ім беражліва захоўваюць і папулярызуюць на Віцебшчыне, удвая радасна, што такое вялікае свята штогод праходзіць у гонар Махнова. Аднак рост пад тры метры не атрымаў у спадчыну ніхто з унукаў і праўнукаў віцебскага Гулівера.
Святочным акордам вечара сталі мотапрабег, вогненнае прадстаўленне і начная дыскатэка, а перад гэтым на галоўнай сцэне фестывалю адбыўся рок-канцэрт.
Аляксандра Гвоздзева
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.