Вы тут

Навацыі найперш нараджае моладзь


8 — 14 чэрвеня ў Мінску адбыўся Першы з’езд Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР. 90 гадоў назад літаратары нашай Айчыны аб’ядналіся ў творчую супольнасць, усклаўшы на сябе адказнасць несці да чытача мастацкае выкладанне праўды жыцця. На гэтым шляху былі здабыткі і страты, былі самыя розныя калізіі і драматычныя дзеі... Сёння ў краіне, суверэннай і незалежнай Рэспубліцы Беларусь, працуе Саюз пісьменнікаў Беларусі, які аб’ядноўвае сотні празаікаў, паэтаў, драматургаў, публіцыстаў... І можна шмат гаварыць пра здзейсненае, пра здабыткі і кнігі, якія даўно набылі папулярнасць, пра творы, што не аднойчы перавыдаюцца і перакладаюцца на многія мовы народаў свету. А вось з чым звязаны перспектывы развіцця, якім будзе заўтра ў творчай арганізацыі, у беларускай літаратуры ў наступныя дзесяцігоддзі..? Пра гэта мы і запыталіся ў старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча. 


Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

— Алесь Мікалаевіч, можна з вамі паразважаць пра будучыню творчай арганізацыі, пра навацыі, якія чакаюць беларускае прыгожае пісьменства ў блізкія часіны? 

— Загадваць, зазіраць у заўтра — гэта заўсёды цікава, але і вельмі небяспечна. Нашы фантазіі, мары далёка не заўжды здольны супадаць з будучай рэчаіснасцю. Мне хацелася б усё ж паразважаць пра залежнасць беларускай літаратуры, ды і, безумоўна, Саюза пісьменнікаў у звязку са спадзяваннямі на тое, што можа зрабіць сёння літаратурная моладзь, як паўплываюць яе першыя творчыя крокі на агульны характар нацыянальнай літаратуры ў будучыні. 

— А як жа прыярытэты традыцый, творчая сталасць..? 

— А вось гэтага якраз ужо ніхто не адыме — ні ў саміх пісьменнікаў старэйшага пакалення, ні ў чытача, які кагосьці прыняў, а чыесьці кнігі па розных прычынах, часам надзвычай суб’ектыўных, абмінае... Традыцыі яны для таго ствараюцца і ўмацоўваюцца, каб было каму іх перадаць... Традыцыі — гэта неўміручыя мастацкія творы, якія занялі сваё пачэснае месца на бібляітэчных паліцах. 

— Прыгожа было глядзець, як на агучванні прывітальнага адраса кіраўніка дзяржавы Саюзу пісьменнікаў Беларусі ў сувязі з 90-годдзем арганізацыі Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Барысавіч Пярцоў уручыў пісьменніцкае пасведчанне маладой пісьменніцы літаратару, якая толькі што была прынята ў Саюз... Мо гэта стане добрай традыцыяй? 

— А чаму б і не?! Усё гаворыць на тое, што моладзь часцей прыходзіць у нашу творчую арганізацыю. Вось зусім нядаўна мы прынялі двух маладых празаікаў, якія пакуль што не маюць кніг, але затое друкуюцца ў літаратурна-мастацкім часопісе «Маладосць». І Мінскае абласное аддзяленне СПБ пераканала калег па прэзідыўму, што гэтыя юныя творцы нас не падвядуць, што ў будучым, самым блізкім будучым іх творчая справаздача будзе вартая сур’ёзнай увагі айчыннага чытача. 

— Але і Саюзу трэба пастарацца, каб прыцягнуць у свае рады моладзь…

— Пастарацца трэба, каб прыцягнуць моладзь увогуле ў мастацкую літаратуру... Але гэтыя старанні яшчэ варта скіраваць і на тое, каб маладыя людзі, нягледзячы на ўсе складанасці, заставаліся ў літаратуры, каб у іх не было песімізму, калі першыя крокі суправаджаюцца рознымі складанасцямі, а часам і няўдачамі. Дзеля гэтага побач павінны стаяць добрыя і шчырыя настаўнікі... Так было заўсёды. У «Маладосць» ішлі да Міколы Аўрамчыка літаральна ўсе паэты, ішлі як да старэйшага сябра. А пасля колькіх маладых творцаў выпеставала ў «Маладосці» рэдактар аддзела паэзіі Яўгенія Янішчыц!.. А колькі сіл на працу з маладымі празаікамі патраціў легендарны Уладзімір Дамашэвіч…

— Быў жа яшчэ і часопіс «Першацвет»... 

— Сёння Міністэрства інфармацыі краіны, выдавецтва «Мастацкая літаратура», Выдавецкі дом «Звязда», Саюз пісьменнікаў Беларусі штогод ладзяць конкурс «Першацвет». Не толькі яго вынікі падсумоўваюцца на традыцыйнай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, але і кніга штогод выходзіць, прэзентуецца на кірмашы — калектыўны зборнік твораў пераможцаў конкурса. Даўно варта, пэўна, пайсці далей і заснаваць серыю кніг маладых аўтараў — «Першацвет»... Была ж некалі ў часопісе «Маладосць» серыя «Бібліятэка часопіса «Маладосць». 12 разоў у год выходзілі, як правіла, першыя кнігі паэтаў і празаікаў, а таксама крытыкаў і публіцыстаў. У памяці ў мяне і зараз «маладосцеўскія» кнігі, напрыклад, крытыкаў Івана Афанасьева, Алеся Марціновіча, а яшчэ Таццяны Мушынскай, якая настойліва працуе і ў літаратуры і ў мастацтвазнаўстве, паэтычныя і празаічныя зборнікі іншых літаратараў, калектыўныя зборнікі прозы і паэзіі... Так, не ўсе з «маладосцеўскіх» аўтараў засталіся ў мастацкай літаратуры, але выданне адмысловай бібліятэкі паўплывала на агульную атмасферу…

— Збіраецеся адрадзіць гэты праект?

— Зараз ужо абмяркоўваем гэтую тэму з адным з выдавецтваў... Але пакуль што плануем перавагу аддаць калектыўным зборнікам пяці-дзесяці аўтараў. Рагнед Малахоўскі ўкладае зборнік цікавых маладых паэтаў. Некаторыя з іх ужо з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў, але маюць хіба што па адной кнізе. Іншыя вядомы толькі некалькімі публікацыямі ў перыядычным друку. У серыі «Сучасная беларуская літаратура», якую праектуюць СПБ і выдавецтва «Аверсэв» (яно і з’яўляецца выдаўцом серыі; пабачыла свет ужо дзевяць кніг), рыхтуецца да выдання кніга прозы маладых аўтараў. Адкрываецца зборнік гумарыстычнай аповесцю Андрэя Сідарэйкі. А яшчэ ў кнізе будуць прадстаўлены творы Алены Кісель, Настассі Нарэйкі, Андрэя Дзічэнкі, Валерыі Саротнік, Маргарыты Латышкевіч, Аляксандры Кароль, Алеся Верштота, Ягора Жукоўскага, Ясеніі Аляксеевай, Леры Гілеўскай, Паліны Дваранскай і Вікторыі Гаўруковіч. Паліна Дваранская ўвогуле толькі што закончыла Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але вось не маглі абмінуць яе апавяданне «Чужы шлях да свайго шчасця», складаючы зборнік прозы маладых аўтараў. 

— Скажыце, некалі праводзіліся семінары творчай моладзі ў дамах творчасці «Каралішчавічы» і "Іслач«...Ці магчыма вярнуцца да гэтай традыцыі? 

— Гэта быў унікальны вопыт, мяркуючы па ўспамінах многіх вядомых паэтаў і празаікаў, якія ўпершыню паказалі старэйшым літаратарам свае творы менавіта на гэтых семінарах. І мы прадумваем арганізацыю падобнага семінара маладых літаратараў. Вельмі спадзяёмся на дзяржаўную падтрымку ў рэалізацыі гэтага праекта. Можна сказаць, што нават рыхтуемся ўжо да правядзення такога семінара, вызначаемся, каго запрасіць, чытаем творы, якія пасля будуць уважліва разгледжаны на секцыях прозы, паэзіі, літаратурнай крытыкі і, спадзяюся, драматургіі. А першыя выразныя крокі ўжо зроблены ў рэгіянальных аддзяленнях Саюза ў Гомелі і Гродна, дзе праца з моладдзю найболей сістэматызавана, дзе творы пачынаючых аўтараў абмяркоўваюць старэйшыя літаратары. 

Але, акрамя семінара, якім бы масавым па колькасці ўдзельнікаў ён не быў, важна разумець, што ў сённяшніх умовах вельмі важную ролю іграе жывая праца, непасрэдны кантакт з чытачом. Таму пры падтрымцы аднаго з членаў нашага Саюза, кіраўніка буйнага прадпрыемства, мы збіраемся наладзіць шэраг паездак маладых літаратараў у рэгіёны, у глыбінку, на сустрэчы з школьнай і ўніверсітэцкай моладдзю, з чытаннем і абмеркаваннем твораў маладых пісьменнікаў. 

— Выдатная ідэя! І калі пачнецца рэалізацыя такога літаратурнага марафона? 

— Мяркую, што яшчэ ў юбілейны для Саюза год. І яшчэ адна навацыя. З 2019 года пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь мы ўзнавілі альманах перакладной літаратуры «Далягляды». А зараз збіраем кнігу калектыўнага характару, пакуль што плануем яе выпускаць раз на два гады, — гадавы альманах «Малады перакладчык». Аснову складуць ужо надрукаваныя ў перыёдыцы, найперш — у «Маладосці», пераклады маладых творцаў з англійскай, кітайскай і іншых моў народаў свету. 

— Калі такая праца набудзе сістэмны характар, то і вынікі ж, вядомая справа, будуць…

— І мы ў гэта верым. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка завяршае свае выступленні такімі словамі: «Час выбраў нас». І моладзі варта зразумець, што сённяшні дзень — гэта іх час. Час дзеля таго, каб праявіць свае таленты, каб давесці чытачу, што, захоўваючы павагу да традыцый, да гераічнага, няпростага, часам пакутлівага лёсу нашага народа, маладым пісьменнікам трэба рупліва ісці наперад, знаходзіць тыя важкія словы, якія будуць абуджаць душы і сэрцы. 

Гутарыў Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...