Вы тут

Фестываль «Тэкстыльны букет» працуе ў сценах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў


Фестываль «Тэкстыльны букет» працуе ў сценах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў ужо шосты раз. Прафесійныя мастакі і аматары тэкстыльнай творчасці з Беларусі і Расіі трансліруюць нацыянальныя культурныя коды праз асабістыя мастацкія вобразы. Аўтары ўзнімаюць праблемы сучаснасці: масавая перавытворчасць, паўторная перапрацоўка матэрыялаў і ашчаднае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. 


Надзея Раўтовіч «Запрасі мяне на каву», 2022 г.

«Тэкстыльны букет» — унікальны праект, дзе ў розных тэхніках прадстаўлена тэкстыльнае мастацтва, якое ўвасабляе сінтэз розных культурных традыцый і прыёмаў. У экспазіцыі прадстаўлены работы як прафесійных мастакоў, так і школьнікаў, аматараў. Адной з задач фестывалю з’яўляецца падтрымка і прэзентацыя творчых ініцыятыў студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю ў сферы тэкстыльнага мастацтва. Творчасць навучэнцаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прадстаўлена тэматычнымі праектамі — «Амаж Леаніду Шчамялёву» і «Маляванкі». 

Першы праект складаецца з работ Юліі Гапановіч «Шчамялёўская зіма», Аляксандры Наркевіч «Гэта быў прыгожы сон», Веранікі Грынцэвіч «Наш сіні», Аляксандры Сільчанка «Заўсёды побач» і інш. Натхненнем для стварэння праекта сталі творы народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва. Прадстаўлены габелены, выкананыя ў класічнай тэхніцы ручнога ткацтва, і калекцыі арнаментальных кампазіцый для інтэр’ерных і касцюмных тканін, створаныя з дапамогай лічбавай графікі. Аўтарамі прадугледжана магчымасць вытворчасці на беларускіх тэкстыльных прадпрыемствах. Работы студэнтаў БДАМ адлюстроўваюць розныя этапы творчасці Леаніда Шчамялёва, але ўсе яны аб’яднаны агульным колеравым рашэннем — пяшчотнаблакітныя, глыбокія сінія фарбы ствараюць невыказную атмасферу свежасці і прахалоды, якой так не хапае ў спякотны летні дзень. 

Анастасія Сільчэнка «Заўсёды побач», 2023 г.

Праект «Маляванкі» расказвае пра размаляваныя дываны (маляванкі), якія былі шырока распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі ў 1920–1950-я гады і лічацца адной з першых у нашай краіне прыкмет масавай культуры з характэрнымі рэгіянальнымі характарыстыкамі. Маляванкамі цікавіліся знакамітыя мастакі Марк Шагал і Язэп Драздовіч, а таксама непрафесійныя мастакіаматары, з якіх сёння найбольш вядомая Алена Кіш. Беларускія размаляваныя дываны з’яўляюцца ўнікальным феноменам нацыянальнай культурнай спадчыны. Праект «Маляванкі» адлюстроўвае новы погляд студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на гэтую культурную з’яву, а таксама працягвае захаванне і распаўсюджванне народных традыцый сярод моладзі. У экспазіцыі прадстаўлены маляванкірэканструкцыі вядомых твораў Язэпа Драздовіча і Алены Кіш, аўтарскія маляванкі студэнтаў БДАМ. 

Ганна Голубева «Пераадоленне», 2024 г.

Дзіцячая творчасць студыі «Майстрыха.by» паказвае вобраз каня ў традыцыйным мастацтве. Тут можна пазнаёміцца з разважаннямі розных народаў на дадзеную тэму. Старажытным арыям начны небасхіл нагадваў чорнага каня, упрыгожанага бялюткімі жамчужынамі. Цар багоў і ўладар нябеснага царства ў індуізме часта паказваецца ў выглядзе каровы ці каня. Таксама конь увасабляе вобраз касмічных сіл, старажытны сімвал цыклічнага развіцця сусвету, пачынаючы з першабытнага хаосу. У творах вучняў студыі «Майстрыха.by» вобраз каня адлюстраваны ў розных тэхніках: народная лялька, традыцыйная вышыванка, лапікавае шытво, тэкстыльныя цацкі і малюнкі. 

Працягвае «касмічную» тэматыку праект Ганны Голубевай «Космас, які мігціць». Асноўным кірункам для мастачкі стала работа з разнастайнымі шнурамі. З дапамогай хітрых перапляценняў Ганна Голубева стварае пано з выразнай структурай і рэльефам. Шнуры рознай таўшчыні, вяроўкі і ніткі — бліскучыя і матавыя, празрыстыя і яркія, гладкія і шурпатыя. Спачатку здаецца, што гэтыя хаатычныя лініі не маюць ніякага сэнсу, але, калі падыходзіш бліжэй, рысы набываюць лагічную структуру і складваюцца ў адзіную кампазіцыю. У сваіх творах Ганна Голубева спрабуе паказаць барацьбу чалавечых эмоцый, думак і пачуццяў. Аўтар звяртаецца да філасофскіх разважанняў на тэму жыцця і смерці, пачатку і канца. 

Людміла Дамнянкова «Лёгкі подых», 2024 г.

Лёсавызначальныя ніткі прыводзяць гледача да праекта Кацярыны Жучэнка «Вузельчыкі на памяць». Кожны здымак захоўвае важныя думкі, падзеі тут і цяпер. Аўтар знаходзіць галоўнае і фіксуе гэта на халсце, быццам завязваючы «вузельчыкі на памяць». Кацярына Жучэнка прапаноўвае і гледачам прааналізаваць свае эмоцыі, а з дапамогай чырвонай ніткі захаваць на сваім запясці «вузельчык на памяць». 

Дэвіз фестывалю — тэкстыль як любоў. Выстаўка будзе працаваць да 21 ліпеня. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Стыхія нарабіла бяды

Стыхія нарабіла бяды

Энергетыкі працягваюць аднаўленчыя работы пасля разгулу стыхіі ў 1,2 тысячы населеных пунктаў.

Адукацыя

Прыёмная кампанія: фініш блізка

Прыёмная кампанія: фініш блізка

17 ліпеня — апошні дзень, калі ў абітурыентаў прымаюць дакументы на бюджэтную форму навучання.  

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.