Вы тут

У Карціннай галерэі Г. Х. Вашчанкі можна пазнаёміцца з выстаўкай «Напішу неба мірным»


Да 7 ліпеня ў Гомелі ў Карціннай галерэі Г. Х. Вашчанкі можна пазнаёміцца з выстаўкай «Напішу неба мірным». Экспазіцыю, прымеркаваную да 80-годдзя вызвален¬ня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, склалі творы з фондаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Назва праекта, як адзначаюць арганізатары, адлюстроўвае мару мастакоў — салдат Вялікай Айчыннай аб прыгажосці і гармоніі на зямлі без войн і кровапраліцця.


Уладзімір Панцялееў «Жураўліны крык», 1989 г.

На выстаўцы «Напішу неба мірным» прадстаўлена больш за 40 работ. У гэтых творах мастакі распявадаюць пра падзеі вайны альбо апяваюць радасць і спакой мірнага жыцця. Сярод аўтараў — Сцяпан Андруховіч, Барыс Аракчэеў, Антон Бархаткоў, Віктар Вярсоцкі, Натан Воранаў, Ісак Давідовіч, Арлен Кашкурэвіч, Хаім Ліўшыц, Павел Масленікаў, Нінэль Шчасная, Міхаіл Чэпік... Кожны з іх у той ці іншай ступені зведаў страты, гора, роспач і па-свойму выказаўся аб вайне і яе наступствах. Не заўсёды гэта былі гучныя прамовы, часам у творах мастакоў счытваўся напамін ці згадка пра трагічнае мінулае, як, напрыклад, у Вітольда Бялыніцкага-Бірулі (твор «Зноў расцвіла вясна» 1947 года). Аднак сёння пра яго карціны гаворка ісці не будзе, іх няма ў экспазіцыі, аднак хапае іншых вядомых і не вельмі работ — жывапісных, графічных і скульптурных. Так, рэдка экспануецца камерны пейзаж Іосіфа Белановіча «Першы снег» (1969), мяккі каларыт якога вылучае твор сярод іншых. Мабыць, ніводная работа выстаўкі не прыносіць столькі супакаення, як гэтая... Падобнай інтанацыяй валодае хіба толькі «Марозны дзень» (1991) Паўла Масленікава, хоць тут зусім іншае прасторавае рашэнне. У радаснае лета гледача вяртаюць Антон Бархаткоў з карцінай «Палявыя кветкі» (1987), Іван Дмухайла і яго «Від на Гродна» (1990), Барыс Аракчэеў у творы «Раніца на возеры Чарэйскім» (1996)... 

 Генрых Бржазоўскі «Язмін», 1970 г.

Аднак, натуральна, найбольшую ўвагу звяртаюць на сябе сюжэты, прысвечаныя болю і жахам вайны. Ключавыя і, здаецца, добра вядомыя белару¬сам — «Полымя вайны» (1999) Міхаіла Чэпіка, «Хатынскае полымя» (1979–1985) Васіля Шаранговіча, «Радаўніца» з серыі «Партызаны» (1994) Ар¬лена Кашкурэвіча, «Трагедыя Наваельні» (1986–1987) Людвіга Асецкага... Надзвычай выразныя творы патрабуюць глыбокага аналізу, жадання выявіць галоўнае і сутнаснае, а яшчэ — спагады да продкаў. Без яе знаёмства з выстаўкамі такога роду бессэнсоўнае. 

Дарэчы, дапаўняе экспазіцыю віртуальны праект Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і Таганрогскага мастацкага музея. Ён таксама носіць назву «Напішу неба мірным» і знаёміць са старонкамі біяграфій мастакоў, а таксама іх тво¬рамі, якія захоўваюцца ў зборах НЦСМ і расійскага музея. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.