Вы тут

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?


Пра цяжкую работу медыкаў на вайне мы ведаем найбольш з кніг і фільмаў. Як рызыкавалі жыццём, ратуючы параненых, як самі гінулі ад куль і снарадаў... Не меншай, а можа, і большай пашаны заслугоўваюць тыя, хто працаваў ва ўмовах акупацыі, дапамагаў партызанам і падпольшчыкам медыкаментамі, лячэннем, рызыкуючы ўжо не толькі сваім жыццём, але і нават існаваннем сваёй сям’і. Менавіта ім, людзям самай гуманнай прафесіі, медыкам і фармацэўтам на вайне, прысвечаная выстава ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі.


Творчая група выставы за афармленнем інсталяцыі «Партызанскі шпіталь»

Куратар выставы загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Ніна Кірылава гаворыць, што экспазіцыю такога роду ў музеі рыхтавалі ўпершыню і, як пазней высветлілася, не толькі ў брэсцкім музеі. Таму было адначасова і цікава, і надзвычай складана. А ідэю зрабіць такую выставу падала супрацоўнік РУП «Белфармацыя» Валянціна Сасонкіна. Як слушна заўважыла Валянціна Фёдараўна, часта наяўнасць альбо адсутнасць лякарства ва ўмовах вайны вырашалі пытанне жыцця. Пра фармацэўтаў жа наогул гаварылі ў гэтым кантэксце рэдка.

Сапраўды, многія памятаюць прозвішча брэсцкай падпольшчыцы-камсамолкі Галіны Аржанавай. Яна была закатавана фашыстамі ў Брэсцкай турме ў 1942 годзе, а да гэтага фармацэўт адправіла дзясяткі, а то і сотні пасылак з лякарствамі ў партызанскія атрады, як потым падлічылі, кошт медыкаментаў склаў каля 40 тысяч рублёў. Адважная дзяўчына трымала сувязь і з падполлем, і з партызанамі. На выставе яе здымак размешчаны побач са здымкам і перапіскай музейных работнікаў з бацькам Галіны. Яго кранальныя пісьмы цяжка чытаць без слёз. На просьбу перадаць рэчы дачкі Аляксандр Міхайлавіч напісаў, што зрабіць гэта немагчыма, бо дом іх быў разбураны, нічога не засталося. А яшчэ бацька піша, як і праз 20 гадоў не можа змірыцца са стратай любімай дачушкі.

А вось яшчэ лёс: хірург з Пружан Уладзімір Каробка, бліскуча адукаваны, мужны, адданы прафесіі чалавек. У экспазіцыі прадстаўлены яго кнігі, здымкі, медыцынскія інструменты. Уладзімір Каробка нарадзіўся ў вёсцы Вялікія Якавічы пад Пружанамі. Пасля заканчэння Пружанскай гімназіі паступіў у Віленскі ўніверсітэт, адкуль у 1939 годзе быў пераведзены ў Львоўскі інстытут. Там атрымаў дыплом урача-хірурга акурат у чэрвені 1941 года. Пасля акупацыі Львова стаў дабірацца дадому. Шлях заняў ажно два тыдні. У Пружанах ужо былі немцы, акупацыйныя ўлады накіравалі маладога ўрача на работу ў бальніцу. У хуткім часе Уладзімір стаў галоўным урачом.

Доктар Уладзімір Каробка

У бальніцы лячыліся і акупанты, і мясцовыя жыхары. 

З урачом адразу звязаліся падпольшчыкі. Уладзімір Ігнатавіч прымаў на лячэнне нават партызан, вядома, пад чужымі прозвішчамі і па чужых дакументах. У 1944 годзе пасля вызвалення бальніца стала шпіталем, дзе хірург Каробка ратаваў жыцці параненых байцоў Чырвонай Арміі. Але ж пасля вайны Каробку арыштавалі, і толькі намаганнямі былых партызан, ім выратаваных, удалося дабіцца яго вызвалення ў 1946 годзе. Пасля гэтага доктар адразу выехаў за мяжу і працаваў у Польшчы да апошняга дня жыцця. Памёр Уладзімір Каробка ў 1977 годзе.

Уладкаваць раздзел пра хірурга Каробку дапамаглі супрацоўнікі музея-сядзібы «Пружанскі палацык». У іх сабраны багаты матэрыял пра земляка-медыка, а на Пружаншчыне жывуць сваякі таленавітага хірурга.

Дарэчы, стварэнню выставы паспрыялі акрамя названага музея мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», РУП «Белфармацыя» і Брэсцкае РУП «Фармацыя», Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці, а таксама краязнаўцы, нераўнадушныя брастаўчане.

Ніну Кірылаву, кіраўніка творчай групы па падрыхтоўцы выставы, у працэсе работы чакала шмат адкрыццяў. Пра тэму работы абмовілася ў гутарцы са знаёмым урачом Людмілай Пабядзінскай. А тая расказала, што яе маці ў вайну таксама была франтавым урачом. Маці яе, Кацярына Мацвеенка, — выпускніца Кіеўскага медінстытута 1941 года, пасля кароткіх курсаў ваенурача адразу атрымала накіраванне на фронт. Людміла Віктараўна згадала расповед маці, як аднойчы яна аперыравала зусім побач з лініяй фронту. І калі паблізу рваліся снарады, аперацыйная сястра з яе дазволу хавалася пад сталом, а яна, хірург, стаяла над пацыентам і фактычна закрывала яго сваім целам. Вось у такіх умовах нярэдка працавалі медыкі.

Адкрыццяў было шмат. Напрыклад, яшчэ пры падрыхтоўцы асноўнай гістарычнай экспазіцыі музея Ніна Кірылава аднойчы апісвала невялічкую кнігу з бібліятэкі Сапег. Былі звесткі, што кнігу ў свой час перадаў музею святар з Ружан Іаан Наўроцкі. Ніна Міхайлаўна прызналася, што заўсёды хацела даведацца пра гэтага чалавека больш, усведамляючы яго культурна-адукацыйны ўзровень, грамадзянскую пазіцыю: «Уяўляеце, у пачатку пяцідзясятых гадоў, калі і дабрацца з Ружан у Брэст было даволі складана, ён прыязджае сюды і перадае музею кнігу з бібліятэкі Сапегаў, якая захоўвалася столькі часу ў сям’і». І вось куратар выставы пры яе падрыхтоўцы сустрэлася са звесткамі пра святара Наўроцкага ў кантэксце дапамогі савецкім ваеннапалонным. Менавіта айцец Іаан даў прытулак параненым на тэрыторыі Свята-Петра-Паўлаўскага храма, а ўрач Віктар Лякомцаў іх там лячыў. Можна сабе ўявіць, як абодва рызыкавалі. Партрэт святара цяпер у цэнтры аднаго з раздзелаў выставы.

Экспазіцыя вельмі інфармацыйна насычаная. Тут можна даведацца, як была арганізавана медыцынская дапамога на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, як самааддана працаваў кіраўнік ваеннага шпіталя крэпасці Барыс Маслаў, якому аддалі заслужаную пашану толькі праз многія дзесяцігоддзі. (Нядаўна ў Брэсце адна з вуліц названа ў гонар ваенурача. — Аўт.).

Несумненна, цікава будзе прачытаць альбо пачуць ад экскурсавода, як арганізоўвалася медыцынская дапамога ў партызанскіх атрадах. Напрыклад, Пінскае партызанскае злучэнне абслугоўвалі 16 дактароў, 32 фельчары, 10 медсясцёр, тры зубныя ўрачы, 27 санітараў і 20 санінструктараў. А начальнікам медслужбы злучэння быў доктар Мікалай Варановіч. Вайну Мікалай Іванавіч сустрэў камандзірам медсанбата адной з часцей у Брэсце. Потым былі палон, уцёкі, недавер, праверкі, але ўсё перажыў, і толькі ва ўмовах партызанскіх шпіталяў правёў больш за 100 аперацый. Ёсць здымкі, якія адлюстроўваюць работу партызанскага шпіталя ў вёсцы Сварынь Драгічынскага раёна.

На падставе дакументаў паказана, як працавала адзіная бальніца ў Брэсцкім гета, дзе на невялікай тэрыторыі размясцілася адразу 18 тысяч чалавек. Пра гета расказвае асобны раздзел выставы. Ёсць дакументы і здымкі-сведчанні таго, як ратавалі байцоў у палоне такія ж палонныя ўрачы. Усяго экспазіцыя налічвае больш за 200 прадметаў. Тут ёсць партызанская аптэчка, сумка санінструктара, ампулы і бутэлечкі ад лекаў таго часу, шмат сапраўднага медыцынскага інструментарыю. Выставу дапаўняе інсталяцыя «Партызанскі шпіталь», жывапісныя і графічныя работы мастакоў Івана Рудчыка, Пятра Дурчына. Работнікі РУП «Фармацыя» таксама вырабілі халаты па ўзоры формы медыкаў таго часу.

Выстава пад назвай «Яны дарылі жыццё ў баі» ўвесь час запатрабаваная. Аўтар гэтых радкоў, калі наведала яе 11 чэрвеня, заспела экскурсію для студэнтаў-гісторыкаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна і вучняў 12-й школы. Цікава, што першапачаткова было заяўлена правядзенне выставы да 14 ліпеня гэтага года. Але галіновы прафсаюз медыцынскіх работнікаў выступіў з хадайніцтвам працягнуць работу, каб атрымаць магчымасць пазнаёміцца з ёй удзельнікам вялікай нарады, якая адбудзецца ў Брэсце ў жніўні.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і краязнаўчага музея

Загаловак у газеце: У паходна-палявых умовах, у акупацыі, у палоне

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...