Вы тут

Даступны пляж з’явіўся ў Віцебскім раёне


Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскага раёна — лідар у паўночным рэгіёне па рэалізацыі праектаў рознага накірунку з прыцягненнем бязвыплатнай замежнай дапамогі з мэтай паляпшэння якасці жыцця пажылых, дзяцей, людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Вось і сёлета скарбонка добрых спраў цэнтра папоўнілася новым праектам «Даступны пляж», які стаў адным з самых доўгачаканых у падапечных установы. 


Віцебшчына — самы багаты на рэкі і азёры рэгіён нашай краіны, у Віцебскім раёне адным з самых улюбёных месцаў адпачынку ў вяскоўцаў і гараджан з’яўляецца возера Сосна, якое праходзіць праз вёску Доўжа. У спякотныя летнія дні на цэнтральным пляжы няма дзе яблыку ўпасці, працуюць атракцыёны і лазня. Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у прыватнасці, калясачнікаў, да нядаўняга часу не было магчымасці не толькі зайсці ў ваду, але і выехаць на пляж. 

Нарэшце дырэктар ТЦСАН Віцебскага раёна Кацярына Лазоўская ініцыявала стварыць умовы для камфортнага адпачынку людзей з абмежаванымі магчымасцямі, Віцебская абласная арганізацыя ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» ідэю падтрымала. Праект атрымаў спонсарскую дапамогу ў памеры 14,6 тысяч рублёў, на якія былі набытыя будаўнічыя матэрыялы і спецыяльнае абсталяванне для спуску ў возера, а ўсё работы вялікі калектыў аднадумцаў праводзіў сам. 

У рамках праекта была абсталявана спецыяльная стаянка для аўтамабіляў, ад якой праз увесь пляж да вады праклалі драўляны насціл, каб людзі ў інвалідных крэслах, мамы з дзіцячымі каляскамі маглі без перашкод пад’ехаць да вады. З’явілася і вялікая пераапранальня, драўляныя лежакі, прасторная альтанка. Галоўным жа аб’ектам праекта стала металічная канструкцыя, якая ад берага на некалькі метраў заходзіць у глыбіню: чалавек у калясцы можа заехаць у возера па пояс па металічным мосце, а пасля перавесці на лаўку, каб з яе адштурхнуцца і паплыць. 

Праект будзе працягвацца: сёлета на беразе з’явяцца тры байдаркі і ўказальнікі, на якіх шрыфтам Брайля будуць паўтарацца напрамкі для людзей з парушэннямі зроку. Пад кіраўніцтвам інструктараў раённага ФСК «Ураджай» будуць праводзіцца сплавы для ўсіх ахвотных. 

Як расказаў старшыня праўлення Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» Эдуард Авецісян, сярод членаў арганізацыі нямала актыўных людзей, якія займаюцца рыбалкай, плаваннем, дайвінгам. На процілеглым беразе возера Сосна рэгулярна ладзяцца турзлёты для людзей з асаблівасцямі здароўя, спаборніцтвы па рыбнай лоўлі. Таму гэты даступны пляж, якіх у Беларусі ўсяго некалькі, — вельмі важны праект для рэабілітацыі і сацыялізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. 

Усяго на тэрыторыі вобласці пражываюць 56 тысяч людзей з інваліднасцю.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.