Вы тут

У Мінску прайшла 66-я сесія Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі


Асаблівасцю пасяджэння стала тое, што ў ім узялі ўдзел нядаўна выбраныя парламентарыі Нацыянальнага сходу Беларусі. Гэтая акалічнасць патрабуе абнаўлення кіруючых органаў Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Невыпадкова саюзныя парламентарыі пачалі сваю работу з арганізацыйных пытанняў. На парадку дня — і «Урадавая гадзіна» на тэму «Фарміраванне і развіццё агульнай навуковай і адукацыйнай прасторы ў рамках Саюзнай дзяржавы». Перад саюзнымі парламентарыямі выступілі кіраўнікі профільных міністэрстваў і дзяржаўных арганізацый. Пытанні, адрасаваныя ў іх адрас, датычыліся ўдасканалення інтэграцыйных працэсаў, глабальных выклікаў і пагроз у сферы навукі і адукацыі. 


Фота БелТА

Найперш саюзныя парламентарыі выбралі першага намесніка Старшыні Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Ім стаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка. Акрамя таго, выбраны намеснікі Старшыні Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Гэтыя пасады занялі намеснікі старшыняў Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Хаменка і Вадзім Іпатаў. Таксама запоўнены вакансіі старшыняў камісій Парламенцкага Сходу. 

Ад умацавання маральных асноў да пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва 

Прывітаўшы расійскіх калег на гасціннай беларускай зямлі і падзякаваўшы ўдзельнікам пасяджэння за аказаны давер у сувязі з выбраннем на высокую пасаду, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка выказаў упэўненасць, што абноўлены склад Парламенцкага Сходу захавае пераемнасць і будзе развіваць усё найлепшае, што напрацавана практыкай.

«Лідары нашых краін вызначылі стратэгічныя напрамкі развіцця саюзнага будаўніцтва, — нагадаў ён. — Наша сумесная дзейнасць павінна быць накіравана на іх максімальную рэалізацыю і рэзультатыўнасць. У рамках выканання задач, ускладзеных на Парламенцкі Сход, прапануецца надаць асаблівую ўвагу наступным аспектам. У студзені бягучага года Вышэйшым Дзяржаўным Саветам Саюзнай дзяржавы зацверджаны Асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024 — 2026 гады. Неабходна задзейнічаць патэнцыял камісій Парламенцкага Сходу для кантролю за ходам іх выканання і своечасовага рэагавання ў выпадку ўзнікнення любых затрымак у рэалізацыі мерапрыемстваў, прадугледжаных гэтым дакументам».

Па словах Ігара Сергяенкі, таксама трэба адсочваць эфектыўнасць ажыццяўлення праграм і мерапрыемстваў, якія фінансуюцца з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Акрамя таго, важна сфарміраваць задзел для новых сумесных праграм і мерапрыемстваў. «Асаблівы акцэнт трэба зрабіць на тэмах, якія забяспечваюць тэхналагічны суверэнітэт Саюзнай дзяржавы, высокую прадукцыйнасць працы і бяспечнае лічбавае развіццё, — канкрэтызаваў спікер. — Таму прапаную больш шырока выкарыстоўваць пляцоўкі Парламенцкага Сходу (і пасяджэнні камісій, і парламенцкія слуханні, і пастаянна дзеючыя семінары) для падрыхтоўкі і рэалізацыі адпаведных прапаноў. Варта глядзець не толькі ў заўтрашні дзень, але і ў далёкую будучыню. На гэта накіравана зацверджаная Вышэйшым Дзяржаўным Саветам Стратэгія навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы на перыяд да 2035 года».

Пры гэтым, як падкрэсліў першы намеснік Старшыні Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, саюзныя парламентарыі не павінны забываць і пра гуманітарную сферу. Тут, па яго меркаванні, першачарговую ўвагу неабходна ўдзяліць моладзі, умацаванню ў грамадстве маральных асноў, духоўнасці, традыцыйных каштоўнасцяў, грамадзянскай самасвядомасці і патрыятызму. «Адным словам, патрабуецца сур’ёзная праца над тым, што фарміруе непахісную аснову адзінства народаў Беларусі і Расіі», — акцэнтаваў увагу Ігар Сергяенка.

Ëн адзначыў, што ў мэтах садзейнічання міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву Беларусі і Расіі трэба працягнуць правядзенне пасяджэнняў парламенцкіх камісій у рэгіёнах, садзейнічаць адкрыццю новых напрамкаў у гэтай сферы. «Мы і ў далейшым павінны ставіць канкрэтныя задачы, шчыра гаварыць аб самых вострых праблемах, якія хвалююць нашых грамадзян, — паставіў задачу Ігар Сергяенка. —. Гэта наш прамы абавязак як парламентарыяў. Перакананы, што XI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які ў самы бліжэйшы час пройдзе ў Віцебску, Полацку і Наваполацку, надасць дадатковы імпульс і дынаміку гэтаму працэсу».

Кажучы аб знешнім контуры, Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што агульнай мэтай павінна стаць пашырэнне міжнароднага ўзаемадзеяння Парламенцкага Сходу. «Наш голас павінен гучаць у Міжпарламенцкім саюзе, — удакладніў ён. — Неабходна наладзіць шчыльнае супрацоўніцтва і з такімі аўтарытэтнымі арганізацыямі, як Міжпарламенцкая Асамблея АСЕАН, Панафрыканскі парламент і Парламент краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Сёння гэта надзвычай актуальна з пункту гледжання ўмацавання міжнародных пазіцый Саюзнай дзяржавы, прасоўвання яе інтарэсаў, асабліва ў святле працэсаў фарміравання шматпалярнага свету. Дзейнасць Парламенцкага Сходу ва ўсіх сферах павінна ажыццяўляцца ў цесным кантакце з Пастаянным Камітэтам Саюзнай дзяржавы, міністэрствамі і ведамствамі Беларусі і Расіі, камісіямі і камітэтамі палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі. Любыя ініцыятывы, якія вартыя ўвагі, павінны ўлічвацца».

Ігар Сергяенка звярнуў увагу на тое, што сесія праходзіць напярэдадні найважнейшай гістарычнай даты — 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Нашы бацькі і дзяды змагаліся з гітлераўцамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — нагадаў спікер. — Сярод іх многія ўдзельнічалі ў стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён», вынікам якой стала поўнае вызваленне Беларусі. Хачу падкрэсліць важнасць захавання гэтых і іншых гераічных і трагічных старонак нашай агульнай гісторыі не толькі для сябе, але і для нашчадкаў. Ад таго, якімі каштоўнасцямі яны будуць кіравацца, якія ставіць перад сабой мэты, да чаго імкнуцца, будзе залежаць будучыня Саюзнай дзяржавы».

Рэзюмуючы, Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што беларускія парламентарыі расцэньваюць удзел расійскай дэлегацыі ва ўрачыстых мерапрыемствах 3 ліпеня ў Мінску як цудоўную магчымасць яшчэ раз сустрэцца, прадэманстраваць свету згуртаванасць Беларусі і Расіі, а таксама імкненне ўмацоўваць сяброўства і супрацоўніцтва паміж нашымі народамі.

«Фармат Саюзнай дзяржавы сябе не вычарпаў»

Пасля арганізацыйнай часткі адбылася «Урадавая гадзіна» на тэму «Фарміраванне і развіццё агульнай навуковай і адукацыйнай прасторы ў рамках Саюзнай дзяржавы».

«Нашы прэзідэнты Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін і Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка шмат робяць для інтэграцыі і развіцця адносін паміж нашымі дзяржавамі, — падкрэсліў Старшыня Дзяржаўнай думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Вячаслаў Валодзін. — Фармат Саюзнай дзяржавы сябе далёка не вычарпаў. У нас вялізныя магчымасці для таго, каб рабіць усё для фарміравання адзінага прававога поля, прымаючы мадэльныя законы, займаючыся гарманізацыяй заканадаўства. Але ўзнікае пытанне: а наколькі мы эфектыўна вырашаем гэтыя задачы? Наколькі мы эфектыўна вырашаем задачы заканадаўчага забеспячэння рашэнняў, прынятых на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў? Наколькі эфектыўны ў гэтым пытанні наш урад, міністэрствы? Калі рашэнні па фарміраванні агульнага прававога поля, падыходаў выпрацаваны, варта прымаць нарматыўныя акты, законы і, такім чынам, вырашаць праблему. Таму мы з вамі павінны задаць пытанне нашым калегам з выканаўчай улады: чым ім дапамагчы, якія законы прыняць, што дазволіць сфарміраваць адзіную ў дадзеным выпадку прастору ў сферы навукі і адукацыі». 

Выступаючы з дакладам, міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец акцэнтаваў увагу на роўных правах у атрыманні адукацыі грамадзян Расіі і Беларусі. «Для расійскіх грамадзян існуе некалькі варыянтаў паступлення для навучання ў ВНУ Беларусі, — канкрэтызаваў ён. — З гэтага года ў грамадзян Расійскай Федэрацыі ёсць магчымасць паступіць ў ВНУ Беларусі па выніках здачы адзінага дзяржаўнага экзамену. Больш за тысячу бюджэтных месцаў па педагагічных, інжынерных, сельскагаспадарчых і іншых напрамках выдзелены, каб дзеці з Расійскай Федэрацыі маглі паступіць ва ўсе ВНУ Рэспублікі Беларусь. Безумоўна, яны будуць мець магчымасць і працаўладкавацца на адпаведныя прадпрыемствы як Беларусі, так і Расіі».

Захоўваецца магчымасць паступлення расійскіх грамадзян у беларускія ВНУ і па выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання. «Пры гэтым рэалізуюцца адзіныя правы і на ўсе бюджэтныя месцы могуць прэтэндаваць хлопцы і дзяўчаты з Расійскай Федэрацыі, — удакладніў Андрэй Іванец. — Як вынік, сёння ў ВНУ Расіі навучаецца каля 12 тысяч студэнтаў з Рэспублікі Беларусь, у ВНУ Рэспублікі Беларусь — каля 2,5 тысяч грамадзян Расійскай Федэрацыі. Упэўнены, тут ёсць патэнцыял для пашырэння».

Дарэчы, восем беларускіх ВНУ рэалізуюць праграмы сумеснай адукацыйнай падрыхтоўкі, калі два гады праходзіць навучанне на базе беларускіх ВНУ і два — на базе расійскіх ВНУ.

У сваю чаргу, спікер Дзяржаўнай думы звярнуў увагу на неабходнасць укамплектаванасці кадрамі прадпрыемствы Беларусі і Расіі за кошт мэтавага набору. Таксама Вячаслаў Валодзін лічыць, што варта зрабіць даступнымі аспірантуры саюзных ВНУ для хлопцаў і дзяўчат як з Расіі, так і з Беларусі. «Гэта пытанне фарміравання будучыні, падстава для таго, каб былі адкрыцці, і мы не толькі дасягалі мэт, але і інтэгравалі адукацыйныя прасторы», — падкрэсліў старшыня Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Дапамога дзецям Данбаса працягнецца 

Падчас сесіі былі разгледжаны пытанні аб рабоце Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі ў 2023 годзе, аб праекце Дэкрэта Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Дэкрэт Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы «Аб бюджэце Саюзнай дзяржавы на 2023 год», аб справаздачы Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы аб выкананні бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2023 год. 

У ходзе свайго выступлення Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый МЕЗЕНЦАЎ адзначыў, што ў бягучым годзе будзе працягнута работа па аказанні гуманітарнай дапамогі дзецям Данбаса. «Мы сапраўды з вялікай удзячнасцю аднесліся да рашэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна аб сітэмнай рабоце па аказанні гуманітарнай дапамогі, — дадаў ён. — Што датычыцца хамскага, бессаромнага перакручвання фактаў, якія дапускаюць перш за ўсё збеглыя 2020 года, знаходзячыся ў Прыбалтыцы і Польшчы... 2150 дзяцей, у тым ліку за кошт бюджэту, прайшлі аздараўленне ў Рэспубліцы Беларусь, 2150 дзяцей вярнуліся ў Данецкую і Луганскую рэспублікі. Мы ўжо не раз казалі аб гэтым: ні адно дзіця не згубілася, ні адно дзіця не захварэла, не зламала нагу і не атрымала нейкія калецтвы. У кожнага дзіцяці ў папцы «Асабістая справа» ёсць дазвол бацькоў або органаў апекі. Факты фальсіфікацый, перакручвання з боку заходніх партнёраў працягваюцца. Ні аднаго выпадку няма, а гэта пададзена ў палітычнай кан’юнктуры для таго, каб яшчэ раз наваліцца ў тым ліку на Беларусь, дзе дзеці адпачываюць». 

У гэтай сувязі дзяржсакратар папрасіў саюзных парламентарыяў аб асобнай рэзалюцыі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі аб прасоўванні больш дакладнай пазіцыі ў падтрымку ініцыятывы кіраўнікоў дзяржаў, Савета міністраў Саюзнай дзяржавы аб аказанні сістэмнай гуманітарнай дапамогі ў адрас дзяцей ДНР і ЛНР. 

Вялікія магчымасці Саюзнай дзяржавы 

Па выніках 66-й сесіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі Вячаслаў Валодзін і Ігар Сергяенка адказалі на пытанні журналістаў. 
Як адзначыў старшыня Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, сёлета 8 снежня будзе 25 гадоў Саюзнай дзяржаве. «Сёння можна сказаць, што Саюзная дзяржава адбылася, — падкрэсліў Вячаслаў Валодзін. — Пры гэтым яе патэнцыял недастаткова выкарыстаны, магчымасці вялікія. І нам са свайго боку трэба зрабіць усё для таго, каб мы эфектыўна вырашалі ўскладзеныя на нас задачы нашымі парламентамі, выбаршчыкамі. Грамадзяне нашых краін хочуць жыць у міры, дружбе, развіваючы адносіны. І калі казаць аб Парламенцкім Сходзе, то гэта добрая форма развіцця адносін. Мы абмяркоўваем пытанні гарманізацыі заканадаўства, у шэрагу выпадках прымаем мадэльныя законы — гэта ўсё нам дазваляе больш эфектыўна фарміраваць прававое поле». 

Па словах першага намесніка старшыні Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, падчас пасяджэння сесіі адбыўся жывы абмен меркаваннямі, прыводзіліся прыклады ранейшай паспяховай сумеснай работы, што сведчыць аб пераемнасці ў рабоце Парламенцкага Сходу, нарадзіліся новыя ідэі і прапановы. «Мы шануем сяброўства з Расійскай Федэрацыяй, і я ўпэўнены, што сённяшняя сесія надасць імпульс нашай далейшай сумеснай рабоце, а вынікам з’явяцца новыя ідэі, самае галоўнае, — увасабленне іх у жыццё», — рэзюмаваў Ігар Сергяенка. 

У тэму 

Як заўважыў у размове з журналістамі дэпутат Дзяржаўнай Думы, намеснік старшыні Камісіі Парламенцкага Сходу па прыродных рэсурсах, экалогіі і ахове навакольнага асяроддзя Мікалай Валуеў, прыклад узаемаадносін Беларусі і Расіі можна паказваць усяму свету. Па яго меркаванні, пераймання заслугоўвае тое, што мы адзін непадзельны народ, шматнацыянальны, замацаваны гісторыяй, адной Вялікай Перамогай. 

«Аб’яднаная Еўропа зноў спрабуе ладзіць «крыжовы паход» на Усход, — сказаў дэпутат Дзярждумы. — Цяпер усё гэта феерычна больш складана, бо валоданне ядзерным арсеналам — гэта, напэўна, адзіная прычына, па якой мы дагэтуль не знаходзімся ў фазе гарачай вайны. Нашы прэзідэнты не раз адзначалі, што калектыўная бяспека АДКБ, у якую ўваходзяць Беларусь і Расія, у свой час была важнай ініцыятывай для ўсіх суверэнных краін, якія засталіся пасля развалу Савецкага Саюза. І гэта фактычна ратавала дзяржавы ад развалу і дзяржперавароту. Гэта датычыцца і многіх эканамічных вострых пытанняў, з дапамогай якіх у тым ліку на нашы краіны спрабуюць ціснуць. Што ў піку гэтаму супрацьстаўляем? У першую чаргу, гістарычнае яднанне і гатоўнасць ісці плячом да пляча разам і абаранняцца. Абараняцца эканамічна, ваенным шляхам, якім заўгодна. Мы яшчэ раз даказваем, што гэты саюз, як у старым гімне Савецкага Саюза, непарушны. І тыя, хто спрабуе выпасці з яго, церпіць ад гэтага толькі адны страты». 

Член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Камісіі Парламенцкага Сходу па культуры, навуцы і адукацыі Міхаіл Мірончык канстатаваў, што ў рамках Саюзнай дзяржавы існуе шмат сумесных праектаў, якія датычацца ўзаемадзеяння на ўзроўнях агульнай сярэдняй адукацыі і вышэйшай адукацыі. «Гэта і шматлікія конкурсы, і алімпіядны рух на ўзроўні вышэйшай адукацыі, гэта асацыяцыя ўстаноў вышэйшай адукацыі, якая ўжо створана і працуе, — канкрэтызаваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў. — Кожнага з нас хвалюе пытанне яшчэ больш шчыльнага ўзаемадзеяння на ўсіх узроўнях адукацыйнай дзейнасці Саюзнай дзяржавы. Мы сёння сумесна працуем над тым, каб нашы сістэмы адукацыі зблізіліся і былі адзіныя падыходы ў адукацыйных стандартах на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, вышэйшай адукацыі. Нашых выпускнікоў школ хвалюе, дзе і як атрымаць прафесію. Расійская моладзь пытаеццца, як можна паступіць у нашы ВНУ, а беларускія студэнты цікавяцца, якія спецыяльнасці можна атрымаць у расійскіх навучальных установах».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.