Вы тут

Патаемнасць жыцця ў таямнічасці слоў


Добрыя кнігі — як верныя сябры: прыходзяць аднойчы, але застаюцца надоўга, з імі знаёмяцца нашы блізкія, яны становяцца часткай сям’і, пасля ў агульнай кампаніі бавяць час з нашымі дзецьмі і ўнукамі. Вось так аднойчы ў маленстве мы адкрываем для сябе кнігі, а потым ідзём па жыцці асобамі, якія працягваюць чытаць, бо разумеюць, што праз кнігі прыходзяць веды пра жыццё. Чаго дзівіцца, што выдавецтва «Аверсэв», якое спецыялізуецца на навучальнай і адукацыйнай літаратуры, робіць серыю «Сучасная беларуская літаратура». Яна распачалася летась у супрацоўніцтве з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і скіравана на тое, каб падтрымліваць цікавасць да чытання. Кожная з кніг серыі — а на дадзены момант свет пабачыла дзевяць зборнікаў — знаёміць з празаічнымі творамі сучаснай Беларусі. Кожная асаблівая, таму што мае сваю мэту, і ўважлівы чытач гэта абавязкова адчуе.


Лагічнае злучэнне 

Здаецца, ідэя была на паверхні, таму што творы, напісаныя ў апошнія гады, даюць разуменне пра тое, які ўзровень мае наша празаічная літаратура цяпер, чым яна жыве, якія аўтары ствараюць у краіне. Некаторыя кнігі серыі даюць уяўленне пра развіццё пэўнага жанру ў сучаснай беларускай прозе на пэўным этапе. Ёсць аўтары, якія пішуць па-беларуску, а ёсць рускамоўныя... 

Укладальнікам кожнага зборніка выступіў Алесь Карлюкевіч, размеркаваўшы творы на 12 кніг. 

Пачаткам серыі стала кніга «Дараванне»: найлепшае, што створана ў апошнія два дзесяцігоддзі беларускімі пісьменнікамі ў жанры аповесці, на думку ўкладальніка. Адметна не толькі тое, што старт серыі далі аповесці, але і тое, на якую яны тэму: цяпер гэта не зусім «у трэндзе», бо патрабуе ад чытача духоўнай працы, а сённяшні імклівы тэмп, у якім існуе чалавек, не надта спрыяе гэтаму. Таму зразумелая падзяка ўкла¬дальніка: «...Выдаўцам — паклон за іх жаданне весці дыялог з чытачом на сучаснай мове, у сістэме сучасных мастацкіх каардынат, не хапаючыся за вечна жывую класіку. Магчыма, такі падыход якраз і паспрыяе вяртанню жанру аповесці ў шырокі кантэкст сучаснага культурнага жыцця...».

Такім чынам, у зборніку прадстаўлены пяць аўтараў — пяць сюжэтаў, кожны так ці інакш звернуты да чалавека з пытаннем: калі, як і якія грахі і правіннасці мы гатовы дараваць — сабе, блізкім, іншым людзям і, можа быць, нават ворагам? Гэта своеасаблівае даследаванне розных граняў прабачэння: у адносінах маці і сына, мужчыны і жанчыны, людзей, якіх раздзяліла бяда... Гэта і прабачэнне, якое чалавек шукае ў самім сабе. І прабачэнне як пункт адліку ў новых адносінах паміж народамі. Напрыклад, героі пісьменніцы Алены Брава вяртаюцца да падзей далёкай вайны. Былы салдат вермахта ўспамінае каханую, якую не змог выратаваць, але перад смерцю ён бачыць яе рысы ў беларускай жанчыне... Гэтая аповесць дала назву зборніку, у які ўвайшлі таксама творы Алеся Бадака, Алега Ждана, Андрэя Федарэнкі, Анатоля Бензерука. 

Вялікае ў малым 

Да жанру апавядання актыўна звярталіся класікі айчыннай літаратуры. Гэта запатрабаваны жанр у літаратурнай (і не толькі) перыёдыцы. Але ў газет і часопісаў (нават літаратурных) час жыцця нядоўгі. А ёсць апавяданні, у якіх прыгожай мовай створана сапраўдная мастацкая карціна. Такія творы — кароткія, але ёмістыя — запамінаюцца з юнацтва і на ўсё жыццё становяцца прыкладам сапраўднага прыгожага пісьменства. Але каго маем з апавядальнікаў цяпер?.. Зборнік «Душа твая светлая» дае адказ: адзінаццаць аўтараў, адзінаццаць сюжэтаў, адзінаццаць карцінак... У гэтым зборніку друкуюцца творы Алега Ждана, Анатоля Бутэвіча, Сяргея Белаяра, Алены Паповай, Віктара Праўдзіна, Валерыя Казакова, Людмілы Рублеўскай, Сяргея Трахімёнка... 

Працягам паглыблення ў малую прозу стануць зборнікі «Размова з люстэркам» і «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын». Калі першая кніга дае ўяўленне пра жаночую навелу, то другая ўяўляе сабой зборнік мужчынскіх апавяданняў. Такое размежаванне апраўданае, таму што жанчыны і мужчыны адчуваюць па-рознаму, могуць успрымаць інакш адны і тыя ж з’явы і рэчы, ды і часам на адну і тую ж сітуацыю глядзяць па-рознаму. Назву кнізе «Размова з люстэркам» дало апавяданне Настассі Нарэйка. Але дзесяць аўтараў (сярод якіх найбольш вядомыя Алена Брава, Алена Стэльмах, Таццяна Дземідовіч) — дзесяць поглядаў на жыццё, дзесяць адчуванняў і безліч жаночых (і проста чалавечых) перажыванняў. І не толькі каханне і жарсць даюць падставу жанчынам выказацца. Гэта і дараванне грахоў, і асэнсаванне свайго шляху, і думкі пра складаны сучасны свет, дзе шмат народаў вучыцца існаваць у міры, і адчуванне радзімы, і клопат за дзяцей... 

І тут могуць узнікнуць пытанні: няўжо ёсць выключна жаночыя тэмы? Ці ж сапраўды мужчыны менш эмацыянальныя, умеюць валодаць сабой у любых сітуацыях і больш спакойна рэагуюць на выклікі жыцця? Кніга «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын» — дапаможнік па разуменні мужчынскіх эмоцый праз апавяданні пісьменнікаў. А праз эмоцыі праглядае душа, якая ўмее глыбока перажываць. Нельга сказаць, што гэтая душа наросхрыст, яна хутчэй крыху прыадкрытая — і не зусім разгаданая. Але кожная чытачка можа ўдакладніць свае меркаванні пра яе паводле апавяданняў Генадзя Аўласенкі, Віктара Шніпа, Навума Гальпяровіча, Алеся Кажадуба ды іншых аўтараў... 

Гаворачы пра прозу, складана не звярнуць увагу на істотную асаблівасць айчыннай літаратуры: яна ствараецца на дзвюх мовах. І калі ў серыі былі зборнікі, дзе друкаваліся творы на беларускай і рускай мовах, то паступова больш выразна акрэслілася моўная плынь. Напрыклад, у дзявятым зборніку серыі «Іголка ў квадраце», што выйшаў нядаўна, змешчаны творы беларускіх літаратараў на рускай мове. Будзе дзіўна пабачыць тут імя Алеся Кажадуба, але яго апавяданні — пад адной вокладкай з творамі Алега Ждана-Пушкіна, Веры Зелянко, Анатоля Матвіенкі, Валянціны Драбышэўскай, Сяргея Трахімёнка, апавяданне якога дало назву кнізе. 

Казачная рэчаіснасць 

Было б дзіўна, калі б у такой серыі пісьменнікі — і мужчыны, і жанчыны — абышлі ўвагай дзяцей. Тым больш што гэтая літаратура вельмі запатрабаваная і сёння развіваецца менавіта з улікам асаблівасцей сталення ў ХХІ стагоддзі. Але дзеці ёсць дзеці, іх заўсёды вабіць свет вынаходніцтва, прыгод і таямнічасці. Таму пісьменніку патрэбна фантазія, каб прыдумаць не толькі інтрыгоўны сюжэт, але і саміх герояў зрабіць прывабнымі і адметнымі. Як мышка Пік-пік альбо Ветрык з Вентылятара ці наогул загадкавыя істоты з іншых планет... І калі не ўсе дзеці змогуць чытаць гэтыя творы самі, то заўсёды ёсць дарослыя, якія дапамогуць. Кніга «Чароўная скарбніца» змяшчае творы Кацярыны ХадасевічЛісавой, Генадзя Аўласенкі і Людмілы Рублеўскай, якія ўмеюць пісаць так, каб зачапіць дзіця, але пры гэтым чапляюць і дарослых, натхняючы на далейшы пошук цікавых твораў у беларускай сучаснай літаратуры. 

Тэма таямнічасці і фантастычнасці не менш вабіць дарослых. І яна ёсць у нашай літаратуры. Як тут не згадаць Яна Баршчэўскага ці іншых пісьменнікаў, якія натхняліся фальклорам. І як тут не згадаць класіка Уладзіміра Караткевіча, які напісаў такія творы, што здолелі заінтрыгаваць некалькі пакаленняў беларусаў і працягваюць інтрыгаваць дагэтуль — адсюль адсылка да яго ў назве зборніка «Цені дзікага палявання». Было б дзіўна, каб пры складанні новай серыі абышлі такі знакавы для беларускай літаратуры кірунак: у класікаў ёсць паслядоўнікі, якія звяртаюцца да міфаў, легенд і паданняў, развіваючы іх і звязваючы далёкае мінулае і цяперашняе. Але кожны раз гэта размова з чалавекам пра чалавечае, якой бы дзіўнай ні была містыка. Напрыклад, гаспадар пушчы, пра якога распавёў Алесь Кажадуб, памятае, што было спаконвеку, і разважае, ці істотна змяніліся з часам людзі ў разуменні каштоўнасцей: «Лесавік жа помніў усё. Таму чалавек перад ім стаяў не цяперашні. Не імгненны, а чалавек усечасовы і ўсеагульны, ва ўсялякім разе, за ўсё сваё доўгае існаванне лесавік бачыў толькі аднаго чалавека — чалавека, які гаварыў: «Грошы згубіў — нічога не згубіў, здароўе згубіў — палавіну згубіў, розум згубіў — усё згубіў». Вось гэты розум і быў чалавекам». Да містыкі і міфаў звяртаецца і Людміла Рублеўская ў аповесці «Ночы на плябанскіх млынах». У той час як Ганна Навасельцава складае «Міф пра Каханне» і чароўную багіню, якая ведае, чаму нельга крыўдзіць гэтае пачуццё... 

Чалавеку часам неабходна стрэсці попел рэчаіснасці і завядзёнкі, якая цісне звыкласцю (таму яе ўспрымаем як шэрасць). Бывае, хочацца збегчы ад яе, хоць бы ў думках. Адсюль, магчыма, плённае развіццё жанру фантастыкі ды фэнтэзі. Ва ўступным слове да зборніка «Планета ў падарунак» пазначана: «Шукаючы ў мастацкай літаратуры розных кірункаў «лекі», мы імкнёмся заставацца маральна здаровымі, псіхічна ўраўнаважанымі. А фантастыка, так ці іначай, — гэта жанр, што расказвае пра падзеі і герояў, якія парушаюць межы рэальнасці. Чаго ў гэтых творах болей — загадак, на якія магчыма знайсці адказ, ці таямніц, якія ніколі і нікому не разгадаць?..

Перачытаўшы творы новага зборніка, задумваешся над тым, што важнейшае ў жыцці: заставацца ў цянётах звыклага свету, які з неверагоднай хуткасцю старэе, альбо рухацца наперад, спрабаваць адольваць новае, непрадказальнае. Усё ж, відаць, прыярытэт за новым, няхай сабе і складаным, няпростым — за асэнсаваннем будучыні, асэнсаваннем новага свету, у якім, магчыма, давядзецца жыць нам альбо нашым наступнікам». Назва кнігі — паводле апавядання Алены Беланожка — вельмі сімвалічная. Таму што фантазія можа завесці чалавека далёка: у мінулае, пазачасавае, дзе існуюць здані, цені ці істоты тонкага, ня¬бачнага свету альбо наогул тыя, каго мы страцілі, як у творах Раісы Баравіковай, Анатоля Казлова, Генадзя Аўласенкі, Таццяны Сівец, Сяргея Белаяра, Алеся Бычкоўскага, Людмілы Рублеўскай, Андрэя Федарэнкі. 

* * * 

Жыццё ж рушыць далей. А гэта значыць, што літаратуры ёсць да чаго прыглядацца, што адлюстроўваць і асэнсоўваць, пра што разважаць і размаўляць з чытачом. Чаму цікава (і важна) чытаць сучасныя творы? Ды таму, што яны бліжэй да нас, яны пра нас і нашы турботы. Таму могуць стаць падтрымкай і супакаеннем у розных жыццёвых сітуацыях, натхненнем на справы, а ад некаторых дзеянняў могуць засцерагчы праз чужую мудрасць. Фактычна літаратурны твор — мікрасусвет, мадэль жыцця. Паглядзець на яго (як і на розныя сітуацыі) збоку ці з вышыні досведу іншага чалавека (пісьменніка і яго герояў) — засцерагчыся ад неабдуманых крокаў. 

Дык для каго гэтыя кнігі? Для дзяцей і падлеткаў, якія вучацца. Але, аднойчы навучыўшы дзіця чытаць, яго настаўнікі ці родныя спадзяюцца, што яно будзе працягваць адкрываць для сябе свет кніг. Серыя мае і адметнае афармленне — знаёміць з творамі сучасных беларускіх мастакоў, якія змешчаны на вокладцы. А гэта вобразы, што патрабуюць разгадкі. Бо кніга — таксама вялікая таямніца: немагчыма загадзя ведаць, чым яна цябе здзівіць. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.