Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Лёгка вам не будзе»


У Палацы Незалежнасці — кадравы дзень. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў новых кіраўнікоў дзяржаўных органаў, мясцовых органаў улады. Па традыцыі, іх работа пачынаецца з задач і парад асабіста ад Прэзідэнта.


Фота БелТА

Прэзідэнт назначыў Наталлю Паўлючэнка міністра працы і сацыяльнай абароны, Марата Маркава — міністрам інфармацыі. Сяргей Малуноў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Рэспублікі Беларусь у Кыргызскую Рэспубліку. Аляксандр Кохан — новы памочнік Прэзідэнта па Мінскай вобласці. Таксама кіраўнік дзяржавы даў згоду на прызначэнне Ігара Бузоўскага рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі. Ігар Луцкі цяпер будзе кіраваць тэлеканалам АНТ. 

Новыя кіраўнікі з’явіліся ў мясцовых органах улады, Прэзідэнт даў згоду іх на прызначэнне. Андрэй Стрыгельскі — намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама, адказны за сацыяльную сферу і ідэалагічную працу, Раман Жук- старшыня Баранавіцкага райвыканкама, Аляксандр Корж — старшыня Маларыцкага райвыканкама, Аляксей Гарбуль — старшыня Расонскага райвыканкама. Валерый Вараніцкі ўзначаліць Цэнтральны раён Мінска, Мікалай Палякоў — Партызанскі раён сталіцы. Андрэй Кузняцоў прызначаны намеснікам міністра прамысловасці, Аляксей Жалдыбін — генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Дубаі, Мікалай Рагожнік — генеральны консул у Санкт-Пецярбургу.

«Гэта павінны быць выключныя людзі»

Ігар Бузоўскі да прызначэння рэктарам Акадэміі кіравання працаваў намеснікам міністра інфармацыі. Ён кандыдат сацыялагічных навук, мае вялікі практычны досвед працы ў дзяржаўных органах. «Мяне заўсёды насцярожвала, калі чыноўнік піша дысертацыю. Я доўга вагаўся наконт згоды», — прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў заўважыў, што Ігар Бузоўскі выкладае ў Акадэміі кіравання, таму гэтая ВНУ яму добра знаёмая.

«Я хачу звярнуць увагу, што памылкі там быць не павінна. Гэта павінен быць выключна надзейны, выключна прафесійны чалавек. Не павінна быць у краіне лепшых, чым ён. Гэта сур’ёзная акадэмія, дзе рыхтуюцца кіруючыя кадры», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што вучыцца ў акадэміі павінны толькі тыя людзі, каму сапраўды патрэбна гэтая адукацыя, а не тыя, хто паступіў туды «для птушачкі».

«Трэба выпрацаваць дакладную сістэму, хто павінен атрымліваць адукацыю ў Акадэміі. Тым больш там жа ў асноўным другую адукацыю атрымліваюць. Там адбор павінен быць, як раней адбіралі ў партыю ці ў паляўнічы камітэт, — немагчыма было ўступіць», — паставіў задачу Прэзідэнт.

Максім Рыжанкоў расказаў, што ўсе выпускнікі акадэміі, якія атрымліваюць там першую вышэйшую адукацыю, размяркоўваюцца ў дзяржаўныя арганізацыі, органы ўлады. На бюджэтную форму навучання ў акадэмію штогод набіраюць 100 чалавек, якіх вобразна называюць «залатой сотняй». «Гэтая «залатая сотня» — гэта павінны быць выключныя людзі, патрыёты да мозгу касцей», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца тых, хто атрымлівае ў Акадэміі кіравання другую вышэйшую адукацыю, то, да іх паводле слоў Прэзідэнта, павінен быць яшчэ больш строгі падыход і адбор. Галоўнае пытанне — трэба ці не трэба яго там навучаць. «Чохам нічога не павінна нічога вырашацца», — рэзюмаваў ён. Да набору слухачоў для павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі таксама трэба падыходзіць выключна прынцыпова, акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да новага рэктара Акадэміі кіравання, Прэзідэнт папярэдзіў: «Цяжкая праца. Прытым пад маім ужо кантролем. Я ўвесь час буду задаваць у Адміністрацыі пытанне: як, дзе і іншае». Таксама па словах кіраўніка дзяржавы, усіх чыноўнікаў, дзяржслужачых, членаў урада, супрацоўнікаў Адміністрацыі Прэзідэнта неабходна прыцягваць да выкладання ў Акадэміі. «Любы дзяржаўны служачы валодае вялікім досведам і інфармацыяй. І данесці гэта да слухачоў ці студэнтаў Акадэміі вельмі важна», — падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што моцна сумняваўся, разглядаючы кандыдатуры на пасаду рэктара Акадэміі кіравання. «Я хачу, каб ты адчуў адказнасць за сваю будучую працу. Вельмі хачу. Але лёгка не будзе, гэта я табе адразу скажу», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Ігара Бузоўскага.

«Вы — прэзідэнты на сваёй тэрыторыі»

Адна з асноўных задач для новых старшыняў райвыканкамаў і кіраўнікоў адміністрацый раёнаў Мінска — разабрацца з кадрамі. «Маю ацэнку старшыняў райвыканкаў і кіраўнікоў адміністрацый у гарадах вы ведаеце. Вы па розных прычынах (часам ад сябе незалежных), здараецца, не дапрацоўваеце. — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Я вас адразу арыентую: вы — прэзідэнты на сваёй тэрыторыі. Вы арганізоўваеце ўвесь працэс, вы павінны за ўсімі працэсамі назіраць. Пачынаючы ад правоў чалавека. У нас ніякіх амбудсменаў няма, Прэзідэнт і вы, мае людзі на месцах займаецеся правамі чалавека. Мы не павінны ствараць у грамадстве залішняга напружання, але і вольніцы не павінна быць у парушэнні законаў. Таму паглядзіце на ўсіх, з кім вы будзеце працаваць». Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што шанц трэба даваць усім, хто хоча працаваць.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што краіна ўступіла ў электаральны перыяд. І задача, агучаная падчас даклада кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, — правесці выбары годна і не пакрыўдзіць людзей — датычыцца і старшынь райвыканкамаў. «Усё павінна быць дакладна, прыгожа, у інтарэсах нашай дзяржавы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. «Тым больш нашы так званыя апаненты ўжо так схібілі, што далей няма куды, — прыгадаў ён нядаўнія так званыя «выбары», якія праводзілі збеглыя. — Ужо ні яны, ні іхныя куратары не могуць нас папракнуць, што мы выкарыстоўваем адміністрацыйны рэсурс. З 7 мільёнаў выбаршчыкаў у іх ажно 6 тысяч прагаласавала. Нават дыяспары не сталі за іх там галасаваць. Кажуць, што ці то 200, ці то 300 тысяч з Беларусі з’ехалі, дык хоць іх арганізуйце... Таму не ім нас папракаць. Мы праводзім выбары для сябе. Не глядзіце па баках».

«Нядрэнны ўраджай на палях — гэта ваш клопат, — акрэсліў яшчэ адну задачу кіраўнік дзяржавы. — Як бы не было складана, трэба заканчваць нарыхтоўку кармоў і пакрысе рыхтаваць камбайны да ўборкі хлябоў». Ён падкрэсліў, што ўжо цяпер трэба высветліць сітуацыю з кадрамі і там, дзе гэта неабходна, прыцягваць да ўборачнай кампаніі людзей з гарадоў. Прэзідэнт папярэдзіў, што кантроль за ўборачнай кампаніяй будзе вельмі сур’ёзны, таму што страты ўраджаю дапусціць нельга, а лішкі ёсць куды выкарыстоўваць.

«Увогуле, мужыкі, нічога новага. Усё старое добра забытае ці не забытае — у гэтым кірунку дзейнічайце. Яшчэ раз падкрэсліваю, у рамках свайго раёна — адказнасць уся на вас, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. — Першая асоба ў раёне — гэта вы, старшыня райвыканкама».

Трэба нефармальна ставіцца да ўсіх пытанняў

У размове з Маратам Маркавым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яго аўтарскую праграму на тэлеканале АНТ. «Міністэрства — гэта будзе твая асноўная пасада. А далей я буду толькі рады, калі будзеш спраўляцца і весці сваю перадачу. Але не ва ўрон асноўнай рабоце», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да новага міністра інфармацыі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба трымаць высокую планку аўтарскай праграмы Марата Маркава і пры гэтым рыхтаваць замену, якая будзе яе ўтрымліваць, калі прыйдзе час. 

Адной з галоўных задач для міністра інфармацыі Прэзідэнт назваў размеркаванне фінансавых сродкаў на рэалізацыю розных праектаў у СМІ і кантроль за эфектыўнасцю іх выкарыстання. «Галоўнае — грошы, фінансы, вы іх павінны трымаць у руках і кожнаму даваць па капейцы туды, куды трэба. Гэта галоўнае для мяне. Ну, арганізацыйна крыху дапаможаце. І яны ж павінны варушыцца», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Задача для новага кіраўніка тэлеканала АНТ — прыўнесці нешта новае. Тым больш, што досвед працы на тэлебачанні ў Ігара Луцкага ёсць, ён добра разбіраецца ў СМІ. І гэта важна, бо, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, журналісты — людзі спецыфічныя. «Да яго прэтэнзій не прад’явіш — аксакал прыйшоў, — ахарактарызаваў новага кіраўніка АНТ Прэзідэнт. — Далей хай толькі дадае. Далей яго будуць ацэньваць па тым, як ён будзе працаваць, а так аўтарытэт у яго добры». 

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што на гэтую пасаду разглядаліся і іншыя кандыдатуры, у тым ліку і вядомыя журналісты. Але, па яго словах, яны не кіраўнікі, а ўзначаліць канал павінен чалавек, які мае досвед кіраўніка. «АНТ зарэкамендаваў сябе прыстойна, таму любая памылка будзе заўважана гледачамі, насельніцтвам, не кажучы ўжо пра Адміністрацыю Прэзідэнта і так далей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў міністру інфармацыі не губляць і таленавітых журналістаў з поля зроку і даць ім магчымасць для кар’ернага росту. 

Асноўная задача міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталлі Паўлючэнка — удасканаліць сістэму падтрымкі шматдзетных сем’яў, каб выключыць выпадкі злоўжывання з боку нядбайных бацькоў. «Не сакрэт, што ў нас шмат сем’яў шматдзетных, каго ўвогуле да рубля падпускаць нельга. І гэтыя грошы да дзяцей не даходзяць: іх прапіваюць ці яшчэ неяк. Таму трэба выпрацаваць сістэму, каб, падтрымліваючы шматдзетных (а мы будзем іх падтрымліваць, гэта пытанне нумар адзін для нас, і па жыллі і гэтак далей), устанавіць бар’ер і крытэрыі, як данесці грошы да дзяцей, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Нам трэба вельмі акуратна, не фармальна ставіцца да гэтых пытанняў. Каб грошы атрымлівалі тыя, каму яны прызначаныя».

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што асаблівых праблем у новага пасла ў Кыргызстане Сяргея Малунова быць не павінна. «У нас бліскучыя адносіны з усімі кіраўнікамі ў Кыргызстане, з уплывовымі людзьмі там. Трэба вызначыцца, па якіх напрамках мы будзем з імі супрацоўнічаць», — сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што ў савецкія часы Беларусь часта закупляла ў Кыргызстане насенне буракоў. Калі гэта актуальна для Беларусі і цяпер, варта вярнуцца да гэтага пытання, лічыць Прэзідэнт. «І яшчэ шэраг напрамкаў. Яны вельмі зацікаўлены з намі працаваць: ад сельскай гаспадаркі да ваенна-прамысловага комплексу. Таму вельмі спадзяюся, што ў вас там не ўзнікне ніякіх праблем», — падсумаваў беларускі лідар. 

У свайго новага памочніка Аляксандра Кохана Прэзідэнт спытаў, ці не баіцца той ісці працаваць у Мінскую вобласць. «Страшнавата. Але разумею, што абавязаны выконваць тыя задачы, якія вы ставіце», — адказаў ён. «Гэта вочы і вушы ў гэтай цэнтральнай вобласці», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

«Ну што, мужыкі, не буду вам наказваць і разумныя словы гаварыць. Вы ўсе людзі падрыхтаваныя, практычна ўсіх я бачыў у справе», — падсумаваў Прэзідэнт. 

У тэму 

Задачы зразумелыя — трэба працаваць

Міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка ў размове з журналістамі заўважыла, што безумоўным прыярытэтам развіцця нашай дзяржавы была і застаецца сацыяльная палітыка, падтрымка грамадзян. «Меры падтрымкі, якія сёння ёсць, вельмі значныя. Тыя сродкі, якія акумулюцца ў выніку работы нашай эканомікі, пераразмяркоўваюцца на сацыяльную сферу — да іх трэба ставіцца вельмі ашчадна. І памятаць, што, калі гэтыя сродкі накіроўваюцца на падтрымку сем’яў — яны павінны ісці на дзяцей, на карысць сям’і. Адна з нашых галоўных задач — развіццё дэмаграфіі», — падкрэсліла міністр. 

Марат Маркаў, міністр інфармацыі, расказаў журналістам, што нікай рэвалюцыі ў дзейнасці міністэрства праводзіцца не будзе. Паколькі тая лінія, па якой працавала міністэрства інфармацыі апошнія некалькі гадоў, правільная. «Будзе дакладная паслядоўная работы, — сказаў ён. — Перыяд зараз надзвычай цікавы. Перадвыбарная кампанія ўжо пачалася. І размова ідзе аб тым, каб паслядоўна працаваць далей, а не рабіць рэвалюцыю ў пэўнай сферы». Па словах міністра, перад беларускай інфармацыйнай сферай стаяць дзве стратэгічныя задачы. Першая — забяспечыць уласнае дамінаванне на інфармацыйным полі. «Мы дасягнулі гэтага ў пэўнай ступені, дзякуючы традыцыйным СМІ і той увазе, якую мы надаём новым медыя. І гэта работа будзе працягнута», — сказаў Маркаў. Другая стратэгічная задача — данясенне праўдзівай інфармацыі аб Беларусі на знешні контур. Для рашэння гэтых задач, па словах міністра, будуць прыцягнутыя і рэгіянальныя СМІ. Марат Маркаў заўважыў, што нядаўні медыяфорум паказаў, што ў рэгіёнах шмат таленавітых журналісцкіх кадраў. «Задача міністэрства — бачыць гэтых людзей і даваць ім магчымасць для росту», — падсумаваў ён. 

Новы старшыня праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны канал» Ігар Луцкі адзначыў, што ў новую працу трэба ўключацца ўжо сёння. «АНТ — вядучы канал, гэта накладае на мяне дадатковую адказнасць. Але мне прасцей, таму што там працуе вельмі добры калектыў, які заўсёды адстойваў дзяржаўныя інтарэсы. Журналісты там маюць стойкую грамадзянскую пазіцыю — у гэтым плане мне прасцей», — сказаў ён. 

Ігар Бузоўскі прызнаўся журналістам, што яго прызначэнне на пасаду рэктара Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце — нечаканасць, але і адначасова вялікі гонар і адказнасць. "Прэзідэнт сказаў нядаўна, і гэты выраз стаў крылатым:"Час выбраў нас". Для Акадэміі кіравання сёння звышактуальна скарыстацца магчымасцямі, якія мы сёння маем. У мірны час, у час, калі мы знаходзімся падчас сусветных ператрубацый, знайсці свой шлях і знайсці сваю стратэгію. Досвед, якія ёсць ў Рэспубліцы Беларусь — унікальны, досвед, які ёсць у нас — унікальны. І я спадзяюся, што сумесная праца з дзяржаўнымі органамі кіравання, з людзьмі, якія працуюць у розных сферах, будзе плённай і дазволіць нам фарміраваць якасных кіраўнікоў для будучыні Беларусі», — адзначыў Ігар Бузоўскі. 

Старшыня Маларыцкага райвыканкама Аляксандр Корж расказаў, як будзе вырашаць пастаўленыя Прэзідэнтам задачы. «Паколькі Маларыцкі раён — гэта сельскагаспадарчы раён — найбольшы акцэнт мы будзем рабіць на гэтым. Не пакінем без увагі сферу адукацыі. Безумоўна, будзем працаваць з кадрамі. Гэта асноўнае», — сказаў ён. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.