Вы тут

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю


Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Ірына Даўгала — пра сваю грамадскую дзейнасць, нацыянальную ідэю і сустрэчы з моладдзю.


— Ірына Віктараўна, перш за ўсё, віншую вас з выбраннем старшынёй пярвічнай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Палаты прадстаўнікоў, якое адбылося непасрэдна перад нашай з вамі сустрэчай.

— Дзякуй. Сапраўды, перажываю эмацыянальны ўсплёск, паколькі падзея, пра якую вы кажаце, мае каласальную ступень адказнасці. Я ўдзячная сваім калегам і Старшыні Палаты прадстаўнікоў, які прапанаваў маю кандыдатуру, за аказаны давер. А цяпер пачынаецца самае складанае — гэты давер апраўдаць. Больш за тое — уносіць крэатыўная ідэі. Але ідэі без увасаблення — нішто. Таму — ідэі, увасабленне і вынік. І, напэўна, задавальненне. Тады праца прынясе асалоду.

— А з чаго пачняце?

— Улічваючы, што была старшынёй пярвічнай арганізацыі Палаты прадстаўнікоў у мінулым скліканні, мяркую выкарыстоўваць найлепшае з напрацаванага вопыту. 

Дзейнасць «Белай Русі» накіравана на захаванне канстытуцыйнага ладу, падтрымку дзеючай улады, патрыятычнае выхаванне і прасоўванне дзяржаўных ідэй. 

Кожны год у нашай краіне прысвечаны пэўнай тэматыцы. Сёмае скліканне Палаты прадстаўнікоў пачынала сваю работу ў перыяд трылогіі малой радзімы. Мы тады арганізавалі фотавыстаўку «Любае месца малой радзімы парламентарыя». Кожны дэпутат, незалежна ад таго, з’яўляецца ён членам «Белай Русі» або не, выставіў сваю фотаработу. Дзіўна, наколькі яны былі розныя!

— Якое фота было ваша?

— Дом маіх бабулі і дзядулі. Там ужо нікога няма. Гэта ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці, там жылі бацькі майго таты. Бабуля з дзядулем разам пражылі 66 гадоў і перадалі нам у спадчыну самую галоўную каштоўнасць — вернасць таму, з кім звязана тваё жыццё. Мы з мужам адзначылі 35-годдзе сумеснага жыцця, мой сын жыве ў шлюбе восем гадоў... Я шаную і ганаруся такой спадчынай.

Тая фотавыстава атрымалася вельмі душэўнай. Сапраўдны клубнічны і агурковы рай паказала брэсцкая дэпутацыя. Я ўбачыла ягады проста неверагодных памераў. Шматдзетны дэпутат з Віцебшчыны прадставіў фатаграфію сваёй сям’і падчас велапрабегу «За Беларусь!», ён патлумачыў: месца, дзе яны ўсе разам, і ёсць для яго любае. Цікава было глядзець на фотапратрэты старых бацькоў. 

І зноў я лавіла сябе на думцы: наколькі моцныя ў нас карані, а значыць, наколькі жыццядзейнае наша нацыянальнае дрэва. Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю. Важна, каб так было і для будучых пакаленняў.

Я сваю ўнучку важу па памятных мясцінах краіны — мы былі з ёй у Хатыні, на Партызанскай крынічцы пад Гомелем, збіраемся на Алу... Яшчэ расказваю ёй пра яе прадзедаў. Мой дзед па лініі маці, Павел Васільевіч Хацько, ваяваў у партызанскім атрадзе ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці. 

У Лепельскім краязнаўчым музеі ёсць яго фатаграфія, а ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў электронным банку партызанскага руху мы з сястрой знайшлі яго ўзнагародныя лісты. Пра некаторыя яго ўзнагароды мы нават не ведалі.

— На што натхняе Год якасці?

— Гэта стане прадметам абмеркавання Савета, які быў выбраны. У мяне ёсць пэўныя думкі. Круціцца ў галаве назва праекта: «Усё найлепшае — беларускае!». Год якасці — гэта не толькі пра якасную прадукцыю, якую выпускаюць нашы прадпрыемствы. Гэта і пра якасць нашых адносін да працы, і пра якасць нашага жыцця... Не трэба блытаць з узроўнем жыцця. Заробку ніколі і нікому не будзе дастаткова. Памятаеце дыялог Антылопы і Раджы з савецкага мультфільма «Залатая антылопа»? «Колькі табе трэба золата?» — «Э-э-э... шмат!!» — «А калі яго будзе занадта шмат?» — «Неразумная жывёла! Золата не можа быць занадта шмат!»

Я прытрымліваюся прынцыпу: шчаслівы не той, у каго ўсяго шмат, а той, каму ўсяго хапае. Чалавек так уладкаваны, што ён заўсёды хоча больш. А як важна ўмець радавацца таму, што маеш. Нават калі гэта проста сонца ў небе.

А пачнём, напэўна, з мітынгу-рэквіема 22 чэрвеня. Тры гады таму перад уваходам у Авальную залу былі размешчаны мемарыяльныя дошкі з імёнамі 94 дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, якія загінулі і прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны. Першыя беларускія парламентарыі з гонарам выканалі свой абавязак перад Радзімай. Нам застаецца захаваць пра іх памяць для маладога пакалення.

— На пачатку размовы вы згадалі пра каштоўнасць сям’і. Гэтай тэме быў прысвечаны і адзін з апошніх пастоў у вашым тэлеграм-канале. Вы выказалі думку: ці не зрабіць культ сям’і нацыянальнай ідэяй Беларусі?

— Я заўсёды пра гэта думаю. Прыйшла працаваць у органы дзяржаўнай улады ў 1992 годзе, адразу пасля развалу Саюза. У розных іпастасях брала ўдзел ва ўсіх выбарчых кампаніях суверэннай Беларусі. І ўвесь мой асабісты, такі немалы, вопыт пацвярджае выказванне: моцная сям’я — моцная дзяржава.

Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры. Але самае галоўнае ў сям’і — нараджэнне дзяцей. Нездарма дэмаграфічны складнік закладзены ў Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Шматдзетныя сем’і павінны стаць нормай. Без прыросту насельніцтва немагчымы росквіт нацыі.

Пра тое, што жыць у краіне добра, сведчаць дзве прыкметы — будаўніцтва новых дамоў і цяжарныя жанчыны на вуліцы. У Беларусі шмат робіцца для падтрымкі сям’і. Мала дзе ёсць такі працяглы водпуск па доглядзе дзіцяці, як у нас. Грашовая дапамога, льготныя жыллёвыя крэдыты, ахова здароўя і адукацыя... Дзяржава стварыла і давяла да ладу механізм па сацыяльнай абароне сваіх грамадзян, які сёння мадэрнізуецца і ўдасканальваецца па ўсіх кірунках.

На мінулым тыдні Прэзідэнт нашай краіны наведаў Манголію і расійскі Іркуцк. Падчас гэтых візітаў ён, як заўсёды, вырашаў вельмі разнапланавыя пытанні, але ўсе яны накіраваны на дабрабыт беларусаў. Разам з тым важна памятаць, што сям’я — гэта не толькі пра матэрыяльнае. Сям’я — гэта месца, дзе чалавека заўсёды чакаюць, дзе ён надзвычай патрэбны, дзе яго цэняць і прымаюць любым: стомленым, пакрыўджаным, вясёлым... Такім, які ён ёсць. Гэта першы соцыум, у якім аказваецца дзіця, калі з’яўляецца на свет.

Упэўнена, што самая вялікая пагроза для бяспекі дзяржавы — гэта вымыванне сямейных каштоўнасцяў. Гэта адбываецца спакваля. Цяпер не трэба ствараць для гэтага нейкія арганізацыі. Дастаткова сучасных тэхналогій. Чалавек сёння прачынаецца і першай справай мацае каля падушкі смартфон, з якім некалькі гадзін таму засынаў. Дзякуючы сацыяльным сеткам пра кожнага з нас усё вядома: дзе гуляем, што ядзім, з кім сустракаемся, што купляем, чым цікавімся…

Я ўвогуле лічу, што калі чалавек выкладае сваё асабістае жыццё, да дробязяў, на ўсеагульны агляд, гэта сведчыць пра пэўную дэградацыю асобы. На гэты конт у мяне неяк атрымалася спрэчка з дзяўчынай у маладзёжнай аўдыторыі. Яна кажа: «Мая старонка ў сацыяльнай сетцы — што хачу, тое і пішу там». Чакайце, але калі ваша старонка даступная ўсім, то гэта ўжо публічнае выказванне. І ці варта выстаўляць на ўсеагульны агляд тое, што павінна заставацца ўнутры міжасабовых адносін, сям’і, дома? Усе свае перажыванні? Мы аддаём сваё жыццё не проста на публіку, але і на публічны кантроль, абмеркаванне і асуджэнне. У выніку ў нас для саміх сябе нічога не застаецца.

Паглядзіце, мы перасталі ствараць сямейныя фотаальбомы (затое ўсё, што з намі адбываецца, як на далоні, у стужцы «Інстаграм»), усё радзей збіраемся за агульным сталом... Узрост людзей, якія ствараюць сям’ю, павышаецца. Сучасная моладзь лічыць, што спачатку трэба дасягнуць пэўных вынікаў у кар’еры, фінансавай незалежнасці, пабачыць свет, набыць асобнае жыллё... А жыццё ідзе. І для нараджэння дзяцей у ім застаецца ўсё менш месца і часу.

— На сустрэчах з моладдзю вы абмяркоўваеце не толькі сямейныя каштоўнасці, небяспеку залежнасці ад сучасных гаджэтаў, але і галоўныя палітычныя працэсы — як глабальныя, так і ўнутраныя. Што кажаце, калі размова заходзіць пра Усебеларускі народны сход?

— З моладдзю вельмі важна размаўляць жывой мовай. Кажу пра тое, з чаго ўсё пачалося. У 1996 годзе Прэзідэнт прапанаваў спытаць меркаванне народа падчас сур’ёзнага крызісу. Ад пераадолення гэтага крызісу залежала будучыня краіны. Пытанне стаяла пра ўласнасць на зямлю, пра прыватызацыю ключавых прадпрыемстваў нашай эканомікі. УНС вынес гэтыя пытанні на рэферэндум і тым самым выканаў важную ролю стабілізатара грамадства, вызначыў выбар шляху яго развіцця. Менавіта УНС садзейнічала захаванню АПК Беларусі, што пазней дазволіла нам вытрымаць санкцыйны ціск, гарантаваць харчовую бяспеку краіны. Гэта датычыцца і атамнай энергетыкі. Мы сёння бачым, наколькі мудрым, узважаным для перспектывы было рашэнне Прэзідэнта аб скліканні Усебеларускага народнага сходу і вызначэнні яго ролі. Сход вызначаў фарватар і адначасова выступаў лакаматывам руху грамадства. Сёння гэта найвышэйшы орган народаўладдзя. УНС дэманструе сімбіёз і ўзаемадапаўняльнасць дзяржаўных органаў улады і народа. Пра ўсё гэта кажу моладзі, прапаноўваю змадэляваць сітуацыю, калі б у нас не развівалася сельская гаспадарка... Кажу пра тое, што малако на дрэвах не расце. Што цуды людзі ствараюць самі. Што нам сёння ўжо не важна, які па ліку пакет санкцый супраць Беларусі прымаецца.

А завяршаю гутарку традыцыйна пажаданнем любові — да сям’і, да сваёй справы і да Беларусі. Бо лепш за Беларусь — толькі Беларусь.

— Дзякуй!

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Падарожжа па Радзме: дзе можа адпачыць беларус?

Падарожжа па Радзме: дзе можа адпачыць беларус?

Умець праводзіць вольны час цікава і з карысцю — свайго роду талент. 

Грамадства

Пачым на рынках прадаюць расаду?

Пачым на рынках прадаюць расаду?

Пакуль у продажы ў асноўным расада кветак, лекавых і духмяных раслін, дэкаратыўных кустоў, а таксама клубніц, суніц і «суніц-клубніц».

Грамадства

Як развіваецца прыдарожны сэрвіс краіны?

Як развіваецца прыдарожны сэрвіс краіны?

Зарадныя станцыі для электрамабіляў, дыстанцыйны заказ ежы, зоны адпачынку.