Вы тут

14 чэрвеня ў розных краінах свету адзначаюць Сусветны дзень донара крыві


Штогод 14 чэрвеня ў розных краінах свету адзначаюць Сусветны дзень донара крыві. Традыцыйна ў гэту дату ўшаноўваюць людзей, якія добраахвотна і бязвыплатна здаюць кроў, і інфармуюць аб неабходнасці рэгулярнага донарства для выратавання жыцця пацыентаў, якія сутыкнуліся з цяжкім захворваннем ці маюць патрэбу ў пэўнай аперацыі.


Фота з адкрытых крыніц

З 21 красавіка 2023 года ўступіў у сілу Закон «Аб донарстве крыві і яе кампанентаў» у новай рэдакцыі. У ім змяніліся некаторыя падыходы да донарства, у прыватнасці, знівеліравалася такое паняцце, як бязвыплатны донар. Засталося права на кампенсацыю затрат у грашовым эквіваленце, і чалавек, які хоча здаць кроў, можа зрабіць тое па адпаведных расцэнках. Для гэтага можна звяртацца або ў пункты пералівання крыві, або ў РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. Калі ж чалавек хоча здаць кроў бязвыплатна, ён усё роўна атрымае пэўную кампенсацыю. У такім выпадку выдаюцца не грашовыя сродкі, а набор для харчавання. Ён складаецца са спецыяльных прадуктаў, якія хутка аднаўляюць энергію.

Ёсць і іншая падтрымка донараў, асабліва ганаровых, у нашай краіне. Пры 20 бязвыплатных і 40 платных данацыях донар атрымлівае статус ганаровага. Для іх ёсць розныя прэферэнцыі, у тым ліку штомесячная прыбаўка да пенсіі.

У Сусветны дзень донара, хоць і няма такога паняцця, як бязвыплатнае донарства ў новым законе, мы кажам пра бязвыплатнасць і дабравольнасць. У цывілізаваных краінах лічыцца, што кожны чалавек хаця б раз у жыцці павінен стаць донарам. Пасыл такі: здай кроў для самога сябе, бо мы не можам ведаць, што здарыцца з намі заўтра, паслязаўтра ці праз шмат гадоў. Магчыма, не з намі, а з кімсьці з блізкіх.

Асабіста я — за бязвыплатнае донарства. Таксама з’яўляюся донарам і заўсёды здаваў кроў бясплатна. Гэта прынцыповая для мяне пазіцыя. Калі ты дапамагаеш чалавеку, выратоўваеш яго жыццё, гэта павінна ісці ад чыстага сэрца. Калі б наша грамадства да гэтага прыйшло, было б добра. Аднак, з іншага боку, я разумею, калі хтосьці здае кроў, каб атрымаць дадатковыя грошы, і нічога ганебнага ў гэтым не бачу. Так чалавек для сябе вырашыў і мае на гэта права.

Таму гэтыя два напрамкі донарства павінны ісці паралельна. Так, з кожным годам становіцца больш бязвыплатных донараў, і тое можна толькі вітаць. Пры гэтым перайсці да толькі бязвыплатнай здачы крыві мы пакуль не гатовы. У такім выпадку запасы крыві скароцяцца, а гэтага дапускаць нельга.

Па вялікім рахунку, не важна, бязвыплатна ці за грошы вы здаяце кроў, важна тое, што адна данацыя, а яна складае 450 мл, выратоўвае чатыры чалавечыя жыцці. У сучаснай медыцыне адышлі ад практыкі пералівання цэльнай крыві. Апошняя раздзяляецца на розныя фракцыі: эрытрацыты, лейкацыты, трамбацыты, плазма, альбумін і інш. І ў залежнасці ад таго, захворванне гэта ці аперацыя, бярэцца патрэбны кампанент.

У нашай краіне сфарміраваны банк крыві. Такая сусветная практыка, што ён існуе ў кожнай краіне. І гэта важная рэч, бо здараюцца катаклізмы прыроднага, тэхнагеннага характару, калі ёсць пацярпелыя і трэба максімальна хутка пераліць кампаненты крыві. Да таго ж ёсць руцінная планавая работа ў медыцынскіх стацыянарах, тыя ж аперацыі. Цяпер тэхналогіі далёка пайшлі, няма такіх крывавых аперацый, як гэта было 20–25 гадоў таму. Сёння яны ў пераважнай большасці бяскроўныя. Калі раней замянялі тазасцегнавы сустаў, у пацыентаў былі вялікія крывастраты, і падчас аператыўнага ўмяшання было неабходна пераліванне крыві. Цяпер крывастраты нязначныя нават пры такіх сур’ёзных аперацыях.

Аднак кроў і яе кампаненты ўсё роўна патрабуюцца — пры розных анкалагічных хваробах, у прыватнасці захворваннях крыві, калі недастаткова выпрацоўваецца кампанентаў крыві і пастаянна даводзіцца праводзіць дадатковае іх уліванне, пры анеміях, калі нізкі ўзровень гемаглабіну і інш. У працэсе штодзённай работы стацыянарнай службы кампаненты крыві нярэдка прымяняюцца, асабліва на ўзроўні такіх аддзяленняў, як рэанімацыйнае, хірургічнае, траўматалагічнае, інфекцыйнае.

Чырвоны Крыж хоць і не займаецца нарыхтоўкай крыві, але як партнёр сістэмы аховы здароўя інфармацыйна і тэхнічна дапамагае РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, а таксама станцыям пералівання, якія знаходзяцца ў Мінску, абласных гарадах, у папулярызацыі менавіта бязвыплатнага донарства. З году ў год у Сусветны дзень донара мы прыцягваем да гэтай акцыі па ўсёй краіне каля тысячы чалавек.

Раней такія акцыі мы арганізоўвалі ў сваіх офісах, запрашалі здаць кроў розных людзей: дэпутатаў парламента, кіраўнікоў міністэрстваў, медыйных асоб, спартсменаў. Яны сваім прыкладам папулярызавалі донарства. Сумесна з РНПЦ сёлета другі год запар мы праводзім забор крыві на пляцоўцы перад Міністэрствам аховы здароўя. Прыемна адзначыць, што летась, калі акцыя праводзілася там упершыню, прыцягнулі вялікую колькасць ахвотных. Людзі, якія ішлі на работу і бачылі пляцоўку, спыняліся і здавалі кроў. Мы нават крыху не спраўляліся, донарам даводзілася нейкі час чакаць у чарзе.

Сёлета мы разгарнулі дадатковыя месцы. Да перасоўнага комплексу РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій арганізавалі тры працоўныя месцы ў модулі Чырвонага Крыжа. Плануем прыняць больш за сто чалавек і запрашаем далучыцца ўсіх ахвотных. Такім чынам вы можаце дапамагчы іншаму чалавеку пазбавіцца ад той ці іншай хваробы ці нават выратаваць чыёсьці жыццё.

Дзмітрый ШАЎЦОЎ, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.