Вы тут

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?


У Аляксея Сідаравіча Хомчыка, як і ва ўсіх людзей яго пакалення, няпросты лёс. За 90 гадоў давялося перажыць і ўзлёты, і падзенні. Наш герой прайшоў праз страшэннае ваеннае ліхалецце, цяжкі перыяд пасляваеннага аднаўлення. Выбраўшы ў свой час нялёгкую прафесію ўрача, ён працягнуў справу свайго дзядзькі. Сёння Аляксей Сідаравіч, заслужаны ўрач Беларусі, радуецца жыццю, якое дакладна было пражыта недарма. Знаходзіць натхненне і падтрымку ў сваёй сям’і, піша цудоўныя вершы. Разам з сынам Сяргеем яны распавялі карэспандэнтам «Звязды» пра складаны лёс і пра захоўванне сямейных традыцый.


«Яшчэ шасці гадоў мне не споўнілася, як пачалася Вялікая Айчынная вайна, — успамінае Аляксей Сідаравіч. — І вось тры гады лесу, партызанскіх зямлянак. Голад... Холад... Пабегаў я ад гэтых праклятых... Мой дзядзька быў доктарам. Яго і шасцярых дзяцей, жонку, цесця з цешчай немцы забілі — кінулі жыўцом у калодзеж, а хату спалілі... Калі бацька вярнуўся з фронту, ён сказаў мне: «Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Аляксей Сідаравіч скончыў сем класаў вясковай школы. «Я вучыўся выдатна. Паступіў у Баранавіцкае медыцынскае вучылішча. Пасля заканчэння мяне адправілі працаваць у бальніцу вёскі Палачаны Маладзечанскага раёна. Пазней працаваў урачом у Антопальскім дзіцячым доме. І я так любіў займацца з дзецьмі! І яны мяне вельмі любілі, заўсёды чакалі, калі я вярнуся. Тут я сустрэў сваю другую палавінку Раю. Яна круглая сірата. Вайна загубіла і яе дзяцінства. Бацьку і маці немцы расстралялі ў двары ўласнага дома. Суседка схапіла дзяўчынку за руку і ўцякла з ёй...» — распавядае суразмоўца.

Праз год пасля сустрэчы маладыя людзі пажаніліся. «Рая вучылася завочна ў педінстытуце Горкага (цяперашні БДПУ імя М. Танка). Калі скончыла вучобу, сказала, што прыйшла пара і мне вучыцца: „Ты ж такі таленавіты, кемлівы! У цябе абавязкова ўсё атрымаецца!“ Я ўсяляк дапамагаў ёй з вучобай. На той момант у нас ужо было двое дзяцей — Сярожа ды Іра. А жыць не было дзе. Бацька мой быў вельмі рукасты. Я пераняў у яго гэтыя навыкі і за год сваімі рукамі пабудаваў дом. Мы як селі на падлогу, усёй сям’ёй плакалі ад радасці, што нарэшце ў сваім доме», — расказвае Аляксей Сідаравіч.

Жонка ўсё ж настаяла, каб ён вучыўся далей, і ў 1963 годзе наш герой пайшоў здаваць экзамены для паступлення ў Мінскі медінстытут. «Калі паступіў у інстытут, абышоў усе 52 кафедры. На 50 я атрымаў пяцёркі, на дзвюх — чацвёркі. Першую і другую сесію здаў на выдатна. Тады я стаў Ленінскім стыпендыятам. У гэты час паралельна працаваў фельчарам на хуткай дапамозе ў Заслаўскай бальніцы. Было складана сумяшчаць, я ўжо збіраўся звальняцца, але папрасілі яшчэ адзін дзень падзяжурыць, бо не было каму. І вось так адзін дзень дзяжурства ператварыўся ў шэсць гадоў. І на працы спраўляўся, і ў інстытуце вучыўся, і ўсё паспяваў. Скончыў інстытут паспяхова, мяне запрашалі пасля і ў аспірантуру, але трэба было падымаць дзяцей...»

Пасля заканчэння медінстытута Аляксея Сідаравіча размеркавалі ў Заслаўскую бальніцу — туды, дзе працаваў фельчарам. І адразу прызначылі на адказную пасаду — намеснікам галоўнага ўрача па лячэбнай рабоце. А праз некалькі месяцаў і ўвогуле галоўным урачом.

У 1980 годзе Аляксею Хомчыку прапанавалі ўзначаліць новы санаторый.«Хацеў назваць яго „Райскі куточак“, але міністр прыняў назву „Сасновы бор“». «Дарэчы, я спадабаўся міністру таму, што ў адрозненне ад іншых адразу спытаў: „А калі прыступаць?“ — згадвае Аляксей Сідаравіч. — Ён мне давяраў, разам з ім усё будавалі, праектавалі. Час патрабаваў раскошы, а ў нас былі толькі голыя сцены. Тады мы пабудавалі гідрапарк, лячэбна-дыягнастычны корпус, басейн, а затым — люксавы корпус з трохпакаёвымі нумарамі. У гідрапарку я высадзіў дрэвы, пабудаваў альтанкі, праклаў дарожкі, запусціў рыбу ў вадаём. Правёў і асфальтавую дарогу да санаторыя, запусціў аўтобусы. Спачатку гэта быў санаторый-прафілакторый на 300 месцаў. Але я пераканаў міністра прыбраць прыстаўку „прафілакторый“ і зрабіць яго даступным не толькі для меліяратараў, але і для ўсіх ахвотных». Пасля чарнобыльскай трагедыі санаторый быў перапрафіляваны. У ім пэўны час аздараўляліся сем’і чарнобыльцаў. Калі ж з’явілася магчымасць прымаць усіх, сюды масава пачалі прыязджаць з далёкага і блізкага замежжа.

На ўездзе ў санаторый цяпер ляжыць валун, на якім напісана дата заснавання ўстановы. Камень Аляксей Сідаравіч убачыў у полі. «Мы яго адшліфавалі, надпіс зрабілі. Шыльду хто-небудзь можа збіць, кінуць, а гэтую глыбу ўжо ніхто не зрушыць — валун аб’ёмам 12 метраў кубічных важыць 29 тон», — тлумачыць ён, чым кіраваўся пры стварэнні інсталяцыі.

Галоўным урачом у санаторыі «Сасновы бор» наш герой працаваў 25 гадоў. На пенсію пайшоў у 2005-м, калі было ўжо больш за 70. А сваё жаданне назваць санаторый «Райскі куточак» ён увасобіў у верш, які стаў гімнам установы.

Па словах Аляксея Сідаравіча, 25 гадоў праляцелі як адно імгненне. Кожны дзень у працы. Санаторый неаднаразова станавіўся пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў. У 1994 годзе яго нязменнаму ад заснавання кіраўніку прысвоілі званне «Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь».

Сёння наш суразмоўца, нягледзячы на паважаны ўзрост, не страчвае цікавасці да жыцця і бадзёрасці. Піша вершы — у гэтым знаходзіць задавальненне і спакой. Шмат увагі ўдзяляе сваёй сям’і. «Сын захацеў быць гісторыкам. Мая жонка Рая таксама была настаўніцай. Таму я быў не супраць. Дачцэ ж я прапанаваў прадоўжыць нашу дынастыю. Яна пасля заканчэння медінстытута доўгі час працавала ў Заслаўі. Іра раней актыўна займалася горным турызмам — была ўрачом каманды. Сёння яна ўжо на пенсіі, але ўсё яшчэ працуе. Яна працягнула нашу справу ўжо ў трэцім пакаленні, а гэта вельмі важна».

«У свой час бацька скончыў курсы іголкатэрапіі, — уступае ў размову Сяргей Аляксеевіч. — Займаўся ўсходнімі методыкамі лячэння — іголкаўколваннем і рэфлексатэрапіяй. Быў добрым пчаляром, сталяром — у свой час рабіў платы, аконныя рамы, дзверы, табурэткі, дошкі для разроблівання мяса і нават вуллі. Увесь паркет у хаце выразаў сам... А яшчэ захапляецца вязаннем. Кажа нам, маладзейшым, што самае галоўнае правіла даўгалецця — пастаянная трэніроўка мозгу. Ён заўсёды ў курсе апошніх навін, цікавіцца палітыкай, геаграфіяй, спортам, рашае красворды, чытае мастацкую літаратуру. Бацька кажа, што чытаць трэба кожны дзень, прычым старонак дзесяць услых, таму што з-за ўзросту пачынае заплятацца язык. „Ганна Карэніна“, „Браты Карамазавы“, творчасць Сяргея Ясеніна — аддае перавагу класічнай літаратуры».

«Бацька заўсёды меў добрую рэпутацыю ў людзей, — з гонарам гаворыць сын. — Найлепшы крытэрый гэтага — сувязь нават пасля сыходу з працы. А нашага Аляксея Сідаравіча многія людзі дагэтуль успамінаюць з удзячнасцю...»

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Радашковічы

Загаловак у газеце: За сябе і за таго хлопца...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Здароўе

Як перажыць спякоту

Як перажыць спякоту

Дзевяць важных правіл.