Вы тут

Асноўныя правілы зялёнага чаранкавання


Многія садоўнікі спрабавалі метад зялёнага чаранкавання, але часта не атрымлівалі жаданых вынікаў. Чаранкі або зусім не прыжываліся, або працэнт укаранення быў настолькі малы, што адбіваў жаданне аматараў размножваць расліны такім чынам. Разгледзім асноўныя правілы і прынцыпы зялёнага чаранкавання.


Тэрміны

Для чаранкоў выкарыстоўваюць паўадраўнелыя аднагадовыя парасткі з лісцем. Звычайна парасткі прыдатныя для зрэзкі — у другой дэкадзе чэрвеня і пачатку ліпеня. Парасткі наразаюць з асветленага сонцам боку кроны дрэва або куста з верхняй або сярэдняй яе часткі. Для чаранкавання таксама выкарыстоўваюць чаранкі з «пятачкай» — часткай кары і драўніны пры аддзяленні парастка ад адраўнелых частак расліны. Чаранкамі з «пятачкай» размножваюць і травяністыя мнагалетнікі — дэльфініум, флоксы, хрызантэмы і інш.

Як нарыхтоўваць зялёныя чаранкі?

Нарыхтоўку чаранкоў лепш праводзіць раніцай, калі тканкі расліны максімальна насычаны вільгаццю.

Для чаранкоў выкарыстоўваюць ніжнюю і сярэднюю частку парасткаў, травяністыя верхавіны ўкараняюцца дрэнна ці не ўкараняюцца зусім і загніваюць, таму верхавіну варта бязлітасна выдаліць.

Чаранкі наразаюць даўжынёй 10–15 см з двума-трыма міжвузеллямі. Калі міжвузеллі скарочаныя, то з большай іх колькасцю. Лісце на ніжніх вузлах акуратна выдаляюць, пакідаючы ўсяго два-тры, ліставую пласцінку ўкарочваюць напалову для памяншэння плошчы выпарэння. Калі лісце невялікіх памераў, то ўкарочванне рабіць не трэба і можна пакінуць яго большую колькасць.

Зрэзы на чаранках робяць касымі для павелічэння паверхні, якая ўсмоктвае, прылады выкарыстоўваюць вострыя. Перад высадкай у цяплічку зрэзы чаранкоў варта апрацаваць укараняльнікам строга па інструкцыі, не перавышаючы нормы.

У чым укараняць?

Грунтасумесь для ўкаранення павінна быць друзлай і паветрапранікальнай, для гэтага ў яе дадаюць буйназярністы пясок і нейтральны торф, можна дадаць трохі перліту. Вермікуліт выкарыстоўваць не варта, бо ён вельмі вільгацяёмісты і можа прывесці да закісання глебы.

Карысна праліць глебу біяпрэпаратамі, якія ліквідуюць патагенную мікрафлору, такімі як «Байкал» або «Фітаспарын». Укараняюць у адкрытым грунце ў міні-цяплічцы, у закрытым грунце ў цяпліцах, а таксама на падаконніку.

Асноўны догляд

Пасадкі абавязкова прыцяняюць ад яркага сонца або размяшчаюць у зацененых месцах, каб пазбегнуць перагрэву і гібелі чаранкоў раслін. Чаранкі высаджваюць праз 5-7 см адзін ад другога, праліваюць і шчыльна зачыняюць цяплічку, каб усярэдзіне была высокая вільготнасць паветра ў рамках 80–90%, аптымальная тэмпература 20–26 0С.

Цяплічку перыядычна праветрываюць па некалькі хвілін, каб пазбавіцца ад застою паветра і залішняй вільготнасці. Нельга дапускаць утварэння празмернага кандэнсату.

Розныя культуры ўкараняюцца ў розныя тэрміны: лісцяныя пароды — 2-3 тыдні, магноліі і рададэндраны — каля паўтара месяца, іглічныя пароды — ад аднаго да трох месяцаў.

Калі чаранкі ўкарэняцца, пра што сведчыць пачатак іх росту, цяплічку штодня прачыняюць для праветрывання і загартоўкі раслін, спачатку на паўгадзіны, далей паступова павялічваючы час. Праз 7–10 дзён цяплічку цалкам адчыняюць, пераважна ў пахмурны дзень.

Догляд пасля ўкаранення

Расліны першы час прыцяняюць і апырскваюць, паліваюць, не дапускаючы перасыхання грунту. Падкормліваюць угнаеннямі больш слабай канцэнтрацыі, чым звычайна, каб не абпаліць карані маладых раслін.

Калі ўкараненне выраблялася ў адкрытым грунце — расліны да вясны пакідаюць на месцы, прыкрыўшы на зіму любым уцяпляльным матэрыялам, каб зберагчы іх ад вымярзання. Увесну маладыя расліны высаджваюць на сталае месца ці пры неабходнасці адпраўляюць на дагадоўванне.

Садовыя культуры, якія можна размножваць зялёнымі чаранкамі

Пладовыя культуры, такія як яблыня, груша, чарэшня, сліва і іншыя, нядрэнна размножваюцца зялёнымі чаранкамі, але іх лепш размножваць прышчэпкай на насенныя або кланавыя прышчэпы, тады дрэвы будуць больш устойлівыя да неспрыяльных умоў і не будуць даваць каранёвы параснік. Формы і сарты дэкаратыўных лісцяных ды іглічных дрэў таксама часцей размножваюць прышчэпкай.

А вось для пладовых, дэкаратыўных кустоў і ліян метад зялёнага чаранкавання падыходзіць як нельга лепш. Часцей за ўсё садоўнікі цікавяцца размнажэннем зялёнымі чаранкамі менавіта руж. Тут варта ведаць, што лепш укараняць чаранкі з руж, якія растуць у нашых садах, пры гэтым варта памятаць, што каранёвая сістэма руж няўстойлівая да нізкіх тэмператур і засухі, таму іх і прышчэпліваюць на «жывучы» шыпшыннік. А вось пляцістыя ружы выдатна растуць на сваіх каранях.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Сусвет пад крыламі наміткі

Сусвет пад крыламі наміткі

Гутарка з мастацтвазнаўцам Марыяй Віннікавай.

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай.