Вы тут

Бард-рыбалка па-бацвінаўскі запрашае


У Вялікай бард-рыбалкі, якая праводзіцца ў Быхаўскім раёне, з’явіўся паслядоўнік у Крычаўскім раёне, які дае магчымасць папрактыкавацца загадзя і ў спевах, і ў паляванні на рыбку. Мерапрыемства адбудзецца ўжо ў гэтую суботу, 15 чэрвеня, на возеры аграгарадка Бацвінаўка Крычаўскага раёна. Арганізатарамі выступаюць сектар спорту і турызму Крычаўскага райвыканкама і раённая арганізацыя РГА «Белая Русь». А ідэя належыць ініцыятыўнаму фермеру з Бацвінаўкі Сяргею Рагоўскаму, які арэндуе тутэйшае возера. Яго прапанову з арганізацыяй свята падтрымала старшыня Крычаўскага Савета дэпутатаў Ірына Пруднікава.


— Наша бард-рыбалка прысвячаецца адкрыццю рыбалоўнага сезона і ўсім аматарам гэтага здаровага адпачынку, — расказвае Сяргей Рагоўскі. — Летась мерапрыемства стала падзеяй для нашага аграгарадка. Прыехалі артысты з раённага Дома культуры, працавалі батуты, я асабіста варыў юшку і ўсіх частаваў ёй бясплатна. Сёлета таксама буду варыць, так што прыязджайце, паспрабуеце.

У возеры аграгарадка Бацвінаўка, дзе будуць спаборнічаць рыбакі, рыбы на любы густ. За апошнія тры гады Сяргей Рагоўскі запусціў туды каля 10 тон амура і карпа. Плюс тут водзіцца мясцовая рыбка — карась, лінь, шчупак, плотка. Жадаючым паўдзельнічаць у прыемным спаборніцтве трэба паспяшацца. Падаць заяўку трэба да 14 чэрвеня на электронны адрас райвыканкама sport@krichev.gov.by або патэлефанаваць па нумарах 8(02241) 26 206, +375(33) 9930559 (Viber), +375(29)5362515.

Да ўвагі ўдзельнікаў: 15 чэрвеня трэба быць на месцы да 9.00. Арганізатары аб’явяць аб адкрыцці сезону і запросяць на старт. На спаборніцтвы адводзіцца 3 гадзіны. Тыя, хто ў іх не задзейнічаны, мае магчымасць паспрабаваць сябе ў конкурсе песні і паэзіі на тэму рыбалкі, прыроды, адпачынку. Рыбакі тым часам з азартам займаюцца непасрэдна сваёй справай і складваюць улоў у садкі, каб напрыканцы суддзі мелі магчымасць узважыць здабытае. Пасля трэба будзе або выпусціць рыбу ў возера, або купіць яе па цане 8,5 рубля за кілаграм. 

Пераможцы (1,2,3 месца) вызначаюцца па выніках кантрольнага ўзважвання ўлову. Узнагароды атрымаюць таксама тыя, хто злавіў самую маленькую і самую вялікую рыбку. 

— Летась у нашым мясцовым свяце ўдзельнічала 40 чалавек, спадзяюся сёлета будзе не менш, — кажа Сяргей Рагоўскі. — Наведвальнікаў таксама было шмат, асабліва дзяцей. Сёлета чакаем гасцей нават з Расіі. Дабрацца да нашага аграгарадка ад Крычава не праблема. 18 кіламетраў — гэта не адлегласць. Тое, што ўражанняў будзе шмат, гарантую. У нас вельмі прыгожыя мясціны і гасцінныя людзі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з сямейнага архіва Сяргея РАГОЎСКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Як гэта — быць сучасным ратавальнікам?

Карэспандэнт «Звязды» паглыбіўся ў прафесію.

Эканоміка

Першыя —  найлепшыя!

Першыя — найлепшыя!

Віцебшчына ўвайшла ў актыўную фазу ўборкі па ўсіх культурах. 

Грамадства

Тое,  што вырасцілі самі

Тое, што вырасцілі самі

За шэсць месяцаў гэтага года нарыхтоўшчыкі Белкаапсаюза выплацілі насельніцтву 146 мільёнаў рублёў.